Со́лад ‘брадзільны прадукт’, ‘асалода, слодыч’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ‘салодкі смак’, ‘прарошчаны ячмень на піва’ (Варл., Сл. ПЗБ, Пятк. 1), ‘брага’ (Сцяшк.), со́лда ‘салодкая прыправа’ (ТС), со́ладзь ‘змолатае прарошчанае збожжа’ (Сл. ПЗБ), ‘нешта салодкае’ (Ласт., Шат., Жд. 1, Сл. ПЗБ). Укр., рус. со́лод, ст.-рус. солодъ, польск. słód, в.-луж. słód, н.-луж. słod, чэш., славац. slad, серб.-харв. сла̑д, славен. sléd, балг., макед. слад. Прасл. *soldъ. Далей гл. салодкі (Фасмер, 3, 712–713; Махэк₂, 551; Шустар-Шэўц, 1303).
Спракуве́ку (спраку‑веку, спра́ку ве́ку) ‘спрадвеку, здаўна’ (Сержп., Ян.; карм., Сл. нар. фраз.; асіп., ваўк., чэрв., слуц., Сл. ПЗБ). Адваротны дэрыват ад спракаве́чны ‘старадаўні, шматвяковы’ (калінк., Арх. ГУ, Сцяшк. Сл., ТС), што да пракавечны ‘тс’ ад прок (гл.), параўн. ад праку ве́ку ‘здаўна’. Бузук (гл. Буз., 257) бачыў тут цікавы прыклад змены слова ў выніку ўтварэння рыфмы. З прычыны дээтымалагізацыі ўзніклі формы спрадка́ ‘спрадвеку’ (Ян.) ад продак (гл.), спрако́н ‘спрадвеку’ (Ласт.) — кантамінацыя спакон (гл.) і спракавечны, спракувеку.
Сталя́р ‘спецыяліст па тонкай апрацоўцы драўніны’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Сл. ПЗБ), сто́ляр ‘тс’ (Байк. і Некр., Бяльк., Сцяшк.), ст.-бел. столяръ ‘тс’; сюды ж сталя́рскі, сталя́рства (ТСБМ, Шат.). Укр. сто́ляр, рус. столя́р, разм. сто́ляр. З польск. stolarz ‘тс’, якое ўтворана ад stół ‘стол’ і калькуе ням. Tischler ‘тс’ ад ням. Tisch ‘стол’; гл. Фасмер, 3, 766 з літ-рай; Брукнер, 517. Карскі (1, 414) непасрэдным запазычаннем з польскай лічыць формы з націскам на першым складзе.
Су́пар ’супраціўнік, сапернік’, ’упарты чалавек’ (Нас., Байк. і Некр.), ’той, хто пярэчыць’, ’супраціўнік’ (Ласт., Адм.), су́пырь ’супроць’ (Бяльк.), сюды ж супарава́ць ’супраціўляцца, не слухацца; супернічаць’ (Нас., Стан.). Канкрэтны назоўнік, суадносны з абстрактным супо́р, гл. Укр. су́пор ’супраціўленне, неахвота’, рус. паўн. супо́р ’спрэчка, супраціўнасць, бойка’, ст.-рус. супоръ ’спрэчка’, серб.-харв. дыял. supor ’перашкода, супраціўнасць’. Прасл. *sǫporъ/‑ь < *sъ‑perti, прэфіксальнага дзеяслова ад перці (гл.) (Борысь, Prefiks., 97–98), параўн. ст.-слав. сѫпьрь, чэш. soupeř, славац. súper ’сапернік’.
Сурду́т ’мужчынская двухбортная вопратка з доўгімі поламі, якая цесна аблягае цела’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Ласт., Шн. 3), ’мужчынскае верхняе адзенне’, ’верхняе мужчынскае адзенне з самаробнага сукна’ (Скарбы), сурду́к ’тс’ (Нас., Жд. 3), сурду́шчык ’верхняе святочнае адзенне з тонкага сукна на ватнай падкладцы’ (ашм., Малч.). З польск. surdut ’тс’, якое з франц. surtout ’тс’ (Кюнэ, Poln., 100). Форма з ‑к, магчыма, пад уплывам рус. сюрту́к ’тс’, адкуль, відаць, і беласт. суртук ’тс’ (Вруб.), або сарда́к, гл.
Сур’ёзны ’паважны, грунтоўны, змястоўны, значны; задумлівы, заклапочаны’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’строгі, важны, упэўнены ў сабе’ (Ласт.), ’суровы’ (ТС), ’злы, куслівы’ (Сл. ПЗБ), сюды ж сурʼёз ’паважнасць, строгасць’ (ТСБМ). Адаптаванае запазычанне праз рус. серьёзный ’паважны, значны, строгі’ з франц. sérieux (ж. р. sérieuse), звязанага з лац. sērius ’важкі’ (ЕСУМ, 5, 220; Чарных, 2, 158; Фасмер, 3, 612). Змены ў пачатку слова, як і ў размоўным рус. сурьёзный, тлумачацца ўплывам блізкага па значэнню суровы, гл. (Маліноўскі, PF, 3, 752).
Сяўру́к ’Дзед Мароз’ (Ласт.), сяврю́к ’?’ (себеж., Мат.), уласнае імя Сяўрук (Шн. 2); сюды ж, відаць, і се́ўрук ’паўночны вецер’ (Касп.), параўн. укр. севрю́к ’наглядчык, ахоўнік’, рус. севру́к ’пануры, суровы чалавек’. Паводле Фасмера (3, 589), з *сѣверюк ад север (гл.); аналагічна Карскі 2–3, 36 (выдзяляе суф. ‑юк); Станкевіч (Стан., 1028) лічыць памяншальнай формай ад племянной назвы Севяра́нін. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 202 (па семантычных прычынах украінскае слова супастаўляецца з тур. savruk ’бязглузды, нязграбны, няўмелы’). Параўн. сяўрыць, сяўрана, гл.
Сі́ліць ‘прымушаць’ (Нас., Кас.), ‘адольваць, натужвацца’ (Сцяшк. Сл.), сі́ліцца ‘тужыцца, напружвацца’ (Сл. ПЗБ), сюды ж сі́лець ‘дужаць’ (Ян.), ст.-бел. силити ‘прымушаць’: питье жь закону не силѧть (Альтбаўэр). Вытворнае ад сі́ла (гл.), параўн. сілава́ць ‘сілком прымушаць рабіць’ (Ласт., Ян., ТС).
Сілі́ць 1 ‘падмацоўваць сілы ежай’, сілі́цца ‘падмацоўвацца ежай’ (Нас., Шымк. Собр.). Да сі́ла (гл.).
Сілі́ць 2 ‘душыць’, сі́ліцца ‘душыцца’, ‘вешацца’ (ТС). Да сіло́ ‘пятля’ (гл.), параўн. укр. сили́ти ‘завязваць вузлом’; развіццё семантыкі таксама пад уплывам сіла (гл.).
Сказ 1 ‘фраза, выказванне, выраз’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Байк. і Некр.), ‘аповяд пра падзеі мінулага або сучаснасці’, ‘расказ, апавяданне’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб.), ‘вымаўленне, гаворка’ (ТС). Нулявы дэрыват ад сказаць (гл. казаць); параўн. рус. сказ ‘паданне, апавяданне’. Як граматычны тэрмін лічыцца арыгінальным утварэннем без семантычных паралеляў у іншых мовах (Бідэр, Зб. Мальдзісу, 331), калі не лічыць семантычнай паралеллю чэш. věta ‘сказ’ ад старога кораня ‑větiti ‘гаварыць’ (Голуб-Ліер, 506).
Сказ 2, сказік ‘бяльмо на воку’ (навагр., Жыв. сл.). Гл. каз.
Скло́ннасць ‘схільнасць, дар, талент’, ‘прыхільнасць’ (Ласт.), сюды ж скланяць ‘схіляць у карысць каго-небудзь ці чаго-небудзь’, скло́нны ‘прыхільны’ (там жа), ст.-бел. склонити ‘схіліць’ (Альтбаўэр), параўн. рус. скло́нность, склоня́ть, скло́нный ‘тс’. Паводле Кохмана (Stosunki, 125–126), насуперак Фасмеру (3, 642: калька франц. inclination ‘схільнасць’), з польск. skłonność — калька з лац. inclinatio ‘тс’, што трапіла ў рускую мову праз старабеларускую, гл. таксама Віткоўскі, Słownik, 173. У сучаснай літаратурнай мове калькуюцца ўтварэннямі з коранем ‑хіл‑, што не выключае захавання народных форм ад кланіць (гл.).