-ся — часціца ў зваротных дзеясловах, у фальклоры захавалася ў самастойным ужыванні: Богу ся молити (Бяс.), ни ся ен мне соснився, ни ся у казцы сказався (Рам. 3), ст.-бел. сѧ: хто сѧ ей помолить (1489 г.; Карскі 2-3, 386). Укр., рус. ‑ся, ст.-рус. ся, польск. się, в.-луж. so, sej, н.-луж. se, палаб. să, чэш. se, ст.-чэш. sě, славац. sa, серб.-харв. se, славен. se, балг., макед. се, ст.-слав. сѧ. Прасл. sę з’яўляецца В. скл. зваротнага займенніка сябе (гл.) (Бязлай, 3, 220; Шустар-Шэўц, 1329–1330); роднаснае ст.-прус. sien ’‑ся’, да і.-е. *se‑ (*sebh‑) /*su̯e‑ ’асобна, сам для сябе’ і ў якасці ’зваротнага займенніка’, гл. Фасмер, 3, 823; Махэк₂, 538; Борысь, 547; Траўтман, 251–252; ЕСУМ, 5, 495. Карскі (2–3, 71) адносіць сюды і часціцу ў прыслоўях інося, усялякся, цяперся (гл.), параўн. ва́лейся ’лепей’ (Арх. Федар.). Гл. таксама се 3.
-тка — часціца ’ну, ану’: ну‑тка, нуце‑тка, купитка горѣлки (Нас.), ‑тко ’жа, ж’: хадзем‑тко на дзедзінец (Сержп. Казкі), пойды тко паслухай (пін., Жыв. сл.), ‑тку ’ну’: зірні‑тку ж ты (Полымя, 1998, 12, 22). Параўн. укр. ‑тка/‑тки (тутка, тутки), рус. ‑тко (тутко, пойдитко, натко), ‑тка (натка, нутка). Кантамінацыя ўзмацняльных часціц *‑to/*‑tá/*‑te (гл. ‑то, ‑це) і *‑ka, *‑ko, параўн. ту́така (гл. тут), та́мка, та́мака (гл. там), на аснове чаго ўзнікае здвоеная ўзмацняльная часціца ‑t‑k‑, гл. ESSJ SG, 1, 330–331; там жа адмаўляюцца іншыя інтэрпрэтацыі паходжання названага спалучэння (з ты і ‑ко, ‑ка або з то́кмо, токма, гл. Фасмер, 4, 64; ці дзеяслоўнай флексіі з ‑ка, гл. Германовіч, Междом., 76). Параўн. тыке, гл.