сінтэтычны тэрмапластычны палімер, прадукт полімерызацыі этылену, адзін з найб. пашыраных поліалефінаў, [—CH2—CH2—]n. Займае 1-е месца ў сусв. вытв-сці палімераў, што атрымліваюць метадам полімерызацыі.
Цвёрдае рэчыва белага колеру. Паводле спосабу атрымання адрозніваюць П. высокага ціску, ці нізкай шчыльнасці (913—930 кг/м³), з мал. м. (3—40)∙104, tпл 103—110 °C, і П. нізкага ціску, ці высокай шчыльнасці (910—968 кг/м³), з мал. м. (5—100)∙104, tпл 124—137 °C. Пры пакаёвай т-ры не раствараецца ў арган. растваральніках (абмежавана набракае). Тэрмадэструкцыя ў паветры пачынаецца пры 180 °C. Спалучае высокую трываласць пры расцягванні з эластычнасці, добры дыэлектрык. Устойлівы да ўздзеяння хім. рэагентаў і радыеактыўных выпрамяненняў Выкарыстоўваюць для вытв-сці плёнак тэхн. і быт. прызначэння (гл.Плёнкі палімерныя), вырабу ёмістасцей, канстр. дэталей, арматуры, гальванічных ваннаў, высокатрывалых валокнаў, пратэзаў унутр. органаў, цепла- і электраізаляцыі, прадметаў хатняга ўжытку і інш.
Літ.:
Полиэтилен низкого давления: Науч.-технич. основы пром. синтеза. Л., 1980;
Полиэтилен высокого давления: Науч. технич. основы пром. синтеза. Л., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ СПА́ДЧЫНА,
вайна за польскую спадчыну (1733—35) паміж Расіяй, Аўстрыяй і Саксоніяй з аднаго боку і Францыяй — з другога. Падстава — выбары караля Рэчы Паспалітай пасля смерці Аўгуста II (1733). Францыя падтрымлівала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага, зацвярджэнне якой вяло да стварэння антырас. блоку дзяржаў на чале з Францыяй. Расія і Аўстрыя падтрымлівалі сына Аўгуста II саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста II. Паводле просьбы групы магнатаў, Расія ў вер. 1733 увяла ў Рэч Паспалітую свае войскі. 12.9.1733 на сейме ў Варшаве каралём быў выбраны Ляшчынскі, але частка шляхты на занятай рас. войскамі тэр. ўзвяла на прастол Фрыдрыха Аўгуста II (гл.Аўгуст Ш). Рас. войскі ў студз. 1734 захапілі г. Торунь, у ліп. — Гданьск (Данцыг), адкуль Ляшчынскі ўцёк у Прусію. У 1734—35 Францыя з пераменным поспехам вяла ваен. дзеянні супраць Аўстрыі на р. Рэйн і ў Італіі. У кастр. 1735 заключаны папярэдні, а ў ліст. 1738 у Вене — канчатковы мір паміж Аўстрыяй і Францыяй, да якога ў 1739 далучыліся Расія, Рэч Паспалітая і Саксонія. Францыя прызнала каралём Рэчы Паспалітай Аўгуста III.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СЦІЛКА,
узорыстатканы выраб утылітарнага, дэкар., а ў мінулым і абрадавага прызначэння; від тканін мастацкіх. Пашырана ў многіх народаў свету. На Беларусі тэхнікай выканання, памерам, кампазіцыйна-арнаментальным вырашэннем блізкая да дывана. Выкарыстоўваецца для накрывання, засцілання ложка, выязных вазка і саней, у якасці дывана. Традыц. П. ткалі ў 3—4 ніты або перабіранай («на дошчачку», «на матузы» і інш.) ці шматнітовай тэхнікай ткацтва. Паводле формы прамавугольныя (1,5—2,3 мдаўж., 0,9—1,5 мшыр.) з 2—3 (радзей аднаго) кавалкаў тканіны з ільняных або ваўняных (ці аснова льняная, уток ваўняны) нітак. Вызначаліся разнастайнасцю арнаментальных кампазіцый: ад геам. да расл. матываў, утвораных спалучэннем 2 і болей колераў. Стрыманы каларыт ранейшых па часе П. характарызаваўся выкарыстаннем натуральных колераў матэрыялу і адценняў фарбаў, якія рабілі ў хатніх умовах з кары дрэў, раслін і г.д. Грубатканую П. наз. радзюжкай. Цяпер П. вырабляюцца асобнымі майстрамі, а таксама фабрыкамі маст. вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕТЭ́Й,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі тытан (гл.Тытаны), багаборца, абаронца людзей ад дэспатызму багоў. Паводле міфаў, стварыў з зямлі і вады людзей, навучыў іх будаваць жыллё, вадзіць караблі, таксама астраноміі, медыцыне, пісьму. Выкраў з Алімпа і прынёс людзям агонь, за што раззлаваны Зеўс загадаў прыкаваць П. да скалы на Каўказе. Кожны дзень на працягу тысячагоддзяў да П. прылятаў арол і дзёўб яго печань, якая за ноч адрастала. Стогны П. чулі арганаўты ў час свайго падарожжа. Нарэшце з дазволу Зеўса Геракл забіў арла і вызваліў П. У стараж. Афінах культ П. шанавалі адначасова з культамі Гефеста і Афіны. Існавала свята ў гонар П. — праметэі — бег з факеламі. Вобраз П. — адзін з найб. значных у сусв. л-ры (П.Кальдэрон, Эсхіл, І.В.Гётэ, П.Б.Шэлі, Дж.Байран, Ф Кафка і інш.), яму прысвечаны творы выяўл. мастацтва (Л.Карачы, П.П.Рубенс, Я.Іорданс і інш.) і музыкі (Л.Бетховен, А.М.Скрабін і інш.).
Праметэй стварае першага чалавека (справа багіня Афіна). Фрагмент рэльефу саркафага. 3 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЛІЧЫ́ЛЬНІК,
газаразрадная прылада для рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў, выхадны сігнал якой прапарцыянальны энергіі зарэгістраванай часціцы.
Зараджаная часціца пры праходжанні праз газ, які запаўняе П.Л., стварае на сваім шляху іон-электронныя пары, лік якіх залежыць ад энергіі, страчанай часціцай у газе. У адрозненне ад іанізацыйнай камеры анодная нітка П.л. мае малую таўшчыню (да 0,1 мм і менш), у выніку чаго электроны паблізу ад яе набываюць энергію, дастатковую для другаснай іанізацыі і на анод прыходзіць лавіна электронаў. Паводлеэнергет. раздзялення П.л. пераўзыходзіць сцынтыляцыйны лічыльнік, але саступае паўправадніковаму дэтэктару, аднак у адрозненне ад яго дазваляе працаваць у вобласці энергій, меншых за 1 кэВ У фізіцы высокіх энергій пашыраны прапарцыянальныя камеры, што налічваюць некалькі дзесяткаў тысяч П.л., далучаных да ЭВМ, якая запамінае і апрацоўвае інфармацыю. П.л. выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў, астрафізіцы, тэхніцы, медыцыне, геалогіі і інш.
Схема прапарцыянальнага лічыльніка: 1 — нітка-анод; 2 — акно; 3 — крыніца часціц; 4 — катод; 5 — крыніца высокага напружання; 6 — лічыльнік імпульсаў; а — вобласць дрэйфу электронаў, б — вобласць газавага ўзмацнення; R — супраціўленне нагрузкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСПЕ́КТ (ад лац. prospectus від, агляд) у горадабудаўніцтве, асноўная магістраль вял., буйнога горада са шматрадным трансп. рухам. Уздоўж П. звычайна размяшчаюцца адм.-грамадскія і інш. плошчы з асн. і грамадскімі будынкамі, што ўтвараюць значныя арх. ансамблі горада. Можа стварацца на працягу невял. адрэзка часу паводле адзінай задумы і ў адным стылі, на працягу доўгага часу шляхам дапаўнення першапачатковай кампазіцыі інш. па стылі будынкамі і збудаваннямі ці шляхам карэннай рэканструкцыі. У Расіі і на Беларусі паяўленне П. звязана з развіццём горадабудаўніцтва і ансамблевасці забудовы ў 18—19 ст. (П. Неўскі ў С.-Пецярбургу, Дняпроўскі ў Магілёве і інш.). Значнымі памерамі і ансамблевасцю забудовы вылучаюцца Скарыны праспект, Машэрава праспект у Мінску, П. Чарняхоўскага ў Віцебску, Касманаўтаў у Гродне, Леніна ў Гомелі, Міру ў Магілёве і інш. У стварэнні арх.-маст. аблічча П. выкарыстоўваюцца сродкі фарміравання арх. ансамбляў, выпрацаваныя шматвяковым вопытам горадабудаўніцтва (цэласнасць, маштабнасць, спалучэнне адкрытых і замкнёных прастораў, замыканне перспектыў арх. акцэнтамі і інш.).
Літ.:
Общественные центры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦО́ЎНАЯ ДЫСЦЫПЛІ́НА,
абавязковае выкананне працоўнага распарадку і адпаведных працоўных абавязкаў. Асн. нарматыўнымі актамі П.д. ў Беларусі з’яўляюцца КЗаП, Тыпавыя правілы прац. распарадку, галіновыя і мясц. правілы ўнутр.прац. распарадку. ПаводлеКЗаП работнік павінен: добрасумленна працаваць; выконваць устаноўленыя нормы па ахове працы; беражліва адносіцца да маёмасці і наймальніка, выконваць яго пісьмовыя і вусныя распараджэнні ў адпаведнасці з дадзенымі яму паўнамоцтвамі; садзейнічаць павышэнню прадукцыйнасці працы і забяспечваць выкананне патрабаванняў да якасці прадукцыі, работ і паслуг; не выдаваць камерцыйную тайну наймальніка; павышаць сваю кваліфікацыю па прапанове наймальніка і за яго кошт; падпарадкоўвацца правілам унутр. распарадку, інш. дакументам, якія рэгламентуюць пытанні П.Д.; выконваць інш. абавязкі, што вынікаюць з дзейнага заканадаўства, калект. і прац. дагавораў. КЗаП абавязвае наймальніка арганізоўваць працу работнікаў, ствараць умовы для росту прадукцыйнасці працы, забяспечваць прац. і вытв. дысцыпліну, выконваць заканадаўства аб працы і правілы яе аховы, уважліва ставіцца да патрэб і запатрабаванняў работнікаў, паляпшаць умовы іх працы і побыту. За ўзорнае выкананне прац. абавязкаў да работнікаў выкарыстоўваюцца меры заахвочвання; за парушэнні П.д. — меры дысцыплінарнага спагнання; у асобных выпадках — прадугледжаная заканадаўствам адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ШЧА,
месца (крыніца, возера, камень, узгорак і г.д.), надзеленае, паводле ўяўленняў вернікаў, надзвычайнымі надпрыроднымі сіламі і ўласцівасцямі. П. назвалі таксама маленне пра дараванне грахоў у якім-н. «святым» ці «цудадзейным» месцы. У навук. ўжытак тэрмін «П.» ўвёў у пач. 20 ст. М.Янчук. Вера ў П. генетычна звязана з культам прыроды. Некат. П. ўзніклі з язычніцкіх свяцілішчаў. Аднак этнографамі зафіксаваны выпадкі ўзнікнення пакланення П. і ў 19—20 ст. П. наведвалі, каб пазбавіцца ад хвароб, сюды прыносілі ахвяраванні (палатно, ручнікі, кветкі, ежу і інш.). Значная частка П. была прызнана хрысціянскім духавенствам і знаходзілася пад яго апекай. Каля такіх П. нярэдка будавалі капліцы, цэрквы, касцёлы, у дні рэліг. свят праводзілі хрэсныя хады і богаслужэнні. Найб. вядомымі былі П. Сіняя Крыніца каля г. Слаўгарад Магілёўскай вобл., Святая Горка каля г.п. Смілавічы Мінскай вобл., нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., камяні-следавікі на Траецкай гары ў Мінску і інш. П. на Беларусі даследавалі М.Доўнар-Запольскі, Янчук, Ф.Пакроўскі, Е.Раманаў, А.Багдановіч, М.Мялешка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1432,
заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены ад імя караля польскага Ягайлы як вярх. князя літоўскага і рускага яго ўпаўнаважанымі пасламі са згоды новага вял.кн.ВКЛЖыгімонта Кейстутавіча ў Гродне 15.10.1432, у дзень заключэння новай уніі паміж Польшчай і ВКЛ. Меў на мэце схіліць на бок Жыгімонта баярства, што падтрымлівала вял.кн.Свідрыгайлу. Паводле П. правасл.бел. і ўкр. князі і баяры ўраўноўваліся ў асабістых і маёмасных правах з феадаламі-католікамі. Ім гарантавалася недатыкальнасць маёнткаў як спадчынных, так і дадзеных вял. князямі, права вольнага распараджэння землямі, дазвалялася займаць дзярж. пасады ў Віленскім і Трокскім ваяв., уступаць з літ. баярамі ў гербавае братэрства (набываць гербы). Такім чынам, на правасл. баярства былі пашыраны Прывілей 1387 і Гарадзельскі прывілей 1413. Аднак фактычна П. 1432 дзейнічаў толькі на тэр.зах. часткі Беларусі. Бел. і ўкр. феадалы ў сваёй масе не падтрымалі Жыгімонта і выступілі супраць падпарадкавання Польшчы. Яны ўступалі ў войска Свідрыгайлы, разгаралася феад. вайна (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39). Гэта вымусіла Жыгімонта выдаць Прывілей 1434. П. 1432 напісаны на лац. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЛО́ЎЕ,
часціна мовы, якая абазначае прыкмету дзеяння, стану або якасці. Асн. марфалагічная асаблівасць П. — адсутнасць форм скланення і спражэння. Можа мець формы ступеней параўнання.
У сказе П. прымыкаюць да дзеясловаў («сядзець моўчкі»), прыметнікаў («якасна новы»), лічэбнікаў («трэці злева»), радзей да назоўнікаў («сяўба па-новаму») і П. («позна ноччу»). Паводле значэння падзяляюцца на якасна-азначальныя, што ўказваюць на якасць («агніста»), меру («крыху»), ступень інтэнсіўнасці, мяжу дзеяння, прыкметы ці стану («датла», «уволю») і акалічнасныя, што ўказваюць на месца або напрамак («там», «уверх»), час («аднойчы»), прычыну («спрасонку»), мэту («наўмысна») дзеяння. Утвараюцца афіксальным (суфіксальным — «высока»; прэфіксальным — «некуды»; прэфіксальна-суфіксальным — «змалку») спосабамі, асноваскладаннем («штогод») і інш. Папаўняюцца за кошт пераходу ў іх склад інш. часцін мовы: назоўнікаў («страх»), дзеепрыслоўяў («спатыкаючыся»), часціц («абы-абы»), Могуць ужывацца ў якасці прыназоўнікаў («побач»), злучнікаў («калі»), часціц («ледзь»), мадальных слоў («напэўна»), У сказе выконваюць ролю акалічнасці (пераважна), азначэння, выказніка.
Літ.:
Шуба П.П. Прыслоўе ў беларускай мове: Марфал. нарыс. Мн., 1962;
Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;