ДУШЫ́ЦА (Acinos),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Міжземнамор’і і Паўд.-Зах. Азіі. На Беларусі трапляецца ўсюды Д. палявая (A. arvensis). Расце на сухіх сонечных месцах: на пясках, чыг. насыпах, каля дарог і інш.

Адна-, радзей шматгадовыя невысокія травяністыя расліны з простымі адзіночнымі або шматлікімі сцёбламі. Лісце дробнае, яйцападобнае або рамбічнае, клінападобна звужанае ў кароткі чаранок. Кветкі дробныя, фіялетава-пурпуровыя, у несапраўдных кальчаках, размешчаных у пазухах лістоў. Плод — чатырохарэшак. Меданосныя, эфіраалейныя і лек. расліны.

Г.У.Вынаеў.

Душыца палявая.

т. 6, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)