Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сцэ́на ’падмосткі для прадстаўлення’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ’відовішча’ (Гарэц. 1). Ст.-бел. сцена ’тс’ (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. scena ’тс’, якое, у сваю чаргу, з лац. scaena ад грэч. σχηνή ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 166).

Сінаго́га ‘яўрэйскі малельны дом’ (ТСБМ), сынаго́га ‘тс’ (Ласт.), ‘важная асоба’ (Байк. і Некр.). Ст.-бел. синагога (синакгогия, сынакгокга, пал. XVIII ст.) з ст.-польск. synagoga, якое з XV ст. праз лац. synagóga ад грэч. συναγωγή (Булыка, Лекс. запазыч., 181).

Студэ́нт ‘навучэнец вышэйшай навучальнай установы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; ашм., Стан.), ‘вучань, навучэнец’ (Нас.). Ужо ст.-бел. студэнтъ (1597 г.) з ст.-польск. student (Булыка, Лекс. запазыч., 159), якое з лац. studēns, ‑ntis ‘той, які стараецца’; гл. Фасмер, 3, 787.

Супрацо́ўнік ’той, хто працуе разам у якой-небудзь установе, служачы’ (ТСБМ, Ласт.), вытворныя супрацо́ўніцтва, супрацо́ўнічаць (там жа). З су- і кораня прац‑ (гл. праца); калька рус. сотру́дник, сотру́днтать і г. д. Параўн. сучаснае (адваротны дэрыват?) супра́ца ’супрацоўніцтва’ (Беларусіка, 19, 226).

Сухашча́вы ’сухарлявы, хударлявы’ (Некр. і Байк., Ласт., Бяльк.). Параўн. укр. дыял. сухоща́вий ’тс’, рус. сухоща́вый ’тс’. Ад сухасць, рус. дыял. сухощь (Фасмер, 3, 814); меркаванні пра магчымае паходжанне ад *съчав‑, параўн. чэш. šťáva ’сок’, гл. Трубачоў, дополн. у Фасмер, 4, 283.

Сяўбі́т ’сейбіт; сявец’ (Ласт., Касп., Барад., Нік. Очерки, Сержп. Прымхі, Стан., Мат. Гом.), сяўбі́т, се́ўбіт ’тс’ (Мат. Маг.). Вытворныя ад сяўба з непрадуктыўным суф. ‑іт (Сцяцко, Афікс. наз., 44), параўн. сейбіт, гл. З іншай суфіксацыяй сяўба́к, сяўбе́ц, сяўбі́к ’тс’ (Мат. Гом.).

Сігна́л ‘умоўны знак’ (ТСБМ), сыгна́л ‘тс’ (Ласт., Некр. і Байк.). Новае запазычанне з рус. сігнал ‘тс’ ці польск. sygnał, што праз франц. signal або ням. Signal з сяр.-лац. signāle (< лац. signum ‘знак, сігнал’), гл. Фасмер, 3, 618; Брукнер, 528.

Скацё зборн. ‘каровы’ (мядз., Сл. ПЗБ). Ад скот, скаціна (гл.) з суф. зборнасці ‑jo, аднак на Лагойшчыне гэтая форма была ўспрынята як назоўнік н. р. skació ‘адна штука статка’, пры skaciaty ‘статак’ (Варл.). Параўн. таксама аднаўленне значэння зборнасці ў скаце́ж, скаце́жка ‘тс’ (Ласт.).

Смыле́ць ‘балець, пячы, гарэць’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Юрч. Сін.), ‘прыпальвацца’ (Нас., Касп.), ‘абсмальвацца (пра валасы, шэрсць)’ (Нас., Касп.; ашм., Стан.), сюды ж, відаць, смыле́ць ‘бегчы, ляцець’ (ТС), смыля́ць ‘кідаць, шпурляць; біць, лупцаваць’ (Юрч.), смыль ‘пах гарэлага’ (Нас.). Звязана чаргаваннем з смаліць (гл.).

Сухажы́лле ’злучэнне мышцаў з касцямі’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сухажы́льля ’тс’ (Ласт.). Да сухі і жыла (гл.), параўн. польск. sucha żyła, старое suchożyła ’нерв’, ’сухажылле’, в.-луж. sucha żił(k)a ’сухажылле’, у якасці анатамічнага тэрміна, магчыма, запазычана з рус. сухожи́лие ’тс’.