Бурду́ль ’бурбалка’. Гл. бурды́ль. Калі ‑ыль па паходжанню суфікс (слав. *‑ylь?), то варыянт бурду́ль можна тлумачыць і чыста фанетычна (асіміляцыяй бурды́ль > бурду́ль).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бурды́ль ’бурбалка, пухір’ (Нас., Інстр. I, Юрч., Бяльк., Яўс.). Сюды ж бурду́ль ’вадыр, пухір’ (Бяльк.), бурдулёк ’бурбалка’ (Бяльк.), бурдулі́ ’бурбалкі на лужынах, калі ідзе дождж’ (КЭС). Рус. бурды́ль ’бурбалка’, бурду́ль ’бурбалка, пухір’. Не вельмі яснае слова. Можа, метатэза з булды́рь (гл.). Такая магчымасць тлумачэння ў СРНГ, 3, 285. Але не выключаецца і гукапераймальнае паходжанне (параўн. бурды́р, бурды́к!, бурды́хнуцца).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вургу́ль ’цвёрды нарост пад скурай’ (мсцісл., З нар. сл.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад варгу́ль ’нарост на дрэве’ (палес., Цыхун, вусн. паведамлю; як і паралельнае да яго балг. радоп. вьргу́л’ ’камяк зямлі ці невялікі моцны камень’, варгу́лʼка ’тс’ з’яўляецца хутчэй за ўсё самастойным аддзеяслоўным утварэннем, параўн. бурду́ль ’пухір’ і бурдзе́ць ’закісаць’, незафіксаваны дзеяслоў павінен быў бы мець форму *вурга́ць (гл. вурганіць) ’кідаць, штурхаць’ з характэрнай для назоўнікаў з такім значэннем суфіксацыяй.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вулды́р ’гуз’ (Жд., 2, 3), вулды́рь ’гуз, гузак, пухір’ (Бяльк.), рус. волды́рь ’тс’ (няяснага паходжання, гл. Фасмер, 1, 338). Няма падстаў разглядаць асобна ад булды́р ’пухір, бурбалка, бугор’ (параўн. Гараеў, 53; Праабражэнскі, 1, 91), з метатэзай бурды́ль і асабліва бурду́ль ’пухір’, вытворных ад дзеясловаў з «вобразнай» семантыкай, гл. бурдзе́ць ’пачынаць закісаць’ (З нар. сл.); параўн. інш. семантычныя паралелі: брузды́ль ’пухір на целе’ і брузда́цца ’аблівацца ў час яды’ (Бяльк.), літ. vir̃dulas ’пухір, бурбалка’ ад vìrti, vérda ’кіпець’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 125). Фармальная блізкасць утварэнняў з пачатковымі в і б прывяла да перапляцення значэнняў ’пухір’ і ’гуз’; ёсць падставы меркаваць, што зыходным для ўтварэнняў з в было значэнне ’гуз, круглы прадмет’ і аснова вурд‑ (*vr̥d‑), гл. навагр. ву́рда ’вяртушка зробленая з бярцовай косці свінні, буркаўка’ (Жыв. сл.); параўн. балг. върда́лям ’перакульваць’, серб.-харв. вр̏дати ’вярцецца, круціцца’, тады вулды́р < *вурдыль з метатэзай. Адносна суфіксацыі, асабліва чаргавання ‑ыль/‑уль, параўн. Слаўскі, SP, 1, 112.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)