СКЛА́ДЗЕНЬ,

складны абраз, або т.зв. машчавік з двух (дыпціх), трох (трыпціх) ці больш (паліпціх) частак-створак. Выконваецца ў тэхніках тэмпернага жывапісу, разьбы па косці або дрэве, у метале з выкарыстаннем чаканкі, філіграні, эмалі і інш.

Жывапісныя С. належаць да стараж.-візант. літургічнай традыцыі. У зах.-еўрап. мастацтве позняй готыкі, Адраджэння, барока пашырыліся алтарныя С., якія аб’ядноўвалі жывапіс і скульптуру (напр., С. М.​Пахера ў царкве г. Санкт-Вольфганг, Аўстрыя, 1471—81); скульптурныя (напр., драўляны С. В.​Ствоша ў касцёле Дзевы Марыі ў г. Кракаў, Польшча, 1477—89); жывапісныя (напр., «Алтар Ільдэфонса» П.​П.​Рубенса, 1632). У Расіі з 15 ст. пашыраны мініяцюрныя, медналітыя, выразаныя з дрэва ці косці С. з гравіроўкай, залатой і сярэбранай сканню (трыпціх майстра Лукіяна, 1412—13, і інш).

На Беларусі С. меў вял. пашырэнне ў правасл. (напр., С. «Наталля. Маці Божая Адзігітрыя. Рафаіл», 1760) і стараверскіх храмах (шматстворкавыя метал. С., аздобленыя выемчатай каляровай эмаллю 17—20 ст.).

Да арт. Складзень. Наталля. Маці Божая Адзігітрыя. Рафаіл. Беларуская школа. 1760.

т. 14, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)