Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Прыла́дзіць ’прымацаваць, прырабіць; падрыхтаваць; падагнаць’ (Нас., ТСБМ), прыла́дзіць, пріла́дзіць ’тс’ (Бяльк.); сюды ж прыла́дзісты ’зручны ва ўжыванні, спрытны’ (Нас.) і аддзеяслоўныя назоўнікі прыла́да ’прыстасаванне, прыбор, механізм’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Яруш., Бяльк., ТСБМ), таксама вытворныя: прыла́дак ’прыбор’ (ТСБМ), пріла́дка ’дастасаванне’ (Бяльк.), зборн. прыла́ддзе ’прылады’ (Нар. Гом.). Да ла́дзіць (гл.). Рус. дыял. прила́дить ’зрабіць, прыгатаваць’, укр. прила́дити ’прыладзіць’.

Прымсці́цца (пры́мсьціцца, пры́мсьціць) ’здацца, падацца; прымроіцца’ (Ласт.), параўн. рус. примститься ’прымроіцца, здацца; прысніцца’. Арэальнае ўтварэнне ад незафіксаванага *мсці́ць/мсці́цца адпаведнай семантыкі (гл. амонімы ў артыкуле мста ’помста’), якое працягвае прасл. *mьstiti ()2 ’здавацца, мроіцца’, этымалагічна тоеснага *mьtьsь і роднаснага лексемам гнязда прасл. *mitъ/mitь, *mitě, *mititi, *mitusь, *mitusiti, *mьtnina (ЭССЯ, 21, 171–172). Параўн. пры́мха (гл.).

Прыпрэ́жка, пры́пражка ’далучэнне да раней запрэжаных жывёл’; від запрэжкі каня: збоку ад аглабель для дапамогі каранніку; прыпражны конь’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., ТСБМ; віл., Сл. ПЗБ), прыпрэ́жный ’прыпражны’ (Бяльк.). Да прыпрагаць, прэфіксальнага дзеяслова ад прасл. *pręgǫ, pręgti (гл. упрэ́гці). Аналагічныя вытворныя і ў іншых славянскіх мовах, параўн. рус. дыял. припря́жний ’прыпражны’, укр. припря́жений ’тс’.

Прыды́баць ’прыйсці з цяжкасцю (звычайна пра старога, кульгавага і пад. чалавека)’ (Ласт., ТСБМ, ТС), прыдэ́баць ’ледзь прыйсці’, прыды́баті ’спаткаць’ (Сл. ПЗБ), таксама вытворнае м. р. прыдыба́йло ’чалавек, які прычыкільгаў або прыйшоў употайкі, хаваючыся’ (ваўк., Федар.). Прэфіксальнае ўтварэнне, што да ды́баць (гл.). Параўн. рус. смал. приды́бать ’прыйсці, дабрацца куды-небудзь з цяжкасцю’, укр. приди́бати ’прыплесціся, прыйсці; сустрэць каго-небудзь’. Гл. таксама ЕСУМ, 2, 64; Анікін, Этимология, 296–297.

Пры́язнь ’сяброўства; сяброўская прыхільнасць’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. БП), ст.-бел. приязнь ’тс’ (Альтбаўэр); сюды ж прыя́знасць ’уласціваць прыязнага; сяброўскія, добразычлівыя адносіны’ (ТСБМ), прыя́зны ’прасякнуты сяброўскімі адносінамі, дружалюбнасцю, даверам; добразычлівы, спагадлівы; які выказвае дружалюбнасць, добразычлівасць, прыязнасць’ (ТСБМ; бабр., маг., Шн. 2; Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.), прыя́зніцца ’моцна сябраваць’ (Нас.), прыя́злівасць ’сяброўская прыхільнасць’, прыя́злівы ’які выказвае прыязнасць’, прыя́зліва ’па-сяброўску’ (Нас.), ’прыязна, прыхільна’ (Бяльк.). Рус., укр. при́язнь ’тс’, польск. przyjaźń ’сяброўства’, н.-луж. pśijazń ’ласкавасць, міласць’, в.-луж. přijazny ’міласцівы, добразычлівы’, чэш. přízeń ’добразычлівасць; роднасць’, славац. priazeń ’прыязнасць, добразычлівасць’, славен. prijázen ’мілы, ветлівы’. Прасл. *prijaznь ’добразычлівасць, ветлівасць’, *prijaznъ ’добразычлівы, ветлівы’, утвораны ад *prijati (гл. прыяць) з суф. ‑znь (гл. Слаўскі, SP, 1, 119); гл. яшчэ Фасмер, 3, 369; Махэк₂, 495; Голуб-Копечны, 302; Брукнер, 445; Банькоўскі, 2, 935; Сной₂, 575). Прыя́знасць і прыя́злівы ў беларускай могуць быць запазычаннямі з польск. przyjazność і przyjazliwy; паводле Булахава (Развіццё, 12), апошняе слова — калька з рускай, што цяжка давесці.

Пры́стань ’гавань, порт’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Растарг., Мат. Гом.; пух., Сл. ПЗБ), ’прыстанішча, прыстанак’ (Нас.; ігн., Сл. ПЗБ; ТС), ’прымацтва’ (Растарг.), ’месца, дзе вяжуць плыты’ (Мат. Гом.), ’месца на беразе вадаёма, дзе мыюць бялізну’ (Сл. ПЗБ). Да прыста́ць, прыста́ну < стаць (гл.). Рус. при́стань ’прыстань’, дыял. ’кладка на рацэ, возеры для паласкання бялізны’, укр. при́стани ’прыстанак’, польск. przystań ’прыстань’. Варбат (Слав. языкозн., IX, 70) прапануе рэканструкцыю прасл. *pristanъ/ь//*perstanъ/ь.

*Просціра, простіра ’прасціна’ (?) (маг., Шн.; Карскі, Труды, 313). Відаць, захаванае ст.-бел. простира ’прасціна; кавалак тканіны’, што ўжывалася паралельна з простирадло ’тс’ і простица ’тс’. Верагодна, утварэнне ад дзеяслова *прасціраць ’распасціраць’, ад якога гэта было б рэгулярным дэрыватам з суф. ‑а, аднак у гэтай форме на беларускай тэрыторыі ён невядомы. Адаптаваны паланізм? Параўн. прасціра́ла ’прасціна’ (Ласт.) з польск. prześcieradło ’тс’, укр. простира́ло ’тс’ (паводле ЕСУМ, 5, 606, узыходзіць да *prostira(d)lo).

Пры́ткі1 ’хуткі, скоры, імклівы; вёрткі, спрытны’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Жд., ТС, Бяльк.); ’хуткі, жвавы, шпаркі, гарачы, азартны’ (Шпіл., Яруш.), ’упарты, свавольны’ (Ласт.), prýtki ’жорсткі ў абыходжанні’ (Яруш.), ’упарты, свавольны’ (Ласт.), prýtki ’жорсткі ў абыходжанні’ (беласт., Бел.-польск. ізал.). Сюды ж вытворнае пры́тка ’хутка’ (Сцяшк. Сл., Растарг.). Укр. дыял. притки́й ’хуткі, спрытны’, рус. пры́ткий ’скоры, хуткі, вёрткі’. Прасл. *prytъkъ(jь) паходзіць ад *prytjati (варыянты *prъtiti, *prъtěti, *prъtnǫti), прадстаўленага ў ст.-польск. pryciać, pruciać ’бегаць, рыскаць, вышукваць, корпацца’, prytnąć ’ускочыць’ (Варбат, Этимология–1971, 10), роднаснага літ. spráusti ’ўціскваць’, sprũsti ’вырывацца, выслізгвацца’, лат. sprautiês ’падымацца, прарастаць (пра бульбу)’, с.-в.-ням. spriessen ’пускаць парасткі’, ст.-англ. spréwlian ’кідацца; корпацца’, англ. sprawl ’расцягнуць’ (Фасмер, 3, 391–392); да гэтай жа асновы Махэк₂ (487) узводзіць і чэш. дыял. prtit ’прарастаць, даваць усходы’, серб.-харв. pr̀tit ’вырастаць з зямлі’, што пацвярджаецца семантыкай польск. pęd ’імкненне’ і ’парастак’, рус. побе́г ’уцёкі’ і ’парастак’ (спецыяльна гл. Варбат, Слав. языкозн., XII, 119–121: значэнне ’хуткі’ ўзнікае ў гісторыі асобных славянскіх моў). Сюды ж рус. дыял. вы́прыть ’выпіць адным махам, адразу’ (< *pry‑ti, гл. Куркіна, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 204). БЕР (5, 738) далучае сюды і балг. при́ткам ’кідацца; піхаць, адпіхваць’, при́тнем ’адпіхнуць’, для якіх узнаўляецца праформа *pryti, паводле Геаргіева (Въпроси, 22), з зыходнай асновай *prypt‑, гл. при́пкам, при́пна ’кідацца, бегчы’; апошнія (згодна з БЕР, 5, 727) выводзяцца з *pripęti (гл. пяць, пну). Гл. прыт, прыць і наступнае слова, а таксама Этимология–1968, 92; БЕР, 5, 737 (притек); ESJSt, 12, 720.

Пры́ткі2 ’стромкі’: прыткі бераг ракі (Ласт., пад крутой). Параўн. каш. přitki ’круты, стромкі’. Паводле Папоўскай–Таборскай (SEK, 4, 131), апошняе ўтворана пры дапамозе суфікса ‑kъ (‑ъkъ‑jь) ад архаічнага славін. přiti ’тс’, для якога Хінцэ (Z hist., 195–198) рэканструюе прасл. дыял. *pri‑i‑tъ ’стромкі’ (< *pri‑i‑ti, гл. прыйсці), параўн. семантычна і марфалагічна аналагічнае лац. sub‑i‑tus ’круты, стромкі’. Борысь (SFPS, 30, 9–11) выводзіць названую форму з прасл. *prytъ < і.-е. *pru‑to‑ > архаічны прыметнік з суфіксам *‑to‑ ад і.-е. *preu‑ ’скакаць’, літаральна ’які скача, падскоквае’, што аб’ядноўвае значэнні ’хуткі, жвавы’ і ’стромкі, круты’ і параўноўваецца з беларускім пры́тны ’стромкі, круты’ і ’хуткі, рухлівы’ (гл.), параўн. таксама SEK, 4, 130.

Пятля́1 рухомае кальцо з вяроўкі, сіло; пяцелька (у адзенні)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Стан.; Сцяшк.; мсцісл., Жыв. сл.; даўг., Сл. ПЗБ), петля́ ’тс’ (ТС), сюды ж пятле́йка, петле́йка ’пяцелька, пятліца, гафтачка; почапка’ (баран., Сл. ПЗБ; ПСл; лун., Шатал.), пяце́лька ’тс’ (ТСБМ, Ласт.), пятлю́шка ’гафтачка’ (Жд.), ст.-бел. петелка ’тс’ (Скарына). Укр. петля́, рус. пе́тля́, польск. pętla, ст.-польск. petlica, чэш. petlice, славен. pentlja, pétlja ’пятля’, серб.-харв. пе̏тља ’гаплік’, балг. петля, пе́телка ’пяцелька з ніткі; гузік’, макед. петелка ’гузік’, ст.-слав. петлꙗ ’пятля’. Прасл. *petьlja не мае агульнапрынятай этымалогіі. Лічыцца запазычаннем з невядомай германскай крыніцы, параўн. ням. fessel, ст.-в.-ням. fezzil, ст.-ісл. fetill, ст.-анг. feter ’сіло, путы’ і інш. (Фасмер, 3, 252; Бязлай, 3, 32; Банькоўскі, 2, 534; БЕР, 5, 202). Сной₂ (505) рэканструюе прасл. *pętъlʼa, якое ўзводзіцца да *pętъ ’нацягнуты, напяты’; яшчэ раней Махэк₂ (447) звязваў з *pęti (гл. пяць), *pǫto (гл. пута).

Пятля́2 ’дзетародны орган самкі жывёлы’ (Нас.), пяце́лька (pieciélka) ’vulva’ (Нас.; Сержп.). Відаць, эўфемізм (гл. пятля1), параўн. пу́тка ’пятля, пяцелька (у мове шаўцоў)’: здзелай трохі шэрэйшае путка (добр., Мат. Гом.) і балг. пу́тка ’vulva’.

Прыпе́ўка ’частушка’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк. МГ; швянч., Сл. ПЗБ, ТС), пры́пывка ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ), прыпява́йка ’тс’ (Ян.), мн. л. пры́пеўні ’прыпевы’ (Пал., Растарг.); сюды ж перан. мн. л. прыпе́ўкі ’разнастайныя клопаты, выдаткі і іншыя дробязі’ (Нас.), якое разам са смал. припе́вок ’дадатковыя клопаты, выдаткі, работа’ утварае выразна акрэсленую ізаглосу. Рус. припе́вка, припе́вок ’прыпеў, прыпеўка’, польск. przypiewek ’тс’, серб.-харв. прѝпе̑вка ’прыпеўка’. Ад *прыпяваць, параўн. жыць прыпяваючы ’добра жыць, не мець праблем’. Да пець (гл.).