Лучы́ца

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз.
Н. Лучы́ца
Р. Лучы́цы
Д. Лучы́цы
В. Лучы́цу
Т. Лучы́цай
Лучы́цаю
М. Лучы́цы

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

Сто́йла ‘загарадка для каня, каровы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі), сто́йло ‘стаянка, пастой (быдла)’, ‘дрэва з калодай пчол’ (ТС, ПСл), ‘дрэва, на якім устаноўлены вулей’ (ельск., нараўл., Анох.), сто́йла ‘глыбокае месца ў вадаёме, дзе зімуе рыба’ (ваўк., Сл. ПЗБ), ‘азярод’ (лях., там жа), ‘корань, аснова’ (дзятл., там жа), сто́йліна ‘дрэва, у дупле якога жывуць пчолы’ (лельч., Арх. ГУ), сто́іла (stójiła) ‘месца паўдзённага адпачынку статку на пашы’ (Варл.), сюды ж стойлова́ць, стойлова́цца ‘быць на стаянцы’ (ТС). Укр. стійло, рус. сто́йло. Да стаяць, стаю (гл.), гл. Фасмер, 3, 764. Паводле Лучыца–Федарца (Лекс. Палесся, 186), вузкі ўсходнеславянскі рэгіяналізм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прастарна́к ’калочак, якім хлопцы прыбіваюць на начлезе лапці да зямлі ў соннага для жарту’ (Бяльк.). Няясна. Сюды ж пастарна́к (гл.), якое, паводле Лучыца-Федарца (там жа), да пастарнак ’расліна’. Але да апошняга ўзыходзіць, відаць, толькі значэнне ’галоўны корань яблыні’, а пастарнак у значэнні ’калочак пры вяроўцы, якім карыстаюцца пры навязванні жывёлы на пашы’ сумесна з прасторнак, відаць, звязаны з групай слоў тыпу штыр (гл.), рус. стырь; параўн. рус. пск. стыро́к ’шпянёк’, ’вось воза’ і інш. Не выключана сувязь з польск. pasternik ’агароджаная паша для цялят з шалашом для пастуха’, pasternia ’шалаш для пастуха’ (адносна іх гл. Банькоўскі, 2, 512), або з дзеясловам тыпу рус. стыра́ть ’дражніцца’, параўн. насты́рны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Накта́йза ’гальштук’ (воран., Сцяшк.), мікта́йза ’тс’ (гродз., Сцяшк. Сл.), міхта́йка, мыхта́йка ’тс’ (драгіч., Бел.-польск. ізал., З нар. сл.), накта́йза, ната́йза ’тс’ (беласт., Бел.-польск. ізал.), польск. naktajza ’тс’. З англ. necktie ’тс’, якое трапіла ў заходнія раёны Беларусі і ў паўночна-ўсходнюю Полынчу ў пач. XX ст. праз эмігрантаў са Злучаных Штатаў Амерыкі (гл. Стэфэн, JP, 52, 1972, 51–53; Слушкевіч, JP, 1972, 377–378; Глінка, Бел.-польск. ізал., 30). Змяненні ў фанетычным вобліку слова, паводле Лучыца-Федарца, тлумачыцца народнаэтымалагічным збліжэннем з міхтіты (мігтіты) ’мігцець, стракацець’ (БЛ, 9, 1976, 71). Замацаванне слова ў раёне, суседнім з Літвой, тлумачыцца, відаць, блізкасцю да літ. niektauza *пра таго, хто гаворыць глупствы’, што, магчыма, выклікала іранічныя асацыяцыі і садзейнічала экспрэсіўнай маркіроўцы слова, а таксама пераафармленню яго канца; літоўскае слова этымалагізуецца на мясцовай глебе з niekai ’глупства’ і tauzyti, taūzija ’балбатаць, прастарэкаваць’, гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 12.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кага́т ’бурт’ (БРС, ТСБМ), ’яма для захавання бульбы’ (Бяльк.), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’стог’ (чач., Мат. Гом.), параўн. у Яшкіна, 83, ветк. кагацішча ’месца, дзе стаяла сцірта (кагат) сена’. Укр. міргар. кагат ’куча’, дан. ’куча рыбы, па-асабліваму складзеная і пакрытая чаротам’, палес. кагата ’яма для сховы бульбы зімой’, рус. смал. кагат ’конусападобная куча бульбы ў полі’. На думку Лучыца-Федарца, БЛ, 3, 1973, 57, кагат з’яўляецца іранізмам. Лінгвагеаграфія слова быццам не супраць гэтага, аднак існуюць пэўныя фармальныя і семантычныя цяжкасці. У якасці блізкіх да магчымай іранскай крыніцы Лучыц-Федарэц прыводзіць асец. къахт ’яма’, къахын ’выдзеўбаць’, kʼахуn : kʼaxt ’капаць’. Аднак, паводле Абаева, 1, 620, гэта слова з’яўляецца параўнальна рэдкім для асец. мовы прыкладам адназоўнікавага дзеяслова, ад kʼax ’нага’, першапачаткова такім чынам, ’капаць нагой’ (аб жывёлах), а само слова kʼax не іранскае, гл. Абаеў, 1, 619. Зразумела, што ненадзейнасць асецінскай паралелі вымушае яшчэ больш сумнявацца ў патэнцыяльнай іранскай крыніцы. Апрача гэтага, значэнне ’яма’, якое дазваляе меркаваць аб сувязі іран. і слав. слоў, нельга, безумоўна, лічыць першапачатковым для слав. лексем, тым больш што словы з такімі значэннямі суадносяцца геаграфічна і ўказваюць на другасны іх характар. Слова нагадвае вандроўны культурны тэрмін, аднак крыніца запазычання невядомая.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)