адна з асноўных адзінак мовы; мінімальны знак — адзінка, у якой за пэўнай фанетычнай формай (азначаючым) замацаваны пэўны змест (азначаемае) і якая не дзеліцца на больш простыя адзінкі таго ж роду. У маўленчай плыні М. рэалізуецца ў выглядзе канкрэтных варыянтаў — морфаў (напр., у словах «рак-а», «рэч-к-а», «рач-н-ы» морфы «рак-», «рэч-», «рач-» рэпрэзентуюць адну М). Паводле становішча ў сістэме мовы М. падзяляюць на свабодныя (матэрыяльна супадаюць з асновай хоць бы ў адным неслужбовым слове, напр., М. «хмар-»), звязаныя (ніколі не супадаюць з асновай, напр., М. «-у-» у словах «абуць», «абутак») і адносна звязаныя (напр., бел. «да» у «даляцець да ракі»). Паводле функцыі М. падзяляюць на службовыя (афіксальныя, гл.Афікс) і неслужбовыя (каранёвыя, гл.Корань); першыя звычайна звязаныя, другія — свабодныя. Ад ролі ў складзе слова М. падзяляюць на словаўтваральныя, ці дэрывацыйныя («пра-дзед»), словазмяняльныя, ці рэляцыйныя («вез-ці»), і формаўтваральныя, ці рэляцыйна-дэрывацыйныя («прыгаж-эйш-ы»), у залежнасці ад паходжання — на ўласныя і запазычаныя. М. могуць быць матэрыяльна выражанымі ці нулявымі («стол» — «стал-ы»). Паняцце «М.» ў мовазнаўства ўвёў рас. вучоны І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ (1881). Вучэнне пра М. вылучаецца ў асобную галіну мовазнаўства — марфеміку.
Літ.:
Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,
адм.-тэр. адзінка правасл. царквы з цэнтрам у Мінску. Утворана ў крас. 1793 у складзе Грэка-расійскай (Рускай) правасл. царквы. У 1-й трэці 19 ст. ўключала тэр. Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ. З 1840 тэр. епархіі ахоплівала толькі Мінскую губ. У 1921 зах. частка епархіі апынулася ў Польшчы і перайшла пад юрысдыкцыю Польскай аўтакефальнай правасл. царквы. У ліп. 1922 абвешчана Мінская мітраполія, якая падзялялася на Мінскую, Бабруйскую, Мазырскую, Слуцкую епархіі. Мітрапалітам стаў епіскап мінскі Мелхіседэк, які т.ч. узначаліў усю правасл. царкву на тэр.БССР. У выніку рэпрэсій супраць духавенства ў 1930-я г. епархія фактычна спыніла дзейнасць. Ва ўмовах ваен. акупацыі ў кастр. 1941 адноўлена ў рамках Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1950-я г. ў сувязі з тым, што епіскапы на інш.бел. кафедры не прызначаліся, М.п.е. ў рангу мітраполіі заставалася адзінай у Беларусі (кананічна падпарадкоўвалася Маскоўскаму патрыярхату). У 1989 утвораны Бел. экзархат Маскоўскага патрыярхата (Беларуская праваслаўная царква), сталі адраджацца інш. епархіі. З лют. 1992 межы М.п.е. сталі супадаць з адм. граніцамі Мінскай вобл. На 2000 у епархіі 279 царк. прыходаў, 4 манастыры, дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя і Мінскае духоўнае вучылішча. З 1989 адноўлена выданне «Минских епархиальных ведомостей».
Літ.:
Шэйкін Г. Мінская епархія // Бел.правасл. каляндар, 1997. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ФАРФО́РАВЫ ЗАВО́Д.
Створаны ў 1883 у Мінску як з-д кафлянай пліткі. З 1920 кафляны, з 1951 фарфора-фаянсавы, з 1961 фарфоравы з-д, з 1994 сучасная назва. У 1954 уведзены ў дзеянне аддзяленне радыёкерамікі, у 1962 цэх фарфоравага посуду, у 1973 жывапісна-муфельнае аддзяленне. Асн. прадукцыя: фарфоравы посуд, электратэхн. фарфор, радыёкераміка, вогнетрывалыя вырабы, эмалі і грунты. Выпускае маст. фарфоравыя вырабы (каля 170 найменняў), у т. л. кававыя, чайныя, сталовыя сервізы, чайнікі, кубкі, вазы, статуэткі, сувеніры, дэкар. блюды, дзіцячыя наборы і інш. Вырабы аздабляюць ручной размалёўкай, метадам аэраграфіі, штампа, дэколем. Мае маст. лабараторыю. Мастакі В.Леантовіч (гал. мастак), І.Алісевіч, Л.Багданаў, В.Данчук, Г.Ліцвіненка, Л.Малышаў, А.Фядусь распрацоўваюць малюнкі, новыя формы посуду паводле традыцый бел.нар. і прафес.дэкар.-прыкладнога мастацтва. Сярод вырабаў: сервізы «Лянок», «Арнамент», «Павуцінка», «Слуцкі», «Сувенірны», «Сіняя галінка», «Матылёк», «Паўночнае ззянне», «Маладзёжны», «Вішнёвы», «Пяшчотны», «Карычневыя стужкі», «Званочак», «Чорная ружа», «Фантазія», «Няміга», «Кветкі лугавыя», «Бярозка», «Рабінка», «Залацістая мелодыя восені», «Беларускі краявід», «Дзянніца», вазы «Вішнёвая», «Слуцкая», «Каласок», «Чырвоная», «Традыцыя», «Галубка», «Беларуская», «Народная», статуэткі «Зубр», «Бусел», «Знакі Задыяка», электрачайнікі, самавары «Элегантныя».
В.Л.Леантовіч.
Да арт.Мінскі фарфоравы завод. І.Алісевіч. Дэкаратыўны набор ваз «Казіно». 1997.Да арт.Мінскі фарфоравы завод. В.Леантовіч. Сталовы сервіз «Народны». 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЫСЛІ́ЦЕЛІ І АСВЕ́ТНІКІ БЕЛАРУСІ»,
аднатомны энцыклапедычны даведнік. Падрыхтаваны і выдадзены выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1995. Змяшчае матэрыялы пра жыццёвы шлях і творчую дзейнасць прадстаўнікоў філас. і грамадскай думкі, асветнікаў краіны ад 10 да пач. 20 ст. Уключае больш за 650 біяграфій дзярж., грамадска-паліт. і рэліг. дзеячаў, філосафаў, педагогаў, вучоных розных галін навукі, вынаходнікаў, пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, музыкантаў, выдаўцоў, бібліятэкараў, прыродазнаўцаў, падарожнікаў, краязнаўцаў, удзельнікаў нац.-вызв. і рэв. руху (незалежна ад нац. прыналежнасці, веравызнання, грамадскай пазіцыі і светапогляду), якія зрабілі важкі ўклад у скарбонку айч. і сусв. культуры. Матэрыялы размеркаваны на 4 раздзелы: эпоха Полацкага і Тураўскага княстваў (10—12 ст.); эпоха Вялікага княства Літоўскага (13—16 ст.); эпоха Рэчы Паспалітай (17—18 ст.); Беларусь у складзе Рас. імперыі (19 ст.). Артыкулы ў раздзелах размешчаны ў алфавітным парадку. Асобна змешчаны ўрыўкі і фрагменты з некаторых твораў; у якасці пасляслоўя змешчаны арт. д-ра філас.н. А.С.Майхровіча «Ля вытокаў нацыянальнага адраджэння».
Даведнік мае імянны паказальнік і тлумачальны слоўнік тэрмінаў і філас. паняццяў, якія трапляюцца ў тэксце. Ілюстраваны партрэтамі дзеячаў, выявамі мясцін, звязаных з іх жыццём і творчасцю, фамільнымі гербамі, тытульнымі лістамі з кніг і інш.
Г.А.Маслыка.
«Мысліцелі і асветнікі Беларусі». Мінск, 1995. Вокладка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЯ АСВЕ́ТА»,
выдавецтва Дзярж.к-та Рэспублікі Беларусь па друку. Засн. ў крас. 1951 у Мінску як Дзярж. вучэбна-пед.выд-ваМін-ва культуры Беларусі. З 1963 сучасная назва. Выпускае падручнікі, вучэбныя дапаможнікі, метадычныя і дыдактычныя выданні для агульнаадук. школы, навук.-папулярную і даведачную л-ру, вучэбна-метадычныя комплексы. Забяспечвае вучэбнай л-рай спец.агульнаадук. школы для дзяцей з затрымкай фіз. развіцця і інш. недахопамі і парушэннямі (ілюстраваныя каляровыя падручнікі, вучэбныя і метадычныя дапаможнікі). Стварае вучэбна-метадычныя комплексы: падручнік — вучэбны дапаможнік — метадычныя ўказанні да іх — дыдактычныя матэрыялы — наглядныя дапаможнікі. «Бібліятэка настаўніка пачатковых класаў», «Бібліятэка настаўніка беларускай мовы і літаратуры», «Бібліятэка настаўніка рускай мовы», «Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць» дапамагалі настаўнікам весці навучанне на высокім навукова-тэарэт. узроўні. Выдала шмат навук.-пазнавальных кніг для дзяцей у серыях «Школьнікам аб гісторыі Беларусі», «Народныя пісьменнікі Беларусі», «Наша прырода», «Вучням аб прафесіях», а таксама фотаальбомы пра жыццё і творчасць Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, І.Шамякіна і інш., творы М.Гогаля, М.Горкага, Л.Талстога, працы класікаў пед. навукі. Больш за 10 гадоў выходзіла серыя «Бацькам пра дзяцей», надрукавана шмат выданняў па дашкольным выхаванні. У 1977 «Буквар» для нац. школы А.К.Клышкі атрымаў залаты медаль на Лейпцыгскім кірмашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКАВЫ́РАЎ (Пётр Пятровіч) (16.10.1910, г. Чэлябінск, Расія — 25.10.1977),
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1957). Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова), з 1948 выкладаў у ёй (з 1969 дацэнт). Яго творчая індывідуальнасць найб. выявілася ў інстр. музыцы, якой ўласцівы перавага лірыка-драм. вобразнасці, інтанацыйная характарнасць, маляўнічасць муз. мовы. Лепшыя творы вылучаюцца светлым, аптыміст. гучаннем, глыбокім драматызмам, меладызмам, пабудаваным пераважна на інтанацыях бел.нар. песні. У музыцы для дзяцей (кантата, песня, фп. п’есы) паказаў тонкае разуменне асаблівасцей дзіцячага светаўспрымання. Сярод твораў: опера «Павел Карчагін» (1941, 2-я рэд. 1958, паст. Опернай студыяй Бел. кансерваторыі ў 1967), кантаты «Ваявода» (1937, на вершы А.Пушкіна), «Балада аб чатырох заложніках» (1954, на вершы А.Куляшова); 5 сімфоній (1940—77), канцэрты для фп. (1965), скрыпкі (1941, 1955, 1975), віяланчэлі (1966) з арк.; сімфаньета для фп. з арк. «Родныя напевы» (1969, 2-я рэд. 1972), «Беларуская рапсодыя» (1948) для арк.бел.нар. інструментаў, 5 стр. квартэтаў (1941—75), квінтэты фп. (1946) і для духавых інстр. (1960), фп. цыклы «24 прэлюдыі», «Ў піянерскім лагеры»; фантазіі, уверцюры, маршы, песні, вак. цыклы для голасу з фп., музыка да драм. спектакляў і інш. Сярод вучняў: А.Залётнеў, В.Іваноў, В.Карэтнікаў, В.Помазаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́ЎСКІ (Яўген Уладзіміравіч) (н. 20.9.1959, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1986, клас І.Лучанка, Дз.Смольскага). Адзін з арганізатараў і дырэктар (1992—96) нац.тэатр.-канцэртнага аб’яднання «Беларуская капэла», з 1996 муз. рэдактар Бел. ін-та праблем культуры. У творчасці звяртаецца да сучасных тэхнік кампазіцыі, яго музыка вылучаецца вытанчанасцю гучання. Асн. творы: кантаты «Бацькаўшчына» на вершы Н.Гілевіча, Л.Геніюш (1985), «Званы маёй Русі» на вершы А.Фета, М.Рубцова (1986); сімф. паэма «Quo vadis?» (1985), сімфонія «Lux aeterna» памяці Ф.Скарыны і эскізы «Поразава» (1991) для сімф.арк.; «Музыка для альта і камернага аркестра памяці Станіслава Глякоўскага» (1987), «Dea Luna» (1996), «Барбара Радзівіл» (1999), камерны балет «Людзі святла месяца» (1995); камерна-інстр. — Саната для альта і фп. (1984), «Навела» для гітары і стр. квартэта з керамічнымі званочкамі (1991); канцэрт «Мой ціхі дом» на вершы Я.Купалы, Я.Коласа, Геніюш (1987), цыклы «Пагода ўжо позняй восені» на вершы Л.Стафа (1998), «Супрасльскай мадонне» на тэксты з Супрасльскага ірмалагіёна (1999) для хору, вак. цыклы на вершы А.Гаруна, М.Багдановіча; электронныя творы «Карозія часу», «Лунаючы ў прасторы». Лаўрэат Рэсп. конкурсу, прысвечанага 500-годдзю з дня нараджэння Скарыны (1991), міжнар. конкурсу «Йіглава—2000» (Прага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯДО́ВІЧ (Макар Трафімавіч) (21.8.1906, в. Караваева Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 30.12.1984),
бел. пісьменнік. З 1925 працаваў у газ. «Беларуская вёска», з 1935 у час. «Полымя рэвалюцыі», з 1945 у газ. «Звязда». Друкаваўся з 1925. Зб-кіапавяд. «Зруйнаваныя межы», «Людзі вясны» (абодва 1930), «Чатырнаццаты нумар» (1934), аповесці «Марсель» (1931), «Хада ў заўтра» (1933) пра сац. змены на вёсцы. Раман «Паўстанне» (1940) пра партыз. барацьбу ў часы герм. і польскай акупацыі Беларусі. Раман «Святло над Ліпскам» (кн. 1—2, 1949—52) пра аднаўленне пасляваен. вёскі. Аўтар аповесцей «Магістральны канал», «Цёплае дыханне» (абедзве 1947), «З табою побач» (1956—59, пра К.П.Арлоўскага), «Па воўчых сцежках» (1957), зб-каў гумарыст. апавяд. «Двайное дно» (1964), літ. пародый і памфлетаў «Наравісты Пегас» (1968), нарысаў «Мяцежнае сэрца» (1959), «Салігорскае дзіва» (1963), кніжак апавяд. для дзяцей «Вучоны верабей» (1938), «Зялёны канверт» (1964), п’ес «Гонар» (1934), «Гарачае сэрца» (1938), «Шалёная рысь» (1939). На бел. мову пераклаў апавяданні А.Пушкіна, А.Чэхава, аповесці М.Гогаля «Тарас Бульба» (з А.Бачылам), П.Бажова «Зялёны конік», раманы Ж.Верна «Таямнічы востраў», М.Астроўскага «Народжаныя бурай», «Як гартавалася сталь» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТРЫКАЎ (Пётр Ціханавіч) (н. 12.7.1927, в. Мікалаеўка Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. гісторык. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1977). Д-ргіст.н. (1973), праф. (1978). Скончыў БДУ (1956). Удзельнік Вял.Айч. вайны. З 1961 у Ін-це гісторыі АНБССР (з 1962 вучоны сакратар, з 1968 нам. дырэктара, у 1975—88 дырэктар Ін-та гісторыі АНБССР, у 1984—90 заг. аддзела гісторыі навукі). З 1991 дырэктар музея Нац.АН Беларусі. У 1996—99 першы нам.гал. рэдактара выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя», з 1999 гал.навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі Нац.АН Беларусі. Асн. працы прысвечаны гісторыі нац.-дзярж. будаўніцтва ў БССР. Кіраўнік аўтарскага калектыву, рэдактар і адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» у 5 т. (т. 5, 1975), «Гісторыі рабочага класа БССР» (т. 1—4, 1984—87), «Нарысаў гісторыі навукі і культуры Беларусі, IX — пач. XX ст.» (1996).
Тв.:
Советы депутатов трудящихся БССР и их роль в создании материально-технической базы коммунизма (1959—1965 гг.). Мн., 1972;
Ревкомы Белоруссии. Мн., 1975;
Забота Советской власти о здоровье трудящихся. Мн., 1976;
Национальная Академия наук Беларуси, 1929—1999. Мн., 1998 (у сааўт.);
Изучение П.О.Гориным истории Советов // Президент Академии наук академик П.О.Горин: Выступления и ст.Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСЬМО́ВАЯ МО́ВА,
мова, на якой створана пісьменнасць і якая мае пісьмовую традыцыю. Пры дапамозе П.м. ажыццяўляюцца зносіны паміж людзьмі, фіксуецца і перадаецца інфармацыя. Для перадачы П.м. ствараюцца сістэмы графічных знакаў (літар, іерогліфаў, лічбаў і інш., гл.Пісьмо), правіл (арфаграфіі, пунктуацыі і інш.), а таксама неабходны матэрыял (папера, скура, тканіна і інш.).
П.м. адрозніваецца ад вуснай мовы тым, што разлічана на зрокавае ўспрыманне, больш позняя па часе ўзнікнення. Яна характарызуецца стройнасцю і паслядоўнасцю выкладання думкі, ужываннем складаных і ўскладненых сінтакс. канструкцый, абстрактнай, спец. і тэрміналагічнай лексікі; адсутнасцю дапамогі з боку жэстаў, мімікі, гукавой інтанацыі.
П.м. неабходная для многіх стыляў мовы. напр., навук., афіц.-дзелавога. Калі П.м. губляе сувязь з жывым маўленнем, то становіцца мёртвай мовай. Існуюць пісьмовыя штучныя мовы.
Пісьмовая беларуская мова пачала фарміравацца ў 13 ст. Зараз яна рэалізуецца ў разнавіднасцях: уніфікаваная, літ. П.м. — агульнапрынятая, без парушэнняў норм сучаснай бел.літаратурнай мовы; неліт. П.м. — з вял. парушэннем агульнапрынятых літ. норм, напр., фанет. транскрыпцыя дыялектнай мовы (гл.Дыялект), сац. жаргонаў і інш.; стылізаваная П.м. — матываваная літ.-гутарковая, літ.-прастамоўная, літ.-дыялектная П.м., якая часта сустракаецца ў мове маст. твораў і служыць для стварэння адпаведнага каларыту.
Літ.:
Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд.Мн., 1984.