Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Сядло́ ’сядзенне для конніка’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.), ’частка прасніцы, на якой сядзяць’ (Жд. 2, Шатал., Сл. ПЗБ; круп., Нар. сл.), ’задняя частка штаноў’ (Серб. Вічын), седло́ ’частка прасніцы’ (Уладз.), сюды ж сядла́ць ’накладаць сядло’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.). Укр. сідло́, рус. седло́, стараж.-рус. седьло, польск. siodło, в.-луж. sedło, н.-луж. sodło, палаб. sedlü, чэш., славац. sedlo, серб.-харв. сѐдло, славен. sédlọ, балг. седло́, макед. седло, ст.-слав. оседълати. Прасл. *sedъlo/*sedъlo роднаснае гоц. sitls ’сядзенне’, ст.-в.-ням. seʒʒal ’крэсла’, лац. sella ’сядзенне’, грэч. έλλά ’кафедра’; з іншай ступенню агаласоўкі: англ.-сакс. sadol, ст.-в.-ням. satul, satal ’сядло’, супраць апошніх супастаўленняў Бязлай (3, 223), які, спасылаючыся на Клюге (626), заўважае, што германцы ў часы Цэзара яшчэ не ведалі сядла. Паводле Мартынава (Лекс. взаим., 108 і наст.; Язык, 25 і наст.), славянскае пранікненне, што дало прагерм. sadula ’тс’. Далей да сядзець, прасл. *sěděti, да і.-е. *sed‑. Супраць рэканструкцыі *sedlo і меркавання аб калькаванні ст.-в.-ням. satal (Ваян (RÉS, 12, 235) Фасмер, (3, 589–590), параўн. укр. і ст.-слав. формы. Гл. яшчэ Мее, 419; Траўтман, 259; Брукнер, 491; Махэк₂, 539; Шустар-Шэўц, 1279–1279; Скок, 3, 213; ЕСУМ, 5, 250–251; ESJSt, 13, 809.

Сяго́ння, сёння ’ў гэты дзень’: у знач. наз. сягоння ў сёння ’цяперашні дзень’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., ЛА, 2), таксама сяго́дня, сяго́ня, сого́нні, сяга́нні, сяга́ння, сяга́ня, сяго́нечы, сяго́ніка, сяга́ніка ’тс’ (Шн. 1, Касп., Нас., Шат., Пятк. 2, Бяльк., Гіл., Федар. 4, Сл. ПЗБ), ст.-бел. сегоднꙗ ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сього́дні, рус. сего́дня ’тс’. Вынік сцягнення Р. скл. стараж.-рус. сего дьне < *сь дьнь ад указальнага займенніка *сь‑ і наз. *дьнь ’дзень’ з поўным прыпадабненнем д да н, гл. Карскі, 1, 351; Фасмер, 3, 589; Праабражэнскі, 1, 179; ESSJ SG, 2, 620; ЕСУМ, 5, 493. Гл. сёння, сяння.

Сялі́ба ’населены пункт у сельскай мясцовасці (пасёлак, сяло і пад.)’ (ТСБМ), ’двор, месца з жылым памяшканнем і прыналежнымі да яго пабудовамі і агародам’, ’жытло, дамоўка’, ’пасяленне’ (Ласт.), ’селішча’, ’месца пасялення’ (Мядзв., Шн. 2, Нік., Оч., Сержп. Прымхі), ’сядзіба’ (Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Яшк., Бяльк.), сялі́бішча ’месца, дзе была сядзіба’ (Сл. ПЗБ). Да сяліць, па ўзору сядзіба (гл.) з суф. ‑іба, якому прыпісваецца балтыйскае паходжанне, гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 130; Мартынаў, SlW, 66 і інш.; параўн. больш раннія формы сялі́дба (сели́дба) ’будоўля’ (Нас., Шымк. Собр.), ст.-бел. сели́дьба ’пасяленне’ (Козыраў, Очерки, 171), рус. наўг., пск. сели́тьба ’сядзіба’, макед. сели́дба ’перасяленне’ і пад., селідзе́бнэ ’вялікі прысядзібны ўчастак’ (лун., Выг.).

Сямёра ’у колькасці сямі (звычайна без назоўніка або з назоўнікамі агульнага роду, назвамі маладых істот і інш.)’ (ТСБМ), се́мера ’тс’ (Некр. і Байк., Пятк. 2), се́меро ’тс’ (ТС), ст.-бел. седмера ’тс’, побач з вседморо ’ўсямёра’ (Карскі 2–3, 55). Параўн. укр. се́меро, рус. се́меро, польск. siedmioro ’тс’, в.-луж. sedmory ’сямікратны’, н.-луж. sedymory ’тс’, палаб. sedmärë, чэш. sedmero, славац. sedmoro, славен. sedmero, серб.-харв. се̏дморо, ст.-слав. седмеро, седморо ’тс’. Прасл. *sedmero, *sedmoro ўтворана на базе ад’ектываванага лічэбніка *sedmerъ/*sedmorъ ад *sedmь (гл. сем) пры дапамозе суф. ‑er, ‑or (Фасмер, 3, 599; Лукінова, Числ., 323), параўн. чацвёра (гл.). Сюды ж сямёрка ’лічба сем, у колькасці сямі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), ’памер касы’ (Сцяшк., Мат. Гом.), ’дзве капейкі серабром, роўная па старых разліках сямі капейкам асігнацыямі’ (Нас.), семёрка ’медная манета двухкапеечнай вартасці’ (Растарг.), семерко ’сем штук’ (Рам. 3).

Сярэ́дзіна 1 ’цэнтр, сярэдняя частка, асяродак; унутранасць’ (ТСБМ, Касп., Шымк. Собр., Бяльк., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Янк. 2, Варл.), серэ́дзіна ’тс’ (ТС), ст.-бел. середина ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сере́ди́на, рус. середи́на, в.-луж. srjedźina, славен. sredína, серб.-харв. срѐдина, балг. среди́на, макед. средина ’сярэдзіна’; дэрываты (магчыма, незалежныя) ад прасл. *serda/*serdь ’сярэдзіна’, параўн. сярод, гл. (Чарных, 2, 156–157; ЕСУМ, 5, 218). Параўн. серада.

Сярэ́дзіна 2 ’паясніца’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сцяшк., Жд. 1, Ян.), ’задняя частка тулава вышэй клубоў’ (Варл.), ’спіна, крыж’ (Касп., Сержп. Прымхі), ’спіна’ (Янк. 2, Юрч. Вытв., Бяльк.), ’крыж у жывёлы’ (Нас.), параўн. рус. смал. сере́дина ’паясніца’. Паводле Чэкмана (Baltistica, 8, 2, 151), калькуе літ. pusiáujas ’паясніца, сярэдзіна (паводле акружнасці)’, параўн. семантычную паралель балг. полови́на ’палавіна; паясніца, крыж’, макед. полови́на ’палавіна; талія’, што, аднак, не выключае самастойнага развіцця ’сярэдзіна; нутро’ (гл. сярэдзіна 1, параўн. серэ́дніца ’сярэдняя частка чаго-небудзь’, ТС) > паясніца. Гл. таксама Анікін, Опыт, 30; Страхаў, Palaeoslavica, 16, 2, 296–297.

Сячы́ ’раздзяляць на часткі; рубаць, ссякаць’, ’хвастаць, сцябаць, кусаць (пра насякомых)’, ’валіць, спілоўваць лес’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Стан., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Бяльк.; слуц., мін., маладз., ЛА, 5) сеч ’тс’ (Бяльк., Шымк. Собр., Рам. 5; маг., ЛА, 5; ЛА, 1), се́кчы ’рубаць’ (ЛА, 1), се́кці ’здрабняць; рубаць (дровы)’ (ТС, ЛА, 5, ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Некр. і Байк., Ян.), ст.-бел. сѣчи ’рубаць, біць’ (Альтбаўэр). Укр. сі́кти, рус. сечь, стараж.-рус. сѣчи, польск. siec, н.-луж. sec, палаб. sect, чэш. síci, серб.-харв. cије̏ћи, славен. sẹ́či, балг. сека́, макед. сека, ст.-слав. сѣщи, сѣкѫ. Прасл. *sěkti — першапачаткова атэматычны дзеяслоў, роднасны ст.-літ. į́sekti ’насячы’, išsekti ’высячы’, лац. secō ’абразаю’, ірл. ésgid ’ён адсякае’, ст.-в.-ням. seganse ’каса’ і г. д. ад і.-е. *sek‑ ’аддзяляць вострай прыладай’ (Бязлай, 3, 221–222; Міклашыч, 290; Фасмер, 3, 593 з літ-рай; Махэк₂, 540; Шустар-Шэўц, 1393–1394; Борысь, 545; ЕСУМ, 5, 252).

Сябе́, Р. скл.; Д., М. скл. сабе́, Тв. скл. сабо́ю, займеннік зваротны; указвае на адносіны дзеяння да таго, хто ўтварае (дзейніка) (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), Р. скл. себе (ТС), ст.-бел. себе ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. се́бе́, собі́, собо́ю, рус. себя́, себе́, собо́й, собо́ю, ст.-рус. себе, собѣ, собою, польск. siebie, sobie, sobą, в.-луж. sebje, sebe, sobu, н.-луж. sebje, sobu, палаб. sibě, чэш. sebe, se, sobě, si, sebou, славац. seba, sa, sebe, sebou, серб.-харв. сѐбе, сѐби, со̏бом, славен. sȇbe, se, sȇbi, sebéj, балг. се́бе, си, се, макед. себе (си), се, ст.-слав. себе, себѣ. Прасл. *sebě, В. скл. *sę; *sebe узнікла з *seve пад уплывам Д. скл. адз. л. *sebě; параўн. літ. *savę̃s, sãvo ’сябе’, *sebě ’сабе’ роднаснае ст.-прус. Д. скл. sebbei ’сабе’, оск. sífei, лац. sibī ’сабе’, грэч. σφί(ν) ’яму’, літ. sávei (v — з Р. скл. адз. л., параўн. вышэй); да і.-е. *s(e)u̯‑/*s(e)u̯o‑/se з першасным значэннем ’убаку; апрача’. Гл. Траўтман, 251–252; Фрэнкель, 767; Скок, 3, 211; Фасмер, 3, 586, 588; Шустар-Шэўц, 1278; Бязлай, 3, 220; ESSJ SG, 2, 600.

Ся́бар ’друг, прыяцель, таварыш’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), ’швагер’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’кампаньён, супольнік’ (паст., Сл. ПЗБ), ’халасцяк (стары)’ (Мат. Гом.), сябр, себр ’родзіч, брат; сябар’ (Нас.), ся́бер (siaber) ’супольнік у кожнай справе’ (Пятк. 2, Сержп., ЛА, 3): на вяселлі маладым даруюць паўкаровы… паўкалоды пчол або што другое, каб быць сябрамі (Сержп. Прымхі), ’пакупнік і прадавец адзін для другога’ (чырв., З нар. сл.), ’таварыш у мове злодзеяў’ (Арх. Федар.), сябёр ’чалавек, які што-небудзь купіў у другога ці прадаў другому’ (Бір. Дзярж.), ’здаравенны тоўсты чалавек, брысюга; ненадзейны таварыш’ (Бяльк., Юрч.), ся́бра ’ўдзельнік, пайшчык, супольнік, калега’ (Ласт.), ’прыяцель, кампаньён’ (Касп., Варл.), сябрава́ць ’дружыць’ (Касп.), ’працаваць супольна’ (Ласт.), ’узаемна дапамагаць у плытніцкай справе’ (віл., Сл. ПЗБ), сябрава́цца ’прымазвацца, набівацца ў супольнікі’ (Пятк. 2), ’супольна дзяржаць пчол’, сябро́ўскія (сябе́рныя) пчолы ’супольныя пчолы, якімі карыстаюцца два гаспадары’ (віл., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), сябэ́рскія пчолы ’тс’ (ашм., Сл. ПЗБ), сябэ́рка ’суполка на пчол’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. себры ’назва людзей у ВКЛ, якія сумесна карысталіся ворнай зямлёй, прамысловымі ўгоддзямі і інш.’ (Ст.-бел. лексікон), се́бреный ’агульны, супольны’ (там жа). Укр. ся́бер ’удзельнік зямельнага ўладання’, ’кампаньён у гандлёвым прадпрыемстве’, ’сапернік’, ’швагер’, дыял. палес. сябро́ ’няўклюдны, нялоўкі чалавек’, рус. сябёр ’сусед, сябар, пайшчык; член суполкі з правам голаса’, паўн.-рус. сябра́, ся́бра ’суполка, арцель, агульная справа’, стараж.-рус. сѧбръ ’сусед, член адной грамады’, серб.-харв. се̏бар ’земляроб’, ст.-серб. себьр ’селянін, член грамады свабодных земляробаў’, себрь ’палавіншчык, удзельнік, кампаньён’, славен. srebər ’селянін’; сюды ж каш. sibřec są ’падлізвацца, падлабуньвацца’, польск. аргат. siewrać ’размаўляць на зладзейскім жаргоне’. Адзінай этымалогіі, таксама як і адзінай славянскай праформы, няма. Прасл. *sębrъ узнаўляецца на аснове запазычанняў са славянскіх моў: алб.-таск. sëmbër ’здольнік, саўладальнік скаціны’, новагрэч. σεμπρος ’здольнік’, венг. cimbora ’сябар, прыяцель’, арум. simbru ’земляроб, які мае аднаго вала і ўступае ў суполку з іншым уладальнікам вала’, рум. sîmbră ’грамада, абшчына’; узнікла, па адной версіі, з *sem‑ro (з устаўным ‑b‑) і звязана з *sěmьja (Трубачоў, История терм., 166; Каліма, AfslPh, 17, 343). Па іншай версіі, прасл. *seberъ роднаснае гоц. sibja ’роднасць’, ст.-в.-ням. sippa ’тс’, ст.-інд. sabhā́ ’сукупнасць, збор’ (Мее, 14; 342; Атрэмбскі, WSl, 16, 188). Падрабязней агляд ранейшых версій гл. Фасмер, 3, 824 з літ-рай. Гл. таксама Ляпуноў, Сб. ОРЯС, 101, 3, 257–263; Папоўска–Таборска, ZNGd, Slavistyka, 6, 219–226; Гаспарыні, RiS, 8, 3–28 (звязвае семантыку слова з экзагаміяй); SEK, 4, 270 і наст. Няясныя адносіны да літ. sė̃bras ’палавіншчык, таварыш’, лат. sę̄brs ’сусед’ (запазычанні з бел. сябр ці спрадвечныя балцкія формы без насавога?). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495. Борысь (Etymologie, 207) значэнне ’прыяцель’ лічыць беларускай семантычнай інавацыяй.

Сястра́ ’дачка ў адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў’, перан. ’асоба сярэдняга медыцынскага персаналу ў лячэбнай установе і ласкавы зварот да яе’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ); сестра́ ’тс’ (ТС), сюды ж сястро́нка, сястру́ха, сястру́хна ’стрыечная сястра’ (Сл. ПЗБ), сястру́нка ’тс’ (Янк. 1). Укр., рус. сестра́, стараж.-рус. сестра, польск. siostra, в.-луж. sotra, н.-луж. sotša, палаб. sestră, чэш., славац. sestra, серб.-харв. сѐстра, славен. séstra, балг. сестра́, макед. сестра, ст.-слав. сестра. Прасл. *sestra, першапачаткова аснова на ‑r‑, потым перайшло да асноў на ‑a, роднаснае літ. sesuõ, Р. скл. seser̃s, ст.-прус. swestro, ст.-інд. svásar‑, гоц. swistar, лац. soror, ст.-ірл. siur, тахар. A ṣar ’тс’ < і.-е. *su̯esor, якое з’яўляецца, як мяркуюць, складаным словам ад і.-е. *su̯e‑ ’свой’ і *sor‑ ’жанчына’; гл. Фасмер, 3, 612 з ранейшай літ-рай; Махэк₂, 541–542; Шустар-Шэўц, 1335–1336; Скок, 3, 226; Сной, 564; ЕСУМ, 5, 223; Борысь, 549; Трубачоў (История терм., 63 і наст.) адзначае неаднастайнасць тлумачэння другой часткі кампазіта; напрыклад, аспрэчваецца рэальнасць і.-е. *sor ’жанчына’ і прапаноўваецца кампазіт *su‑esor ’сваёй крыві’, г. зн. ’адзінакроўная’, дзе *esor: *esr ’кроў’, параўн. санскр. ásrk, грэч. έαρ ’тс’. Адносна слав.-герм. str < і.-е. *sr параўн. струга, струя і пад. Агляд версій гл. ESJSt, 13, 800–801.

Сядзе́ць ’займаць сядзячае становішча’, ’знаходзіцца, праводзіць час’, ’быць у зняволенні’, ’размяшчацца дзе-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк., Ласт., Стан., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’кватараваць’ (узд., Жд. 1), седе́ті ’сяліцца, жыць’ (пін., З нар. сл.), ст.-бел. сѣдѣти, седѣти, седети ’тс’ (Альтбаўэр), сѣдѣти, седети ’пасяляцца, жыць, пражываць’, ’валодаць выдзеленым надзелам зямлі’ (Статут 1529 г., гл. Мацкевіч, Грынавецкене, ЖНС, 206 і наст.). Укр. сиді́ти, рус. сиде́ть, польск. siedzieć, в.-луж. sedźeć, н.-луж. sejźeś, чэш. sedět, славац. sedieť, серб.-харв. дыял. сјѐдити, славен. sẹdéti, балг. седя́, макед. седи. Прасл. *sěděti, *sědi̯ǫ адпавядае літ. sėdė́t, лат. sêdêr, гоц. sitan, ст.-ісл. sitja ’сядзець; жыць’; балта-славянскія формы з доўгім галосным у корані адпавядаюць гоц. прош. часу sētun < і.-е. *sēd‑, параўн. яшчэ ст.-інд. sídati ’ён сядзіць’, лац. sīdō ’саджуся’, якія ўзыходзяць да рэдуплікаванага *sizd‑ (Вальдэ-Гофман, 2, 509). Чэшскія і лужыцкія формы (без даўгаты) адпавядаюць лац. sedēre ’сядзець’ (Шустар-Шэўц, 1280). Фартунатаў (KZ, 36, 50) рускае і ўкраінскае *сидѣти < *sěděti тлумачыць як вынік асіміляцыі ў 2‑й і 3‑й ас. адз. л.: *sědiši, *sěditъ; у беларускіх формах Карскі (1, 226) бачыць захаванне старога стану. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 618; Бязлай, 3, 222; Махэк₂, 539; Борысь, 545–546; ЕСУМ, 5, 226–227; Шаўр, Studia Etym. Brun., 3, 367 (скарачэнне праславянскай даўгаты лічыць другаснай з’явай з мэтай пазбыцца аманіміі з адпрыметнікавым дзеясловам ад *sěd‑ ’сівы’). Гл. сесці.