Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Віхру́н ’рыжаваты голуб з каўняром з пер’я з абодвух бакоў шыі’ (БРС). Рус. вихру́н ’тс’. Да віхор. Гл. Фасмер, 1, 324.

Віхры́ць ’кружыць віхрам (аб пыле, снезе)’ (БРС, Нас., КТС). Рус. вихри́ть, укр. вихри́ти, польск. wichrzyć, чэш. дыял. vichriť ’тс’. Да віхар (гл.).

Віхта́ ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, 270). Няясна. Верагодна, аддзеяслоўнае ўтварэнне ад *віхтаць ’хістацца, качацца’, якое да віхаць з т устаўным у выніку экспрэсіўнага характару слова. Параўн. маг. віхто́вы ’скоры, рашучы, актыўны, энергічны’.

Віхтава́ць ’жывіць, карміць, даглядаць’ (астрав., маст., Весці АН БССР, 1969, № 4, 132). З польскага wikt, дыял. wicht ’сталаванне, штодзённая страва’, wlktować ’сталаваць, карміць, утрымліваць на сваіх харчах’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, № 4, 132). Параўн. таксама ст.-бел. виктъ ’харчы’ < польск. wikt < лац. victus (Булыка, Запазыч., 63).

Віху́ра (паэт.) ’віхар, завея, буран’ (БРС, Яруш., КТС). Польск. wichura ’тс’. Гл. віхар. У бел., калі меркаваць па месцы націску і па кніжным характары слова, відаць, запазычанне з польск.

Ві́ца ’прывязь з дубцоў, пры дапамозе якой звязваецца бярвенне з пакладзенымі на іх жэрдкамі’ (З нар. сл.). Рус. ви́ца ’дубец, галузка; скрутак дубцоў для звязвання чаго-небудзь’, польск. wić ’дубец, галузка’, серб.-харв. ви̏цкаст ’стройны, гібкі’, славен. vjȋǎ ’дубцы івы, якімі ўмацоўваецца саламяная страха’, балг. ви́ца ’гнуткі дубец’, макед. вица ’тс’. Да віць (Міклашыч, 390; Праабражэнскі, 1, 86; Фасмер, 1, 324; БЕР, 156). Літ. vycas, лат. vica ’івавая галузка’, эст. vits ’дубец’ запазычаны з слав. (Фрэнкель, 1237).

Віці́на1 ’дубец, галінка’ (БРС, Др.-Падб.); ’кій, плыт’ (Гарэц.); ’прывязь з дубцоў, пры дапамозе якой звязваецца бярвенне з пакладзенымі на іх жэрдкамі’ (З нар. сл.), віці́ны ’перапляценне, на якое кладуць жэрдкі ў плоце’ (Шатал.). Рус. ви́тина ’дубец; кошык, пляцёнка’, серб.-харв. ви̏тина ’дубец, звычайна лазовы, для звязвання снапоў або перавязь з дубцоў’. Да віць (Праабражэнскі, 1, 86); (параўн. таксама ў словаўтваральных адносінах літ. vỳtinė ’дубец, галінка’ ад vỹtis ’тс’). Гл. віца.

Віці́на2 ’вялікая барка або лодка, асаблівы від барак’ (Федар., 6, 106, 7, 254; Шн., 1; Дзмітр., Гарэц., Др.-Падб.). Рус. вити́на, вити́н, вити́ма ’хадавое пласкадоннае судна толькі на Нёмане і яго прытоках і на Прыляці’, польск. wicina ’тс’. Этымалогія застаецца няяснай. Брукнер (613) лічыць слова літоўска-беларускім. Скарджус (ZfslPh, 26, 1957, 150 і наст.) адносіць яго да запазычанняў з літ. (слав. витина, віціна < літ. vytìne ’пласкадоннае судна, барка’, якое з vytìs або výtas ’плецены’) і ў якасці аргумента на карысць запазычання ўказвае на геаграфію і ізаляванасць слова ў славянскіх мовах. Але з семантычнага і словаўтваральнага пунктаў погляду як літоўскае, так і славянскае паходжанне (ад віць, віты) роўнаверагодныя; параўн. польск. okręt ’карабель’ з *obkrǫntь ’пляцёнка’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 230 і наст.). Фасмер (1, 321) дапускае славянскае паходжанне і роднаснасць з ветвь, ви́твина.

Віццё ’прывязь з дубцоў, пры дапамозе якой звязваюцца скручаныя (звітыя) бярозавыя (дубовыя, лазовыя) дубцы, што ўжываюцца пры звязванні чаго-небудзь’ (Янк. II, З нар. сл., Шатал.). Першапачаткова зборны назоўнік ад *віць; параўн. ст.-бел. вить, виць ’лаза, скрутак шнуроў’ (< польск. wić ’тс’, Булыка, Запазыч., 65).

Віць1 ’балота з вокнамі’ (Жучк., 14). Няясна. Магчыма, славянскага паходжання, ад віць2 з наступным мяркуемым развіццём значэння: *віць ’што-небудзь плеценае’ (параўн. рус. вить ’тс’) → ’праход з плятня праз балота → балота’. У семантычных адносінах параўн. гаць ’праход праз топкае месца, дарога праз гаць’ і гаць ’багна’. Не выключана балтыйскае паходжанне. Тапароў і Трубачоў (Лінгв. аналіз, 180) параўноўваюць таксама гідронімы Вить, Веть і інш. гэтага ж кораня з жэмайц. Витути, Витагола.

Віць2 (БРС, Нас., Бяльк., Шат., Гар.). Рус. вить, укр. ви́ти, польск. wić, в.-луж. wić, н.-луж. wiś, чэш. víti, vijt, славац. viť, серб.-харв. ви̏ти, ви̏је̑м, славен. víti, балг. ви́я. Роднасныя літ. výti ’віць’, лат. vît, ст.-інд. váyati ’пляце, тчэ’, лац. víeo, viēre ’плясці’, гоц. waddjus ’вал’ (Траўтман, 346; Вальца–Гофман, 2, 786 і наст.; Фасмер, 1, 322).

Ві́цязь (БРС). Рус. ви́тязь, укр. ви́тязь, ст.-рус. витязь, в.-луж. wićaz ’герой; селянін, арандатар’, чэш. vítěz, славац. víťaz, славен. vȋtez, серб.-ц.-слав. витѧѕь, серб.-харв. ви̏те̑з, балг. ви́тез, макед. витез. Ст.-прус. witing (з 1299 г.) ’служылае дваранства’ запазычана з польск. (Брукнер, AfslPh, 20, 485; ZfslPh, 2, 296). Большасць даследчыкаў лічаць славянскае слова запазычаным з герм., але канкрэтны шлях запазычання няясны. Фасмер (1, 322 і наст.) і інш. (Уленбек, AfslPh, 15, 492; Стэндэр–Петарсан, ZfslPh, 4, 44 і наст.; Шварц, ZfslPh, 2, 105; Янка, WuS, 1, 108 і наст.) узводзяць vitędzь да герм. *vikíng‑, ст.-ісл. víkíngr, якія звязаны са ст.-саксон. wîk ’жыллё’, ст.-в.-ням. wîch ’тс’; славянская форма ўзнікла ў выніку другой палаталізацыі і дысіміляцыі. Тлумачэнне слова як запазычання са ст.-ісл. hvítingr ’светлавалосы, знатны’ (Янка, там жа; Экблом, ZfslPh, 16, 272 і наст.) не пераконвае, таму што яно не ўлічвае распаўсюджання слова ў в.-луж. і серб.-харв. мовах. Маркварт (Festschrift. V. Thomsen, 104) атаясамлівае англа-сакс. Wicingas з эруламі, якія рабілі набегі з III ст. н. э. і былі адціснуты датчанамі толькі ў VI ст., і тым самым тлумачыць наяўнасць слова ў серб.-харв. Шварц (там жа) указвае на магчымасць распаўсюджання слова лангабардамі або варнамі. Мартынаў (Лекс. взаим., 105) выводзіць слав. vitędzь з прагерм. wīkinga*wīginga), якое ў сваю чаргу было ўтворана ад wīgan ’змагацца, забіваць’ пры дапамозе суф. Nomina agentis ‑inga, г. зн. wīginga ’пабеданосны воін’. Версіі славянскага паходжання ад *vit ’дабыча, трафеі’ з суф. ędzь (Брукнер, 658; AfslPh, 42, 139 і ZfslPh, 6, 64) і ад вітаць ’абітаць’ (Янка, Slavia, 9, 343; Младэнаў, 68) малаверагодныя. Падрабязна літаратуру гл. Фасмер, 1, 322 і наст. і Шанскі, 1, В, 111.