СПРЫНЧА́Н Вадзім Браніслававіч (н. 14.1.1950, г. Гомель),

бел. паэт, перакладчык. Сын Б.​П.​Спрынчана. Скончыў БДУ (1972). У 1972—89 у выд-ве «Мастацкая літаратура» (з 1982 заг. рэдакцыі паэзіі). Друкуецца з 1976. Піша на рус. мове. У паэт. зб-ках «Зямля і зоры» (1981), «Святло непадзельнае» (1991) філас. роздум пра чалавека, прыроду, трывога за лёс свету, тэма кахання. Вершы 1990-х г. вызначаюцца ўзмацненнем хрысц. матываў. Складальнік кніг вершаў бел. паэтаў «Адданасць» (1978), «Дзень паэзіі, 1965—1984» (1986, з Я.​Міклашэўскім), кніг твораў М.​Лермантава «Зорка зорцы голас падае» (1989), А.​Пушкіна (т. 1—2, 1990) і інш. Пераклаў на рус. мову асобныя вершы Я.​Коласа, Р.​Барадуліна, А.​Канапелькі, М.​Мятліцкага, Г.​Пашкова, А.​Пысіна, М.​Стральцова, Я.​Янішчыц і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)