ЛІ́ГЕЦІ ((Ligeti) Дзьёрдзь) (н. 28.5.1923, г. Тырнэвені, Румынія),

венгерскі кампазітар, музыказнавец; прадстаўнік зах.-еўрап. муз. авангарда. Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Будапешце (1949), выкладаў у ёй (з 1950 праф.). У 1956 і з пач. 1980-х г. у Вене. У галіне электроннай музыкі распрацаваў уласную тэхніку статычнай санорнай кампазіцыі, заснаваную на мікразмяненнях у цэлым нерухомага гукавога масіву («Уяўленні», 1959; «Атмасферы», 1961, для аркестра), спалучаў санорную статыку з дынамічнымі «выбухамі» («Рэквіем», 1965; «Мелодыі» для арк., 1971). Некат. вак. творы звязаны з т-рам абсурду («Прыгоды», 1962; «Новыя прыгоды», 1965). У творах апошніх гадоў рысы неарамантызму. Аўтар оперы «Вялікі мярцвяк» (1978), твораў «Гадзіны і воблакі» для хору і арк. (1973), «Далёкае» для арк. (1967), «Разгалінаванні» (1969) і інш.

Літ.:

Савенко С. Приключения в воображаемом пространстве: Заметки о творчестве Д.​Лигети // Сов. музыка. 1987. № 6.

т. 9, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЙМАЕР, Ньюмеер (Neumeier) Джон (н. 24.2.1942, г. Мілуокі, ЗША), амерыканскі артыст балета, балетмайстар. Вучыўся ў школе Каралеўскага балета Вялікабрытаніі. З 1969 гал. балетмайстар опернага т-ра ў Франкфурце-на-Майне, з 1973 кіраўнік балетнай трупы і гал. балетмайстар Гамбургскай дзярж. оперы. У творчасці спалучае традыцыі класічнай харэаграфіі з выразнымі сродкамі танца мадэрн. Сярод пастановак: «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева, «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага (абедзве 1971), «Прыцемкі» на муз. А.​Скрабіна, «Пацалунак феі», «Жар-птушка» і «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага (усе 1972), «Гамлет: тое, што падразумяваецца» на муз. А.​Копленда, «Ілюзіі як «Лебядзінае возера» (абедзве 1976) і «Элегія» (1978; абедзве на муз. Чайкоўскага), «Спячая прыгажуня» (1978) Чайкоўскага, «Сон у летнюю ноч» на муз. Ф.​Мендэльсона і Дз.​Лігеці, «Арыэль» на муз. В.​А.​Моцарта, «Чацвёртая сімфонія Малера» (усе 1977), «Дама з камеліямі» на муз. Ф.​Шапэна (1978), «Вацлаў» на муз. І.​С.​Баха (1979), «Пер Гюнт» А.​Шнітке (1989), «Цяпер і потым» на муз. М.​Равеля (1992).

т. 11, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭ́Т (франц. motet памяншальнае ад mot слова),

род вакальнай ці вак.інстр. музыкі. Вядомы з канца 12 ст. ў Францыі. Першапачаткова — 2-галосы муз. твор, у якім да голасу, заснаванага на напевах каталіцкай службы, далучаўся новы голас — матэт (адсюль назва). З 13 ст. ў М. пранікаюць свецкія мелодыі (песенныя і танц.) і тэксты. У 15 ст. выпрацавалася яго муз. і тэкставае адзінства (Г.​Дзюфаі, Дж.​Данстэйбл), усталяваўся 4-галосы склад (І.​Окегем, Я.​Обрэхт), паявілася вызначэнне М. як своеасаблівага муз. роду паміж месай і песняй. У 16 ст. развіваўся ў рэчышчах венецыянскай (А.​Віларт, А. і Дж. Габрыэлі) і рымскай (Дж.​Палестрына) школ. У 17 ст. М. страціў тыпалагічную ўстойлівасць, часам яго вызначалі як асаблівы «стыль», блізкі да «старадаўняга», ці як асаблівую тэхніку пісьма. Узніклі шматлікія разнавіднасці: мнагахорны М.-канцэрт, «манадычны», «сольны», або М.-канцэрт для невял. складу з basso continuo; М.-арыя, М.-сцэна, М.-дыялог, блізкія да араторыі, кантаты і муз.-сцэн. жанраў. Да жанру М. звярталіся Г.​Шутц, К.​Мантэвердзі, Ж.​Ф.​Рамо, Г.​Пёрсел, Г.​Ф.​Гендэль, І.​С.​Бах, В.​А.​Моцарт, А.​Брукнер, К.​Сен-Санс і інш. У 20 ст. М. стаў прататыпам тэхнікі кампазіцыі ў творах А.​Веберна, І.​Стравінскага, Дз.​Лігеці і інш.

Літ.:

Симакова Н. Вокальные жанры эпохи Возрождения. М., 1985.

т. 10, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГА́РД у музыцы,

умоўная назва розных музычна-творчых плыняў 20 ст. Тэрмін «авангард» зацвердзіўся з 2-й пал. 1940-х г. у адносінах да шматлікіх школ зах. музыкі, адметных гранічным радыкалізмам, пошукам новых выразных сродкаў, тэхнік кампазіцыі, форм арганізацыі гукавога матэрыялу, абсалютызацыяй эксперыменту, якім спадарожнічае свядомае адмаўленне эстэт. нормаў і традыцый, што выпрацаваны ў мастацтве мінулага.

Своеасаблівымі цэнтрамі авангарда сталі Францыя, Германія, Італія, ЗША Сярод прадстаўнікоў авангарда кампазітары рознай арыентацыі: П.​Булез, П.​Шэфер, Я.​Ксенакіс, К.​Штокгаўзен, Л.​Нона, Л.​Берыо, Дж.​Кейдж, Дз.​Лігеці. Сярод прыёмаў і метадаў кампазіцыі муз. авангарда — серыяльнасць, пуантылізм, алеаторыка, санорыка, электронная музыка, канкрэтная музыка, а таксама шэраг новых прыёмаў гуказдабывання на традыц. інструментах. Гранічнае наватарства ў авангарда часам становіцца самамэтай, фармальныя навацыі могуць весці да разбурэння эстэт. асноў мастацтва. Аднак некат. эксперыменты буйных кампазітараў выявілі новыя стыліст. сродкі для ўвасаблення ідэй і вобразаў у музыцы 20 ст. і прыняты мастакамі інш. творчых арыентацый. У 1960-я г. — сярэдзіне 1970-х г. узнікла музыка амер. мінімалістаў Т.​Райлі, Ла Монт Янга, інстр. т-р М.​Кагеля, калажная тэхніка кампазіцыі і інш. з’явы, абагульненыя паняццем поставангард.

У бел. музыцы мастацка-эстэт. сістэма заходняга муз. авангарда ў чыстым выглядзе не знайшла ўвасаблення, аднак прыёмы серыйнай тэхнікі, алеаторыкі, санорыкі і інш. выкарыстоўваюць бел. кампазітары С.​Картэс, Дз.​Смольскі, С.​Бельцюкоў, В.​Войцік, В.​Кузняцоў, В.​Капыцько, А.​Літвіноўскі, А.​Сонін, Л.​Шлег, Я.​Паплаўскі і інш.

А.​У.​Валадковіч.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)