ЭЛЕКТРОНАГРА́ФІЯ (ад электрон + ...графія),

метад вывучэння структуры рэчыва, заснаваны на рассейванні паскораных электронаў даследаваным узорам. Даследаванні праводзяцца з дапамогай электранографаў і электронных мікраскопаў.

Фіз. аснова Э. — дыфракцыя электронаў (гл. Дыфракцыя часціц). Ва ўмовах вакууму электроны, паскораныя эл. полем, факусіруюцца ў вузкі святласільны пучок і пры праходжанні праз рэчыва ўзаемадзейнічаюць з атамамі і ўтвараюць асобныя дыфрагаваныя пучкі. Інтэнсіўнасць і прасторавае размеркаванне гэтых пучкоў залежаць ад атамнай структуры ўзору, памераў і арыентацыі асобных крышталікаў і інш. структурных параметраў. Атрыманая дыфракцыйная карціна (электронаграма) фатаграфуецца ці рэгіструецца інш. спосабам. Э. мае шэраг пераваг перад рэнтгенаўскім структурным аналізам і нейтронаграфіяй. Напр., дазваляе вывучаць рэчывы, якія існуюць толькі ў дробнакрышталічным стане, вызначаць месцазнаходжанні лёгкіх атамаў пры наяўнасці цяжкіх атамаў, а таксама дазваляе вывучаць дынаміку з’яў адсорбцыі, розных структурных пераўтварэнняў, у т. л. крышталізацыі рэчыва ў пачатковай стадыі. Э. выкарыстоўваецца для вывучэння атамнай структуры крышталічных і аморфных цел, вадкасцей, малекул у газах і пары.

М.​М.​Аляхновіч.

т. 18, кн. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)