А́РУМ,

род кветкавых раслін, гл. Ароннік.

т. 1, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРО́ННІК, аройнік,

арум (Arum),

род кветкавых раслін сям. ароідных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Малой і Пярэдняй Азіі. 6 відаў трапляюцца ў лясах на Пд Еўрап. ч. б. СССР, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. На Беларусі асобныя віды ў калекцыі Цэнтр. бат. сада АН.

Шматгадовыя аднадомныя травяністыя расліны выш. 25—30 см з шара- або яйцападобным клубнем. Лісце суцэльнае, сэрца- або коп’епадобнае, бліскучае, на доўгіх чаранках. Аднаполыя кветкі ў катахах, укрытых пакрывалам белага, зеленаватага або цёмна-фіялетавага колеру. Плод — ярка-чырвоная ягада. Дэкар. і лекавыя расліны. Свежыя расліны атрутныя (ёсць рэчывы сапаніна-глюказіднага характару). Высушаныя клубні аронніку плямістага (A. maculatum) і інш. відаў маюць да 25% крухмалу, прыдатныя ў ежу.

Ароннік альпійскі.

т. 1, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мал ’назва вала чорнай поўсці’ (КЭС, лаг.). Відавочна, вельмі старая рэліктавая назва — параўн. і.-е. адпаведнікі лексемы малы́ (гл.). Не звязана з балг. мал ’скаціна’, ’маёмасць’, ’багацце’, ’частка спадчыны’, серб.-харв. ма̑л, алб. mall, арум. mal ’маёмасць’, якія з араб. mal ’тс’ (БЕР, 3, 624).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́тка ’пеніс’ (гродз., Цых.), ’палавы орган’ (Нас., Байк. і Некр.; гродз., кобр., Сл. ПЗБ), ’прарэх у штанах’ (гродз., Сл. ПЗБ), укр. по́тка ’жаночы палавы орган’, по́так ’мужчынскі палавы орган’, рус. по́тка ’membrum virile (у хлопчыкаў)’, палаб. pótkă ’жаночы або мужчынскі палавы орган’ (Олеш, Thesaurus, 805). Прасл. *pъtъka ’палавы орган’, роднаснае літ. paũtas, мн. л. paũtai ’муды, мужчынскія геніталіі’, што паўплывала, паводле Грынавяцкене, на ўжыванне множналікавай формы: яго поткі відаць — які срам (гродз., LKK, 12, 194), адсюль, верагодна, першаснае значэнне ’testicula’. Гэта, аднак, не дае падстаў лічыць слова запазычаннем, насуперак Карскаму (РФВ, 49, 16). Далейшым сувязі няясныя. Паводле Сноя₂ (502), потка ’пеніс’ узыходзіць да прасл. *pъtьka, роднаснага *pъtʼka ’пупышка’ (гл. почка), для якіх рэканструююцца першасныя значэнні ’яйка’ або ’орган размнажэння (у раслін)’, што сумнеўна. Часцей прымаецца перанос назвы птушкі, параўн. рус. по́тка ’птушачка (асабліва пеўчая)’, на назву membrum virile (у дзяцей) (Фасмер, 3, 344; ЕСУМ, 4, 539; 545), што мае шматлікія тыпалагічныя паралелі (параўн. балг. патка ’качка, гуска’ і ’палавы орган у малога хлопчыка’; англ. cock ’певень’ і ’пеніс’ і пад.), што дае падставы Тапарову (Зб. памяці Талстога, 2, 266) гаварыць пра membrum virile ў “арніталагічным” кодзе: *pъt‑ъka (< і.-е. *put‑uk‑) ’птушачка’ і ’пеніс’ параўноўваецца з лац. putus ’хлопчык’ (< і.-е. *pōu‑: *pəu: *pū̆ з пашырэннем ‑t‑), параўн. утворанае ад яго арум. puță ’penis, membre virile’ (Скок, 3, 88).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прымо́л ’круты бераг ракі’, прымо́лісты ’круты, абрывісты’ (ТС). Відаць, той самы корань, што і ў балг. подмо́л ’бераг, навісшы над ракой’, славен. podmòl ’размыты ракой бераг’, славац. podmoľ ’размытае (падмытае) вадой месца’, што да прасл. *podъmolъ, *podъmoljь ад *podъmelti, параўн. славац. podomlieť ’размыць, падмыць, падкапаць’, в.-луж. podmlěć ’падмыць, падкапаць (бераг)’ пры зыходным mlěć (гл. мало́ць); аналагічна чэш. výmol, славац. výmoľ ’нара, вымытая вадой’, рус. вымол ’прыстань’ (Бернекер, 2, 74; БЕР, 5, 458). Адсутнасць фіксацыі адпаведнага дзеяслова, які лёгка ўзнаўляецца на падставе дзеясловаў тыпу прывары́ць ’зварыць, прыгатаваць’, прыморы́ць ’змарыць’ (ТС) і пад., не можа выклікаць сур’ёзных пярэчанняў супраць названай версіі. Аднак сувязь з *melti трактуецца як другасная, што паўплывала на выцясненне першаснай аманімічнай асновы *‑mьlěti, *‑milati, *‑moliti са значэннем ’выступаць, паказвацца з-за чаго-небудзь’, якая параўноўваецца з алб. mal ’узгорак з крутымі схіламі; абрыў; бераг’ (падрабязна пра апошняе Бярнар, Бълг. изсл., 264), лат. mala ’край, бераг’ і пад. (Куркіна, Этимология–1973, 34–37); супраць роднасці з названымі формамі Трубачоў (ЭССЯ, 9, 49), вяртаючыся да зыходнага *melti, *molъ ’малоць, церці’. Калужская (Палеобалк. реликты в совр. балк. языках. М., 2001, 126) тураў. прымо́л звязвае з грэч. προμολή ’падэшва гары; выток ракі’ і далей з алб. mal, арум. mal ’бераг’, літ. malá ’край, вобласць’, jũrmala ’марское ўзбярэжжа’, лат. jūrmala ’марскі бераг’, ст.-ісл. mǫl ’вал з дробнага камення ўздоўж берага’, а таксама славен. móla ’выступ, балкон, вастрыё’, ’уздоўж’ разам з усімі названымі формамі да і.-е. *mol‑ ’выступаць, выдавацца’. Магчыма, тут назіраецца супадзенне слав. *molъ (< *melti) з субстратным коранем, вядомым у больш шырокім значэнні на значнай індаеўрапейскай тэрыторыі. Сувязь з мул ’іл’, якая прапануецца для ўкр. ви́мул ’вымытае паглыбленне’ (ЕСУМ, 3, 532), здаецца малаверагоднай, параўн. приму́лина ’нанесены вадой глей, мул’. Гл. таксама Глухак, 505: promóliti (se).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́па ’парог, камяністы выступ на дне ракі’ (Скарбы), ’груды замёрзлай на дарозе гразі’ (Сцяшк. Сл.), рапы (rappy) мн. л. ’рачныя парогі ў гаворцы плытнікаў’ (Кольб.), ра́па, рапа́ ’чырвоная неўрадлівая глеба’ (драг., Нар. лекс.), рапы́на ’жвір’ (кам., ЛА, 2), ра́пісты ’няроўны’ (Сцяшк. Сл.), рапова́тый ’камяністы (пра зямлю)’ (кам., Жыв. НС). Няясна; магчыма тут аб’яднаны, незалежна ад фармальнай і семантычнай блізкасці, розныя па паходжанні лексемы. Параўн. славен. rápa ’складка на скуры, маршчына’, rapína ’няроўнае месца’, rapȋnje ’складчатая зямная паверхня’, н.-луж. ropa ’складка, маршчына’, для якіх Сной (гл. Бязлай, 3, 151) прапануе вывядзенне з прасл. *korpa ’няроўная паверхня’ (параўн. курапа ’рапуха’, гл.), што дапускала варыянтнасць пачатку слова з *xr‑ (гл. хра́па ’замёрзлая гразь на дарозе’, параўн. Астроўскі, ABSl, 29, 152), *vr‑ (гл. варо́паўка ’зялёная жаба’), *gr‑ (параўн. балг. грапа ’няроўнасць; воспіна’), *r‑ (параўн. укр. ра́павий, рапа́тий ’няроўны, нягладкі’). Махэк₂ (698) і Шустар-Шэўц (2, 1236) за зыходнае прымаюць прасл. *vorpa (гл. варапаха ’жаба’). Хутчэй за зыходную трэба прыняць форму з *r‑ з першасным значэннем ’нешта няроўнае, зацвярдзелае’, што можа ўзыходзіць да і.-е. *rap‑/*rep‑/*rop‑ са значэннем ’хватаць’, параўн. рус. схватиться ’застыць, зацвярдзець’, да якіх Варбат (Этимология–1986–1987, 58) адносіць польск. дыял. rapa, rapka ’лапа ў птушак і дробных жывёл з кіпцямі’, rapéc ’лапа, капыт’, гл. таксама ра́піна, рапо́тка. З іншых паралеляў можна прывесці макед. рапа ’паглыбленне з вадой, ямка’, да якога Відоескі (Геогр. терм., 132) далучае тапонімы Ра́па ’поле ў гарах’, Ра́пата ’камяністы ўзгорак’, а таксама балг. ра́па, серб.-хара ра̏па, рум. rîpa, арум. arîpa ’нізінка ў гарах’ і інш. Няясныя адносіны да польск. rapa, rafa ’падводны камень’ (< ням. Riff, Брукнер, 452) і рус. ро́па́к ’заледзянелыя каменні на беразе мора, ледзяныя таросы’, ро́пас, ро́паса́ ’куча каменняў; таросы; нагрувашчанне льдзін на беразе’ (з саамскай і фінскай моў, гл. Фасмер, 3, 501–502; Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 332–334), а таксама балг. ро́па (“з няясным о”, гл. БЕР, 6, 322), серб.-харв. rȕpa ’яма, вір’, якія Скок (3, 173) параўноўвае з літ. raupýti, ruõpti ’калупаць’ і лічыць кантамінаванымі балтаславянска-ілірафракійскімі формамі.

Рапа́ ’вада з высокай канцэнтрацыяй солей, што выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах’ (ТСБМ), ’салёная вада’ (ПСл), ропа́ ’расол (у мясе); выдзяленні з раны’ (Мат. Гом., Сл. Брэс.), ра́па (Сл. ПЗБ). Гл. ро́па.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ся́бар ’друг, прыяцель, таварыш’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), ’швагер’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’кампаньён, супольнік’ (паст., Сл. ПЗБ), ’халасцяк (стары)’ (Мат. Гом.), сябр, себр ’родзіч, брат; сябар’ (Нас.), ся́бер (siaber) ’супольнік у кожнай справе’ (Пятк. 2, Сержп., ЛА, 3): на вяселлі маладым даруюць паўкаровы… паўкалоды пчол або што другое, каб быць сябрамі (Сержп. Прымхі), ’пакупнік і прадавец адзін для другога’ (чырв., З нар. сл.), ’таварыш у мове злодзеяў’ (Арх. Федар.), сябёр ’чалавек, які што-небудзь купіў у другога ці прадаў другому’ (Бір. Дзярж.), ’здаравенны тоўсты чалавек, брысюга; ненадзейны таварыш’ (Бяльк., Юрч.), ся́бра ’ўдзельнік, пайшчык, супольнік, калега’ (Ласт.), ’прыяцель, кампаньён’ (Касп., Варл.), сябрава́ць ’дружыць’ (Касп.), ’працаваць супольна’ (Ласт.), ’узаемна дапамагаць у плытніцкай справе’ (віл., Сл. ПЗБ), сябрава́цца ’прымазвацца, набівацца ў супольнікі’ (Пятк. 2), ’супольна дзяржаць пчол’, сябро́ўскія (сябе́рныя) пчолы ’супольныя пчолы, якімі карыстаюцца два гаспадары’ (віл., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), сябэ́рскія пчолы ’тс’ (ашм., Сл. ПЗБ), сябэ́рка ’суполка на пчол’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. себры ’назва людзей у ВКЛ, якія сумесна карысталіся ворнай зямлёй, прамысловымі ўгоддзямі і інш.’ (Ст.-бел. лексікон), се́бреный ’агульны, супольны’ (там жа). Укр. ся́бер ’удзельнік зямельнага ўладання’, ’кампаньён у гандлёвым прадпрыемстве’, ’сапернік’, ’швагер’, дыял. палес. сябро́ ’няўклюдны, нялоўкі чалавек’, рус. сябёр ’сусед, сябар, пайшчык; член суполкі з правам голаса’, паўн.-рус. сябра́, ся́бра ’суполка, арцель, агульная справа’, стараж.-рус. сѧбръ ’сусед, член адной грамады’, серб.-харв. се̏бар ’земляроб’, ст.-серб. себьр ’селянін, член грамады свабодных земляробаў’, себрь ’палавіншчык, удзельнік, кампаньён’, славен. srebər ’селянін’; сюды ж каш. sibřec są ’падлізвацца, падлабуньвацца’, польск. аргат. siewrać ’размаўляць на зладзейскім жаргоне’. Адзінай этымалогіі, таксама як і адзінай славянскай праформы, няма. Прасл. *sębrъ узнаўляецца на аснове запазычанняў са славянскіх моў: алб.-таск. sëmbër ’здольнік, саўладальнік скаціны’, новагрэч. σεμπρος ’здольнік’, венг. cimbora ’сябар, прыяцель’, арум. simbru ’земляроб, які мае аднаго вала і ўступае ў суполку з іншым уладальнікам вала’, рум. sîmbră ’грамада, абшчына’; узнікла, па адной версіі, з *sem‑ro (з устаўным ‑b‑) і звязана з *sěmьja (Трубачоў, История терм., 166; Каліма, AfslPh, 17, 343). Па іншай версіі, прасл. *seberъ роднаснае гоц. sibja ’роднасць’, ст.-в.-ням. sippa ’тс’, ст.-інд. sabhā́ ’сукупнасць, збор’ (Мее, 14; 342; Атрэмбскі, WSl, 16, 188). Падрабязней агляд ранейшых версій гл. Фасмер, 3, 824 з літ-рай. Гл. таксама Ляпуноў, Сб. ОРЯС, 101, 3, 257–263; Папоўска–Таборска, ZNGd, Slavistyka, 6, 219–226; Гаспарыні, RiS, 8, 3–28 (звязвае семантыку слова з экзагаміяй); SEK, 4, 270 і наст. Няясныя адносіны да літ. sė̃bras ’палавіншчык, таварыш’, лат. sę̄brs ’сусед’ (запазычанні з бел. сябр ці спрадвечныя балцкія формы без насавога?). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495. Борысь (Etymologie, 207) значэнне ’прыяцель’ лічыць беларускай семантычнай інавацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́лька1, лялечка ’дзіцячая цацка ў выглядзе чалавека’ (Нас., Мядзв., Грыг., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’прыгожая, знешне прывабная істота або рэч’ (ТС), ’вельмі выпеставаная, крыкліва апранутая, расфуфыраная жанчына’ (міёр., З нар. сл.), ’бутэлька, у якую насыпаюць жыта і даюць хлопцу (і свату), калі дзяўчына згодна ісці за яго замуж’ (смарг., Сл. ПЗБ); ’зрэнка ў воку’ (лепел., КЭС; саліг., Нар. словатв.; ТС); ля́ля ’дзіця (з дзіцячай мовы), немаўля’ (Нас., Бес.; драг., КЭС), ’купідон, прыгожанькае дзіцятка’ (Шпіл., Растарг., Нар. Гом.), ’малое дзіця’ (драг., шальч., Сл. ПЗБ), ’спешчанае дзіця’ (іўеў., Сл. ПЗБ), ’лялька’ (слуц. КЭС). Укр. ля́лька, ля́ля, ля́лечка ’лялька’, ’маленькае дзіцё’, ’імя галоўнай дзяўчыны ў карагодзе, які праводзіцца напярэдадні вясенняга Юр’я’, ля́лько ’зрэнка’; рус. ля́лька, ля́ля ’хросная маці’, ’лялька’ (зах.), ’маленькае дзіцё’, перм. ля́лько ’хросны бацька’; ля́ля ’бамбіза, дылда’, ’цюхця, дурань’, ’вялы, някемлівы, нерашучы чалавек’; польск. laika, lala, låla ’лялька’, ’прыгожы, але абмежаваны чалавек’, ’дурань’, ’зрэнка ў воку’, lalki ’мэндлікі ў полі’, палаб. lʼolʼǝ ’бацька’; дзіцячае lala ’бог’, pójść do lali ’памерці, адправіцца ў нябыт’; чэш. валаш., ляш. lʼalʼa, lʼalʼka ’лялька’, ’чужы чалавек (дзіцячае)’, усх.-мар. lʼalička ’немаўля’, ход. lála ’нядбайны’, славац. ľaľo ’дурань, балван’; серб.-харв. ла́ло, ла́лко ’пяшчотная назва брата або старэйшага мужчыны ў доме’, ла̑ла, ла́ло ’бацька’, ’імя, якім старыя называюць маладых’, ’любы чалавек’, якія Скок (2, 264) не зусім абгрунтавана адносіць да цюркізмаў; балг. лало, лалко ’старшы брат (для малодшага)’, ’дурны, блазан’, лала ’цётка’, ’швагер’, славен. lila ’лялька’. Прасл. lʼalʼa — слова з дзіцячай мовы (як baba, mama, tata) для наймення дзіцяці, маленькага чалавека; пазней стала азначаць ’зрэнка’ з прычыны адбітку ў воку маленькага вобраза чалавека (Слаўскі, 4, 33–34). Значэнне ’лялька’ новае, яно ўзнікла ў гарадах у апошнія стагоддзі. Паводле Панятоўскага (Wiedza o Polsce, 3. Warszawa, 1932, 269), чалавечыя фігуркі ў славян першапачаткова былі сімвалам памерлых продкаў, дзядоў; звычай трымаць лялькі (сімвалы) у хаце быў пашыраны яшчэ ў XIX ст. у Польшчы і зах. Скандынавіі. Дзецям забаранялася з імі гуляць (гл. таксама Махэк₂, 319). І.‑е. адпаведнікі: алб. lelëo ’бацька’, ’дзядзька’, ’дзед’, ’старэйшы брат’, арум. lală ’дзядзька’, н.-грэч. λαλά ’баба’, λαλάς ’дзядзька’, курд. lalu ’тс’. Бернекер (1, 700), а за ім Фасмер (2, 551) і Кюнэ (42) бел. і ўкр. лексемы разглядаюць як запазычанне з польск. мовы, што справядліва аспрэчваецца Праабражэнскім (1, 498).

Ля́лька2 ’матыль’ (бяроз., Выг.). Як і ўкр. жытом. ля́лька і валынск. ля́лючка ’лічынка матылька’ (ЛАПП) — рэліктавая лексема, якая ўзыходзіць да старажытных часоў, калі lʼalʼa азначала ’памерлыя продкі, дзяды’ (гл. ля́лька1). Табу — у слав. гаворках існуе павер’е, быццам душы памерлых, злыя духі хаваюцца ў матыльках (Важны, O jménech, 86). Параўн. бел. ба́бачка (гл.).

Ля́лька3 ’аер, Acorus L.’ (бых., Мат. Янк.). Паводле падабенства катаха аеру да прымітыўнай фігуркі лялькі. Да ля́лька1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)