Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Тра́вень ’май, старая назва месяца мая’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.), тра́вэнь ’май’ (бяроз., Нар. скарбы). Укр. тра́вень, рус. старое тра́вень ’тс’ (Даль), харв. trȃvanj ’тс’, гіст. traven mali ’красавік’, traven veliki ’май’, баснійск. тра̑вањ (мали і велики), тра̑вник ’красавік’; славен. mali tráven ’тс’, veliki tráven ’май’, старое балг. тра́вен ’тс’. Прасл. *travьnь/*trěvьnь ’трэці месяц у годзе’ (ад сакавіка), адрозненні ў семантыцы назвы тлумачацца кліматычнай розніцай у перыядах цвіцення траў, з чым звязана яе этымалогія: ад прыметніка *travьnъ, вытворнага ад *trava, які пазней канкрэтызаваўся ў абстрактны назоўнік з суф. ‑ь (travьnь) (Глухак, 636; Слаўскі, SP, 1, 128).

Трасні́к (трысні́к, трісні́к, трясні́к, тросні́к) ‘трыснёг, Phragmites communis Trin.’ (Касп.; Байк. і Некр., Шатал.; гродз., віц., мін., маг., ЛА, 1, Кіс., Сл. ПЗБ; мёрск., Жыв. сл., Сцяшк. Сл.), ‘чарот, Scirpius L.’ (Ласт.; леп., лёзн., шчуч., Яшк., ЛА, 1), трасні́к ‘рагоз, Typha latifolia L.’ (шуміл., віц., астрав., лаг., стаўб., ЛА, 1). Укр. дыял. тро́сни́к, тростни́к ‘чарот, трыснёг’, рус. тростник ‘тс’. Суфіксальны дэрыват ад тросць1 (гл.), суф. ‑ьн‑ікъ утварае фітонімы тыпу сітнік, маліннік і пад. (Новое в рус. этим., 238), або ад траста́ (гл.), параўн. з пераносам націску трасце́ннік ‘зараснік трыснягу’ (Др.-Падб.). Гл. таксама троснік, трыснёг.

Трактава́ць1 ’разглядаць, абгаворваць’, ’даваць тлумачэнне’, ’разумець, тлумачыць’ (ТСБМ), ’меркаваць, разважаць, ацэньваць’ (Цых.), ст.-бел. трактовати ’весці перагаворы’, ’тлумачыць, разважаць’ (1595 г.). Са ст.-польск. traktować ’трактаваць’, ’адносіцца да каго-небудзь, абыходзіцца з ім’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), якое з лац. tractāre ’весці перагаворы, абмяркоўваць, дамаўляцца’, ’трактаваць’, ’ведаць і ўмець’.

Трактаваць2 ’частаваць’, ’абдорваць’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Гарэц., Шат., Байк. і Некр., Нар. Гом., Янк. БП), трахтава́ць ’тс’ (Бяльк., Федар. 5, Сцяшк. Сл.), ст.-бел. трактова́ти ’частаваць’ запазычана са ст.-польск. traktować ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), якое з лац. tractāre ’аказваць гасціннасць, частаваць’. Параўн. таксама ст.-бел. трактамент ’пачастунак’ (1711 г.), якое са ст.-польск. traktament ’пачастунак’, ’прыём’ < лац. tractamentum ’тс’ (Брукнер, 574; Голуб-Ліер, 486; Голуб-Копечны, 106, 388; ЕСУМ, 5, 617).

Тралява́ць1 ’транжырыць’ (Ласт.), тролёва́ць ’раздаваць, разбазарваць’ (ТС). Утворана ад гукапераймання тра-ля-ля ’весела спяваць’ > ’весела бавячыся, растранжырваць (грошы, маёмасць)’. Аналагічна ням. trällern ’весела напяваць’, літ. traliúoti ’спяваць тра-ля-ля’. Параўн. траляля́каць ’тс’ (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 73), трэ́ляць ’сноўдацца без пэўных заняткаў’: месец тролю́е чоловек у Сочах (ТС).

Тралява́ць2 ’падцягваць драўніну з лесу да сплаву’, ’ісці, рухацца’, ’пракладваць дарогу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Адм., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ’перавозіць з месца на месца’ (Чуд.), ’таптаць пасевы, ходзячы ўздоўж палос’ (Шат.), трылява́ць ’выводзіць бярвенні з лесасекі на чыстае, больш прасторнае месца’ (падзе., Нар. сл.; Буз.); тролева́ць, тролёва́ць, тралёва́ць, трэ́ляць ’выносіць, выцягваць з цяжкадаступных месцаў нарыхтоўкі (пра лес, ягады і інш.)’ (ТС), тра́ліць ’траляваць’ (брагін., Мат. Гом.). Выводзіцца з польск. trelować ’выцягваць бярвенні з вады на склад’, ’цягнуць плуг’, ’бурлачыць, цягнуць судна людзьмі або коньмі’, што да англ. trail ’цягнуцца, валачыцца’, ’буксіраваць’, ’таптаць траву’. Сюды ж тралява́нне ’дастаўка лесу на прыстань’ (Некр.), траля́р ’тралёўшчык’ (Мат. Гом.), тралёўка ’вывазка’ (Сцяшк.).

Тра́хаць ‘гучна біць; ламаць з трэскам’, ‘трашчаць, ламацца’ (Нас.), ‘рэзка адрывіста грымець, бухаць’ (Юрч. Сін.), ‘трэсці’ (ТС), ‘трашчаць’ (Байк. і Некр.), ‘страляць’ (ТС), ‘стукаць, грукаць дзвярыма’, ‘балбатаць’ (Ян.); тра́хнуць ‘моцна, з сілай стукнуць каго-небудзь’, ‘выстраліць па кім-небудзь’, ‘застрэліць’ (ТСБМ), ‘трэснуць’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр.), ‘стукнуць, упасці’ (ТС), ‘стукнуць (пра гром)’, ‘раптоўна пабегчы, ірвануцца’ (Мат. Маг.), тря́хнуць ‘стукнуць каго-небудзь чым-небудзь’ (Бяльк.); тра́хнуті ‘ўдарыць’ (Вруб.); сюды ж вытворныя ад траха́т ‘трэск’ трахата́ць ‘ламаць, крышыць’ (гродз., ЖНС), трахаце́ць ‘дрыжаць, трашчаць’ (Сл. ПЗБ); таксама тра́ханне, трахканне ‘грукат’, тра́ханнік, тра́хканнік ‘той, хто грукоча’ (Юрч. СНЛ). Утварэнні на базе гукапераймальнага трах, гл.

Траха́ць ‘трэсці’ (ТС), трахану́ць ‘страсянуць’ (Нас.; брасл., Сл. ПЗБ), ‘растрэсці (гной)’, ‘затрэсціся ад холаду’ (Юрч. СНЛ), трыхану́ць ‘страсянуць’ (Бяльк.), тріхану́ць ‘калатнуць; зрабіць вобыск’ (Юрч.). Фасмер (4, 113) мяркуе, што рус. тряхну́ть і тряха́ть з’яўляюцца новаўтварэннямі ад трясти́ ‘трэсці’; таксама Брукнер (579) польск. trząchąć адносіць да trząść ‘трэсці’. Параўн. паралельнае траса́ць, гл. трэсці.

Тра́ціць ‘расходаваць (грошы, сродкі)’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт., Бяльк.), ‘пазбаўляцца, страчваць, губляць (у тым ліку час)’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп.; паст., Сл. ПЗБ, Байк. і Некр.), тра́тіті ‘тс’ (Вруб.), тра́ціць ‘пазбаўляць жыцця’ (Нас., Сержп. Прымхі), тра́ціці (tracici) ‘тс’ (Федар. 2), ст.-бел. тратити, тратить ‘расходаваць грошы, сродкі; транжырыць, губляць, страчваць; губіць, пазбаўляць жыцця; марнаваць час’ (ГСБМ), трациц ‘тс’ (Кітаб Луцкевіча). Укр. тра́тити ‘рабіць выдаткі’, ‘губляць, знікаць’, ‘пазбаўляць жыцця’, рус. тра́тить ‘расходаваць’, ‘спажываць’, польск. tracić ‘пазбаўляцца’, ‘несці матэрыяльныя страты’, ‘марнаваць’, ‘пазбаўляць жыцця’, каш. tracëc ‘тс’, чэш. tratiti ‘губляць’, ‘цярпець шкоду, страту’, славац. tratiť ‘тс’, славен. trátiti ‘траціць, марнатравіць’, ‘губляць час’, харв. trȁtiti, серб. тра̏тити, тра̏ћити ‘траціць грошы, час’, макед. траце ‘губляць’: си траче времто. Прасл. *tratiti ‘выкарыстоўваць, расходаваць, нішчыць, марнаваць’, ‘драбіць, церці, праціраць’, ‘вастрыць’ роднаснае літ. trúotas ‘брус, асялок, тачыла’, лат. truõts ‘тс’, гоцк. þrōþjan ‘практыкаваць, рабіць практыкаванні, развучваць’ < і.-е. *trōt‑/*trēt‑ < *ter‑ ‘церці’ (Фасмер, 4, 94–95; Чарных, 2, 258–259; Скок, 3, 493; Голуб-Копечны, 388; Брукнер, 575; Борысь, 639; Сной₃, 800; ЕСУМ, 5, 623). Махэк₂ (649) паходжанне лексемы тлумачыць кантамінацыяй слоў traviti ‘праводзіць час’ і ratiti ‘знішчыць, згубіць, пазбавіцца’, што малаверагодна.

Трапло́1 ‘прылада, якой трэплюць лён’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Мядзв., Шат., Касп., Сл. Брэс., Дэмб. 2; глус., Янк. Мат.; нараўл., Арх. ГУ; мёрск., Ск. нар. мовы, Сл. ПЗБ), трэпло́ ‘тс’ (Пятк. 2, Мат. Гом., Сл. Брэс.), трапло́ і трэпа́ло ‘тс’ (Сл. Брэс.; пруж., Сл. ПЗБ); трапло́ ‘мянташка’ (Ласт.), трэ́пла ‘калодачка, падстаўка, слупок — прыстасаванне трапаць лён’ (Сл. ПЗБ; докш., бых., карм., бяроз., пін., бабр., добр., ЛА, 5); трепло́ ‘жменя лёну для трапання’ (петрык., ЛА, 4); трэпло́ ‘трапанне’ (Мат. Гом.). Укр. трепло́ ‘вясло ў плыце’, ‘трапачка для лёну’, рус. дыял. трепло́ ‘тс’. Утворана ад асновы *trep‑ (гл. трапаць1) і суф. *‑lo, які ўтварае пераважна nomina instrumenti (адносна апошняга гл. Слаўскі, SP, 1, 104).

Трапло́2 ‘чалавек, які гаворыць бязглуздзіцу, балбатун, пустабрэх’ (ТСБМ, Шат., Касп.; ашм., Стан., Сцяшк., Брасл. сл., Мат. Гом.), трэпло́ ‘тс’ (Арх. Вяр., ТС, Растарг.), тряпло́ ‘тс’ (віц., ЛА, 2); сюды ж выраз трапло́ вавіло́нскае (астрав., Бел. дыял. 1), траплава́ты ‘які любіць гаварыць недарэчнасці’ (Сл. ПЗБ), траплі́вый ‘балбатлівы’ (Юрч. СНС). Вытворнае ад трапаць2 у значэнні ‘многа гаварыць’ (Саевіч, Derywacja, 230), параўн. укр. трепло́ ‘балбатун, хвалько’, рус. разм. трепло́ ‘балбатун’; утварэнне, аманімічнае трапло1, мажліва, аргатычнага паходжання, параўн. укр. аргат. трепа́ти ‘чытаць, спяваць’ (Горбач, Арго), што не выключае ўплыву т. зв. бурсацкай мовы.

Трава́ ’сям’я раслін Gramineae з аднагадовымі зялёнымі парасткамі і сцяблом’ (ТСБМ, Ласт., Федар. 4, Стан., Бяльк., Бес., ТС, Сл. ПЗБ), ’трава, злакі’ (Байк. і Некр.), траві́на ’асобнае каліва травы’, ’трава наогул’, ’высахлая трава’ (Юрч. Вытв., ТСБМ; мёрск., Нар. словатв.), траві́ца ’траўка’ (Гарэц.), траві́шча ’густая высокая трава’ (Жд. 2), траваюжышча ’тс’ (Юрч. Мудр.), тро́ўка ’трава’ (Растарг.; люб., Ск. нар. мовы), траві́нка ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ; ТС), зборн. траўё ’крапіва, бадылле’ (Бяльк.), коньска трава ’канюшына’ (дзісн., Яшк. Мясц.). Укр., рус. трава́, стараж.-рус. трава, трѣва ’трава, сена’, польск. trawa, н.-луж. tšawa, в.-луж. trawa, чэш., славац. tráva, славен. tráva, серб. тра́ва, харв. tráva, trāvȁ, trōvȁ; макед. трева, дыял. трава; балг. трева́ ’трава’, ’зёлкі’; ст.-слав. трѣва, трава ’трава’, ’маладая зелень’, ’расліны, атожылкі’. Прасл. *trava, *trěva, утвораныя ад дзеяслова *truti. Першапачаткова *trava, *trěva — ’тое, што спажываецца’, ’корм’ > ’зялёная паша’ > ’расліны, якія выкарыстоўваюцца ў якасці пашы’ > ’трава — зялёная ці скошаная’ (Фасмер, 4, 91–92; Махэк₂, 650; Бязлай, 4, 214–215; Борысь, 640; Сной₂, 778; ЕСУМ, 5, 613). Скок (3, 494) наяўнасць паралельных праславянскіх форм тлумачыць варыянтнай мяккасцю зычнага ‑r‑ у *trěva. Гл. таксама траві́ць1. Сюды ж травя́нік ’лякарства з траў’ (Жд. 1), травя́нка ’фарбы, прыгатаваны з травы’ (ТСБМ), травасто́й ’травяное покрыва лугоў, сенажацей, пашы’ (ТСБМ), траве́ць ’зарастаць травою, пустазеллем’ (Касп., Сцяшк. Сл.; мёрск., Нар. сл.; полац., Нар. лекс.), травяне́ць ’тс’ (ТСБМ, Гарэц.), травяні́цца ’тс’ (Юрч.), траві́ць ’лячыць травамі’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), тра́ўлены ’травяны’, тра́ўля́ны (лён) ’лён, у якім расце шмат травы, пустазелля’ (ТС), траўляны́й ’травяністы’ (стол., Нар. лекс.), травяні́сты, травяны́ ’багаты травой’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), травяно́й ’тс’ (Юрч. Вытв.), траўлі́вы ’травяністы, багаты на траву’ (ашм., Стан.), траўны́: траўное карэньне ’ядомае карэнне’ (Стан.).

Тра́нты ’лахманы, старая падраная адзежа, бялізна’, ’хлам, старызна’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Юрч. Сін., Варл.; малар., ЖНС; люб., Нар. ск.; гродз., касцюк., ЛА, 5; Мат. Маг. 2), ’анучы (іран. жаночыя ўборы)’ (Нар. Гом.), тра́нце ’рыззё’ (Мат. Гом.), тра́нцё ’рызманы’ (Нік., Оч., Шн. 3), тра́нцы ’старое, парванае адзенне, рыззё, лахманы’ (пух., З нар. сл.; Сержп. Грам.), транці́на ’рызман’ (Юрч. Вытв.), тра́ньціна ’адзежына’ (мёрск., Нар. сл.), тра́ньте ’рыззё’ (драг., Нар. лекс.), тра́нды ’тс’ (вільн., Сл. ПЗБ), трэ́нты ’транты’ (Скарбы; дзятл., Сл. ПЗБ), адсюль, відаць, выабстрагаваная форма адз. л. трант ’паношаная, дрэнная вопратка’ (капыл., Нар. словатв.), ’тс’, ’незнаёмы, нікчэмны чалавек’ (лей., Жыв. НС). Параўн. укр. дыял. тра́нти ’анучы, рыззё’, адз. л. трант; серб.-харв. дыял. тра́нци, трањци ’парванае адзенне або абутак’, адз. л. тра́њак. Беларуска-сербская ізалекса, што ўзыходзіць да *tertі ’церці’, параўн. тра́нне ’рыззё’ (Юрч. Сін.), серб. тра̏њав ’штосьці з адзежы ці абутку, зусім зношанае і падранае’ (Элезавіч, 2, 333), сінанімічнае тра̏ља ’тс’, тра̏њав ’парваны’ (падрабязней пра паходжанне і распаўсюджанне сербскіх слоў гл. Івіч, Галип., 147; а таксама Скок, 3, 490, які збліжае гэтыя словы з trȁlje ’кошык’, тра̏ња ’насілкі для гною’). Этымалагічна блізкія рус. труньё ’рыззё, старызна’, трун ’анучы’, ’абарванец’, для якіх Фасмер (4, 109) дапускае сувязь з трух, тереть. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 621, дзе мяркуецца тое ж паходжанне для ўкраінскіх слоў, побач з магчымасцю фанетычнай змены дрант ’лахман; рызман’ (ад драты ’драць, рваць’), што, відаць, уяўляе паралельнае ўтварэнне, гл. серб. драњци ’рыззё, лахманы’. У сувязі з названым малаверагодна вывядзенне з літ. trántas ’адкіды, паношанае адзенне’, якое звязваюць з літ. trem̃ti ’выгнаць’, ’стаптаць, знасіць’, trendė́ti ’псавацца, пакрывацца плесняю’ (Смулкова, Балта-слав. иссл., 1980, 209), што, зрэшты, магло паўплываць на варыянты транды, трэнты. Гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 85. Параўн. трамця, гл.

Траві́ць1 ’засвойваць у працэсе стрававання, ператраўліваць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб.), ’карміць’ (Сцяшк. Сл.), ’харчавацца, есці’ (Хрэст, дыял.), ’спажываць’ (ТС), тра́віць ’ператраўляць (пра страўнік)’ (Нас.). Укр. трави́ти, дыял. трови́ти ’тс’, польск. trawić, чэш. tráviti ’ператраўляць ежу’, ’праводзіць час’, славац. tráviť ’тс’, серб. тра́вити ’карміць травой’, ’засяваць травой’, ст.-слав. травити ’жэрці’, натроути ’накарміць’. Прасл. *traviti < *truti, trovešь (параўн. мар. truju < trutʼ ’ператраўляць (пра страўнік)’, славац. trova ’выдаткі’) выступае ў славянскіх мовах у ступенях: *tru‑, *trov‑, *trav‑ (апошняя — з *‑ō‑), а таксама *trū‑, параўн. серб.-ц.-слав. трыти, трыѩ, балг. три́я ’тру, выціраю’, ц.-слав. растръва ’страта, згуба’, ’пагібель’, троути ’вынішчаць’ з багатым наборам значэнняў — да ’атручваць’ (Фасмер, 4, 92; Махэк₂, 650). Роднасныя: ст.-грэч. τρώω ’раню’, τρΰω ’знішчаю, свідрую’, ’выводжу’, ст.-в.-ням. drawa ’пагроза’, англ.-сакс. đréa ’тс’, ’кара’. Сной₂ (778) дапускае дзве і.-е. асновы для разглядаемай лексемы: 1) і.-е. *treu̯H‑ ’раздрабляць, раскрышваць, малоць, спажываць, расходаваць’: ст.-грэч. τρῶμα, τραῦμα ’рана’, вал. taraw ’таўчы, біць’, с.-брэтонск. tarauat ’працерці’, літ. trunýti ’гніць, тлець’; 2) і.-е. аснова *trōu̯ah2, *treu̯ah2, якая з і.-е. *(s)ter‑, — з апошняй выводзіцца ст.-інд. tṛ́ḥa ’трава’, прасл. *tьrnъ > бел. цёрн. Сюды ж траўленне ’страваванне’, траве́нье ’кармленне’ (ТС); траві͡енё ’ператраўліванне, засвойванне’ (беласт., Сл. ПЗБ), якое з польск. trawienie (Сл. ПЗБ, 5, 111).

Траві́ць2 ’таптаць лугі, з’ядаць пасевы; рабіць патраву’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сержп. Прык.): козамі сена травіць (Пятк. 2), тра́віць ’тс’, ’нацкоўваць сабак на коз і свіней, каб не пустошылі агароды’ (Нас.). Укр. трави́ти ’рабіць патраву’, дыял. трови́ти ’выпасаць, травіць траву на корані’, рус. трави́ть ’псаваць, пашкоджваць, нішчыць, спустошваць, разбураць’, польск. trawić ’тс’, ’марнатравіць’, ’выдаткаваць’, ’паліць, спальваць’. Прасл. (паўночнае) *traviti ’нішчыць, выдаткоўваць’ (Борысь, 640). Да травіць1 (гл.). Сюды ж траві́ць ’апрацоўваць паверхню чаго-небудзь кіслатой або іншымі рэчывамі’ (ТСБМ), ’атручваць каларадскіх жукоў’ (Ян.), ’труціць, атручваць’ (ТС; віл., Сл. ПЗБ), траві́тісе ’труціцца’ (беласт., Сл. ПЗБ).

Траві́ць3 ’паволі, патроху адпускаць ліну, снасць, аслабляючы нацяжэнне’ (ТСБМ). Відавочна, з рус. трави́ть (снасть, канат) ’тс’.

Траві́ць4 пытраві́ць палоску ’апрацоўваць зямлю плугам трэці раз, пасля баранавання’ (бабр., ЛА, 2). Да траі́ць, трайні́ць, гл.