Пахожы ’смачны, чысты (аб вадзе)’ (фалькл.) (Федар., 7). Да пахадзіць < хадзіць (гл.). Спачатку ў лексемы пахожы было, відаць, значэнне ’праточны — які не стаіць, а ідзе, цячэ’, пазней ’чысты’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перасаке́рыць ’перахітрыць’ (Ян.), перэсокерыць ’перагаварыць’: её не перэсокерыш! (ТС). Да пера- (гл.) і сакерыць, якое, магчыма, узыходзіць да літ. sakyti ’гаварыць, казаць’; суф. ‑erėti дзеясловам дадае значэнне імгненнасці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ранда́к ’саматканая суконная ў клетачкі спадніца’ (пух., Мат. дыял. канф.). Значэнне слова адназначна сведчыць пра зыходнае андарак (гл.), трансфармаванае ў выніку дээтымалагізацыі, магчыма, пад уплывам рабак2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расшо́рыць ’распусціць, растраціць’ (Варл.), ’разбурыць’ (віл., Сл. ПЗБ). Параўн. распасорыць (гл.). Значэнне ’разбурыць’ аўтары апошняга слоўніка тлумачаць уплывам літ. šorà ’шум, хваляванне, мітусня’, šorúoti ’бегаць, хутка рабіць, спяшацца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́нчыма ’стары шынель і наогул усякая старая адзежа’ (Шпіл.). Відаць, форма р. скл. назоўніка айчым (гл.), часткова перааформленая фанетычна ў пачатку слова. Першапачатковае значэнне ’адзежа, якая належыць айчыму’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНТАНІМІ́Я,

тып семантычных адносін лексічных адзінак, якія маюць процілеглае значэнне (антонімаў). Антанімічныя пары належаць да адной часціны мовы: назоўнікаў («дабро — зло»), прыметнікаў («шырокі — вузкі»), дзеясловаў («браць — аддаваць»), прыслоўяў («далёка — блізка»). Паводле структуры падзяляюцца на аднакарэнныя («замкнуць — адамкнуць») і рознакарэнныя («сумны — вясёлы»). Вылучаюць поўную, няпоўную (частковую) і кантэкстуальную антанімію. Поўныя антонімы адрозніваюцца ўсімі сваімі значэннямі («будаваць — разбураць»); частковыя супрацьпастаўляюць па адным або некалькіх значэннях («радасць — смутак»); кантэкстуальныя ўспрымаюцца толькі ў пэўным кантэксце: «Ласка і гнеў, ціша і бура! Я вітаю вас, калі вы прыходзіце ў сваім часе, калі выконваеце вы адвечную волю жыцця» (Я.​Колас). Мнагазначнае слова можа мець антонімы да кожнага ці некалькіх сваіх значэнняў («глыбокая рака — мелкая рака», «глыбокія веды — павярхоўныя веды»). Антанімія не ўласцівая словам з канкрэтным значэннем («шафа», «бяроза», «стадыён»), вузкаспец. тэрмінам, уласным імёнам, лічэбнікам, займеннікам і службовым словам.

Г.​К.​Усціновіч.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫМІЗА́ЦЫЯ (ад лац. optimus найлепшы),

1) працэс выбару найлепшага варыянта з некалькіх магчымых.

2) Прывядзенне пэўнай сістэмы ў найлепшы (аптымальны) стан.

3) У тэхніцы — працэс паляпшэння характарыстык тэхн. сістэмы, канструкцыі, тэхнал. працэсу праз пошук параметраў, пры якіх дасягаецца найб. (ці найменшае) значэнне крытэрыю аптымальнасці. Калі крытэрыяў некалькі, аптымізацыя будзе многакрытэрыяльнай.

У працэсе праектавання тыповай з’яўляецца сітуацыя нявызначанасці, калі ёсць мноства магчымых варыянтаў тэхн. рашэння. Аптымізацыя знімае гэтую нявызначанасць звужэннем дапушчальных рашэнняў і выбарам найлепшага (аптымальнага). Для ажыццяўлення аптымізацыі тэхн. задач з дапамогай метадаў аперацый даследаванняў фармулюецца як матэм. задача аптымізацыі, якая ўключае крытэрый аптымальнасці, матэм. мадэль аб’екта, а таксама абмежаванні на магчымыя значэнні параметраў. Аптымізацыя — неад’емная частка працэсу праектавання тэхн. сістэм, дасягаецца пры аўтаматызацыі праектавання на аснове камп’ютэрных сістэм і інфарм. тэхналогій. Вынік аптымізацыі — канкрэтная аптымальная сістэма.

Літ.:

Батищев Д.И. Методы оптимального проектирования. М., 1984.

А.​Ф.​Апейка.

т. 1, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВИ́ТЕБСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

газета, афіцыйны орган Віцебскага губернскага праўлення. Выдавалася з 1838 да 23.12.1917 (5.1.1918) у Віцебску на рус. мове з рознай перыядычнасцю. Мела афіц. і неафіц. (з 1845) аддзелы. Афіц. змяшчаў пастановы і распараджэнні цэнтр. і мясц. улад. Неафіц. меў значэнне самаст. газеты, з 1901 выдаваўся асобна, асвятляў падзеі ў краіне і за мяжой, жыццё Віцебска, Полацка, Веліжа і інш. нас. пунктаў губерні, друкаваў літ. творы, даследаванні па гісторыі, краязнаўстве, этнаграфіі, фальклоры (часам на бел. мове), артыкулы гасп. тэматыкі. Мела дадаткі «Телеграммы «Витебских губернских ведомостей» (1887—92, 1895—1905) і «Народный листок» (1907; выйшла 8 нумароў). З 29.12.1905 (11.1.1906) да 5(18).6.1907 замест неафіц. аддзела выходзіла прыватная газ. «Витебский голос». Са студз. 1907 выданне неафіц. аддзела адноўлена, 29.6.1912 спынена, замест яго пачала выходзіць газ. «Витебский вестник».

У.​Дз.​Будзько, М.​В.​Нікалаеў.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭ́МІІ МУЗЫ́ЧНЫЯ,

1) навукова-маст. аб’яднанні філосафаў, паэтаў, музыкантаў, аматараў мастацтва ў Італіі і інш. еўрап. краінах у 2-й пал. 15—17 ст. Існавалі як навукова-муз. т-вы, у дзейнасці якіх вял. значэнне надавалася музіцыраванню (акадэмія дэль Аркадыя ў Рыме), і муз. т-вы, якія аб’ядноўвалі прафес. музыкантаў і аматараў (займаліся навук. дзейнасцю, наладжвалі канцэрты, оперныя спектаклі, арганізоўвалі навуч. ўстановы, напр. Балонская філарманічная акадэмія).

2) Публічныя канцэртныя мерапрыемствы (арганізоўваліся муз. т-вамі) і аўтарскія канцэрты кампазітараў у 18 — 1-й трэці 19 ст. 3) Вышэйшыя муз. навуч. ўстановы (Каралеўская акадэмія музыкі ў Лондане, Расійская акадэмія музыкі ў Маскве, Беларуская акадэмія музыкі), некат. оперныя т-ры (Нацыянальная акадэмія музыкі і танца ў Парыжы — Парыжская опера), а таксама навук., канцэртныя і інш. аб’яднанні муз. устаноў у 20 ст. («Санта-Чэчылія» акадэмія ў Рыме).

В.​А.​Антаневіч.

т. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ ПАСТАЯ́ННАЯ,

1) універсальная (кавендышава, ньютанава) гравітацыйная пастаянная — каэфіцыент прапарцыянальнасці ў законе прыцягнення Ньютана (гл. Сусветнага прыцягнення закон); адна з фундаментальных фіз. пастаянных. Абазначаецца G. Вызначана эксперыментальна Г.Кавендышам (1798) пры дапамозе круцільных вагаў. Характарызуе гравітацыйнае ўзаемадзеянне ўсіх матэрыяльных аб’ектаў (часціц і палёў) і разглядаецца як універсальная канстанта, нязменная ў часе і прасторы, незалежная ад фіз. і хім. уласцівасцей асяроддзя і гравітуючых мас. G = (6,67259 ±0,00085)∙10​−11 Нм²/кг².

2) Гаўсава гравітацыйная пастаянная — велічыня k, звязаная з універсальнай гравітацыйнай пастаяннай суадносінамі G = k​2. Служыць для вызначэння астранамічнай адзінкі, у сістэме фундаментальных астранамічных пастаянных прынятая ў якасці адзінай асн. (умоўна нязменнай) пастаяннай (1976). Лікавае значэнне k = 0,01720209895 вызначана К.Гаўсам (1809) на аснове 3-га закона Кеплера (гл. Кеплера законы) для сістэмы Сонца—Зямля і зацверджана Міжнар. астранамічным саюзам у якасці абсалютна дакладнай канстанты (1938).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 5, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)