СПІН (ад англ. spin вярцецца),

уласны момант імпульсу элементарнай часціцы ці сістэмы такіх часціц (напр., атамнага ядра, атама). Мае квантавую прыроду, не звязаны з рухам часціцы ў прасторы і не можа тлумачыцца з пазіцый класічнай механікі. Паняцце С. прапанавана галандскімі фізікамі Дж.​Уленбекам і С.​Гаўдсмітам (1925); тэорыю С. распрацаваў В.​Паўлі (1927).

С. часціцы s вымяраецца ў адзінках прыведзенай Планка пастаяннай, бывае паўцэлы (у ферміёнаў) або цэлы (у базонаў) і вызначае яе ўласны магнітны момант μ = gs, дзе g — гірамагнітны фактар часціцы. Праекцыя С. на пэўны напрамак — адзін з квантавых лікаў (спіральнасць), прымае 2s + 1 значэнне праз 1 ад -s да +s. З дапамогай С. растлумачаны структура электронных абалонак атамаў (гл. Паўлі прынцып). многія з’явы ферамагнетызму, тонкая і звыштонкая будова атамных спектраў.

т. 15, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)