Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пе́шкі ’пяшком’ (Растарг.; ТС; Бяльк.). Адпрыметнікавае прыслоўе, утворанае ад прасл. *pěšь пры дапамозе суф. *‑ьsk‑ (*pěšьskъ) і канчатка Тв. скл. мн. л. адносных прыметнікаў. Параўн. укр. пі́шки, ст.-польск. pieszki, чэш. péšky, макед. пешки, славен. pẹ́ški ’пяшком’. Больш падрабязна пра суф. ‑к‑і гл. Карскі 2-3, 69. Станкевіч лічыць лексему украінізмам (Зб. тв., 2, 67).

Пе́шня, пешня́, пі͡эшня, пішня́, пе́чня, пышня́, пяшня́ ’прылада (лом з драўляным дзяржаннем) для прасякання лёду’ (паўн. і ц.-бел.), інструмент (далато шырынёй 4,5 см, насаджанае на доўгае дзяржанне да 2 м) для вырабу ночваў, лодак, вулляў-борцей, для прадзёўбвання пазоў, дзірак’ (паўд.-бел., паўд.-усх.-бел.) (ЛА, 2, а таксама ТСБМ; Гарб.; полац., З нар. сл.; глыб., Сл. ПЗБ; Бяльк.; ТС; Маш.: Сержп. Борт.; Сл. Брэс.; лун., Шатал.; слаўг., Нар. сл.; рагач., ганц., іўеў., З нар. сл.), пі́шня ’кій, якім падпіраюцца, ідучы па лёдзе’ (Сл. Брэс.). Рус. пе́шня, польск. piesznia, piersznia, pieśnia ’тс’. Сюды ж адносяць і славен. pȅs ’пень, ствол бука’, рус. пёс ’доўбня таўчы гліну’. Звязваецца з *pěst‑ (гл. пе́ста2) альбо з *pьx‑ (гл. піха́ць) < і.-е. *pis‑, *pei̯s‑ (Мерынгер, WuS, 1, 3; Гольтхаўзен, KZ, 72, 204; Фрэнкель, 586, Сабалеўскі, Лекции, 137; Праабражэнскі, 2, 56; Мацэнаўэр, LF, 12, 336; 15, 168; Фасмер, 3, 258; Бязлай, 3, 27). Сэндзік (Slawistyczne studia językoznawcze, 1987; 339–342) рэканструюе паўн.-слав. *pěšьńa.

Пе́шшу, пе́шу ’пяшком’ (свісл., чэрв., в.-дзв., лудз., Сл. ПЗБ), рус. пешью ’тс’. Прыслоўе ў форме Тв. скл. ж. р. ад pěša (?).

Пе́шы, пе́шый ’які ідзе пехатой; пяхотны, не конны’ (ТСБМ, Бяльк.). Укр. пі́ший, рус. пе́ший, сімб. пѣхій (Даль, 3, 551), разан. пѣсью ’пешшу’, польск. pieszy, н.-луж. pěšy, в.-луж. pěši, чэш. pěší, pěchý, славац. peší ’тс’, славен. ki gre pẹ̑š, старое pẹ̑š ’пешы’, серб.-харв. пје̏шице, старое пје̏ше ’пяшком’, макед. пеш, пешки, пеша, балг. пеш, пе́ши, ст.-слав. пѣшь ’пешы’. Прасл. pěšь < pěs‑jь, якое (праз форму pěsъ) узыходзіць да і.-е. *pēd‑su ’на нагах (ісці)’ у процівагу ’ехаць на кані, на лодцы’ < і.-е. pēds ’нага’ (’ступня’) (Мее, MSL, 14, 314; Махэк₂, 446; Бязлай, 3, 29). Фасмер (3, 257) сумняваецца ў гэтым, даводзячы, што ў такім выпадку слав. форма была б pěsъ. Зыходнай формай для прасл. pěšь ён падае *pēdsios, вытворнага ад pēd‑ ’ступня’, лац. pēs, pedis ’нага’, літ. pèdè ’след нагі’, лат. pę̂ds ’тс’, pę̂da ’падэшва’, ст.-грэч. πούς, Р. скл. ποδός, дарычн. πώς ’ступня’, ст.-інд. padám ’след нагі, ступня’, гоц. fōtus, літ. pésčias ’пешы’ (і.-е. скланенне было атэматычным, з аблаўтам: Н. скл. pēd‑s, Р. скл. pod‑ós). Першапачатковая і.-е. лексема pēd‑s пазней у слав. прамове замянілася на noga, у балт. (літ.) — на kojà ’нага’. Аб прасл. *pěšь(jь) ’слабы, стомлены’, звязаным генетычна з *pьxati, гл. Варбот, Этимология–1971, 18–19.

Пе-пе-пе ’падзыўныя для кароў’ (лях., ДАБМ, камент., 895). Гукапераймальнае, утворанае, магчыма, з пачатковага складу і.-е. назвы скаціны *pekʼu‑ (параўн. лац. pecus ’скаціна’, ст.-інд. páçu, paçús, авест. pasu‑ ’тс’, ст.-грэч. πέκος ’шкура’, гоц. faíhu ’грошы’, ст.-в.-ням. fihu ’скаціна’, прасл. *pьsъ ’(калматы) сабака’). Параўн. і інш. падзыўныя словы для кароў з гэтым жа коранем: псе-псе-псе, псейка‑псейка (гл.).

Пе̂́не́ц ’урок, лекцыя’ (Шпіл.), ст.-бел. пенсъ ’хатняе навучанне’ (1653), якое са ст.-польск. pens ’заданне, практыкаванне, адзначаная частка ў кнізе, прызначаная для вывучвання напамяць’ < лац. pēnsum ’заданне, абавязак’ (Варш. сл., 4, 110). Гл. пэнс(а).

Пёк ’выпечка, (адно) печыва’ (Нас.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне. да пячы́ (гл.). Сюды ж пёкам ’настойліва, надакучліва’ (Нас.) — прыслоўе, утворанае з формы Тв. скл. адз. л. лексемы пёк.

Пёкаць1 ’малаціць цэпам’ (Варл.). Да пе́каць1 ’біць чым-небудзь’, ’біць увогуле’.

Пёкаць2 ’гараваць, пакутаваць’ (Варл.). Да пе́каць2 (гл.).

Пёкма: у выразе пёкма пячы́ ’вельмі, моцна’ (Нас.), ’пячы, не перастаючы’ (Касп.). Да пячы́ (гл.). Суф. ‑ма (паводле паходжання — канчатак назоўнікаў Тв. скл. парнага л.), утвараючы прыслоўі, далучаўся да займеннікаў, імёнаў і асабліва прадуктыўна да дзеясловаў альбо імёнаў, утвораных ад дзеяслоўных асноў: крычма крычэць, лежма, лёжма, сідзьма і да т. п.

Пёнтак ’пятніца’ (паст., трак., смарг., Сл. ПЗБ). З польск. piątek ’тс’.