Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Тварэ́ц ’той, хто стварае матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці’ (ТСБМ), ’творца, стварыцель’ (Ласт., Некр. і Байк.), тво́ріц ’творца, Бог’ (Бяльк.), ст.-бел. творе́ц ’тварэц, стваральнік’ (XV ст., КГС). Параўн. укр. тво́ре́ць ’тс’, рус. творе́ц ’тс’, стараж.-рус. творьць ’тс’, польск. tworzec, ст.-польск. twarzec ’тс’, в.-луж. twórс, н.-луж. tworc ’будаўнік’, ’творца (рэліг.)’, серб.-харв. tvórac ’творчая асоба, творца’, балг. творе́ц ’тс’, ’стваральнік, Гасподзь’, макед. творец ’тс’. Прасл. *tvorьcь — дэрыват ад *tvoriti, гл. тварыць1 (Шустар-Шэўц, 1565), рэлігійнае значэнне, хутчэй за ўсё, пад чэшскім уплывам, параўн. ст.-чэш. tvořitel ’стваральнік, Гасподзь’ (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 403), твары́цель ’тс’ (Нас.).

Тлен1 ’тленне, гніенне, распад, разбурэнне’, ’прах’ (ТСБМ, Гарэц.), тлень ’гніль; знікомасць, нікчэмнасць’ (Нас., Байк. і Некр.). Можа разглядацца як скарочаная форма аддзеяслоўнага назоўніка тле́нне (тле́ньне) ’гніенне, прэнне, гарэнне без полымя’ (Ласт.) ад тлець (гл.), аднак слабая засведчанасць у народнай мове схіляе да думкі аб пранікненні з ц.-слав. тлѣнъ ’прах’, параўн. у Скарыны тление, тлененъ ’спарахнелы’ (Сл. Скар.) са ст.-слав. тьлѣньнъ ’знікомы, зямны’.

Тлен2 ’кісларод’ (Байк. і Некр.), тлён ’тс’ (Некр. і Байк.), сюды ж тле́ньнік ’вокіс’ (Байк. і Некр.). Запазычана з польск. tlen ’кісларод’, наватвора XIX ст. ад tleć (гл. наступнае слова).

Тра́вень ’май, старая назва месяца мая’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.), тра́вэнь ’май’ (бяроз., Нар. скарбы). Укр. тра́вень, рус. старое тра́вень ’тс’ (Даль), харв. trȃvanj ’тс’, гіст. traven mali ’красавік’, traven veliki ’май’, баснійск. тра̑вањ (мали і велики), тра̑вник ’красавік’; славен. mali tráven ’тс’, veliki tráven ’май’, старое балг. тра́вен ’тс’. Прасл. *travьnь/*trěvьnь ’трэці месяц у годзе’ (ад сакавіка), адрозненні ў семантыцы назвы тлумачацца кліматычнай розніцай у перыядах цвіцення траў, з чым звязана яе этымалогія: ад прыметніка *travьnъ, вытворнага ад *trava, які пазней канкрэтызаваўся ў абстрактны назоўнік з суф. ‑ь (travьnь) (Глухак, 636; Слаўскі, SP, 1, 128).

Трасні́к (трысні́к, трісні́к, трясні́к, тросні́к) ‘трыснёг, Phragmites communis Trin.’ (Касп.; Байк. і Некр., Шатал.; гродз., віц., мін., маг., ЛА, 1, Кіс., Сл. ПЗБ; мёрск., Жыв. сл., Сцяшк. Сл.), ‘чарот, Scirpius L.’ (Ласт.; леп., лёзн., шчуч., Яшк., ЛА, 1), трасні́к ‘рагоз, Typha latifolia L.’ (шуміл., віц., астрав., лаг., стаўб., ЛА, 1). Укр. дыял. тро́сни́к, тростни́к ‘чарот, трыснёг’, рус. тростник ‘тс’. Суфіксальны дэрыват ад тросць1 (гл.), суф. ‑ьн‑ікъ утварае фітонімы тыпу сітнік, маліннік і пад. (Новое в рус. этим., 238), або ад траста́ (гл.), параўн. з пераносам націску трасце́ннік ‘зараснік трыснягу’ (Др.-Падб.). Гл. таксама троснік, трыснёг.

Трэ́снуць ‘ударыць, стукнуць’ (Шымк. Собр., Яруш., Касп., Вушац. сл., Бяльк., ТС), ‘лопнуць, раскалоцца’ (Бяльк., Скарбы), ‘стукнуць, грукнуць’ (Ласт.), ‘стукнуць, пацэліць’ (пра гром, маланку)’ (Мат. Маг. 2, Сержп. Прымхі): kab ćabʼé pʼerún trésnuŭ (zabíu, uźaŭ) (зах.-бел., Маш. Atlas). Аднакратны дзеяслоў да трэскаць (гл. трэск), выводзіцца з прасл. *trěsknǫti (ESJSt, 16, 980), параўн. укр. трі́снути ‘трэснуць, стукнуць’, рус. тре́снуть ‘лопнуць, стукнуць, выдаць моцны гук (пра гром і пад.)’, польск. trzasnąć ‘тс’, чэш. třesknouti ‘тс’, славац. tresknuť ‘тс’, балг. тресна ‘тс’, макед. тресне ‘тс’, ст.-слав. трѧснѫти ‘тс’. Утворана на базе гукапераймальнага *tresk‑, як і літ. treškė́ti ‘лопаць, трэскаць’ і пад.

Ту́чыць ‘адкормліваць, рабіць тлустым’ (Нас., Ласт., Янк. БП): pańskaje oko kania tuczyć (ваўк., Федар. 4), ст.-бел. тучити, тучыти ‘адкормліваць’, ‘напаўняць’ (ГСБМ), ‘адкарміць, насыціць’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. ту́чи́ти ‘рабіць тлустым, даглядаць’, рус. дыял. (зах.) ту́чить ‘угнойваць (зямлю)’ (Даль), польск. tucznić ‘рабіць тлустым, тучным’, чэш. tučit ‘станавіцца тлустым’, славац. tučiť ‘адкормліваць’, славен. дыял. túčiti ‘зрабіць тлустым’, макед. тучи ‘рабіць тлустым; карміць тлустым’. Прасл. *tučiti ‘рабіць тлустым, адкормленым’, вытворнае ад *tukъ ‘жывёльны тлушч’ (Борысь, 652), гл. тук1; апафанічныя варыянты *tyti (гл. тыць) і *toviti ‘адкормліваць’ (магчыма, сюды прыметнік то́віст ‘тоўсты’, гл.), падрабязней гл. Скок, 475; Куркіна, Этимология–1976, 25; Глухак, 628.

Туга́ ‘смутак, маркота, журба’, ‘пачуццё нуды’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Ласт., ТС, Вруб., Булг.; барыс., Шн.), ту́га ‘жаль, клопат, журба’ (Нас., Арх. Федар., Мядзв., Растарг.), сум‑туга́ ‘маркота, роспач’ (Вушац. сл.), ст.-бел. тоуга ‘жаль, крыўда, журба’ (XVII ст., Карскі 2–3, 436). Укр. туга́, рус. туга́, стараж.-рус. туга ‘прыгнечанне; мука; сум, бяда’, польск. tęga (запазычанае з беларускай ці ўкраінскай мовы, або з чэшскай, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 400), н.-луж. tuža ‘прыгнечанасць, гора, пакуты’, в.-луж. tuha ‘спякота’, ‘прыгнечанасць’, чэш. touha ‘прага, імкненне’, ‘сум’, славац. túha ‘сум’, славен. tóga ‘гультайства’, ‘сум, туга, скруха’, харв. túga, серб. ту́га ‘тс’, макед. тага ‘тс’, балг. старое ту́га ‘мука’, тъга̀ ‘смутак, маркота, журба’, ‘туга’, ст.-слав. тѫга ‘страх, трывога; смутак’, ‘цяжкасці, пакуты, мукі’. Прасл. *tǫga ‘душэўны цяжар, цяжкі настрой’ ад і.-е. *thonghā́ < і.-е. асновы *thengh‑ ‘цягнуць, цягнуць пад гору’, ‘быць цяжкім’ (Сной₂, 769). Паводле ESJSt, 974 — nomen actionis ад кораня *tęg‑ ‘цягнуць’, г. зн. ‘тое, што цягне’; раней — Мяркулава, Этимология–1981, 62. Сувязь з *tǫgъ ‘тугі, цвёрды, нацягнуты’ дапускае Якубовіч (Этимология-2000–2003, 190), гл. тугі. Магчыма, сюды ж серб. дыял. ту́го! — выклічнік для выражэння болю, страху (СДЗб, 52, 399; 57, 940). Вытворныя тужлі́вы ‘поўны тугі’, ‘які выклікае тугу’, тужлі́васць ‘туга, нуда, журба’, тужы́ць ‘сумаваць, нудзіцца, журыцца, гараваць’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Шат., ТС), а таксама выразы ту́жыкі есці ‘есці памінальны абед’ (Шат.), ту́жыкі спраўляць ‘тужыць’ (Бяльк.).

Тыц — выклічнік, выражае раптоўнае дзеянне, нечаканую з’яву, сустрэчу (Нас., Пятк. 2, Сержп. Прык., ТС; даўг., іўеў., астрав., шальч., Сл. ПЗБ; мсцісл., Нар. лекс.): а ім у варотах тыц — Дыдона («Энеіда навыварат»), тыц! стаў конь, наравіцца! (Ф. Багушэвіч), ‘дотык’: вады на тыц рукі; тры разы тыц рукой (леп., Нар. медыцына), тыц‑тыц ‘тык-мык, пык-мык’: тыц‑тыц, і няма чаго сказаць (астрав., Сл. ПЗБ), тыц‑мыц ‘тык, тыц’ (карэліц., Нар. словатв.). Параўн. укр. тиць — для выражэння нечаканай сустрэчы (ад дзеяслова ткнути), тыць‑миць ‘тык-мык’, рус. дыял. тыц — пра раптоўны рух, польск. tyc — водгалас утыкання (Вілен. сл.). Да ты́каць (гл.). Карэннае ‑ц узыходзіць да формы заг. ладу прасл. *tykati*tъci (ЕСУМ, 5, 577). Сюды ж тыцаті ‘шукаць’ (пін., Шатал.; Сл. Брэс.), тэ́цнутэ (ногою) ‘даць выспятка’ (драг, Ск. нар. мовы), ты́цяты ‘рабіць што-небудзь, пераходзячы з месца на месца’, а таксама ўскладненыя суфіксамі вытворныя ты́цкаць ‘тыкаць’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Нар. Гом., Др.-Падб.); ты́цканне ‘тыканне пальцам’ (Ласт.), ‘звяртанне ўвагі на што-небудзь зробленае дрэнна, як бы папікаючы’ (Нар. Гом.); ты́цкацца ‘лезці ў чужую справу’ (Шат.), ‘соваць, тыцкаць’ (Касп.); ты́цнуць ‘сунуць’ (Жд. 1, ТС; люб., ЖНС), ты́цнуцца ‘ўсунуцца, умяшацца’ (Юрч. СНЛ), тицʼнути ‘тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ты́цьнуты ‘ткнуць’ (Клім.). Талстой (ЛП, 17) параўноўвае апошняе слова з серб.-харв. ти́цаті ‘датыкацца’; Скок (3, 429) разглядае яго як вынік другаснай палаталізацыі з прасл. *tъk‑, гл. таксама Глухак, 618.

Тавары́ства ’сукупнасць людзей аднаго рамяства або звання’ (Нас.), ’група людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі’, ’блізкасць, заснаваная на такіх адносінах’, ’арганізацыя, у якую ўваходзяць раўнапраўныя ўдзельнікі’ (ТСБМ), ’асацыяцыя, суполка’ (Ласт., Некр. і Байк.), ’кампанія; людзі аднаго ўзросту’ (Сержп. Прымхі; узд., Жд. 1), тавары́ство ’аднагодкі, равеснікі’ (іўеў., чэрв., капыл., лях., пух., Сл. ПЗБ), ’дружбакі, сябры’ (ваўк., лях., пух., Сл. ПЗБ). Дапускаецца запазычанне з польск. towarzystwo з шырокім колам значэнняў, аднак, паводле Векслера (Гіст., 176), у выніку адзначанага ў XV-XVI стст. спрашчэння збегу зычных шляхам адпадзення пачатковага ш перад с: таварыш > таварыства, параўн. у Насовіча: тавары́шства (товари́шство) побач з тавары́ства (товари́ство) ’прыяцельства, сяброўства’, ’група людзей аднаго рамяства або звання’ (Нас.). Гл. наступнае слова.

Та́йны1 ’вядомы нямногім, загадкавы, таямнічы’ (ТСБМ, брасл., Сл. ПЗБ), ’скрытны (пра чалавека)’ (Ян.; люб., Жыв. НС), ’падпольны’ (Ласт.), ст.-бел. тайныи ’тайны’ (1457 г., КГС), сюды ж прыслоўе та́йна ’таемна, скрытна ад іншых’ (ТСБМ, Бяльк.), ’патаемна’ (Сл. ПЗБ), тайно ’тс’ (ТС). Укр. та́йный, рус. та́йный, стараж.-рус. таиныи ’тс’, польск. tajny, tajni, чэш., славац. tajný, серб.-харв. tȃjnī, старое славен. tajne ’тайны, схаваны’, ст.-слав. таинѣ ’таемна, скрыта’. Да прасл. *tajьnyjь, прыметнікавага дэрывата ад *tajьna, гл. тайна, таіць.

Та́йны2, та́йный ’танны’ (бяроз., ЛА, 3). Змена н > й у выніку дыялектнай дысіміляцыі падоўжанага санорнага. Аналагічны працэс з іншай субстытуцыяй зычных у тадны, гл.