Існавала ў снеж. 1825 — вер. 1841. Створана памешчыкамі Віцебскай і Магілёўскай губ. з мэтай абагульняць вопыт і павышаць прадукцыйнасць прыгонніцкай працы ва ўмовах развіцця капіталіст. адносін у агр. сектары эканомікі. У яго акрамя памешчыкаў бел. губерняў уваходзіла некалькі чл.Вольнага эканамічнага таварыства ў Пецярбургу разам з рус. эканамістам М.С.Мардвінавым. Прэзідэнтам т-ва лічыўся ген.-губернатар Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губ. М.М.Хаванскі. Т-ва імкнулася абагульняць дасягненні с.-г. навукі ў Расіі і за мяжой і выкарыстоўваць іх ва ўмовах Беларусі. У 1820-я г. ў набытым маёнтку Залучоссе (каля Віцебска) была арганізавана ўзорная гаспадарка. У 1841 т-ва выдала ў Пецярбургу 1 нумар час. «Летопись Белорусского общества сельского хозяйства», дзе змешчаны яго статут, артыкулы пра вінакурства на Беларусі, пра спробы безадвальнай апрацоўкі глебы і плуг для гэтай мэты, парады па арашэнні лугоў, лячэнні і засцярозе жывёлы ад паморку і інш.
Літ.:
Труды первого областного съезда сельских хозяев в гор. Двинске в 1903 г. Витебск, 1904;
Воробей Н.В. О Белорусском Вольном экономическом обществе: (Из истории экон. мысли в Белоруссии в первой половине XIX в.) // Сб. науч. работ Белорусского политехнического ин-та. Мн., 1958. Вып. 68.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗВЕ́ЦКІ КЛЯШТА́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
архітэктурны комплекс 18 ст. Драўляны кляштар базыльян пабудаваны ў 1643 на паўн. беразе воз. Глыбокае каляв.Беразвечча (цяпер у межах г. Глыбокае Віцебскай вобл.) паводле фундацыі старосты мсціслаўскага Я.Корсака. Пры кляштары дзейнічала школа, у якой выкладаліся прыродазнаўчыя навукі і замежныя мовы. У 1756—63 на месцы старых будынкаў узведзены новы мураваны кляштар з царквой — адзін з лепшых узораў віленскага барока. Гал. 2-вежавы фасад царквы вылучаўся пластычнай формай, дынамічнай святлоценявой кампазіцыяй. Аўтарам праекта царквы лічаць віленскага дойліда І.К.Глаўбіца, над дэкорам з 1753 працаваў архітэктар і лепшчык Ян Табіяш Дыдрыштэн (Дыдрыхштэн). У канцы 18 ст. комплекс уключаў царкву з араторыумам (зімовая капліца, прыбудаваная ў 1766—76), жылыя і гасп. карпусы, школу і сад, абнесеныя мураванай агароджай з брамай. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі кляштар перададзены правасл. мужчынскаму манастыру (1847—74), пазней — жаночаму. У 1919 царква перайшла да католікаў, у манастырскіх будынках размяшчаўся польскі корпус аховы сумежжа. У 1930-я г. комплекс рэстаўрыраваны (з удзелам Ф.Рушчыца, Я.Булгака, Ю.Клоса, Я.Ромера і інш.). У Вял.Айч. вайну на тэр. манастыра ням. фашысты стварылі Беразвецкі лагер смерці. У 1960-я г. царква разбурана.
В.В.Гліннік.
Беразвецкі кляштар базыльян. Галоўны фасад царквы. Здымак 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА,
рашучае сутыкненне буйных груповак войскаў (сіл) з мэтай дасягнення маштабных ваенна-паліт. вынікаў. Да 19 ст., калі рашучыя баявыя дзеянні адбываліся на абмежаванай прасторы, пры невял. колькасці войскаў, у адной Б. часам вырашаўся лёс дзяржавы, напр., Бітва каля Сініх вод 1362 паміж войскамі ВКЛ і аб’яднанымі войскамі некалькіх ордаў дала пачатак вызваленню ўсх.-слав. зямель ад ардынскага заняволення; Кулікоўская бітва 1380 азнаменавала канец мангола-татарскага панавання на Русі; Грунвальдская бітва 1410 спыніла агрэсію Тэўтонскага ордэна на ўсход і абумовіла яго заняпад як самаст. дзяржавы. Пазней тэрмін «бітва» пачалі выкарыстоўваць у значэнні сістэмы баёў і бітваў, аб’яднаных адной мэтай, напр., бітва пад Лясной 1708, Палтаўская бітва 1709, Аўстэрліцкая бітва 1805. У сувязі з вядзеннем працяглых ваен. дзеянняў у 19 ст. з’явілася новая катэгорыя — аперацыя, якая да пач. 20 ст. ўжывалася як сінонім бітвы. У 2-ю сусв. вайну тэрмін «бітва» абазначаў сукупнасць адначасовых і паслядоўных наступальных і абарончых аперацый гал.стратэг. сіл на важнейшых напрамках тэатра ваен. дзеянняў. Найбольшыя з іх: бітва за Атлантыку 1939—45, бітва за Англію 1940—41, Маскоўская бітва 1941—42, Сталінградская бітва 1942—43, Курская бітва 1943, бітва за Дняпро 1943, і інш. Працягласць бітвы — ад 30—40 дзён (Курская бітва) да 6 з лішнім гадоў (бітва за Атлантыку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙЦЫ́ ЦАРКВЫ́,
найбольш уплывовыя дзеячы хрысц. царквы 2—8 ст., якія стварылі яе дагматыку і арг-цыю. Айцы царквы наз. епіскапаў першых хрысц. абшчын, а з канца 4 ст. — аўтарытэтных царк. пісьменнікаў. Неабходныя ўмовы для прылічэння да Айцоў царквы — прававернасць вучэння, прыналежнасць да патрыстыкі, прызнаная святасць іх жыцця. Прынята абмежаванне патрыстычнай эры Іаанам Дамаскінам (п.каля 748). Айцы царквы, якія, паводле падання, перанялі вучэнне непасрэдна ад апосталаў, называюць Апостальскімі Айцамі (Клімент Рымскі, Ігнацій Антыяхійскі, Палікарп Смірнскі і Папій Іерапольскі). Падзяляюцца на зах. (лацінскіх) і ўсх. (грэчаскіх) у залежнасці ад мовы, на якой яны пісалі. Акрамя згаданых, сярод зах. Айцоў царквы найбольш шануюцца Юсцін-філосаф, Ірыней Ліёнскі (2—3 ст.), Кіпрыян, Лактанцый (3—4 ст.), Іларый Піктавійскі, Амвросій Медыяланскі (4 ст.), Аўгусцін, Іеранім (4—5 ст.), папа Леў I Вялікі (5 ст.), папа Грыгорый Вялікі (6 ст.), Ісідар Севільскі (7 ст.); сярод усх. — Клімент Александрыйскі (2 ст.), Афанасій Вялікі (Александрыйскі), Яфрэм Сірын, Кірыла Іерусалімскі, Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст (4 ст.), Кірыла Александрыйскі (5 ст.), Іаан Лесвічнік, Максім Вызнаўца (6—7 ст.). Многія творы Айцоў царквы захаваліся цалкам ці фрагментарна, інш. Вядомыя з крыніц па цытатах, пераказах або назвах. Творчасць Айцоў царквы зрабіла вялікі ўплыў на фарміраванне хрысц. дагматыкі, літургічнага культу, традыцыяў, аскетызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВА́РЫУМ (ад лац. aguarium вадаём),
1) пасудзіна, у якой трымаюць і разводзяць акварыумных рыб, водных жывёл і расліны. Бываюць рознай канструкцыі, формы і памераў (суцэльна шкляныя або з метал. каркасам і шклянымі сценкамі, часам з арганічнага шкла; сферычныя, прамавугольныя, са скошанай пярэдняй сценкай, якія звычайна падвешваюць на сцяне, і інш.). Мае адпаведны аб’ём (у залежнасці ад відаў і памераў жывёл) і ўмовы існавання (грунт, расліны, святло- і цепларэгулявальная апаратура, аэратары і інш.). У якасці грунту выкарыстоўваюць прамыты рачны пясок. У акварыуме трымаюць расліны, якія плаваюць на паверхні ці ў тоўшчы вады, і тыя, што ўкараняюцца ў грунце (вядома каля 70 відаў, у т. л.сальвінія, эладэя, вадзяная салата, валіснерыя, крыптакарына і інш.). З мясцовай флоры Беларусі могуць быць выкарыстаны харавыя водарасці, раскі, рагаліснік, стрэлкаліст, балотнікі, палушнік азёрны, рычыя плаваючая і інш.водныя расліны.
2) Спец.навук. ўстанова, якая вывучае і дэманструе прадстаўнікоў марской і прэснаводнай фауны і флоры. Існуюць у многіх краінах свету. Буйныя акварыумы ў заапарках Масквы, Таліна, Ташкента, Рыгі. Акварыумы для марскіх жывёл звычайна размяшчаюць на беразе мора (першыя створаны ў Севастопалі ў 1871, у Неапалі ў 1872), некаторыя з іх наз.акіянарыум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТА́Р (лац. altaria ад altus высокі),
частка хрысціянскага храма, аддзеленая перагародкай або іканастасам. У першабытных і стараж. народаў — узвышэнне, якое служыла месцам для прынясення ахвяр. У біблейскай гісторыі — сімвал прымірэння чалавека з Богам. Ант. грэкі і рымляне ставілі алтар па-за храмам, аздаблялі скульпт. выявамі (Пергамскі алтар). У першых хрысціянскіх храмах алтар меў выгляд стала («прастол»), на якім гатавалі і раздавалі прычасце; часам пад ім рабілі склепы для пахавання пакутнікаў. З 4 ст. такую ж назву атрымала частка храма, дзе знаходзіўся ахвярнік. У раманскай архітэктуры гал. алтар каталіцкага храма размяшчаўся каляўсх. сцяны, меў простую аздобу, у гатычнай (алтар-шафка) — упрыгожваўся жывапісам. разьбой, пазалотай, паліхроміяй, у рэнесансавай — пераважна жывапісам. У эпоху барока ўзніклі ансамблі багата аформленых скульптурна-жывапісных алтароў у сінтэзе з архітэктурай храма. На Беларусі такія алтары захаваліся ў касцёлах у Гродне, Слоніме, Дзятлаве, у вёсках Камаі Пастаўскага, Будслаў Мядзельскага, Новая Мыш Баранавіцкага р-наў, у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага р-на і інш.
А.А.Ярашэвіч.
Бакавы алтар «Ганна і Марыя з дзіцем» у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага раёна Віцебскай вобл. 17 ст.Галоўны алтар касцёла ў в. Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобл. 1-я пал. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Існаваў у 17—18 ст. у Брэсце. Па запрашэнні луцкага біскупа П.Валуцкага з 1616 езуіты пачалі ў Брэсце місіянерскую дзейнасць, у 1629 быў заснаваны калегіум. У 1620 брэсцкі ваявода А.Валовіч падараваў езуітам фальварак Адамкаў, які стаў іх рэзідэнцыяй. Віленскі ваявода і магілёўскі староста Л.Сапега ахвяраваў ім фальварак Дзераўна з в. Мольткі і Мяневеж (Брэсцкі пав.), а ў 1650 — фальварак і в. Паніквы (Камянецкі р-н). У 1669 кароль Міхал Вішнявецкі перадаў езуітам в. Плоскі і землі ў Прылуках (Брэсцкі р-н). На працягу 17—18 ст. ордэн езуітаў набываў тут новыя землі з вёскамі (Слаўкі, Студзіловічы, Ляскавічы і інш., Брэсцкі пав.), аддаючы грошы пад залог маёнткаў, ператварыўся ў буйнога ліхвяра і арганізатара па эксплуатацыі промыслаў; меў б-ку, аптэку (з 1694). Навуч. праграма Брэсцкага езуіцкага калегіума была тыповай для езуіцкіх калегіумаў. З 1634 у калегіуме выкладалі толькі настаўнікі, якія мелі званне прафесараў. У 1772/73 навуч.г. з 28 выкладчыкаў 17 былі святарамі, 8 — манахамі. У 1696—1760-я г. пры калегіуме дзейнічаў школьны тэатр. У б-цы (каля 2 тыс. тамоў) былі кнігі на лац., ням., франц. і інш. мовах. У калегіуме вучыўся бел. мысліцель-атэіст К.Лышчынскі. Будынкі калегіума знаходзіліся на тэр. сучаснай Брэсцкай крэпасці, не зберагліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІЯ ДРУКА́РНІ 16 ст. Дзейнічалі ў 1550—70-я г. ў Брэсце. Мецэнатам большасці з іх быў канцлер ВКЛ, ваявода віленскі і староста берасцейскі М.Радзівіл Чорны. Узнікненню друкарняў садзейнічаў уздым у культ. развіцці Беларусі, пашырэнне міжнар. сувязяў і ўплыў Рэфармацыі. У ліку друкароў-кнігавыдаўцоў Б.Ваяводка (1553—54), С.Мармеліус (1558—60-я г.), Ц.Базылік (1560—70-я г.). Першыя кнігі, выдадзеныя Ваяводкам, адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху: Вялікі і Малы Катэхізісы, перакладныя тэалагічныя творы Крыштофа Імлера і Урбана Рэгіуса. З выданняў Мармеліуса вядомы: «Два пасланні» (1559), «Гісторыя пра папу Іаана VIII, які быў жанчынай» (1560), «Артыкулы права магдэбургскага» Б.Граіцкага (1560) і інш. Выйшлі выданні і без упамінання друкара: «Брэсцкая біблія» (1563); сатыр. паэма «Пратэй, або Пярэварацень» (1564), «Размова паляка з ліцвінам» (каля 1564). Найб. росквіту кнігадрукаванне ў Брэсце дасягнула пад кіраўніцтвам Базыліка. У гэты час надрукавана больш за 40 выданняў рознага зместу на польск. і лац. мовах, у якіх адлюстраваны духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэс. дзеячаў бел., літ. і польск. культур, белетрыстычныя, гіст., паліт. працы. Выдаўцы Б.д. адрасавалі значную частку сваіх кніг «простым», «посполитым» чытачам. У іх афармленні шырока выкарыстоўвалася рэнесансавая графіка, наборныя арнаменты, гатычныя шрыфты, застаўкі, канцоўкі, фігурныя ксілаграфіі, адчуваецца сувязь з кніжным мастацтвам Польшчы і краін паўночнаеўрап. Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎ,
вёска ў Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Сэрвач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 56 км на ПдУ ад г.п. Мядзел, 130 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Будслаў. 721 ж., 300 двароў (1996).
Вядомы э 1504 як уласнасць манахаў-бернардзінцаў, якія ў 1589 пабудавалі тут драўляны, у 1783 мураваны касцёл, пры якім знаходзіліся Будслаўскі кляштар бернардзінцаў і 2 капліцы. З 1732 мястэчка, з 1793 у складзе Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1868 — 259 ж., 48 двароў. У 1885 цэнтр воласці, 327 ж., 50 двароў, касцёл, сінагога, прыходскае вучылішча, крама, таржок; у маёнтку працавалі бровар, сукнавальня, вадзяны млын, крама, заезны дом, 2 карчмы. У 1907 у Б. 435 ж., 61 двор, каля мястэчка прайшла чыг. Полацк—Маладзечна, пабудавана чыг. станцыя. У 1917—19 працавала Будслаўская беларуская гімназія. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Крывіцкага, з 1962 — Мядзельскага р-наў. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў 1942 расстралялі тут 270 жыхароў. У 1970 — 859 ж., 318 двароў.
У Будславе лясніцтва, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Будслаўскі касцёл бернардзінцаў. Магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРШТЫ́Н (ням. Bernstein),
янтар, мінерал класа арган. злучэнняў, выкапнёвая акамянелая смала хвойных дрэў верхнемелавога—палеагенавага перыядаў. Аморфны вуглевадарод, каркасны палімер. Прыкладная хім. формула C10H16O4. Трапляецца ў выглядзе зерняў, жаўлакоў і пласцін памерам ад некалькіх мм да 50 см у папярочніку. Звонку мае шчыльную непразрыстую шэрую ці бурую скарынку прадуктаў акіслення. Колер жоўты і карычневы розных адценняў, аранжавы, малочна-белы, зеленаваты і інш. Празрысты або замутнены. Бляск шкляны або смалісты. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн.каляг/см³. Дыэлектрык. Т-ра плаўлення 250—300 °C, лёгка згарае.
Частка бурштыну мае т.зв. інклюзы — уключэнні насякомых і раслінных рэшткаў (такія ўзоры высока цэняцца). Утвараецца ў працэсе фасілізацыі (акамянення) смалы ў выніку полікандэнсацыі смаляных кіслот і тэрпенаў і наступнага пераадкладання з пахаваннем у прыбярэжна-марскіх, лагунных і дэльтавых адкладах. Каштоўны ювелірна-вырабны камень. Для атрымання суцэльных масаў бурштынавая дробязь апрацоўваецца пад ціскам пры павышаных т-рах. Некандыцыйны бурштын — сыравіна для вытв-сці бурштынавых кіслот, масла, каніфолі, лакаў, фарбаў і інш.Асн. радовішчы па берагах Балтыйскага м. ў Расіі (Калінінградская вобл.), Германіі, Польшчы, а таксама ў Італіі, Бірме, Канадзе, ЗША, Мексіцы і інш.
У Беларусі вылучаюцца 3 перспектыўныя на бурштын раёны: Зах.-Беларускі, Мікашэвіцка-Жыткавіцкі і найб. перспектыўны Палескі (асабліва т.зв. Драгічынская плошча). Адклады на глыб. 15—80 м.