ХІ́БНАСЦЬ у матэматыцы,
лік, які характарызуе меру блізкасці дакладнага і набліжанага значэнняў пэўнай велічыні. Адрозніваюць абсалютную Х. — модуль рознасці |x − a| і адносную Х. — |x − a|/a (звычайна выражаецца ў працэнтах), дзе a — дакладнае і x — набліжанае значэнні зададзенай велічыні.
Пры лікавым рашэнні задач Х. вынікаў абумоўлена набліжаным матэм. апісаннем рэальнага працэсу, недакладнасцю задання зыходных даных, недакладнасцю метаду рашэння і Х. акруглення. Звычайна значэнне a невядомае і таму для характарыстыкі дакладнасці набліжанай роўнасці x ≈ a абмяжоўваюцца ўказаннем верхняй мяжы абс. Х. (лімітнай абс. Х.), якая вызначаецца як лік Δa такі, што |x − a| ≤ Δa. Аналагічна вызначаецца лімітная адносная Х. Выраз «лік x роўны a з дакладнасцю Δa» матэматычна запісваецца як x = a ± Δa. Гл. таксама Памылак тэорыя.
т. 17, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)