Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Маркоўка ’дуброўка гусіная, Potentilla anserina L.’ (паўн.-усх., Кіс.). Беларускае. Да морква (гл.).

Маркоўнік1 ’расліна, падобная да морквы, Anthriscus silvestris Hoffm.’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Растарг., ТС; маг., Кіс.; в.-дзв., брасл., чэрв., Сл. ПЗБ), рус. варон., укр. морковник ’тс’; морко́внік ’бядрынец каменяломкавы, Pimpinella saxifraga L.’ (стол., петрык.; Бейл.), рус. уладз. морковь ’тс’; ’чубатка пустая, Corydalis cava (L.) Schweigg.’ (стол., Бейл.), рус. табол. морковки ’Corydalis caphoides L.’, маркоўнік ’астранцыя вялікая, Astrantia major L.’ (стол., Бейл.). Да маркоўны < морква (гл.). Стол. морковнік ’сон лугавы, Pulsatilla pratensis Mill.’ (Бейл.) паходзіць з ⁺маркотны ’сонны, маркотны, пахілены’; параўн. чэш. poniclec < прасл. poniknǫti ’схіліцца’.

Маркоўнік2 ’сасновы абалоністы лес’ (слаўг., Яшк.). Магчыма, роднасным да яго будзе рус. новасіб. морковник ’дрэва з тонкім ствалом і вялікім, тоўстым камлём’. Да морква (гл.). Семантычны перанос паводле падабенства.

*Маркоўняк, драг. морковняк ’дзікая пятрушка балотная, Peucedanum palustre (L.) Moench.’, ’сярпок звычайны, Falcaria vulgaris Bernh’ (Нар. лекс.). Да маркоўны < морква (гл.).

Марлог ’логава звера’ (барыс., Шатал.), зах.-рус., валаг., уладз. мерлог ’тс’ і інш. Да мярло1 і барлог (гл.).

Ма́рля ’тонкая баваўняная тканіна з рэдка пераплётных нітак’ (ТСБМ). З рус. ма́рля ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 73), якое з франц. marli ’марля, кісяя’ (Фасмер, 2, 574).

Мармела́д ’кандытарскі выраб з фруктова-ягаднага пюрэ з цукрам і патакай’ (ТСБМ). З рус. мармелад ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 80). Форма ж мармуля́да ’тс’ (Жд. 1; драг., КЭС) паходзіць з польск. мовы, параўн. лэнчыцк. marmulada ’тс’. Абедзве з франц. marmelade < партуг. marmelada ’тс’ < marmelo ’айва’ — скажонае лац. melimēlum, melimēlon < ст.-грэч. μελίμηλον ’мядовы яблык, айва’.

Мармі́ска ’кулеш’ (гродз., Сл. ПЗБ). Няясна. Магчыма, балтызм. Параўн. marmė́ti ’клякатаць’, ’кіпець’, ’пускаць пухіры’.

Мармоль ’нелюдзімы, негаваркі чалавек’ (ТСБМ), польск. сувальск. mormol ’мармыль, маўклівы’. Балтызм. Параўн. літ. marmãlius ’той, хто хутка і няясна, неразборліва гаворыць’. Параўн. таксама рус. калін. морму́лить ’ворчать’. Гл. таксама мармыль.

Марму́за1 морму́за ’хара, морда’ (Нікан.), ’галава’, ’морда’ (ТС); шальч., трак., іўеў. ’маўклівы, негаваркі’, дзятл. ’бурклівы’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), укр. ровен. ’свінячае рыла’ (ЛАПП), мармузова́ты ’тоўсты, неўваротны’ (ТС). Балтызм. Параўн. літ. marmū̃zė ’морда, рыла’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 3, 34).

Марму́за2 ’запэцканы’ (раг., Сл. ПЗБ). Балтызм. Параўн. літ. marmùzas ’брудны, запэцканы сажай’.

Марму́за3 ’рэдкая нясмачная страва’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Няясна. Гл. мармі́ска.

*Марму́каць ’мармытаць’ (ТС). Балтызм. Параўн. літ. marmùklis ’мармытун’.