ДЫЭЛЕ́КТРЫКІ (ад дыя... + англ. electric электрычны),

рэчывы, якія практычна не праводзяць электрычны ток і могуць палярызавацца ў знешнім эл. полі (гл. Палярызацыя дыэлектрыкаў). Бываюць цвёрдыя (напр., бурштын, слюда, шкло, эбаніт), вадкія (вада, трансфарматарнае масла) або газападобныя (усе газы). Падзяляюцца на непалярныя (малекулы маюць сіметрычную будову і цэнтры «цяжару» дадатных і адмоўных зарадаў супадаюць), палярныя (малекулы пры адсутнасці знешняга эл. поля маюць адрозны ад 0 дыпольны момант) і іонныя крышталі (крышталічная рашотка з правільным чаргаваннем іонаў розных знакаў і ўтварэннем 2 іонных падрашотак). Адпаведна адрозніваюць электронную (дэфармацыйную), арыентацыйную (дыпольную) і іонную палярызацыю. Механізмы палярызацыі Д. розныя і залежаць ад характару хім. сувязей. Асн. характарыстыкі Д.: дыэлектрычная пранікальнасць, дыэлектрычная ўспрыімлівасць і эл. трываласць (гл. Прабой дыэлектрыкаў). У тэхніцы выкарыстоўваюцца як электраізаляцыйныя матэрыялы, у кандэнсатарах служаць для павелічэння ёмістасці; у паўправадніковай электроніцы (у т. л. мікраэлектроніцы) выкарыстоўваюцца дыэл. плёнкі (аморфныя, шклопадобныя, палімерныя) для ўтварэння структур метал—Д.—метал, метал—Д.—паўправаднік і інш. На аснове кантактаў у выглядзе тонкага слоя Д., які раздзяляе 2 звышправаднікі (кантакты Джозефсана; гл. Джозефсана эфект) створаны маламагутныя ЗВЧ генератары, хуткадзейныя элементы памяці ЭВМ, квантавыя інтэрферометры і інш.

На Беларусі даследаванні па фізіцы Д. пачаліся ў 1935 у БПІ (М.А.Безбародаў). З 1959 вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН, Бел. політэхн. акадэміі і інш.

Літ.:

Сканави Г.И. Физика диэлектриков (область слабых полей). М.; Л., 1949;

Яго ж. Физика диэлектриков (область сильных полей). М., 1958;

Рез И.С., Поплавко Ю.М. Диэлектрики: Основные свойства и применения в электронике. М., 1989.

А.​У.​Шэлег.

т. 6, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць калій. Найб. пашыраныя К.з. — солі неарган. кіслот. Большасць з іх бясколерныя крышт. рэчывы, добра растваральныя ў вадзе. Амаль 90% прадуктаў перапрацоўкі прыродных К.з. (сільвін, сільвініт, каініт) выкарыстоўваюць як мінеральныя ўгнаенні.

Калію галагеніды: брамід KBr, ёдыд К.І. выкарыстоўваюць для вырабу святлоадчувальных фотаматэрыялаў і ў медыцыне; хларыд KCl — найб. пашыранае з калійных угнаенняў. Калію гексацыянафераты (II, III): гексацыянаферат (II) K4[Fe(CN)6]3H2O (жоўтая крывяная соль), гексацыянаферат (III) K3[Fe(CN)6] (чырв. крывяная соль) — крышталі адпаведнага назве колеру. Выкарыстоўваюць як рэагенты ў аналіт. хіміі: жоўтую крывяную соль — пры вырабе пігментаў, фарбаванні шоўку, у вытв-сці цыяністых злучэнняў, ферытаў, каляровай паперы, для утылізацыі радыеактыўнага цэзію. Таксічныя. Калію дыхрамат (хромпік) K2Cr2O7 — аранжава-чырв. крышталі. Моцны акісляльнік. Выкарыстоўваюць у запалкавай прам-сці, піратэхніцы. Таксічны: растворы разбураюць скурнае покрыва. Калію карбанат (паташ) K, CO3, выкарыстоўваюць у вытв-сці вадкага мыла, тугаплаўкага і хрусталёвага шкла. Калію нітрат KNO3 выкарыстоўваюць як угнаенне (гл. Калійная салетра), для вырабу чорнага пораху і піратэхн. саставаў, у вытв-сці запалак, шкла, для кансервавання мясных прадуктаў. Калію перманганат KMnO4 — цёмна-фіялетавыя крышталі, раскладаюцца з вылучэннем кіслароду пры т-ры вышэй за 240 °C. Выкарыстоўваюць як акісляльнік у арган. сінтэзе, антысептычны сродак у медыцыне. Калію сульфат K2SO4 утварае шматлікія падвойныя солі, у т. л. галын. Выкарыстоўваюць як бясхлорнае калійнае ўгнаенне і для атрымання інш. солей калію. Калію хларат (берталетава соль) KClO3, моцны акісляльнік. Выкарыстоўваюць у вытв-сці выбуховых рэчываў, запалак, для атрымання кіслароду ў лабараторных умовах. Каліюцыянід (цыяністы калій) KCN выкарыстоўваюць для цыянавання і ў гальванатэхніцы. Высокатаксічны: выклікае ўдушша ў выніку паралічу тканкавага дыхання.

А.​П.​Чарнякова.

т. 7, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАХІ́МІЯ,

галіна ведаў аб хім. уласцівасцях драўніны і хім. вытв-сцях па перапрацоўцы драўніны і інш. расліннай сыравіны. Вылучаюць цэлюлозна-папяровую, гідролізную, дубільна-экстрактавую, каніфольна-шкіпінарную і піролізную вытв-сці.

Цэлюлозна-папяровая вытворчасць выпускае цэлюлозу, паперу, кардон і вырабы з іх, драўнянавалакністыя пліты, а таксама паўцэлюлозу і хім. драўняную масу — паўпрадукты, якія разам з цэлюлозай маюць геміцэлюлозы і лігнін. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць балансавую драўніну, пераважна хвойную, пашыраецца выкарыстанне драўніны лісцевых парод (асіна, бяроза), адходаў лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі, некат. раслінных матэрыялаў (салома, трыснёг), макулатуры (у вытв-сці паперы і кардону). Гідролізная вытворчасць перапрацоўвае адходы лесапілавання і с.-г. раслінаводства (напр., кукурузныя храпкі, сланечнікавае шалупінне), з якіх атрымліваюць этылавы спірт, фурфурол, бялкова-вітамінныя канцэнтраты і інш. (гл. Гідролізная прамысловасць). Дубільна-экстрактавая вытворчасць выпускае дубільныя экстракты (гл. Дубільныя рэчывы), якія атрымліваюць з водных выцяжак кары елкі, вярбы, бадану, лістоўніцы ці драўніны дубу, каштану і інш. Каніфольна-шкіпінарная вытворчасць — перапрацоўка жывіцы і асмолу, значную колькасць каніфолі і шкіпінару атрымліваюць таксама з сульфатнага мыла (пабочны прадукт цэлюлознай вытв-сці). Піролізная вытворчасць вырабляе ў асн. драўняны вугаль. Гл. таксама Лесахімічная прамысловасць.

На Беларусі даследаванні ў галіне Л. пачаліся з канца 1920-х г. у Ін-це хіміі АН Беларусі, вядуцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі і Бел. тэхнал. ун-це. Распрацаваны прамысл. спосабы атрымання палімераў тэрпенаў, каніфолі з высокімі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, каніфольных кляёў і інш.

Літ.:

Богомолов Б.Д. Химия древесины и основы химии высокомолекулярных соединений. М., 1973;

Гордон Л.В., Скворцов С.О., Лисов В.И. Технология и оборудование лесохимических производств. 5 изд. М., 1988.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 9, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗО́ЎНІК,

знамянальная часціна мовы, якая характарызуецца грамат. значэннем прадметнасці. Н. абазначаюць канкрэтныя прадметы, жывых істот, абстрактныя паняцці, рэчывы, апрадмечаныя дзеянні, якасці, уласцівасці, працэсы, з’явы і інш. Паводле значэння падзяляюцца на агульныя («горад», «паэт») і ўласныя («Васіль», «Свіцязь»), адушаўлёныя («чалавек», «мыш») і неадушаўлёныя («вецер», «мора»), асабовыя («мужчына», «патрыёт») і неасабовыя («неба», «алень»), канкрэтныя («стол», «год») і абстрактныя («воля», «слава»), зборныя («моладзь», «крылле»), рэчыўныя («лён», «хлеб»). Значэнне прадметнасці могуць набываць інш. самаст. і службовыя часціны мовы (гл. Субстантывацыя). Н. мае: род — мужчынскі («горад»), жаночы («вёска»), ніякі («сяло»); л і к — адзіночны і множны («сад — сады»); склон — назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны. У бел. мове бываюць Н. агульнага роду («сірата»), Н., якія ўжываюцца толькі ў адзіночным («трысцё») або множным ліках («нетры»); у дыялектах захаваліся рэшткі парнага ліку («дзве вярбе», «дзве вядрэ») і клічнай формы («браце», «сынку»). Паводле склонавых форм падзяляюцца на 3 тыпы скланення. Нешматлікія Н. рознаскланяльныя («імя», «дзіця») і нязменныя («таксі», «калібры»), Утвараюцца афіксальным (суфіксальным: «касец», «паляшук»; прэфіксальным: «прыгарад», «нядоля»; прэфіксальна-суфіксальным: «падпечак», «пралеска»); бязафіксным («кліч», «сон») спосабамі, асноваскладаннем («крыгаход», «вадаспад»), абрэвіяцыяй («калгас», «БДУ») і інш. Могуць уступаць у сэнсава-сінтакс. сувязі з інш. словамі ў сказе і ўтвараць адпаведныя тыпы словазлучэнняў. У сказе найчасцей выконваюць ролю дзейніка, дапаўнення ці прыдатка, радзей — выказніка, акалічнасці, азначэння.

Літ.:

Жыдовіч М.А. Назоўнік у беларускай мове. Ч. 1. Адзіночны лік. Мн., 1969;

Наркевіч А.І. Назоўнік: Грамат. катэгорыі і формы. Мн., 1976;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ТРЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць натрый. Для натрыю найб. характэрны іонныя злучэнні з крышт. будовай. Найб. шырока выкарыстоўваюць натрыю гідраксід, солі неарган. і арган. к-т (гл. Мылы).

Солі неарган. кіслот (пры бясколерным аніёне) — бясколерныя крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе, іх водныя растворы і расплавы з’яўляюцца электралітамі. Натрыю брамід NaBr выкарыстоўваюць як аптычны матэрыял, у вытв-сці святлоадчувальных фотаматэрыялаў, у медыцыне (седатыўны сродак). Натрыю гідракарбанат NaHCO3 — пітная, ці харч., сода. Натрыю карбанат Na2CO3 — кальцыніраваная сода. Натрыю нітрат (натрыевая салетра) NaNO3 у прыродзе мінерал чылійская салетра (нітранатрыт). Выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне, кансервант харч. прадуктаў. Натрыю сульфат Na2SO4 трапляюцца ў выглядзе мінералаў: тэнардыту і мірабіліту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, цэлюлозы, як сыравіну для атрымання інш. Н.з., сернай к-ты. Натрыю тыясульфат — соль тыясернай кіслаты. Вырабляюць у выглядзе пентагідрату Na2S2O3∙5H2O. Выкарыстоўваюць для звязвання хлору пасля адбельвання тканін, як фіксаж у фатаграфіі, у медыцыне. Натрыю фасфаты — солі фосфарных кіслот. Выкарыстоўваюць як кампаненты мыйных сродкаў, змякчальнікі вады, у харч. прам-сці (напр., дыгідраортафасфат NaH2PO4 — разрыхляльнік цеста), у фатаграфіі (кампаненты праявіцелю) і інш. Натрыю фтарыд NaF у прыродзе мінерал віліяміт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці алюмінію і плавіковай к-ты, як кампанент флюсаў, эмалей, зубной пасты, кансервант драўніны, інсектыцыд і інш. Натрыю хларыд (кухонная соль, каменная соль) NaCl, tпл 801 °C, шчыльн. 2161 кг/м³. Вельмі пашыраны ў прыродзе: мінерал галіт, у марской вадзе, рапе салёных азёр. Атрымліваюць з прыроднай сыравіны. Выкарыстоўваюць яе смакавую дабаўку да ежы, для атрымання соды, хлору, гідраксіду натрыю і інш.

А.​П.​Чарнякова.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНАЯ АЎТАМА́ТЫКА,

сукупнасць тэхн. сродкаў для аўтам. выяўлення, лакалізацыі і тушэння пажару. Тэхн. эфектыўнасць П.а. вызначаецца здольнасцю выконваць задачы (у сукупнасці ці адну з іх): папярэджваць магчымасць узнікнення пажару, забяспечваць бяспеку людзей і матэрыяльных каштоўнасцей.

Складаецца з сістэм пажарнай сігналізацыі і аўтам. установак пажаратушэння (АУП). АУП маюць сродкі для выяўлення небяспечных фактараў пажару (напр., выдзялення цяпла, дыму, газападобных прадуктаў няпоўнага згарання), ёмістасці для захоўвання вогнетушыльных рэчываў, сістэмы выпускання такіх рэчываў у ахоўную прастору. Могуць аўтаномна выконваць усе зададзеныя функцыі, у т. л. сігналізацыю, без выкарыстання дадатковых сістэм пажарнай сігналізацыі ці ўключаць іх у сябе ў якасці пускавых. Паводле канструкцыі бываюць агрэгатныя (тэхн. сродкі выяўлення пажару, захоўвання і выпускання вогнетушыльных рэчываў і інш., якія з’яўляюцца самастойнымі адзінкамі і манціруюцца на аб’екце), модульныя (састаўныя часткі сістэмы, аб’яднаныя ў модулі), спрынклерныя (забяспечваюць лакальнае тушэнне пажару ў месцы інтэнсіўнага павышэння т-ры) і дрэнчарныя (забяспечваюць тушэнне па ўсёй плошчы ці па ўсім аб’ёме памяшкання); паводле тыпу вогнетушыльнага рэчыва — вадзяныя, пенныя, газавыя, парашковыя, аэразольныя, для тушэння парай. Тушэнне пажару выконваецца па ўсёй плошчы (ці аб’ёме) або лакальна (у месцы ўзнікнення пажару) Выкарыстоўваюцца таксама ўстаноўкі для стварэння проціпажарных заслон, якія перашкаджаюць распаўсюджванню пажару. АУП (акрамя спрынклерных) дадаткова маюць дыстанцыйныя ці мясц. прыстасаванні для ручнога пуску. Вогнетушыльныя рэчывы падаюцца ў месца гарэння праз насадкі, распыляльнікі, арашальнікі і пенагенератары. Выхад з арашальнікаў спрынклерных АУП закрываюць клапанамі, трымальнікі якіх разбураюцца пад дзеяннем т-ры пажару. П.а. абсталёўваюцца збудаванні і памяшканні з высокай пажарнай ці выбуховай небяспекай.

А.​В.​Кузняцоў, С.​А.​Лосік, М.​С.​Місюкевіч.

т. 11, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕРЫЗА́ЦЫЯ,

метад сінтэзу палімераў, пры якім макрамалекула ўтвараецца шляхам паслядоўнага далучэння малекул аднаго ці некалькіх манамераў да актыўнага цэнтра, што знаходзіцца ў канцы растучага ланцуга; адзін з асн. спосабаў атрымання высокамалекулярных злучэнняў. У П. ўступаюць нізкамалекулярныя рэчывы, малекулы якіх маюць кратныя сувязі (алефіны, дыенавыя і ацэтыленавыя вуглевадароды, альдэгіды, нітрыты і інш.) або цыклічныя групоўкі, здольныя раскрывацца (аксіды алефінаў, цыклічныя эфіры, лактоны, лактамы і інш.).

Паводле колькасці манамераў, што ўдзельнічаюць у П., адрозніваюць гамаполімерызацыю (адзін манамер) і суполімерызацыю (2 і больш), паводле прыроды актыўнага цэнтра — радыкальную П., калі актыўны цэнтр — свабодны радыкал (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі), і іонную П., актыўныя цэнтры — іоны (аніённая ці катыённая П.) або палярызаваныя малекулы (каардынацыйна-іонная П.). Пры П. развіццё кінетычнага ланцуга (працэс П. ўключае некалькі асн. стадый, т.зв. элементарных актаў — ініцыіраванне, рост ланцуга, яго абрыў і перадача) адбываецца адначасова з ростам матэрыяльнага ланцуга макрамалекулы. Найб. пашыраныя спосабы ажыццяўлення П.: П. ў масе, ці блочная (П. вадкага манамера ў адсутнасці растваральніку), П. ў растворы (полімерызуецца раствораны манамер), эмульсійная П. і суспензійная П. (П. манамера, дыспергаванага ў вадзе), газафазная (П. газападобнага манамера пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення ці на паверхні каталізатара), а таксама цвердафазная П. (П. манамераў у крышт. або шклопадобным стане). Метадам П. атрымліваюць каля 75% агульнага аб’ёму сінт. палімераў, што вырабляюць у свеце, (у т. л. найб. буйнатанажныя поліалефіны, полістырол, полівінілхларыд), а таксама асн. масу каўчукоў сінтэтычных.

Літ.:

Оудиан Дж. Основы химии полимеров: Пер. с англ. М., 1974;

Иванчев С.С. Радикальная полимеризация. Л., 1985;

Брук М.А., Павлов С.А. Полимеризация на поверхности твердых тел. М., 1990.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЖА (Rosa),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 300 (па інш. звестках да 400) відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я і ў гарах тропікаў. Стараж. цэнтр вырошчвання Р. — Пярэдняя Азія, адкуль яна трапіла ў ант. Грэцыю. У культуры больш за 30 тыс. сартоў (характэрна міжвідавая гібрыдызацыя). На Беларусі 9 дзікарослых відаў (шыпшын) Найб. вядомыя Р.: Жэрара (R. scherardii), іржава-чырвоная (R. rubiginosa), майская, ці карычная (R. majalis), мяккая (R. mollis), сабачая (R. canina), скурысталістая (R. caesia), Юндзіла (R. jundzillii). Трапляюцца ў падлеску разрэджаных лясоў, хмызняках, па берагах рэк, каля агароджаў. На Беларусі інтрадукаваны Р.: калючая (R. pimpinellifolia), маршчыністая (R. rugosa), шматкветная (R. multiflora), шызая (R. glauca) і інш.

Лістападныя або вечназялёныя кусты, часам павойныя, выш. 15—200 см (некат. віды ўтвараюць пляцістыя галіны даўж. да 12 м). Лісце чаргаванае, непарнаперыстае з прырослымі да чаранка прылісткамі. Кветкі простыя ці махровыя, дыяметрам 1—16 см, пахучыя, розных колераў, адзіночныя або сабраныя ў парасонападобна-мяцёлчатыя суквецці. Плод — аднанасенны арэшак, змешчаны звычайна ў мясістым несапраўдным плодзе. Плады шыпшыны маюць у сабе разнастайныя вітаміны, напр., вітаміну С у іх амаль у 10 разоў больш, чым у цытрусавых, з іх атрымліваюць сіропы і вітамінныя канцэнтраты, жаўцягонны прэпарат халасас, з пладоў і пялёсткаў — варэнне, мармелад, пасцілу, цукеркі, з пладоў і каранёў — дубільныя рэчывы, фарбавальнікі, з пялёсткаў казанлыкскай ружы — ружавы алей і ружавую ваду для парфумерыі, касметыкі, кандытарскай і лікёра-гарэлачнай вытв-сці. Лек., харч., эфіраалейныя, тэхн., меданосныя і дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Ружа: 1 — шыпшына маршчыністая; 2 — Глорыя Дэй; 3 — Сэнтэнэр дэ Люрдэ; 4 — Джон Ф.​Кенэдзі; 5 — Супер Стар.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

галіна хіміі, якая вывучае злучэнні вугляроду з інш. элементамі (арганічныя злучэнні) і іх ператварэнні. Займаецца сінтэзам і вызначэннем структуры арган. злучэнняў, вывучэннем сувязі хім. будовы рэчываў з рэакц. здольнасцю і фіз. ўласцівасцямі, практ. выкарыстаннем. Падзяляецца на стэрэахімію, хімію высокамалекулярных злучэнняў, прыродных рэчываў (антыбіётыкаў, вітамінаў, гармонаў і інш.), металаарган., фторарган., комплексных злучэнняў, фарбавальнікаў. Цесна звязана з біяхіміяй, медыцынай, біялогіяй, арган. геахіміяй, малекулярнай біялогіяй і інш. галінамі навук.

З’явілася ў пач. 19 ст. ў выніку абагульнення ведаў пра ўласцівасці рэчываў жывёльнага і расліннага паходжання і ўяўленняў таго часу аб жыццёвай сіле (vis vitalis), якая быццам бы стварае арган. рэчывы толькі ў жывых арганізмах. Тэрмін «арганічная хімія» ўведзены Ё.​Берцэліусам (1827). Сінтэз мачавіны (Ф.​Вёлер; 1828), аніліну (М.​М.​Зінін; 1842), воцатнай кіслаты (А.​Кольбе; 1845), рэчываў тыпу тлушчаў (П.​Бертло; 1854), цукрыстага рэчыва (А.​М.​Бутлераў; 1861) паказаў магчымасць штучнага атрымання арган. рэчываў. З 2-й чвэрці 19 ст. пачалі развівацца тэарэт. ўяўленні арганічнай хіміі, у т. л. тэорыя радыкалаў (Ю.​Лібіх, Вёлер, Э.​Франкленд, Р.​Бунзен), тэорыя тыпаў (Ж.​Дзюма, Ш.​Жэрар і О.​Ларан), паняцце пра валентнасць хім. элементаў, чатырохвалентнасць вугляроду і здольнасць яго атамаў ствараць складаныя малекулы. Абгрунтаваная ў 1861 Бутлеравым хімічнай будовы тэорыя прапанавала існаванне сувязі паміж будовай і ўласцівасцямі арган. злучэнняў, растлумачыла з’яву прасторавай ізамерыі арган. злучэнняў. А.​Кекуле ў 1865 створана тэорыя будовы араматычных злучэнняў (на прыкладзе бензолу); у 1874 Я.​Вант-Гоф і Ж.​Ле Бель заклалі асновы стэрэахіміі, вылучылі аптычную ізамерыю і геаметрычную ізамерыю арган. рэчываў. Развіццё арганічнай хіміі ў пач. 20 ст. звязана з дасягненнямі квантавай фізікі і электронных тэорый хім. сувязі. Вызначаны тыпы хім. сувязі; Г.​Льюіс, В.​Косель, К.​Інгалд, Л.​Полінг распрацавалі і дапоўнілі ўяўленнямі квантавай хіміі і квантава-хімічнымі разлікамі электронную тэорыю будовы арган. злучэнняў, прадказалі і растлумачылі арганічнай хіміі рэакцыйную здольнасць. У 2-й пал. 20 ст. пачалося станаўленне фізічнай арганічнай хіміі, у якой абагульнены ўяўленні па механізмах рэакцый і сувязі паміж структурай арган. злучэнняў і іх рэакц. здольнасцю; шырокае выкарыстанне ў даследаваннях храматаграфіі, рэнтгенаскапіі, масспектраскапіі, метадаў ЭПР, ЯМР, ІЧ- і УФ-спектраскапіі. Сінтэзаваны новыя класы крэмнійарган. злучэнняў (полісілаксаны), поліаміды (нейлон), фторпалімеры (тэфлон), цэнавыя злучэнні пераходных металаў (ферацэн), фізіялагічна актыўныя злучэнні, лекавыя прэпараты, атрутныя рэчывы, сродкі аховы раслін, антыпірэны. Метады арганічнай хіміі разам з фіз. метадамі даследавання выкарыстоўваюцца ў вызначэнні будовы нуклеінавых кіслотаў, бялкоў, складаных прыродных злучэнняў, з дапамогай матэм. мадэлявання ажыццяўляецца мэтанакіраваны сінтэз арган. рэчываў з зададзенымі ўласцівасцямі. Магчымасці арганічнай хіміі дазволілі сінтэзаваць хларафіл, вітамін B12 (Р.​Вудварт), полінуклеатыды (А.​Тод), распрацаваць аўтаматызаваны сінтэз ферментаў. Сучаснае дасягненне арганічнай хіміі ў геннай інжынерыі — сінтэз актыўнага гена (Х.​Каран; 1976). Выкарыстанне дасягненняў арганічнай хіміі прывяло да стварэння тэхналогій вытв-сці сінт. каўчукаў, пластычных масаў, сінт. валокнаў, фарбавальнікаў, кінафотаматэрыялаў, атрутных рэчываў, сродкаў аховы раслін, духмяных рэчываў, лек. прэпаратаў.

На Беларусі даследаванні па арганічнай хіміі пачаліся ў 1924 у БДУ і вядуцца ў ін-тах фізіка-арган. і біяарган. хіміі АН, БДУ, Бел. тэхнал. ун-це, с.-г., мед. і інш. НДІ. Сінтэзаваны і вывучаны ператварэнні металаарган., поліхлорарган., пераксідных злучэнняў, ацыклічных і гетэрацыклічных злучэнняў, стэроідаў, гетэрастэроідаў, простагландзінаў, нуклеатыдаў, тэрпеноідаў. Буйнейшыя прадпрыемствы: ВА «Палімір» (г. Наваполацк), ВА «Азот» (г. Гродна), Магілёўскі камбінат сінт. валокнаў.

Літ.:

Несмеянов А.Н., Несмеянов Н.А. Начала органической химии. Кн. 1—2. 2 изд. М., 1974;

Нейланд О.Я. Органическая химия. М., 1990.

К.​Л.​Майсяйчук.

т. 1, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМЕНКЛАТУ́РА ХІМІ́ЧНАЯ,

сістэма назваў хім. элементаў, іх злучэнняў, хім. рэакцый, метадаў і інш., якой карыстаюцца ў хіміі і хім. прам-сці; мова сучаснай хіміі і хім. тэхналогіі. Найб. значэнне маюць наменклатуры: хім. элементаў, іх злучэнняў, спец. стэрэахімічная (гл. Стэрэахімія). Вылучаюць слоўную і сімвальную формы Н.х. (гл. Знакі хімічныя).

Да канца 18 ст. рэчывы і элементы атрымлівалі бессістэмныя (трывіяльныя) назвы, зыходзячы з іх уласцівасцей, імён вучоных-вынаходнікаў (Глаўберава соль), крыніц паходжання (кафеін) і інш.; частка з іх захавалася ў сучаснай Н.х. У 1787 Камісія пад кіраўніцтвам А.Л.Лавуазье прапанавала першую сістэму рацыянальных назваў хімічна індывід. рэчываў паводле прынцыпаў адназначнай адпаведнасці назвы рэчываў іх саставу. У пач. 19 ст. Ё.Я.Берцэліус увёў літарныя сімвалы хім. элементаў і прапанаваў называць рэчывы, зыходзячы з таго, што кожнае злучэнне складаецца з электраадмоўнай і электрададатнай частак. Значны ўклад у развіццё Н.х. зрабілі Жэнеўская (1892), Льежская (1930) і Парыжская (1957) канферэнцыі. Правілы сучаснай Н.х. сфармуляваны Міжнародным саюзам тэарэтычнай і прыкладной хіміі і маюць рэкамендацыйны характар пры стварэнні нац. наменклатуры; пры гэтым увага скіроўваецца ў асн. на стандартызацыю напісання формул хімічных і на фанет. форму. Назвы хім. элементаў утвараюцца шляхам паслядоўнай транскрыпцыі поўнай лац. формы (напр., у англ., франц., ням. мовах — лац. Lithium), захаваннем лац. асновы без канцавых фармантаў (напр., у бел., рус. мовах — бор; лац. Borum) ці з адпаведнымі фармантамі (напр., бел. плаціна). Нац. Н.х. ўключаюць і гіст. назвы (напр., англ. — Copper, бел. — кісларод). Пры запісе хім. формул бінарных неарганічных злучэнняў на першае месца ставіцца сімвал больш электрададатнага элемента, аснова назвы якога застаецца нязменнай. Назва электраадмоўнай часткі звычайна мае суфікс «-ід» («-ыд»): аксід, галагенід, гідрыд, сульфід, азід, карбід і інш. Парадак і грамат. афармленне вербальнай формы вызначаецца правіламі і традыцыямі канкрэтнай мовы, дадаткова вызначаюць зарад, валентнасць і інш. (напр., назва PCl3 у англ. мове phosphorus (III) chloride, у бел. — хларыд фосфару (III), ці трыхларыд фосфару). Аналагічна ўтвараюцца назвы псеўдабінарных злучэнняў: гідраксідаў, амідаў, цыянідаў, пераксідаў і інш. Кіслародзмяшчальныя к-ты звычайна маюць традыц. назвы, утвораныя ад назваў кіслотаўтваральных элементаў і спец. суфіксаў і прэфіксаў, якія вызначаюць ступень акіслення, будову і інш. (напр., H2SO4 серная к-та, H2SO3 сярністая к-та, H3PO4 артафосфарная к-та). Солі гэтых кіслот наз. аналагічна бінарным злучэнням: назва электраадмоўнай часткі (аніёна) утвараецца з дапамогай суфіксаў «-ат», «-іт» (напр., Na2SO4 сульфат натрыю, Na2SC3 сульфіт натрыю). Паводле замяшчальнай Н.х. асновай назвы арганічных злучэнняў з’яўляецца гал. вуглевадародны ланцуг, які мае гал. функцыянальную групу. Яго назва ўтвараецца з каранёў грэч. лічэбнікаў (C1 — мет, C2 — эт, C3 — прап і г.д). Кратныя сувязі і гал. функцыян. групу пазначаюць суфіксамі, астатнія групы лічаць замяшчальнікамі і абазначаюць прэфіксамі; становішча замяшчальнікаў у ланцугу паказваюць з дапамогай лічбавых лакантаў, што адпавядаюць нумарам атамаў вугляроду, пры якіх яны знаходзяцца (напр., 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он). У радыкальна-функцыян. Н.х. да назвы простага члена гамалагічнага рада дабаўляюцца назвы радыкалаў (напр., CH3-C ≡ C-CH3 дыметылацэтылен). Асобныя віды Н.х. выкарыстоўваюць у хіміі гетэрацыклічных, прыродных, комплексных злучэнняў.

Літ.:

Номенклатурные правила ИЮПАК по химии: Пер. с англ. Т. 1—6. М., 1979—88;

Кан Р., Дермер О. Введение в химическую номенклатуру: Пер. с англ. М., 1983;

Бокий Г.Б., Голубкова Н.А. Введение в номенклатуру ИЮПАК М., 1989;

Міляшкевіч Я.Г. Этапы станаўлення беларускай хімічнай тэрміналогіі // Хімія: Прабл. выкладання. 1996. Вып. 5.

Т.​Т.​Лахвіч.

Да арт. Наменклатура хімічная. Структурная формула 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он.

т. 11, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)