НЕАРАМАНТЫ́ЗМ (ад неа... + рамантызм),

умоўная назва шэрагу эстэт. тэндэнцый у л-ры і мастацтве еўрап. краін канца 19 — пач. 20 ст. У самаст. кірунак не аформіўся. Узнік як рэакцыя на прозу тагачаснага жыцця, песімізм і бязвер’е дэкадэнцтва, пазітывізм у філасофіі, натуралізм у мастацтве. У тэматычным і маст.-стылявым планах генетычна ўзыходзіць да рамантызму. Яго ідэалаг. аснова — абстрактны гуманізм. Характэрныя рысы Н. — непрыняцце рэчаіснасці, вастрыня этычнай праблематыкі, напружанасць фабульных сітуацый, максімалізм, рамантызацыя пачуцця, прыярытэт экспрэсіўнага над апісальным, зварот да таямнічых ці звышнатуральных падзей, фантастыка, гратэск, экзотыка, усхваленне і ўзвелічэнне подзвігаў, героікі і прыгод. Тыповы неарамант. герой — мужны ці незвычайны чалавек, адзінокі, часам проціпастаўлены грамадству; яго жыццё звязана з рызыкай і прыгодамі, свае дзеянні ён падпарадкоўвае альтруістычным ідэалам. Найб. росквіту Н. дасягнуў у 1890-я г.

У літаратуры Н. суіснаваў з рэаліст. і дэкаданснымі, неарэаліст. тэндэнцыямі. Найб. выразна яго рысы выявіліся ў творчасці Р.​Кіплінга, Р.​Л.​Стывенсана, Э.​Растана, Дж.​Конрада, К.​Дойла, Э.​Л.​Войніч, Дж.​Лондана, К.​Гамсуна, Г.​Ібсена, Ф.​Гарсія Лоркі, групы пісьменнікаў «Маладая Польшча» і інш. У рус. л-ры неарамант. тэндэнцыі ўвасобіліся ў паэзіі К.​Бальмонта, З.​Гіпіус, С.​Гарадзецкага, у прозе Л.​Андрэева, А.​Рэмізава, Дз.​Меражкоўскага. У бел. л-ры праявіўся ў творах Я.​Купалы (паэмы «Сон на кургане», «На куццю»), Я.​Коласа (паэма «Сымон-музыка»), М.​Багдановіча, «нашаніўскай» паэзіі і прозе, пазней — у творах У.​Караткевіча і інш.

У музыцы Н. — паняцце, якое. абазначае позні рамантызм (творчасць Ф.​Ліста, Р.​Вагнера). Да неарамантыкаў умоўна далучаюць І.​Брамса, А.​Брукнера, Г.​Вольфа, Г.​Малера, Р.​Штрауса, а таксама кампазітараў, якія працягвалі некаторыя традыцыі рамант. музыкі ў пач. 20 ст. (М.​Рэгер, Л.​Яначак, Р.​Воан-Уільямс). У 2-й пал. 20 ст. многія кампазітары звярталіся да стылістыкі рамантызму. Н. 1970—90-х г. звязаны з пратэстам супраць «другога авангарда», патрабаваннем адкрытай выразнасці і вяртаннем да «новай прастаты». У бел. музыцы рысы Н. характэрны для твораў Л.​Абеліёвіча, Г.​Гарэлавай, Я.​Глебава, У.​Дарохіна, А.​Залётнева, У.​Кандрусевіча, В.​Помазава, Ф.​Пыталева, Дз.​Смольскага, У.​Солтана, А.​Соніна.

Літ.:

Царик Д.К. Типология неоромантизма. Киев, 1984.

А.​У.​Вострыкава.

т. 11, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)