Два́кроць ’два разы’ (Нас.). Запазычанне з польск. dwakroć ’тс’.
Двана́стка ’ўкладка жыта ў капу па 12 снапоў’ (Сцяшк.). Відавочнае запазычанне з польск. мовы. У аснове ляжыць польск. назва лічэбніка dwunastka.
Двана́ццаць. Рус. двена́дцать, укр. двана́дцять, польск. dwanaście, чэш. dvanáct, серб.-харв. два́наест, балг. двана́десет. Прасл. *d(ъ)va/d(ъ)vě na desęte < *d(ъ)va + na + desęte (мec. скл. ад *desętь). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 186; Фасмер, 1, 487.
Дварані́н ’дваранін’ (БРС). Рус. дворяни́н, укр. дворяни́н, польск. dworzanin, ст.-чэш. dvořěnin і г. д. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 30) мяркуе, што гэта слова агульнаславянскае, што вельмі няпэўна. Паводле Слаўскага (1), польск. слова вядома толькі з XV ст.; Фасмер (1, 489) указвае, што рус. слова ў значэнні ’чалядзін князя’ вядома з XVII ст., рус. слова і польск. dworzanin — гэта калькі з с.-н.-ням. hövesch. Слав. словы хутчэй у большасці самастойныя ўтварэнні па вядомай мадэлі.
Дварэ́ц ’дварэц’ (БРС). Рус. дворе́ц, укр. дыял. дворе́ць. Усх.-слав. утварэнне ад двор (гл. падрабязна ў Шанскага, 1, Д, Е, Ж, 29).
Два́ццаць ’дваццаць’ (БРС). Рус. два́дцать, укр. два́дцять, польск. dwadzieścia, чэш. dvacet, серб.-харв. два́десет, балг. два́десет. Прасл. *d(ъ)va desęte (спалучэнне лічэбніка *dъva і формы ад *desętь). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 186; Фасмер, 1, 486; Бернекер, 1, 187.
Дваю́радны ’дваюрадны’ (БРС, Шат.). Рус. двою́родный, укр. двою́рідний ’тс’. Усх.-слав. лексема, утвораная з выразу дъвою родоу (да дъва і родъ). Гл. Фасмер, 1, 489; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 30–31.
Двая́кі ’дваякі’ (БРС). Рус. двоя́кий, укр. двоя́кий, чэш. dvojaký, серб.-харв. дво̏јак, балг. двоя́к. Прасл. утварэнне суфіксам ‑akъ ад лічэбніка *d(ъ)vojь < *dъva ’два’. Гл. Фасмер, 1, 489; Трубачоў, Эт. сл., 5, 190–191.
Дво́жды ’двойчы’ (Нас.). Параўн. рус. дыял. дво́жды, дво́жди, дво́жжи (агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 5, 187). Дыялектная форма да прасл. *d(ъ)va šьdi ’двойчы’ (< d(ъ)va ’два’ і šьd‑, апошняе да дзеяслова *jьti, *xoditi), якая ўзнікла, відавочна, аналогіяй.
Дво́йчы ’двойчы’ (БРС, Нас., Шат., Касп.). Параўн. рус. дыял. дво́йчы, дво́ича, укр. дві́чи, дві́йчи, ст.-польск. dwójcy, dwujcy, dwajcy, ст.-слав. дъвоищи. Прасл. *d(ъ)vojьtji < *d(ъ)va + іменная форма *jьtjь ’ход’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 193. Параўн. дво́жды.