ТАХТАМЫ́Ш (?—1406),
хан Залатой Арды. Нашчадак хана Джучы. У 1370-я г. пры дапамозе Цімура заваяваў раёны Паўд. Казахстана і ў бас. р. Сырдар’я. У 1380, выкарыстаўшы паражэнне ў Кулікоўскай бітве Мамая, які не належаў да дынастыі Джучы, Т. захапіў уладу ў Залатой Ардзе. У першыя гады свайго кіравання аднавіў адзінства дзяржавы пасля шматгадовай смуты. У 1382 захапіў і спаліў Маскву. У 1389—95 вёў вайну з Цімурам, якая скончылася паражэннем Т. і ўцёкамі ў ВКЛ. У 1395—98 жыў у г. Ліда. У 1397 і 1398 разам з Вітаўтам удзельнічаў у паходах на Дон і Крым, адкуль прывёў шмат татарскіх сем’яў, якія пасяліліся ў ВКЛ (Беларусь, Літва, Украіна). У 1398—99 пацярпеў паражэнне ад хана Заволжскай Арды Цімур-Кутлука. Забіты ў Сібіры ханам Шадыбекам.
І.Б.Канапацкі.
т. 15, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)