СВЯТАГО́РСКІ МАНАСТЫ́Р,

помнік архітэктуры 16—19 ст. у г.п. Пушкінскія Горы Пскоўскай вобл. (Расія). Засн. ў 1569 як мужчынскі. Размяшчаецца на Святых (б. Сінічых) гарах. Ансамбль манастыра абнесены пабеленымі каменнымі сценамі і Анастасіеўскай і Святой брамамі. На вяршыні ўзгорка — мураваны 4-стаўповы 3-апсідны 1-купальны Успенскі сабор (16 ст.) з традыц. рысамі Пскоўскай школы дойлідства. У ветразевых скляпеннях і верхняй ч. праслаў сабора ўстаноўлены галаснікі. У ансамблі С.м. званіца ў стылі класіцызму (скончана ў 1821; у яе верхнім ярусе размяшчаўся гадзіннік), брацкі корпус з трапезнай, гасцініца. На тэр. манастыра магіла А.​С.​Пушкіна і яго продкаў. Пасля 1918 у саборы была экспазіцыя, прысвечаная Пушкіну. У Вял. Айч. вайну манастыр моцна пашкоджаны. Адноўлены. З 1990-х г. храм дзейнічае. С.м. уваходзіць у склад Музея-запаведніка Пушкіна.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

т. 14, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЎРУКО́Ў Мікалай Іванавіч (н. 28.6.1947, г. Дальні, Кітай),

бел. баяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1983). Праф. (1990). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1971). З 1966 выкладчык муз. школы ў Ленінградзе, з 1972 — Мінскага муз. вучылішча імя М.​Глінкі, з 1973 саліст Бел. філармоніі, адначасова выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1981 заг. кафедры). Яго выканальніцкі стыль адметны глыбокім пранікненнем у аўтарскую задуму, віртуозным валоданнем інструментам, раскрываючы яго тэхн. і тэмбравыя магчымасці. У рэпертуары творы кампазітараў-класікаў (у пералажэннях) і сучасных аўтараў, у т. л. бел. Я.​Глебава, В.​Войціка, В.​Іванова, В.​Помазава, Л.​Шлег і інш. Лаўрэат Міжнар. конкурсу баяністаў у ГДР (1971). Пра творчасць С. зняты тэлефільм «Іграе Мікола Сеўрукоў». Сярод вучняў Б.​Біёчыч, Г.​Вінаградскі, І.​Квашэвіч, А.​Мацкевіч, Н.​Слюсар, Ю.​Тарасёнак.

І.​М.​Шмелькіна.

т. 14, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКА́ЛЬСКІ Сцяпан Уладзіміравіч (15.1.1899, Мінск — 29.12.1972),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Працаваў у тэатрах Харкава і інш. гарадоў (1917—19), на Бел. радыё (1932—35, маст. кіраўнік), у Белдзяржэстрадзе (1948—52), Бел. т-ры імя Я.​Коласа (1926—32, 1937—48, 1952—65). Характарны акцёр. Сярод роляў у т-ры імя Я.​Коласа: Мартын Рыль, Шышла («У пушчах Палесся», «Вайна вайне» Я.​Коласа), Дубавец («Проба агнём» К.​Крапівы), пан Бараноўскі («Несцерка» В.​Вольскага), Абабурка («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Мікола Барановіч («Каля тэрасы» М.​Грамыкі), Пётр, поп Паўлін («Мяшчане», «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Косця («Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава), Астап («Астап» А.​Глобы), Павел Паўлавіч («Рэйкі гудуць» У.​Кіршона), фон Штубэ («Разлом» Б.​Лаўранёва), Сысоеў («Першая конная» У.​Вішнеўскага).

т. 14, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАЎКО́ВІЧ Даір Фёдаравіч (н. 21.9.1932, Мінск),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1960). З 1954 бібліятэкар, у 1962—77 заг. Уздзенскай раённай дзіцячай б-кі. Друкуецца з 1946. Піша пераважна для дзяцей і юнацтва пра гераізм народа ў вайну, вёску, маладых рабочых і інш. Аўтар аповесцей «Сцежкаю мужных» (1971), «Клуб вясёлых чамучак» (1973), «Алесік едзе ў Красабор» (1981), дакумент. аповесці «Свежыя ветры над Дворышчамі» (1982), зб-каў апавяданняў «Каласавічок» (1969), аповесцей і апавяд. «Пачым фунт ліха?» (1975), «Алея невядомага салдата» (1981), «Гвардзейскі знак» (1982), нарысаў «Бібліятэкар» (1983), зб. гумару і сатыры «Фірменны сродак» (1976), п’ес «Крутадух» (1980), «Беражыце мужчын» (1984), «Даеш хуткасны!» (1985) і інш. На бел. мову пераклаў казку В.​Гаўфа «Маленькі Мук».

Тв.:

Федоскины каникулы. М., 1980;

«Я вернусь, мама!..» Мн., 1982;

Красобор. Мн., 1988.

т. 14, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПРЫНЧА́Н Вадзім Браніслававіч (н. 14.1.1950, г. Гомель),

бел. паэт, перакладчык. Сын Б.​П.​Спрынчана. Скончыў БДУ (1972). У 1972—89 у выд-ве «Мастацкая літаратура» (з 1982 заг. рэдакцыі паэзіі). Друкуецца з 1976. Піша на рус. мове. У паэт. зб-ках «Зямля і зоры» (1981), «Святло непадзельнае» (1991) філас. роздум пра чалавека, прыроду, трывога за лёс свету, тэма кахання. Вершы 1990-х г. вызначаюцца ўзмацненнем хрысц. матываў. Складальнік кніг вершаў бел. паэтаў «Адданасць» (1978), «Дзень паэзіі, 1965—1984» (1986, з Я.​Міклашэўскім), кніг твораў М.​Лермантава «Зорка зорцы голас падае» (1989), А.​Пушкіна (т. 1—2, 1990) і інш. Пераклаў на рус. мову асобныя вершы Я.​Коласа, Р.​Барадуліна, А.​Канапелькі, М.​Мятліцкага, Г.​Пашкова, А.​Пысіна, М.​Стральцова, Я.​Янішчыц і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНІ́ЦА,

1) у Рус. дзяржаве 15—17 ст. конны атрад (60—100 чал.), які высылалі на паўд. і паўд.-ўсх. межы краіны для аховы і папярэджання нечаканага нападу праціўніка.

2) Невялікі атрад суправаджэння пасланца казацкага войска для вядзення перагавораў з інш. казацкім войскам або суседняй дзяржавай. Выраз «паслаць грамату са станіцай» азначаў паслаць грамату ў суправаджэнні атрада.

3) Дэлегацыя («пасольства») казацкага войска (16—18 ст.), якая накіроўвалася ў сталіцу Расіі для выказвання гатоўнасці служыць рус. царам, а таксама для сувязі з урадам.

4) У Расіі 17—18 ст. казацкае пасяленне, з 19 ст. адм.-тэр. адзінка і яе цэнтр у казацкіх абл., якая аб’ядноўвала некалькі хутароў і пасёлкаў; афіц. назва буйных сёл на тэр. б. казацкіх войск (у Краснадарскім, Стаўрапольскім краях, Растоўскай вобл. і інш.).

т. 15, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭ́НБЕРГІ Уладзімір Аўгуставіч (4.4.1899—1982) і Георгій Аўгуставіч (20.10.1900 — 14.10.1933),

расійскія графікі, дызайнеры, мастакі афармленчага мастацтва, тэатр. мастакі, браты. Нарадзіліся ў Маскве. Вучыліся ў Строганаўскім маст.-прамысл. вучылішчы (1912—17) і Свабодных маст. майстэрнях (1917—20). У пач. 1920-х г. удзельнічалі ў афармленні масавых свят. Прадстаўнікі канструктывізму. Удзельнікі руху вытв. мастацтва, адны са стваральнікаў сав. кінаплаката, якім уласцівы суадносіны дынамікі і мантажнага прынцыпу фільма, спалучэнне перамалёўкі эфектнага кадра з буйнымі каляровымі плоскасцямі і кідкім шрыфтам. Творы: афармленні спектакля «Опера жабракоў» Б.​Брэхта і К.​Вейля ў Маскоўскім Камерным т-ры, інтэр’ераў Палаца культуры аўтазавода (абодва 1930) у Маскве, святочнае афармленне Краснай плошчы (1928—34). У.​Стэнберг выканаў афармленне выстаўкі «Нашы дасягненні» (з Л.​Стэнберг, 1934), святочнае афармленне Краснай плошчы (1945, 1947—62, з С.​Стэнбергам) і інш.

т. 15, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ПРАСЛЬСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік беларуска-літоўскага летапісання 15 ст., самы поўны спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Захаваўся ў рукапісе 1519, выяўленым М.К.Баброўскім у пач. 19 ст. ў б-цы Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра (адсюль назва, гл. таксама Супрасльскі рукапіс). Складаецца з 2 асн. частак: 1-я — «Избрание летописания», куды ўваходзяць скарочаны стараж.-рус. летапіс (ахоплівае гісторыю Русі за 854—1427), Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту» і смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46; 2-я — «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле». Тэкст «Летапісца...» няпоўны, з пропускамі. Упершыню апублікаваны І.М.Даніловічам у 1823—24 у час. «Дзеннік Віленьскі». Змешчаны таксама ў 17-м і 35-м т. Поўнага збору рускіх летапісаў. Зберагаецца ў Архіве Санкт-Пецярбургскага філіяла Ін-та рас. гісторыі Рас. АН.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 15, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУХО́ПАЛЬ,

вёска ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Пружаны—Боркі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 31 км на ПнЗ ад г. Пружаны, 120 км ад Брэста, 45 км ад чыг. ст. Аранчыцы. 425 ж., 169 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (1903).

Вядома з 1680 як дзярж. вёска ў Брэсцкім пав. ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі, з 1801 цэнтр воласці Пружанскага пав. З 1921 у складзе Польшчы, з 1925 цэнтр гміны Пружанскага пав. Палескага ваяв. З 1939 у складзе БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Шарашоўскага, з 1956 Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў С. і сельсавеце 305 чал.

М.​П.​Клімец.

т. 15, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАХТАМЫ́Ш (?—1406),

хан Залатой Арды. Нашчадак хана Джучы. У 1370-я г. пры дапамозе Цімура заваяваў раёны Паўд. Казахстана і ў бас. р. Сырдар’я. У 1380, выкарыстаўшы паражэнне ў Кулікоўскай бітве Мамая, які не належаў да дынастыі Джучы, Т. захапіў уладу ў Залатой Ардзе. У першыя гады свайго кіравання аднавіў адзінства дзяржавы пасля шматгадовай смуты. У 1382 захапіў і спаліў Маскву. У 1389—95 вёў вайну з Цімурам, якая скончылася паражэннем Т. і ўцёкамі ў ВКЛ. У 1395—98 жыў у г. Ліда. У 1397 і 1398 разам з Вітаўтам удзельнічаў у паходах на Дон і Крым, адкуль прывёў шмат татарскіх сем’яў, якія пасяліліся ў ВКЛ (Беларусь, Літва, Украіна). У 1398—99 пацярпеў паражэнне ад хана Заволжскай Арды Цімур-Кутлука. Забіты ў Сібіры ханам Шадыбекам.

І.​Б.​Канапацкі.

т. 15, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)