Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СА,
цыклічны вак. ці вак.-інстр. твор на кананічны лац.тэкст. Выконваецца ў час імшы — цэнтр. абраду сутачнага цыкла богаслужэння каталіцкай царквы, аналагічнага правасл.літургіі. М. складаецца з ардынарыя (раздзелы, тэкст якіх павінен гучаць штодзённа) і пропрыя (раздзелы, тэкст якіх мяняецца ў залежнасці ад пэўнага свята ці рытуалу). Ардынарый уключае 5 частак: Kyrie eleison (Госпадзі, памілуй), Gloria (Слава ў вышніх богу), Credo (Верую), Sanctus (Свят) і Benedictus (Блаславён), Agnus Dei (Ягня божае). Тэкст М. звычайна спяваюць, некат. раздзелы выконваюць рэчытацыяй. Асн. разнавіднасці М. — рэквіем, кароткая М. (missa brevis, уключае Kyrie і Gloria) і «харальная». Інтанацыйная аснова М. — грыгарыянскі харал.
Яе раннія ўзоры аднагалосыя і ананімныя. Прыкладна з 14 ст. паявіліся аўтарскія хар. шматгалосыя творы (4-галосая Г. дэ Машо, 1364). У 15—17 ст. пераважалі хар. М. без суправаджэння Г.Дзюфаі, І.Окегема, Я.Обрэхта, Жаскена Дэпрэ, А.Ласа, Дж.Палестрыны, Дж.Габрыэлі, К.Мантэвердзі. У 18—19 ст. М. ўключае сольныя, хар. і аркестравыя нумары (сярод узораў — «Высокая меса» І.С.Баха, «Урачыстая меса» Л.Бетховена, М. c-moll В.А.Моцарта). Уплыў эстэтыкі рамантызму відавочны ў месах Ф.Шуберта, Ф.Ліста, А.Брукнера. У 20 ст. М. пісалі Л.Яначак, І.Стравінскі, Ф.Пуленк, А.Месіян і інш.
На Беларусі захаваліся шматлікія нотныя рукапісы з творамі ў жанры М., большасць якіх ананімныя або падпісаны імем перапісчыка ці ўласніка рукапісу (Міхалевіча з Полацка, М.Кніфкі з Гродна, Нікалаеўскага са Слоніма, рукапісы з Нясвіжа і інш., усе 18 ст.). Сярод аўтараў М. 18 ст. Шымкевіч, В.Данькоўскі, полацкі езуіт Лаўрыновіч (верагодна), у 19 ст. — Баброўскі, Ф.Міладоўскі, С.Манюшка, І.Глінскі, К.Горскі, Ю.Дашчынскі і інш. У сучаснай бел. музыцы да жанру М. звяртаюцца Л.Шлег (рэквіем «Помніце!», 1980), В.Капыцько («Меса ў гонар Св. Францыска Асізскага», 1993, і інш.), А.Літвіноўскі («Грыгарыянская меса», 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙТМАТЫ́Ў (ням. Leitmotiv літар. вядучы матыў),
1)у літаратуры — асноўная думка, сюжэтна-тэматычны кірунак, ідэйна-эмацыянальны тон, стылявая дамінанта творчасці пісьменніка ці асобнага твора. Напр., рамант. ўзвышэнне свабодалюбівых імкненняў — Л. дакастр. творчасці Я.Купалы; сцвярджэнне хараства духоўнасці — Л. паэзіі М.Багдановіча. Л. можа быць характэрны для асобнага стылю ці кірунку. Напр., разрыў паміж ідэалам і рэчаіснасцю — філасофскі Л. л-ры рамантызму. Канкрэтна праяўляецца Л. у сюжэце, дэталі, што паўтараецца і вар’іруецца ў творчасці (творы) пісьменніка і набывае такім чынам вял. кантэкст, напаўняецца глыбокім зместам. Напр., у паэзіі А.Куляшова такімі дэталямі з’яўляюцца вобразы Бесядзі і першага кахання лірычнага героя — Алесі, якія нясуць думку пра памяць, вернасць дарагому ў жыцці. У паэзіі акрамя малюнкавых адзначаюць Л. гукавыя, інтанацыйна-рытмічныя.
2) У музыцы — адносна кароткая муз. пабудова, якая неаднойчы паўтараецца на працягу твора; служыць абазначэннем і характарыстыкай пэўнага персанажа, прадмета, з’явы, эмоцыі і інш. У якасці Л. могуць выступаць тэма (лейттэма), гарманічны зварот ці асобная гармонія (лейтгармонія), інстр. тэмбр (лейттэмбр).
Найчасцей выкарыстоўваецца ў муз.-тэатр. жанрах, з 19 ст. і ў сімф.праграмнай музыцы Як муз.-драматургічны прыём фарміраваўся ў канцы 18 ст. ў позніх операх В.А.Моцарта, у кампазітараў франц. школы (А.Грэтры, Э.Меполя, Л.Керубіні). Найб. ролю адыгрываў у операх 19—20 ст. (Р.Вагнер, Дж.Вердзі, Ш.Гуно, Ж.Бізэ, Ж.Маснэ, М.Мусаргскі, П.Чайкоўскі, М.Рымскі-Корсакаў, Р.Штраус, К.Дэбюсі, А.Берг, Л.Яначак, Дз.Шастаковіч, С.Пракоф’еў, А.Пятроў, Р.Шчадрын і інш.). Л. у сімф. творах выкарыстоўвалі Штраус, А.Скрабін і інш.
У муз.-драм. творах бел. кампазітараў Л. выкарыстаны ў операх М.Аладава, А.Багатырова, А.Бандарэнкі, Г.Вагнера, В.Войціка, С.Картэса, Дз.Лукаса, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, У.Солтана, Я.Цікоцкага, балетах Вагнера, Я.Глебава, В.Залатарова, У.Кандрусевіча, М.Крошнера, А.Мдывані, аперэтах Семянякі, Р.Суруса і інш.
Літ.:
Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;
Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пе́кны ’прыгожы, добры, слухмяны’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Яруш., Сцяшк. Сл.; докш., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ; Нар. Гом.; мядз., Нар. словатв.), сюды ж пекната́ ’прыгажосць’ (ТСБМ), ст.-бел.пенкный, пекный, пиенкный ’прыгожы’ (XVI ст.) і інш. словы гэтага ж кораня. З польск.piękny і piekny ’тс’ (па-беларуску павінна быць *пякны, гл. Станкевіч, Зб. тв., 1, 35), якія разам з чэш.pěkný, славац.pekný, луж.pěkny, а таксама ст.-польск.piękry (насавое e ў польскіх лексемах — другаснае) узыходзяць (паводле Махэка₂, 442) да прасл.*pěkrъ < і.-е.*poi̯k‑ro‑s, параўн. лац.pulcher (< *polcros < *poikros). Яначак (“Sborník” пед. ін-та ў Оламаўцы, 5 (1959), 7), звязвае гэтае слова з літ.bingùs ’прыгожы’, ’выкармлены’, ’прыкметы’, ’прадстаўнічы’, лац.pingius ’тлусты’, тады прасл. аснова будзе *pęk‑. Трубачоў (Этимология–1968, 31) выводзіць больш старажытную форму *pekn‑ і *pekr‑ъ, параўн. гоцк.fagrs, англ.fair ’цудоўны’, з дагерманскага *pokrós; мена пашыральнікаў асновы r/n адбылася яшчэ ў даславянскую эпоху.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
НЕАРАМАНТЫ́ЗМ (ад неа... + рамантызм),
умоўная назва шэрагу эстэт. тэндэнцый у л-ры і мастацтве еўрап. краін канца 19 — пач. 20 ст. У самаст. кірунак не аформіўся. Узнік як рэакцыя на прозу тагачаснага жыцця, песімізм і бязвер’е дэкадэнцтва, пазітывізм у філасофіі, натуралізм у мастацтве. У тэматычным і маст.-стылявым планах генетычна ўзыходзіць да рамантызму. Яго ідэалаг. аснова — абстрактны гуманізм. Характэрныя рысы Н. — непрыняцце рэчаіснасці, вастрыня этычнай праблематыкі, напружанасць фабульных сітуацый, максімалізм, рамантызацыя пачуцця, прыярытэт экспрэсіўнага над апісальным, зварот да таямнічых ці звышнатуральных падзей, фантастыка, гратэск, экзотыка, усхваленне і ўзвелічэнне подзвігаў, героікі і прыгод. Тыповы неарамант. герой — мужны ці незвычайны чалавек, адзінокі, часам проціпастаўлены грамадству; яго жыццё звязана з рызыкай і прыгодамі, свае дзеянні ён падпарадкоўвае альтруістычным ідэалам. Найб. росквіту Н. дасягнуў у 1890-я г.
У літаратуры Н. суіснаваў з рэаліст. і дэкаданснымі, неарэаліст. тэндэнцыямі. Найб. выразна яго рысы выявіліся ў творчасці Р.Кіплінга, Р.Л.Стывенсана, Э.Растана, Дж.Конрада, К.Дойла, Э.Л.Войніч, Дж.Лондана, К.Гамсуна, Г.Ібсена, Ф.Гарсія Лоркі, групы пісьменнікаў «Маладая Польшча» і інш. У рус. л-ры неарамант. тэндэнцыі ўвасобіліся ў паэзіі К.Бальмонта, З.Гіпіус, С.Гарадзецкага, у прозе Л.Андрэева, А.Рэмізава, Дз.Меражкоўскага. У бел. л-ры праявіўся ў творах Я.Купалы (паэмы «Сон на кургане», «На куццю»), Я.Коласа (паэма «Сымон-музыка»), М.Багдановіча, «нашаніўскай» паэзіі і прозе, пазней — у творах У.Караткевіча і інш.
У музыцы Н. — паняцце, якое. абазначае позні рамантызм (творчасць Ф.Ліста, Р.Вагнера). Да неарамантыкаў умоўна далучаюць І.Брамса, А.Брукнера, Г.Вольфа, Г.Малера, Р.Штрауса, а таксама кампазітараў, якія працягвалі некаторыя традыцыі рамант. музыкі ў пач. 20 ст. (М.Рэгер, Л.Яначак, Р.Воан-Уільямс). У 2-й пал. 20 ст. многія кампазітары звярталіся да стылістыкі рамантызму. Н. 1970—90-х г. звязаны з пратэстам супраць «другога авангарда», патрабаваннем адкрытай выразнасці і вяртаннем да «новай прастаты». У бел. музыцы рысы Н. характэрны для твораў Л.Абеліёвіча, Г.Гарэлавай, Я.Глебава, У.Дарохіна, А.Залётнева, У.Кандрусевіча, В.Помазава, Ф.Пыталева, Дз.Смольскага, У.Солтана, А.Соніна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кі́снуць1 ’кіснуць’ (ТСБМ). Укр.киснути, рус.киснуть ’тс’, балг.кисна ’мокнуць, кіснуць’, серб.-харв.ки̏снути ’тс’, славен.kísniti ’кіснуць’, польск.kisnąć, чэш.kysnouti, славац.kysnuť, в.-луж.kisnyć, н.-луж.kisnyś ’тс’. Узводзіцца да прасл.*kysti, kysnǫti ’мокнуць’. Бліжэйшай паралеллю лічыцца лат.kûsât ’кіпець’ (фармальна адэкватна прасл.kysati, параўн. рас‑кісаць). Нягледзячы на блізкасць славянскага і латышскага дзеясловаў, застаюцца сумненні наконт іх генетычнай тоеснасці. Тым больш што лексіка іншых балтыйскіх моў не адпавядае гэтай пары ні фармальна, ні семантычна. Няма таксама надзейных адпаведнікаў за межамі балта-славянскай моўнай глебы (Бернекер, 1, 678–679; Траўтман, 147). Згодна з іншай версіяй, прасл.kysti, kysati звязваюцца з літ.kaužóti, gaužóti ’кіснуць’ (Яначак, LF, 59, 419; Шпэхт, KZ, 55, 9; Махэк, Recherches, 83–86). Гэта этымалогія адпавядае канцэпцыі аб прыярытэце семантычнай адэкватнасці над фармальнымі адпаведнасцямі. Дублетнасць па звонкасці — глухасці зычных назіраецца ў самім балтыйскім матэрыяле. Адносіны галосных адпавядаюць розным ступеням якаснага і колькаснага аблаўта. Да таго ж першая версія не выключае семантычна і фармальна другой. Параўн. лат.kûsât ’кіпець, бурліць, уздымацца’ і літ.kiaužóti ’ўздымацца, выгінацца’, kaužóti ’падымацца пры браджэнні’. Больш шырокі дыяпазон адпаведнасцей прымае Тапароў (K–L, 357–360), які, у прыватнасці, уключае ў адну групу генетычных паралелей лат.kûsât і літ.kùšti ’рухацца, шавяліцца, кішэць’. Калі не ісці далей па шляху семантычнага расшырэння гэтай групы паралелей, мы павінны будзем суаднесці прасл.kysti, kysnǫti ’кіснуць’ і прасл.kyšěti ’кішэць’ (гл. кішэць). Фармальна яны суадносяцца на аснове рэфлексацыі і.-е.k̑ як славянскага s або x (Мартынаў, Слав. акком., 109–129). Семантычна яны звязваюцца паняццем ’браджэнне’: ’бязладны, хаатычны рух’ > ’браджэнне’. Параўн. рус.бродить ’бадзяцца, блукаць’ і бродить ’брадзіць’.
Кі́снуць2 ’без упынку смяяцца’ (КЭС, лаг., Жд. 3), кіснуць са смеху ’нястрымна прыцішана смяяцца’ (ТСБМ, Юрч. Фраз. 2). Семантычна да першаснага значэння кіснуць1 ’мокнуць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
МУ́ЗЫКА (ад грэч. musikē літар. мастацтва муз),
від мастацтва, у якім маст. вобразы ўвасабляюцца лагічна абумоўленай паслядоўнасцю гукаў і іх спалучэнняў. Падпарадкаваныя вышынным і часавым суадносінам, яны ўтвараюць гукавыя сістэмы, што грунтуюцца на законах акустыкі і фізіялогіі слыху. Сродкі муз. выразнасці: інтанацыя, лад, гармонія, рытм, метр, тэмп, тэмбр, інструментоўка, артыкуляцыя, дынаміка, агогіка і інш. Разгортванне М. ў часе — дыялектычны працэс, у якім узнікаюць пачатковыя муз. пабудовы (матыў, фраза, сказ, перыяд і інш.) і больш складаныя структуры (гл.Форма музычная). Будова кожнага муз. твора спалучае тыповае і індывідуальна-своеасаблівае. М. можа разгортвацца ў адна- (манодыя) і шматгалосым (поліфанія, гамафонія) гучанні, выкладзеным у адпаведнай фактуры. Ва ўвасабленні маст. вобразаў магчымы спалучэнні М. з паэзіяй (вак. музыка, меладэкламацыя) і інш. відамі мастацтва (опера, балет, аперэта, кіно, драм.т-р, тэлебачанне і інш.). Паводле характару драматургіі і прызначэння адрозніваюць М. оперную, сімф., камерную, харавую, ваенна-духавую і інш.; больш дробныя іх жанравыя разнавіднасці: у оперы — seria, buffa, муз. драма, у сімф. М. — сімфонія, сюіта, уверцюра, паэма; у камернай — саната, раманс і інш. Як від мастацтва М. ўключае 2 творчыя акты, што знаходзяцца ў непарыўнай сувязі: кампазіцыю (стварэнне) і выкананне. Паводле спосабу выканання М. падзяляюць на інстр. і вакальную; для аднаго выканаўцы (сола), некалькіх (ансамбль), пэўнага складу інструментаў (аркестр) або галасоў (хор). Тэкст муз. твора, указанні выканаўцам і інш. фіксуюцца нотным запісам (гл.Нотнае пісьмо, Ноты). Сукупнасцю заканамернасцей вобразна-эмацыянальнага зместу і маст. сродкаў вызначаецца муз.стыль. Кожны муз. стыль (класіцызм, рамантызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм і інш.) — з’ява грамадска-гістарычная. Паняцце «стыль» выкарыстоўваюць і ў дачыненні да пэўнай нац. М. (італьянскі, рускі), да творчасці асобнага кампазітара. Вывучае М. музыказнаўства.
У першабытным грамадстве М. мела дапаможнае значэнне, была неад’емнай ад прац. працэсаў і магічных дзействаў, сінкрэтычна звязаная з паэзіяй і танцам. Паступова, у непарыўнай сувязі з эвалюцыяй форм працы і побыту вылучалася як асобны від мастацтва. Краіны стараж. цывілізацый (Егіпет, Грэцыя, Рым, Кітай, Індыя) мелі развітое муз. мастацтва, у т. л. прафесійнае. У сярэдневяковай Еўропе інтэнсіўна развівалася песенная, інстр.быт. і прафесійная М. Напачатку цэнтрамі прафес. М. былі саборы і манастыры. У краінах Усходу актывізавалася прыдворнае і быт. музіцыраванне. Паваротны этап у станаўленні еўрап. М. — эпоха Адраджэння, калі расквітнелі жанры месы, матэта, мадрыгала, рэквіема, напісаныя ў традыцыях поліфаніі «строгага стылю», зарадзіліся многія жанры М., у т. л. опера, араторыя, кантата, пачала складвацца сістэма прафес.музычнай адукацыі, удасканальвалася нотнае пісьмо. У 1-й пал. 18 ст. дасягнула кульмінацыі мастацтва поліфаніі (І.С.Бах). У 18 ст. сфарміраваліся асновы класічнай гармоніі, оперныя і інстр. формы, у т. л. сімфонія, канцэрт, саната, выпрацаваўся класічны склад аркестра, зарадзіліся нац.муз. школы. Уздым муз. творчасці звязаны з антыфеадальным дэмакр. рухам (Бах, Г.Ф.Гендэль, К.В.Глюк, І.Гайдн, В.А.Моцарт), з франц. рэвалюцыяй 1794, ідэі якой яскрава ўвасоблены ў творчасці Л.Бетховена. Класіцызм, рамантызм, інш. стылявыя плыні, а таксама нац. школы, што складваліся на аснове нац.муз. традыцый, узбагачалі сусв.муз. культуру. Найб. значныя дасягненні нац. школ у 19 ст. звязаны з творчасцю Ф.Шуберта (Аўстрыя), К.М.Вебера, Р.Шумана, І.Брамса, Р.Вагнера (Германія), Г.Берліёза, Ж.Бізэ (Францыя), Дж.Расіні, Дж.Вердзі (Італія), Ф.Шапэна, С.Манюшкі (Польшча), Ф.Ліста, Ф.Эркеля (Венгрыя), Э.Грыга (Нарвегія), А.Дворжака, Б.Сметаны (Чэхія). Вял. роля ў развіцці М. належыць рус.нац. школе, станаўленне і росквіт якой прыпадае на 19 ст. (М.Глінка, А.Даргамыжскі, М.Балакіраў, А.Барадзін, М.Мусаргскі, М.Рымскі-Корсакаў, П.Чайкоўскі, С.Танееў, А.Глазуноў і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў зах.-еўрап. М. сфарміраваліся новыя тэндэнцыі, у выніку якіх адбылася дыферэнцыяцыя аўтарскіх стыляў, у т. л.імпрэсіянізм (К.Дэбюсі, М.Равель), верызм (П.Масканьі, Р.Леанкавала), неарамантызм (Г.Малер, Р.Штраус) і інш. Значнае месца ў гэтым рэчышчы займае творчасць рус. кампазітараў А.Скрабіна, І.Стравінскага. Глыбокія змены адбыліся ў гукавышынных сістэмах (Б.Бартак, А.Анегер, Ф.Пуленк, К.Орф, К.Шыманоўскі, Л.Яначак, Б.Марціну, Б.Брытэн, А.Шонберг, А.Веберн, Ч.Айвз, А.Месіян і інш.), што абумовіла існаванне разнастайных стылявых плыняў у М. 20 ст. Традыцыі рус. кампазітарскай школы развівалі Глазуноў, С.Рахманінаў, М.Метнер, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч, М.Мяскоўскі, Г.Свірыдаў, Р.Гліэр, А.Хачатуран, Ц.Хрэннікаў і інш. Значнае месца ў сусв.муз. мастацтве займае творчасць Р.Шчадрына, Э.Арцем’ева, С.Сланімскага, Э.Дзянісава, А.Шнітке, С.Губайдулінай. Пра гісторыю развіцця нац. М. гл. раздзелы Музыка ў арт. пра дзяржавы, напр., пра бел. М. ў арт.Беларусь.
Літ.:
Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982—83;
Яе ж. Из истории музыки и музыкознания за рубежом. М., 1981;
Грубер Р.И. История музыкальной культуры. Т. 1—2. М.; Л., 1941—59;
История русской музыки: В 10 т. Т. 1—6. М., 1983—89;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПЕРА (італьян. opera літар. твор ад лац. opera праца, выраб, твор),
род музычна-драм. твора, прызначанага для сцэн. выканання. Тэкст О. поўнасцю або часткова спяваецца звычайна ў суправаджэнні аркестра. Спалучае ў адзіным тэатр. дзеянні вак. (сола, ансамбль, хор) і інстр. (сімф. музыку, драматургію, выяўл. мастацтва (дэкарацыі, касцюмы, сцэнаграфія), нярэдка харэаграфію і інш. У адпаведнасці з ідэяй твора, характарам сюжэта і лібрэта ў О. ўвасабляюцца розныя формы музыкі — нумары сольных спеваў (арыя, арыёза, песня, маналог), рэчытатывы, ансамблі (дуэты, тэрцэты, квартэты) з вял. фіналамі, часта з хорам, хар. сцэны, танцы, аркестравыя нумары (уверцюра, антракты, інтэрмедыі і інш.). У некат. О., пераважна камедыйных, замест рэчытатыву выкарыстоўваюць размоўны дыялог, часам меладраму. Важнейшы элемент О. — спевы, якія перадаюць багатую гаму чалавечых пачуццяў і перажыванняў у найтанчэйшых адценнях. Выразную сэнсавую і важную кампазіцыйную функцыю выконвае лейтматыў. Строй вак. інтанацый раскрывае індывід.псіхал. стан кожнай дзейнай асобы, перадае асаблівасці яе характару і тэмпераменту. З сутыкнення розных інтанац. комплексаў, адносіны паміж якімі адпавядаюць расстаноўцы сіл драм. дзеяння, нараджаецца «інтанацыйная драматургія» О. як муз.-драм. цэлага (гл.Драматургія музычная). Для абмалёўкі фону дзеяння, стварэння нац. і мясц. каларыту, характарыстыкі дзейных асоб у О. служаць розныя жанры бытавой музыкі — песня, танец, марш. Шырока выкарыстоўваюць у О. прыём «абагульнення праз жанр», калі песня і танец становяцца сродкам рэаліст. тыпізацыі вобраза, выяўлення агульнага ў асобным і індывідуальным. Аркестр сумяшчае розныя планы: падтрымлівае вак. партыі і акцэнтуе найб. важныя моманты дзеяння, стварае кантрапункты да таго, што адбываецца на сцэне. Самаст.арк. нумары ўводзяць слухачоў у эмац. атмасферу твора, раскрываюць у агульным выглядзе асн. драматургічны канфлікт, падсумоўваюць папярэдняе развіццё або адыгрываюць карцінна-выяўл. ролю. Хор стварае бытавы фон дзеяння, выступае своеасаблівым каментатарам падзей ці ўвасабляе калект. вобраз народа. Суадносіны розных элементаў О. як адзінага маст. цэлага вар’іруюцца ў залежнасці ад агульных эстэт. тэндэнцый эпохі, маст. кірунку, канкрэтных творчых задач кампазітара. Існуюць О. з перавагай вакалу, дзе аркестру адведзена ўскосная, падпарадкаваная роля. Ён жа можа выступаць гал. носьбітам драм. дзеяння і дамінаваць над вак. партыямі. Бываюць О., пабудаваныя на чаргаванні закончаных або адносна закончаных вак. форм (арыя, арыёза, каваціна, ансамблі, хары), і пераважна рэчытатыўнага складу, дзеянне якіх развіваецца бесперапынна, без расчлянення на асобныя нумары, О. з перавагай сольнага пачатку і О. з развітымі ансамблямі і харамі. Пры ўсёй сваёй складанасці О. — найб. масавы, дэмакр. жанр па вял. сіле эмац. ўздзеяння, апоры на бытавыя жанры, адлюстраванні ў больш ці менш непасрэднай форме надзённых сац. праблем.
Жанр О. паявіўся ў канцы 16 ст. ў Італіі. Яго вытокі ў нар. абрадах і ігрышчах (напр., у бел. вясельным, купальскім, калядным абрадах). У працэсе гіст. развіцця склаліся шматлікія нац., жанравыя, стыліст. разнавіднасці: італьян. О.-seria і О.-buffa, франц. лірычная трагедыя, камічная О., опера «выратавання», вял. О., лірычная О. і інш.Найб. значныя зах.-еўрап. і амер. оперныя кампазітары К.Мантэвердзі, А.Скарлаці, Дж.Б.Пергалезі, Дж.Расіні, В.Беліні, Г.Даніцэці, Дж.Вердзі, Дж.Пучыні (Італія), Ж.Б.Люлі, Ж.Ф.Рамо, А.Грэтры, Л.Керубіні, Дж.Меербер, Ш.Гуно, Ж.Бізэ (Францыя), К.М.Вебер, Р.Вагнер, Р.Штраус (Германія), К.В.Глюк, В.А.Моцарт (Аўстрыя), С.Манюшка (Польшча), Б.Сметана, А.Дворжак, Л.Яначак (Чэхаславакія), Г.Пёрсел, Б.Брытэн (Англія), Дж.Гершвін, А.Копленд, Дж.К.Меноці, Д.Мур (ЗША). Значны этап у развіцці сусв. опернай культуры — рус. класічная О., якая садзейнічала стварэнню новых тыпаў опернай драматургіі, новых герояў, найперш вобраз народа. Характар рус. опернай класікі абумовілі творы яе заснавальніка М.Глінкі (героіка-патрыят О. «Іван Сусанін» і казачна-эпічная «Руслан і Людміла»), а таксама А.Барадзіна, А.Даргамыжскага, М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава, П.Чайкоўскага і інш.Шматнац. опернае мастацтва СССР прадстаўлена операмі Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева, І.Дзяржынскага, Дз.Кабалеўскага, Ц.Хрэннікава, Ю.Шапорына, С.Сланімскага, А.Холмінава, А.Пятрова, В.Шабаліна, Э.Дзянісава, А.Шнітке, М.Лысенкі, Б.Ляташынскага, Ю.Мейтуса, В.Губарэнкі, Г.Майбарады, З.Паліяшвілі, А.М.М.Магамаева. М.Баланчывадзе, А.Тактакішвілі, А.Спецдыярава, У.Гаджыбекава, Ф.Амірава, Я.Брусілоўскага, Н.Жыганава, С.Бабаева, С.Юдакова, Ш.Сайфіддзінава, Ш.Чалаева і інш.
На Беларусі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках, буйных сядзібах існавалі оперныя трупы (гл.Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча), дзе працавалі таленавітыя бел. прыгонныя спевакі, якія пазней атрымалі вядомасць на прафес. сцэнах (у т. л. М.Сітанская і інш.). Пачатак бел. О. звязаны з творчасцю Я.Д.Голанда («Агатка, або Прыезд пана», паст. ў 1784 у Нясвіжы, на Бел. радыё ў 1994) і Р.Вардоцкага («Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас», 1789, паст. Беларускай капэлай у 1990 у арк.рэд. Дз.Смольскага) і асабліва з дзейнасцю С.Манюшкі [найб. вядомыя «Сялянка» («Ідылія»), паст. ў Мінску ў 1852; «Галька», паст. ў Мінску ў 1856, у Дзярж. т-ры оперы і балета ў 1975; «Страшны двор», паст. 1865, у Дзярж. т-ры оперы і балета ўпершыню ў СССР — у 1952], У 1920-я г. створаны О. «Вызваленне працы» М.Чуркіна і «Тарас на Парнасе» М.Аладава. Беларуская студыя оперы і балета (1930—33) і яе пастаноўкі сталі асновай для стварэння Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь). О. «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1939, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (1939), «Кветка шчасця» А.Туранкова (1940) мелі важнае значэнне ў станаўленні опернага жанру ў бел. музыцы. У гады Вял.Айч. вайны створаны О. «Лясное возера» і «Усяслаў Чарадзей» М.Шчаглова (1943), «Алеся» Цікоцкага (паст. 1944, перапрацаваны варыянт «Дзяўчына з Палесся» паст. ў 1953). У 1940—50-я г. напісаны О. «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (паст. 1947), «Надзея Дурава» Багатырова (паст. 1956), «Андрэй Касценя» Аладава (паст. 1970), дзіцячая О. «Марынка» Р.Пукста (паст. 1955), «Яснае світанне» Туранкова (паст. 1958). 1960—80-я г. — перыяд жанравага ўзбагачэння бел. опернага мастацтва. Створаны О. «Калючая ружа» (паст. 1960), «Калі ападае лісце» (паст. 1968) і «Зорка Венера» (паст. 1970) Ю.Семянякі, «Джардана Бруна» С.Картэса (паст. 1977), «Сівая легенда» Смольскага (паст. 1978, Дзярж. прэмія Беларусі 1980), «Сцежкаю жыцця» (паст. 1980) і тэлеопера «Ранак» (паст. 1967) Г.Вагнера, радыёопера «Барвовы золак» К.Цесакова (паст. 1979). У 1980—90-я г. створаны нац. О. «Новая зямля» Семянякі (паст. 1982), «Матухна Кураж» (1980) і «Візіт дамы» (паст. 1995) Картэса, «Францыск Скарына» Смольскага (1982), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (паст. 1980, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава (паст. 1992), «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (паст. 1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1994), дзіцячая «Вясновая песня» В.Войціка (паст. 1993). У 2000 у выкананні Бел. капэлы і Дзярж.акад. харавой капэлы імя Р.Шырмы на сцэне Нац.акад. тэатра оперы ўпершыню на Беларусі ў канцэртна-сцэн. варыянце пастаўлена опера А.Г.Радзівіла «Фауст» (лібр. І.В.Гётэ, прэм’ера 1835, Берлін).
Літ.:
Асафьев Б.В. Симфонические этюды. Л., 1970;
Друскин М.С. Вопросы музыкальной драматургии оперы. Л., 1952;
Хохловкина А.А. Западноевропейская опера. Конец XVIII — первая половина XIX в. М., 1962;
Ярустовский Б.М. Драматургия русской оперной классики. М., 1953;
Яго ж. Очерки по драматургии оперы XX в. Кн. 1—2. М., 1971—78;
Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;
Яе ж. Вопросы драматургии оперы. Мн., 1979;
Яе ж. Композиция оперы. Мн., 1983;
Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963;
Глущенко Г.С. Белорусская опера 1960—1985 г.: Состояние и основные тенденции развития // Вопр. культуры и искусства Белоруссии. 1990. Вып. 9.
Г.Р.Куляшова.
Сцэна з оперы «Аіда» Дж.Вердзі Рымскі амфітэатр у Вероне (Італія).Сцэна з оперы «Іван Сусанін» М.Глінкі ў пастаноўцы Вялікага тэатра ў Маскве.Сцэна з оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь. 1978.