Стабу́рчыць ‘выгібаць, выкрыўляць, выстаўляць’ (Ласт.), ‘паказваць на цяжарнасць’: uže nasza pani staburczyć (Арх. Федар.), стабу́рчыцца ‘выстаўляцца’, стабу́рыцца ‘тапырыцца’ (Ласт.). Ведаць, вытворныя ад назоўніка, што ўзыходзіць да прасл. *stoborъ ‘слуп, пень’, параўн. стабу́р ‘тумба, падстаўка’ (Ласт.), серб.-харв. сто̏бор, сто̀бор ‘агароджа; двор, вуліца’, балг. стобо́р ‘плот’, ст.-слав. стоборъ ‘слуп’, або *stъb(ъ)rъ, параўн. ст.-польск. steber, славен. stebȅr ‘слуп’, серб.-харв. ста̀бар, харв. дыял. stabȁr ‘сцябло’, ст.-слав. стъбръ ‘тс’, якім адпавядаюць літ. stãbaras ‘сухая галіна’, stùburas ‘пень’, лат. stuburs ‘пень, слуп’, а таксама ст.-дац. stafœr, швед. дыял. staver ‘кол’, што ўзыходзяць да і.-е. *steb(h)‑ ‘слуп, апора, аснова, бервяно’, а таксама ‘падперці, абаперці; стаць нерухомым’, працягам якога з’яўляецца ст.-інд. stabhnā́ti ‘падтрымлівае, падпірае’ (Скок, 3, 323, 336; Глухак, 579; Сной₂, 696).
Прыла́знік ’памяшканне ў лазні, дзе распранаюцца і апранаюцца’ (ТСБМ, Нік. Очерки, П. С., Ласт., Касп., Інстр. 1, Янк. 1). Прыставачна-суфіксальнае да ла́зня (гл.). Параўн. смал. прила́зник ’тс’.
Смята́нка памянш. ‘смятана’, ‘верхні густы і тоўсты слой малака, вяршкі’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Да смятана (гл.); у другім значэнні паланізм, параўн. польск. śmietanka ‘вяршкі’.
Спабо́рнік ‘сапернік, канкурэнт, прэтэндэнт’ (ТСБМ, Ласт.). Аўтарства слова прыпісваецца Ластоўскаму, гл. Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1160. Відаць ад спаборніцтва ‘саперніцтва, змаганне, барацьба’, што з’яўляецца калькай рус. соревнование ‘тс’.
Спаро́міць ‘падганяць, прыскорваць’, спаро́міцца ‘спяшацца’, ‘паспяваць, упраўляцца’ (Нас.), ‘назапашваць, збіраць; запасіць’, спо́рам ‘назапашванне’ (Ласт.). Відаць, да спор 1, у аснове дзеепрыметнік на ‑ом ад спары́ць ‘памнажаць, прыбываць’ (Нас.).
Ступня́ ‘плюсна, частка нагі ад шчыкалаткі ўніз’, ‘ніжняя паверхня ступака, падэшва’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), ‘ступак’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Бяльк., ЛА, 3). Дэрыват ад ступіць, гл. ступень.
Супыні́ць ’спыніць, затрымаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), супыні́цца ’спыніцца, затрымацца’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. зупинити ’затрымаць, спыніць’, балг. дыял. супѝнъм ’затрымаць; стрыножыць’ і інш. Гл. спыніць, пыніць.
Сшы́так ’злучаныя лісты паперы ў вокладцы’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сшыто́к ’тс’ (Гарэц., Ласт.). Ад сшыць ’злучыць, аб’яднаць’, гл. шыць. Наватвор па ўзору польск. zeszyt, укр. зо́шит ’тс’.
Та́лы ’які злёгку падтаў, зрабіўся цёмным ад раставання снегу або лёду’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), та́лый ’тс’ (Бяльк.). Т. зв. “элавы” дзеепрыметнік ад таць, гл. таксама таяць.
Ту́склы ‘цьмяны, без бляску’ (Ласт.), ‘бледны’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́склий ‘цьмяны, мутны; смутны’, рус. ту́склый ‘цьмяны, змрочны; непрыкметны; падслепаваты’. Т. зв. элавая форма да дзеясловаў тускнуць, тускнець (гл.).