Базары́нка, базары́нак ’падарунак, куплены на базары’ (Нас.), базары́нкі ’тс’ (Гарэц.). Укр. базари́нка, басаври́нок, басари́нок, басари́нка, басари́мок ’хабар, падарунак’, басару́нок ’сена або трава, якую даюць карове ў час даення’. Рус. дыял. баса́ри́нка ’праца для гаспадара за арэнду зямлі’. Запазычанне з польск. basarunek ’кампенсацыя’ (< с.-в.-ням. bezzerunge ’паляпшэнне, выпраўленне’; параўн. ням. Besserung). Карловіч, Wyr. obce, 37; Корбут, PF, 4, 402, 496; Брукнер, 17; Фасмер, 1, 130. Формы з ‑з‑ другасныя (па народнаэтымалагічнаму асэнсаванню ў сувязі з база́р).
База́рыць ’лаяць’ (Бір. Дзярж.). Параўн. рус. дыял. база́рить ’голасна размаўляць, крычаць, шумець, лаяцца’. Мабыць, вытворнае ад база́р 1 (першапачаткова ’лаяцца, крычаць, як на базары’). Наўрад ці ёсць сувязь з базла́ць, базы́каць, базі́каць (гл.), рус. база́нить, базла́нить ’шумець, крычаць’.
Базграні́на ’ўсялякая ўсячына, мешаніна’, лухта, бязглуздзіца’ (Нас.). Запазычанне з польск. bazgranina ’каракулі, мазня’ (bazgrać ’незразумела пісаць, пэцкаць паперу’; у польск. мове гэта наватвор з XVIII ст., паходжанне яго няяснае, гл. Брукнер, 18; Слаўскі, 1, 29; вельмі няпэўна Махэк₂, 49: пераробка слова skrabač).
Базі́каць ’гаварыць тое-сёе; плясці глупства, пустасловіць’ (Нас.), базы́каць ’гаварыць абы-што’ (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Параўн. рус. дыял. базли́ть, базла́нить, база́нить ’крычаць’, бази́кать, базю́кать ’плявузгаць, гаварыць і г. д.’, укр. базі́кати ’плявузгаць’, базувать ’гаварыць’, ба́зі ’гутарка, базіканне’. Версій вельмі многа (агляд гл. Фасмер, 1, 106, параўн. і Бернекер, 47), але найбольш верагоднае, відаць, гукапераймальнае паходжанне гэтых слоў, як і грэч. βάζω ’базікаю, гавару’ (аб грэч. слове. гл. Фрыск, 1, 206–208, таксама Покарны, 91–92). З базі́каць, магчыма, звязана і базла́ць ’моцна крычаць’ (гл.).
Базіліка ’расліна Acinos Moench. arvensis, душыца палявая’ (Кіс.). Параўн. рус. базилик Ocimum basilicum’, базилика ’Clinopodium’, укр. базилик ’Calamintha Clinopodium’, чэш. (ст.) bazylika ’Ocimum basilicum’ і г. д. Крыніцай гэтых назваў з’яўляецца лац. basilicum (< грэч. βασιλικόν ’каралеўскі’, гл. Махэк₂, 49). Параўн. яшчэ Мяркулава, Очерки, 138, 140.
Базла́ць ’моцна крычаць’ (Сцяшк. МГ). Параўн. рус. дыял. базла́ть ’ілгаць’, базли́ть, базла́нить, база́нить ’крычаць’, базло́ ’горла’. Слова няяснага паходжання. Агляд розных версій гл. Бернекер, 47; Фасмер, 1, 106. Магчыма, гукапераймальнага паходжання, як і грэч. βάζω ’гавару, базікаю’ (аб грэч. слове гл. Фрыск, 1, 206–208). Сюды ж можа адносіцца і базі́каць ’гаварыць’ (гл.).
Базу́манка, безу́менка (палес.) ’дошка таўшчынёй 50 мм’ (Лысенка Жыт.); бязу́мінка ’тонкая дошка, менш цалі’ (Бяльк.). Параўн. укр. бези́менка ’дошка таўшчынёй менш вяршка, але таўсцейшая за шалёўку’ (Грынч.), рус. безыме́нна, безымя́нка ’тс’, безымя́нники ’бярвенні, якія кладуцца замест фундамента’. Першапачаткова назва дошкі «без імя, без назвы» (параўн. яе вызначэнне: «менш…, але таўсцей…»), дошка без пэўнай назвы. Параўн. Даль.
Базу́рны (палес.; Маш., 281: «пра маладых хлопцаў і дзяўчат кажуць: базурные або потвурные»). Відавочна, тое ж самае, што і дзеясловы абазурыць, абазырыць і пад. (гл.).
Ба́іць ’гаварыць, пускаць чуткі; малоць глупства, пустасловіць; расказваць казкі’ (Нас., Бяльк.), ба́яць (Шат., Касп.). Рус. ба́ить, ба́ять, укр. ба́яти ’апавядаць; вядзьмарыць’, польск. bajać, чэш. bájiti ’гаварыць’, балг. ба́я ’вядзьмару’, серб.-харв. ба̏јати ’тс’ і г. д. Прасл. bajati bajǫ да і.-е. *bhä‑ (: *bhō‑) ’гаварыць’: ст.-грэч. φημί, φᾱμί ’гавару’ φήμη, φᾱ́μα ’голас, чуткі’, φωνή голас’, лац. fāri ’казаць’, fāma ’слава, чуткі, апавяданне і г. д.’ Бернекер, 39; Фасмер, 1, 140; Кюнэ (Poln., 42) лічыць паланізмам (польск. bajanie) і аддзеяслоўнае ба́енне (Касп., Нас.). Няпэўна.
Бай ’багацей’. Рус., укр. бай. Запазычанне з цюрк. моў (bai ’багаты’). Гл. Фасмер, 1, 106. Шанскі (1, Б, 11) лічыць, што крыніцай запазычання была татарская мова. Параўн. яшчэ Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 18.