Бры́ла ’глыба’; бры́ля ’валік зямлі’ (Жд.). Укр. бри́ла ’глыба, вялікі кусок; скала і г. д.’, польск. bryła. Цёмнае слова. Смешак (MPKJ, IV, 391–393) зыходзіць з і.-е. *bher‑ ’біць, рэзаць’: *bhrū‑lā. Параўн. яшчэ Слаўскі, 1, 45 (падтрымлівае гэту версію); Рудніцкі, 207 (сумняваецца). Паводле Бернекера, 93, няяснае слова. Адносна магчымай роднаснасці з літ. brilà ’вялікі кусок і г. д.’ гл. Фрэнкель, 1, 58.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́галаў ’аброць без повада’ (Бяльк.; Юрч., Нар. сін.). Рус. о́головь, оголо́вок, укр. (лемк.) огла́в, огла́вець, ц.-слав. оглавъ ’вуздэчка’, польск. ogłów, чэш. ohlav, ohlávka, балг. огла́вник, макед. оглав, оглавник, серб.-харв. о̏гла̄в ’тс’. Прасл. ogolvъ. З о‑ і галава. Паводле Брукнера, 376, запазычанне з ц.-слав., якое распаўсюдзілася ў слав. мовы, аднак гэтаму пярэчыць рус. форма. У бел., мяркуючы па тэрыторыі, не выключана запазычанне з рус.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́бнячка ’выязныя сані’ (ігн., Сл. ПЗБ), польск. сейненск. łubńa ’размаляваны сундук з дошак з лаўкамі, які накладваюць на сані ў час урачыстых паездак’, рус. (ЛітССР) лу́бни ’тс’, лубня́ ’сані са спінкай’ (Сцяшк. Сл.), ярасл., кіраўск., перм. лубя́нки ’сані, пакрытыя лубам’. Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 2, 675), Зданцэвіча (LP, 8, 1960, 344) і Лаўчутэ (Liet. term, 155), — гэта запазычанне з літ. lúbnios ’рабочыя сані, развалы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляту́чая мыш ’кажан’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТСБМ). Усх.-слав. Аналагічна ням. Fleder‑maus (< с.-в.-ням. vlëdern ’лётаць, пыркаць’ + Maus ’мыш’). Серб.-харв. сле̑пи ми̏ш ’тс’, магчыма, таксама сведчыць аб архаічнасці словазлучэння. Сюды ж палес. лету́ча муш ’блёкат чорны, Hyocyamus niger L.’ (паводле псіхатропнага або і атрутнага дзеяння алкалоідаў расліны, яе назва атаясамліваецца з павер’ямі вакол кожана накшталт таго, што дотыкі або ўкусы яго выклікаюць смерць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́дрык ’божая кароўка’ (З жыцця), укр. ве́дрик. Паводле Трубачова, Эт. сл., 1, 180–182, вэ́дрык — вынік трансфармацыі асновы *bedr‑, засведчанай у назвах божай кароўкі ў слав. мовах (агляд гл. у Трубачова, там жа). Іншая версія: сувязь з *vedr‑ ’яснае надвор’е і да т. п.’ (гл., напр., Г. Ф. Шило, Названия божьей коровки в украинских говорах («Совещание по общеславянскому лингвистическому атласу». М., 1969, с. 37).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Відо́мец1 ’Parnassia L.’ (БРС), відомец балотны ’Parnassia palustris L.’ (гродз., Кіс.). Не мае адпаведнікаў у іншых слав. мовах. Відавочна, паходзіць ад відомы ’відны, бачны, светлы, прыкметы’ < viděti > vidom‑ъ і суф. ‑ьcь. Параўн. яшчэ рус. белозор, укр. білозор, рус. белоцвет, белоцветка, матывацыя наймення якіх падобна да называння відо́мец.

Відомец2 ’Angelica silvestris’ (маг., гом., Кіс.). Узнікла ў выніку пераносу значэння паводле колеру кветкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галасава́ць1 (на выбарах) (БРС). Рус. голосова́ть, укр. голосува́ти. Паводле Шанскага (1, Г, 121), з’яўляецца ўласна рус. словам (зафіксавана з 1863 г.). Як мяркуе Шанскі (там жа), паралельныя ўтварэнні ў іншых слав. мовах, магчыма, узніклі па рускай мадэлі.

Галасава́ць2 ’гучна крычаць’ (Шатал.). Да галас ’крык, шум, бойка і да т. п.’ (гл). Невядома, аднак, дакладна, ці галасава́ць ад га́ла́с, ці га́ла́с ад галасава́ць?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гам ’шум, крык’ (Нас., Шат., Касп., Бяльк., Шатал.). Параўн. рус. гам, укр. гам. Паводле (Шанскага (1, Г, 23), усх. слав. слова. Лічыцца звязаным чаргаваннем галосных з коранем *gom (параўн. слав. *gomonъ ’шум’, *gomoniti і г. д.) гукапераймальнага паходжання (гл. Бернекер, 1, 326–327; Праабражэнскі, 1, 118; Фасмер, 1, 390–391; Шанскі, там жа). Сюды адносіцца і дзеяслоў бел. гамава́ць ’брахаць; крычаць, лаяць’ (Сцяц. Словаўтв.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Грыб ’грыб’. Рус. гриб, укр. гриб, польск. grzyb, чэш. hřib, балг. гриб. Прасл. *gribъ ’тс’. Паходжанне слова не вельмі яснае, шмат гіпотэз (агляд у Трубачова, Эт. сл., 7, 127–128). Верагоднай здаецца версія, паводле якой *gribъ < *gribati < *grebti: у аснове данай назвы ляжыць падабенства грыба да кучкі зямлі, якую нагарнулі; Трубачоў, там жа, 127. Гл. яшчэ Якабсон, Word, 8, 1952, 387; далей Фасмер, 1, 457–458.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гігель1, лаянкавае слова («Гі́гель ты!»). Магчыма, звязана з гіге́ль ’палявы хвошч’ (гл.).

Ґі́ґель2 ’хвошч’ (віц., Янк. Мат.), гі́гель ’палявы хвошч, Equisetum arvense’ (Касп.), ґіґе́ль, ґіґі́ль (Сл. паўн.-зах.). Паводле Непакупнага (Лекс. балтызмы, 29), гэта запазычанне з літ. gegė̃lis, gigė̃lis ’тс’. Здаецца, звязаным з гэтым словам Непакупны (там жа) лічыць і бел. лексему гі́гель (без пэўнага значэння, якая сустракаецца на Гомельшчыне). Параўн. яшчэ гігалле́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)