душы́ца

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. душы́ца душы́цы
Р. душы́цы душы́ц
Д. душы́цы душы́цам
В. душы́цу душы́цы
Т. душы́цай
душы́цаю
душы́цамі
М. душы́цы душы́цах

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

душы́ца ж., см. мацярду́шка

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ДУШЫ́ЦА (Acinos),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Міжземнамор’і і Паўд.-Зах. Азіі. На Беларусі трапляецца ўсюды Д. палявая (A. arvensis). Расце на сухіх сонечных месцах: на пясках, чыг. насыпах, каля дарог і інш.

Адна-, радзей шматгадовыя невысокія травяністыя расліны з простымі адзіночнымі або шматлікімі сцёбламі. Лісце дробнае, яйцападобнае або рамбічнае, клінападобна звужанае ў кароткі чаранок. Кветкі дробныя, фіялетава-пурпуровыя, у несапраўдных кальчаках, размешчаных у пазухах лістоў. Плод — чатырохарэшак. Меданосныя, эфіраалейныя і лек. расліны.

Г.У.Вынаеў.

Душыца палявая.

т. 6, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бабіна душыца ’расліна Origanum, Origanum vulgare, мацярдушка’ (Нас., Кіс.), таксама душанка, мацярдушка, мацержанка, мацеранка і г. д. (Кіс.). Рус. души́ца, ду́шка, материнка і г. д., укр. душиця, душинка, духовий цвіт, душниця, материнка, материска (гл. Макавецкі, Sł. botan., 250). Падобныя назвы і ў іншых славян (параўн. серб.-харв. бабина дубчица, боља душица; Сіманавіч, 329). Вельмі часта Origanum мае аднолькавыя назвы з Thymus ’чабор’. Параўн. для апошняга бел. мацярдушка, мацержанка, укр. материдушка, материна душка, материнка і г. д. (Макавецкі, Sł. botan.). Да бел. назваў для Origanum вельмі падобныя серб.-харв. і балг. назвы для Thymus: серб.-харв. душинка, мајчина душица, материнка і асабліва для Thymus serpyllum: бабина душа, бабина душица, бабља душа (душица), бабја душа (душица), бакина душица і г. д. (Сіманавіч, 467–468), балг. бабина душица (БЕР, 1, 23). Параўн. таксама (для Thymus) чэш. mateřídouška, mateří dúška, славац. materina dúška, ст.-польск. macierzą duszka (Махэк, Jména rostl., 202). Новатны (SP (Brno), 13 (A12), 35–36) спасылаецца на лац. (VII ст.) matris animula «Thymus» і лічыць, што назвы тыпу mateřídouška — пераклад з лац. У аснове назвы ляжыць уяўленне (вядомае з фальклору) пра душу памерлай маці, якая вяртаецца да дзяцей у выглядзе кветкі. Можна меркаваць, што і бел. назва для Origanum такога ж паходжання («душа бабулі»). Не вельмі пераконвае думка Даля і Мяркулавай, Очерки, 139–140, што назвы тыпу душица, душка і г. д. — вытворнае ад дух, душистый («пахучая расліна»). Здаецца, што гэта пазнейшая ад’ідэацыя. Гл. Краўчук, БЛ, 1974, 6, 66.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мацічнікдушыца палявая, Acinos arvensis Dandy’ (гродз., Кіс.). Да маці́ца (гл.), аднак матывацыя няясная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мацяры́ца ’мацярдушка звычайная, Origanum vulgare L.’ (добр., Мат. Гом.). Відавочна, у выніку намінацыі словазлучэння мацерына душыца. Не выключана магчымасць запазычання з польск. macierzyca ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Парушэ́нец ’расліна душыца палявая, Acinos Moench arvensis Dandy’, ’крынічнік даўгалісты, Veronica longifolia L.’ (Кіс.). Дэрыват ад пару́шыць (гл. рушыць), таму што гэтыя расліны ўжываюцца пры («парушэннях») жаночых хваробах (гл. БСЭ, 4, 253).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МАЦЯРДУ́ШКА (Origanum),

род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі М. звычайная (O. vulgare, нар. назвы душанка, пчалалюб, бабіна душыца). Трапляецца на сухіх лугах, палянах, у светлых лясах.

Шматгадовыя травы выш. да 80 см. Сцёблы прамастойныя, густаваласістыя. Лісце чаранковае, супраціўнае, яйцападобнае. Кветкі дробныя, ружаватыя ці ружавата-пурпуровыя ў шчыткападобна-мяцёлчатых суквеццях. Плод — 4-арэшак. М. звычайная мае эфірны алей, дубільныя рэчывы, аскарбінавую к-ту. Зялёныя парасткі і кветкі ўжываюцца ў ежу, пры засолцы і кансерваванні, выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай прам-сці, эфірны алей («хмелевы») — для араматызацыі мыла, памады, пасты. Эфіраалейная, лек., меданосная, тэхн. (фарбавальнік) расліна.

Мацярдушка звычайная.

т. 10, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Базіліка ’расліна Acinos Moench. arvensis, душыца палявая’ (Кіс.). Параўн. рус. базилик Ocimum basilicum’, базилика ’Clinopodium’, укр. базилик ’Calamintha Clinopodium’, чэш. (ст.) bazylika ’Ocimum basilicum’ і г. д. Крыніцай гэтых назваў з’яўляецца лац. basilicum (< грэч. βασιλικόν ’каралеўскі’, гл. Махэк₂, 49). Параўн. яшчэ Мяркулава, Очерки, 138, 140.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)