ЛЕЙТМАТЫ́Ў (ням. Leitmotiv літар. вядучы матыў),

1)у літаратуры — асноўная думка, сюжэтна-тэматычны кірунак, ідэйна-эмацыянальны тон, стылявая дамінанта творчасці пісьменніка ці асобнага твора. Напр., рамант. ўзвышэнне свабодалюбівых імкненняў — Л. дакастр. творчасці Я.​Купалы; сцвярджэнне хараства духоўнасці — Л. паэзіі М.​Багдановіча. Л. можа быць характэрны для асобнага стылю ці кірунку. Напр., разрыў паміж ідэалам і рэчаіснасцю — філасофскі Л. л-ры рамантызму. Канкрэтна праяўляецца Л. у сюжэце, дэталі, што паўтараецца і вар’іруецца ў творчасці (творы) пісьменніка і набывае такім чынам вял. кантэкст, напаўняецца глыбокім зместам. Напр., у паэзіі А.​Куляшова такімі дэталямі з’яўляюцца вобразы Бесядзі і першага кахання лірычнага героя — Алесі, якія нясуць думку пра памяць, вернасць дарагому ў жыцці. У паэзіі акрамя малюнкавых адзначаюць Л. гукавыя, інтанацыйна-рытмічныя.

2) Умузыцы — адносна кароткая муз. пабудова, якая неаднойчы паўтараецца на працягу твора; служыць абазначэннем і характарыстыкай пэўнага персанажа, прадмета, з’явы, эмоцыі і інш. У якасці Л. могуць выступаць тэма (лейттэма), гарманічны зварот ці асобная гармонія (лейтгармонія), інстр. тэмбр (лейттэмбр).

Найчасцей выкарыстоўваецца ў муз.-тэатр. жанрах, з 19 ст. і ў сімф. праграмнай музыцы Як муз.-драматургічны прыём фарміраваўся ў канцы 18 ст. ў позніх операх В.​А.​Моцарта, у кампазітараў франц. школы (А.​Грэтры, Э.​Меполя, Л.​Керубіні). Найб. ролю адыгрываў у операх 19—20 ст. (Р.​Вагнер, Дж.​Вердзі, Ш.​Гуно, Ж.​Бізэ, Ж.​Маснэ, М.​Мусаргскі, П.​Чайкоўскі, М.​Рымскі-Корсакаў, Р.​Штраус, К.​Дэбюсі, А.​Берг, Л.​Яначак, Дз.​Шастаковіч, С.​Пракоф’еў, А.​Пятроў, Р.​Шчадрын і інш.). Л. у сімф. творах выкарыстоўвалі Штраус, А.​Скрабін і інш.

У муз.-драм. творах бел. кампазітараў Л. выкарыстаны ў операх М.​Аладава, А.​Багатырова, А.​Бандарэнкі, Г.​Вагнера, В.​Войціка, С.​Картэса, Дз.​Лукаса, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага, У.​Солтана, Я.​Цікоцкага, балетах Вагнера, Я.​Глебава, В.​Залатарова, У.​Кандрусевіча, М.​Крошнера, А.​Мдывані, аперэтах Семянякі, Р.​Суруса і інш.

Літ.:

Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;

Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;

Яе ж. Композиция оперы. Мн., 1983.

А.​М.​Пяткевіч (літаратура), Г.​Р.​Куляшова (музыка).

т. 9, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)