АДЫЯБА́ТНЫ ПРАЦЭ́С (ад грэч. adiabatos непераходны, запёрты),
тэрмадынамічны працэс, які адбываецца без цеплаабмену паміж тэрмадынамічнай сістэмай і навакольным асяроддзем. Працякае ў сістэме з цеплаізалявальнай (адыябатнай) абалонкай ці без яе пры ўмове, што працэс працякае настолькі хутка, што цеплаабмен можна не ўлічваць (напр., пры выбуху, распаўсюджванні гуку). Адыябатным працэсам лічацца многія атм. працэсы (напр., узыходны і сыходны рух паветра ў антыцыклонах і інш.).
На дыяграме адлюстроўваецца крывой — адыябатай, якая маенайб. просты выгляд для ідэальных газаў (гл.рыс.) і падпарадкоўваецца ўраўненню pvγ = const, дзе p — ціск газу, v — яго аб’ём, γ = Cp/Cv» — паказчык адыябаты, Cp і Cv» — цеплаёмістасці газу пры ізабарным і ізахорным працэсах адпаведна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗБЕСТАЦЭМЕ́НТ,
будаўнічы матэрыял з сумесі цэменту, азбесту і вады. Састаў: 100 ч. (па масе) партландцэменту, 12—20 ч. азбесту, у асн. нізкіх гатункаў. Да застывання цэменту азбестацэмент пластычны і трывалы на расцягванне, што дае магчымасць фармаваць з лістоў таўшчынёй 5—10 мм розныя вырабы; у застылым стане мае высокія фіз.-мех. ўласцівасці: трываласць на выгін да 30 МПа, на сцісканне да 90 МПа, ударная вязкасць 1,8—2,5 кДж/м², даўгавечны, маразастойкі, вогнетрывалы, з павышанай хім. устойлівасцю. Крохкасць і дэфармаванне азбестацэменту пры высокай вільготнасці змяншаюць гідрафабізацыяй (гл.Гідрафобныя пакрыцці) і дадатковым арміраваннем. З азбестацэменту вырабляюць лісты, трубы, пліты, дахавыя прафіляваныя і плоскія лісты (шыфер). Гл. таксама Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬДРАВА́НДА (Aldrovanda),
род кветкавых раслін сям. расіцавых. Адзіны трапічны від — альдраванда пухіраватая (A. vesiculosa). Расце ў паўд.-ўсх. раёнах Афрыкі, паўд. і цэнтр.раёнах Еўропы, на Каўказе, у Сярэдняй Азіі і на Д. Усходзе. На Беларусі трапляецца ў азёрах, рачных затоках і старыцах на Палессі і ў Паазер’і. Рэдкая, занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шматгадовая насякомаедная плаваючая ў вадзе травяністая расліна без каранёў, з тонкім ніткападобным сцяблом даўж. 5—10 см і круглаватымі лістамі, сабранымі па 6—9 у кальчакі. Кожны ліст мае пласцінку з 2 акруглых палавінак з адчувальнымі валаскамі па краі (лоўчы апарат) і стрававальнымі залозкамі ўнутры. Кветкі дробныя, белыя, адзіночныя, пазушныя. Плод каробачка. Дэкар. расліна, прыдатная для акварыумаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ КІНЕМАТАГРАФІ́ЧНЫХ МАСТА́ЦТВАЎ І НАВУ́К (Academy of Motion Picture Arts and Sciences; АМПАС),
Амерыканская кінаакадэмія, грамадская арг-цыя ў ЗША Засн. ў 1927 у Галівудзе. Займаецца праблемамі павышэння адукацыйнага, прафес. і тэхн. ўзроўню амер. кінематаграфіі. Аб’ядноўвае больш за 4 тыс. членаў. Мае 12 секцый (рэжысёрская, акцёрскага мастацтва, сцэнарная, кампазітарская, прадзюсерская і інш.). Вядзе інфармацыйную (3 разы на год выдае каталогі бягучай амер. кінапрадукцыі, даведнікі) і лекцыйную работу, дапамагае маладым кінематаграфістам. З 1929 штогод прысуджае прэміі «Оскар» амер. (іншы раз англ.) фільмам за дасягненні ў 26 асобных галінах кінематографа (па 26 намінацыях), а таксама за лепшы замежны фільм года. Прысуджаюцца спец. прэміі «Оскар» за ўклад у кінамастацтва ў цэлым. З 1973 арганізуе конкурсы студэнцкіх фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЎКІ ПЕТРУСЯ́ ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́Йу Мінску.
Засн. 10.7.1980. Адкрыты для наведвання 29.12.1984. Мае 5 экспазіцыйных залаў, у т. л. 2 мемарыяльныя. Пл. экспазіцыі 110,5 м². Налічвае больш за 20 тыс. экспанатаў асн. і навук. дапаможнага фонду (1996). Знаходзіцца ў доме, дзе П.Броўка жыў у 1951—80. Зберагае рэчы духоўнай, матэрыяльнай культуры, звязаныя з жыццём, творчасцю і грамадскай дзейнасцю паэта. Сярод іх рукапісы твораў П.Броўкі, яго кнігі, выдадзеныя на розных мовах, кнігі бел. і зарубежных пісьменнікаў з дарчымі надпісамі; асабістыя рэчы, дакументы паэта, творы жывапісу, графікі і скульптуры (З.Азгура, А.Бараноўскага, В.Бялыніцкага-Бірулі, А.Кашкурэвіча, Г.Паплаўскага і інш.). Філіял — хата-музей Петруся Броўкі ў Пуцілкавічах (Ушацкі р-н Віцебскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТЭ́НЫ, бутылены,
ненасычаныя вуглевадароды агульнай формулы C4H8. Існуюць 3 структурныя ізамеры: нармальны бутэн-1 (α-бутылен), CH2=CH—CH2—CH3; нармальны бутэн-2 (β-бутылен, псеўдабутылен), CH—CH=CH—CH3 (мае транс- і цыс-формы); ізабутэн (ізабутылен), (CH3)2C=CH2.
Бясколерныя газы з рэзкім, непрыемным пахам tкіп ад -6,90 °C да 3,72 °C. Добра раствараюцца ў многіх арган. растваральніках і вельмі дрэнна ў вадзе. Сумесі з паветрам (1,7—9% бутэны) выбухованебяспечныя. Маюць усе ўласцівасці алкенаў. У прам-сці вылучаюць з бутан-бутыленавай фракцыі газаў крэкінгу нафты. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці бутадыену, бутылкаўчуку, ізаактану, замазак і інш. Бутэны раздражняюць слізістыя абалонкі вачэй і дыхальных шляхоў, ГДК 150 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1979 у г. Быхаў на базе матэрыялаў музея раённай газ. «Маяк Прыдняпроўя». Размяшчаецца на тэр. Быхаўскага замка. Мае 8 экспазіцыйных залаў (пл. экспазіцыі 288 м²), каля 4,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: археалогіі, гісторыі Быхаўшчыны ад стараж. часоў, прыроды. Экспануюцца археал. знаходкі (зуб і фрагменты біўняў маманта, каменныя прылады працы і інш.), матэрыялы, прысвечаныя гісторыі Быхаўскага замка, падзеям Паўн. вайны 1700—21, вайны 1812, грамадз. вайны 1918—20, удзелу ўраджэнцаў Быхаўшчыны ў Вял.Айч. вайне. Асобныя стэнды прысвечаны ўраджэнцу раёна маршалу авіяцыі С.А.Красоўскаму, лепшым прадпрыемствам і гаспадаркам раёна, развіццю медыцыны, нар. асветы, культуры і спорту. Аддзел прыроды знаёміць з раслінным і жывёльным светам краю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́НКА, ваўнянка белая (Lactarius pubescens),
шапкавы пласціністы грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі пераважна ў маладых, часта забалочаных бярозавых і мяшаных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў жніўні—верасні.
Шапка да 6 см у дыяметры, тонкаапушаная, з загнутым уніз валакністым краем, белая, сухая або злёгку слізкая, з цягам часу становіцца шырокалейкападобная, сухая, белая або крэмаватая. Пласцінкі спачатку белыя, пасля крэмава-ружовыя. Ножка да 4 смвыш., белая або з ружавата-крэмавым адценнем, гладкая, пустая. Мякаць белая, пад скуркай ружаватая, са слабым пахам герані, мае горкі млечны сок. Ядомы грыб. Ужываецца толькі солены (пасля вымачкі і адварвання). Вонкавым выглядам нагадвае сапраўдную ваўнянку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШ (лац. versus),
1) тое, што і вершаваная мова.
2) Невялікі лірычны або ліра-эпічны твор, напісаны вершаванай мовай. У вершы звычайна выяўляюцца адносіны аўтара да розных падзей і з’яў жыцця. Паэзія выпрацавала цэлую сістэму вершаваных жанраў (балада, ода, эпіграма, элегія і інш.). Багаты і разнастайны верш і па форме. У ім выкарыстоўваюцца розныя віды рытмікі, гукавой арганізацыі (гл.Фоніка, Рыфма), архітэктонікі (гл.Строфіка), паэтычнага сінтаксісу, тропаў, ён мае своеасаблівую інтанацыю, кампазіцыйныя сродкі (гл.Кампазіцыя). У бел. літаратуры вершаваныя творы з’явіліся на пач. 16 ст. ў Ф.Скарыны. Спачатку вершам называлі 2-радкоўі, змацаваныя рыфмамі, пасля — любы твор, напісаны вершаванай мовай. Існуе і верш у прозе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РЫНА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Обаль, за 20 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,47 км², даўж. 2,48 км, найб.шыр. 270 м, найб.глыб. 23,9 м, даўж. берагавой лініі каля 6 км. Пл. вадазбору 1,6 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м на Пн і 13—15 м на Пд, на З разараныя, на У пад лесам і хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі. Дно паўн.ч. катлавіны плоскае, на Пдмае варонкападобную форму. На Пн да глыб. 3 м і на Пд да глыб. 6—8 м дно пясчанае, глыбей выслана глеем і сапрапелем. Зарастае слаба. На Пн выцякае ручай у р. Обаль.