Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Пераплаў ’параход’ (Ян.). Пад уплывам народнай этымалогіі з парстлаў ’параход’, якое утварылася на базе параход шляхам замены хадзіць на плаваць, плысці (гл.), параўн., магчыма, штучна створанае вадаплаў ’параход’ (Ласт.), а таксама в.-луж. preplaw ’пераправа праз раку’.

Прыймя́ ’прыназоўнік’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.). Позняе прыставачна-бяссуфікснае ўтварэнне ад імя́ (гл.). Параўн. такога ж кшталту лінгвістычны тэрмін займя́ ’займеннік’. Не выключаны ўплыў польск. przyimek ’займеннік’, які, паводле Банькоўскага (2, 935), з’яўляецца “скарочаным наватворам” *przyimionek.

Прыту́ліца ’жаўтазель фарбавальны, Genista tinctoria L.’ (Ласт., Кіс.). Магчыма, адаптаванае польск. przytulia ’павіліца, Galium aparine’, якое ад przytulić się па ўласцівасці расліны прыхіляцца, чапляцца, прытуляцца да чаго-небудзь (Махэк, Jména, 219). На жаўтазель назва была перанесена з-за той жа ўласцівасці.

Прыхі́льны ’схільны да чаго-небудзь; добразычлівы; спагадлівы’ (Байк. і Некр., Ласт., ТСБМ; астрав., Сл. ПЗБ), ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (воран., ЛА, 3). Укр. прихи́льний ’тс’. З польск. przychylny ’тс’, або самастойнае ўтварэнне ад прыхілі́ць < хілі́ць (гл.).

Прыро́чыць ’прымеркаваць, аднесці (да часу)’ (Ласт.), параўн. рус. приуро́чить ’прымеркаваць, аднесці (да часу)’, ’арганізаваць што-небудзь з нагоды якойсьці знамянальнай падзеі, свята і пад.’, укр. приуро́чити ’тс’. Тут, відаць, аўтарскі наватвор ад рок ’прызначаны тэрмін’ (гл.), параўн. ст.-бел. рокъ ’пэўны тэрмін, час’.

Прыча́р ’чараўнік двухлісты, Platanthera bifolia (L.) L.C. Rich’ (Інстр. 2; віц., ганц., Кіс.), прычарнік ’тс’ (Ласт.), прыпар ’зелле (магічнае); расліна, выкарыстанне якой, па колішніх уяўленнях, здольна прычараваць каханага’ (Арх. ГУ, Мат. Гом.). Да прычараваць < чараваць. Матывы намінацыі ў наменклатурнай назве чараўнік двухлісты (гл.).

Прыць ’імклівасць, шпаркасць’ (Нас., Ласт.); ’крутасць, стромкасць, круча’ (Ласт.), прыт ’жвавасць, рухлівасць’ (Бяльк.), рус. прыть ’тс’. Прасл. *prytь > бяссуфікснае вытворнае ад *prъtiti, *pryt(j)ati ’рухацца, корпацца, узнімацца’ (Варбат, Этимология–1971, 10; яе ж, Слав. языкозн., XII, 119), прадстаўленага ў беларускай мове, відаць, толькі палес. пры́тыты (гл. пры́тыць). Праблематычным з’яўляецца далучэнне сюды спріт ’спрыт, жвавасць’ (Бяльк.), а таксама рэканструкцыя ў якасці зыходнай для рус. прыть і бел. прыць формы *sprytъ, крыніцай якой лічыцца гоц. *sprūti < sprauto ’хутка’, параўн. ст.-англ. sprūtan ’даваць парасткі, развівацца’ (Мартынаў, Лекс. Палесся, 16–17); сумненні на гэты конт у Смулковай (Бел.-польск. ізал., 118–120). Аб серб.-харв. pȑtiti гл. Глухак, 507. Гл. таксама пры́тны, пры́ткі.

Прыблу́да, прыблу́д, прыблу́дак ’чужы, нетутэйшы чалавек; прыблудная жывёліна’ (Нас., Ласт., Растарг., ТСБМ; брасл., мін., Сл. ПЗБ; ТС), прыблу́днік ’той, хто далучыўся да каго-небудзь, прыстаў, прыблудзіўся да якога-небудзь месца’ (ТСБМ), прыблу́дыш ’беспрытульны, немаведама чый’ (Бяльк.). Назоўнікі, утвораныя ад дзеяслова прыблудзіць (‑цца) < блудзіць (гл).

Прыро́бка ’тое, што прыроблена’ (Ласт., Байк. і Некр.), пры́ро́бка, пры́роб, прыро́бак ’прыбудоўка да хаты або хлява’ (Шушк., ТС), пры́робка ’ўзор на канцы ручніка’ (ТС), сюды ж з іншай семантыкай прыро́бак ’дадатковы, пабочны заробак’ (ТСБМ). Ад прырабі́ць (прыробі́ць) ’далучыць, дабудаваць’, а таксама ’начараваць’ (ТС), гл. рабіць.

Пры́шласць ’будучыня’ (Ласт.), пры́шласць (Арсеннева). Укр. при́шлість ’тс’. З польск. przyszłość ’тс’ (Кюнэ, Poln., 89). Апошняе ад przyszły ’такі, які прыйдзе, будзе’ (гл. прышлы). Паводле Банькоўскага (2, 952), у польскай мове слова распаўсюдзілася ў XVIII ст. як пераклад франц. lʼavenir ’будучыня’, параўн. лац. venire ’прыходзіць’.