РЫКЁР ((Ricoeur) Поль) (н. 27.2.1913, г. Валанс, Францыя),
французскі філосаф, прадстаўнік герменеўтыкі. Праф. Страсбурскага (з 1948), Парыжскага і Чыкагскага (з 1956) ун-таў. Спалучае тэндэнцыі фенаменалогіі, экзістэнцыялізму, персаналізму і псіхааналізу на аснове рэліг. разумення. На яго думку, у цэнтры філасофіі павінна быць асоба як творца свету культуры. Для аналізу асобы прапанаваў рэгрэсіўна-прагрэсіўны метад, які прадугледжвае асэнсаванне з’яў у дыялект. адзінстве мінулага, сучаснага і будучыні. У працы «Філасофія волі» (т. 1—2, 1950—60) сцвярджаў, што эфектыўна-валявыя акты суб’екта прэваліруюць над пазнавальнымі ў асэнсаванні наваколля. Распрацаваў тэорыю інтэрпрэтацый, паводле якой усе праявы чалавечай дзейнасці і культуры (міфалогія, рэлігія, мастацтва і інш.) з’яўляюцца сімвалічным тэкстам, што характарызуецца ітэнцыянальнай структурай падвойнага значэння (у час інтэрпрэтацыі за першым сэнсам павінен узнікаць іншы).
Тв.:
Рус.пер. — Герменевтика. Этика. Политика: Моск. лекции и интервью. М., 1995;
Конфликт интерпретаций: Очерки о герменевтике. М., 1995;
Герменевтика и психоанализ. Религия и вера. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ВЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,
прэпараты (індывід, рэчывы, іх растворы і сумесі) з рэгламентаванымі саставам і ўласцівасцямі, прызначаныя для навук. даследаванняў і аналізу хімічнага. Р.х., якія выкарыстоўваюць у хім. рэакцыях пры аналізе і сінтэзе розных рэчываў, часта называюць рэагентамі. Вырабляюць Р.х. ў форме, якая забяспечвае надзейнасць захавання і зручнасць пры выкарыстанні. На этыкетках звычайна паказваюць таксічнасць, вогне- і выбухованебяспечныя ўласцівасці, а таксама ўмовы захоўвання і транспарціроўкі.
Большасць Р.х. кантралююць паводле 2—3, а некаторыя па значна большай колькасці характарыстык (напр., Р.х. для біял. даследаванняў больш чым па 20). Найважн, характарыстыка Р.х. — чысціня. Звычайна адрозніваюць «асабліва чыстыя», «хімічна чыстыя», «чыстыя для аналізу» і «чыстыя» Р.х. (найніжэйшая кваліфікацыя Р.х., маюць не менш як 98% асн. рэчыва). Ёсць спец. віды кваліфікацыі з рознымі патрабаваннямі да ступені чысціні Р.х., абумоўленымі галінамі іх выкарыстання, напр., «спектральна чыстыя», «аптычна чыстыя», «для храматаграфіі». Выпускаюць таксама Р.х. «гарантаванай чысціні» са спецыфікацыяй, у якой прыведзены даныя фактычнага хім. аналізу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙХСВЕР (Reichswehr ад Reich дзяржава, імперыя + Wehr зброя, абарона),
узброеныя сілы Германіі ў 1919—35. Пасля паражэння Германіі ў 1-ю сусв. вайну 1914—18 Веймарскі нац. сход 6.3.1919 прыняў закон аб стварэнні часовага Р. колькасцю 400 тыс.чал. Аднак паводлеВерсальскага мірнага дагавора 1919 і распрацаванага на яго аснове закону ад 23.3.1921 колькасць войск скарачалася да 115 тыс.чал. (100 тыс. у сухап. войсках і 15 тыс.чал. у ВМС), рэзка абмяжоўвалася і ўзбраенне. Рэзервам Р. з’яўляліся часці пагран. аховы (каля 100 тыс.чал.) і паліцэйскія фарміраванні (200 тыс.чал.). Але кіраўніцтва дзяржавы і ўзбр. сіл патаемна вяло падрыхтоўку кадраў для арміі (напр., лётчыкаў рыхтавалі ў грамадз. авіяцыі). Значная колькасць афіцэраў і інш.ваен. спецыялістаў рыхтавалася за мяжой, у т. л. ў СССР. 16.3.1935 Германія ў аднабаковым парадку анулявала ваен. артыкулы Версальскага дагавора і ўвяла ўсеагульную воінскую павіннасць. На базе Р. пачалося фарміраванне вермахта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙХСТА́Г (ням. Reichstag),
1) у «Свяшчэннай Рымскай імперыі» з 12 ст. — орган саслоўнага прадстаўніцтва пры герм. імператару, наз. таксама імперскім сеймам.
2) У Герм. імперыі — устаноўчы сход, потым ніжняя палата Паўн.-Герм. саюза (1867—71); у 1871—1918 — выбарны орган, які ўдзельнічаў у прыняцці законаў, бюджэту і кантролі за выканаўчай уладай (вышэйшым прадстаўнічым органам лічыўся бундэсрат).
3) У Веймарскай рэспубліцы (1919—33) — ніжняя палата парламента, якая выбіралася насельніцтвам паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва.
4) У фаш. Германіі (з 1933) Р. захоўваўся толькі фармальна. 27.2.1933 адбыўся справакаваны нацыстамі падпал будынка Р. (гл.Лейпцыгскі працэс 1933). У Вял.Айч. вайну 29.4—2.5.1945, сав. войскі 1-га Бел. фронту (Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў) у ходзе Берлінскай аперацыі 1945 авалодалі будынкам Р. (размешчаны ў парку Тыргартэн у Берліне), на яго даху быў узняты Сцяг Перамогі.
5) У сучаснай ФРГ месца знаходжання федэральнага парламента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ІНДЫ́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.
Гандлёвае пагадненне 1953, падпісана 2 снеж. ў Маскве. Прадугледжвала развіццё і пашырэнне сав.-інд. гандлю на аснове роўнасці і ўзаемнай карысці, устанаўлівала рэжым узаемнага найб. спрыяння ў гандлі, усталявала парадак узаемных разлікаў (у інд. рупіях). Заклала асновы цеснага супрацоўніцтва СССР і Індыі ў эканам. галінах. Пагадненне 1960 пра культурнае, навуковае і тэхнічнае супрацоўніцтва, падпісана 12 лют. ў Дэлі. Пашырала сав.-інд. супрацоўніцтва на сферы навукі і культуры. Дагавор 1971 аб міры, дружбе і супрацоўніцтве, падпісаны 9 жн. ў Дэлі. Паводле яго кожны бок абавязваўся паважаць незалежнасць, суверэнітэт і тэр. цэласнасць адзін аднаго, падтрымліваць рэгулярныя кантакты па важных міжнар. праблемах, якія закраналі іх інтарэсы, не ўдзельнічаць у ваен. саюзах, накіраваных супраць аднаго з бакоў. Дагавор пацвердзіў імкненне бакоў да ўмацавання і пашырэння супрацоўніцтва ў галінах транспарту, гандлю, эканомікі, навукі, тэхнікі, развіцця кантактаў у сферах культуры, адукацыі, аховы здароўя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІНА (Ія Сяргееўна) (н. 2.3.1936, г. Варонеж, Расія),
расійская актрыса. Нар.арт. Расіі (1977). Нар.арт.СССР (1990). Скончыла Маскоўскі ун-т (1958). З 1960 у Маскоўскім т-ры Массавета, з 1978 у Маск. маст.акад. т-ры імя М.Горкага (з 1989 — імя А.Чэхава). Творчасці С. уласцівы мяккая, абаяльная манера ігры, пранікнёны лірызм, майстэрства псіхал. аналізу: Соня («Пецярбургскія сны» паводле Ф.Дастаеўскага), Паліна Андрэеўна («Чайка» Чэхава), Ліка («Маскоўскі хор» Л.Петрушэўскай). З 1960 здымаецца ў кіно: «Дама з сабачкам» (1960), «Грэшніца» (1962), «Гісторыя Асі Клячынай, якая кахала, ды не выйшла замуж» («Асіна шчасце», 1967; Дзярж. прэмія СССР 1990), «Ганна Карэніна», «Служылі два таварышы» (абодва 1968), «Сюжэт для невялікага апавядання» (1970), «Месяц жнівень» (1971), «Кожны дзень доктара Каліннікавай» (1973), «Раманс пра закаханых» (1974), «Нос» (1977), «Гараж» (1980), «Прыватнае жыццё» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Прадоўжыся, прадоўжыся, зачараванне...» (1984), «Сюжэт для двух апавяданняў» (1991) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАЗА́Р (Salazar) Антоніу ды Алівейра
(de Oliveira; 28.4.1889, г. Санта-Комба-Дан, Партугалія —27.7.1970),
партугальскі паліт. і дзярж. дзеяч, эканаміст. Скончыў Каімбрскі ун-т (1916), у 1916—28 праф.паліт. эканоміі гэтага ун-та. Адзін з заснавальнікаў партыі Каталіцкі цэнтр (1918). З 1921 дэп. парламента. У 1928—40 міністр фінансаў. У 1932—68 прэм’ер-міністр (фактычна дыктатар) Партугаліі, адначасова ваен. міністр (1936—44) і міністр замежных спраў (1936—47). Абапіраючыся на засн. ім у 1930 партыю Нац. саюз, устанавіў у краіне унітарна-карпаратыўную дзяржаву (юрыд. аформлена паводле канстытуцыі 1933). У 2-ю сусв. вайну захоўваў нейтралітэт Партугаліі. Пасля 1945 імкнуўся да супрацоўніцтва з зах. дзяржавамі, асабліва ў ваен.-паліт. галіне (у 1949 Партугалія ўступіла ў НАТО). З пач. 1960-х г. вёў калан. вайну супраць нац.-вызв. руху ў Анголе, Гвінеі-Бісау і Мазамбіку. У 1968 адышоў ад дзярж. спраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛА́Х-АД-ДЗІН, Саладзін,
Юсуф ібн Айюб (1138—4.3.1193), султан Егіпта [1171—93]. Курд па паходжанні. Быў спачатку на службе сірыйскага султана Нур-ад-дзіна, у 1164—68 удзельнік паходаў у Егіпет. З 1169 візір — фактычны правіцель Егіпта пры намінальнай уладзе халіфа з дынастыі Фатымідаў. Пасля смерці апошняга з Фатымідаў абвясціў сябе султанам Егіпта. У 1174 падпарадкаваў сабе Сірыю і некат. раёны Ірака. У 1187 пачаў вайну супраць дзяржаў крыжаносцаў на Б. Усходзе, разбіў іх войскі 3—4.7.1187 у бітве пры Хіціне. 2.10.1187 заняў Іерусалім, што выклікала 3-і крыжовы паход (1189—92, гл. ў арт.Крыжовыя паходы). Вёў вайну з войскам крыжаносцаў на чале з англ. каралём Рычардам I. Пасля паражэння свайго войска пры Арсуфе ў вер. 1191 заключыў з Рычардам мірны дагавор, паводле якога захаваў б.ч. сваіх заваяванняў, у т. л. Іерусалім. У зах.-еўрап. л-ры вобраз С. часта ўжываўся як прыклад высакароднасці і дабрадзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-СТЭФА́НСКІ МІР 1878,
папярэдні мірны дагавор паміж Расіяй і Турцыяй, які завяршыў рус.-тур. вайну 1877—78. Падпісаны 3.3.1878 у Сан-Стэфана (цяпер Ешылькёй каля Стамбула). Паводле С.-С.м.д. Чарнагорыя, Сербія і Румынія атрымлівалі поўную незалежнасць ад Турцыі, іх тэрыторыі значна пашыраны; Боснія і Герцагавіна набывалі аўтаномію ў рамках Асманскай імперыі; Балгарыя, у межы якой уключалася і гіст.Македонія, ператваралася ў падвасальнае Турцыі аўт. княства з правам выбрання сабе князя. Расія атрымлівала землі ў Закаўказзі з гарадамі Батумі, Карс, Ардаган і Баязет, а таксама страчаную ў выніку Крымскай вайны 1853—56Паўд. Бесарабію (акрамя астравоў у дэльце р. Дунай), узамен якой Румыніі перададзена Турцыяй Паўн.Дабруджа. У выніку процідзеяння вядучых еўрап. дзяржаў, асабліва Вялікабрытаніі і Аўстра-Венгрыі, С.-С.м.д. быў заменены на Берлінскім кангрэсе 1878 шматбаковым дагаворам, які быў значна менш выгадны для Расіі і Балгарыі (захавала аўтаномію, але страціла б.ч. тэрыторыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНЦУ́ СПЛА́ВЫ,
сплавы на аснове свінцу. Характарызуюцца нізкай (48—320 °C) т-рай плаўлення, невысокімі мех. трываласцю і цвёрдасцю, добрымі антыфрыкцыйнымі і тэхнал. ўласцівасцямі, высокай пластычнасцю, каразійнай устойлівасцю ў разбаўленых растворах кіслот. Асн. легіруючыя элементы С.с. — волава, сурма, медзь, вісмут, ртуць (гл.Легіраванне).
Паводле прызначэння С.с. падзяляюць на антыфрыкцыйныя (гл.Бабіт), друкарскія, прыпоі і легкаплаўкія. Друкарскія С.с. маюць да 20—23% сурмы, 1—4,5% мыш’яку, 5—7% волава, 1% медзі. Вызначаюцца цвёрдасцю, высокай вадкацякучасцю і невял. усадкай пры крышталізацыі. Захоўваюць пастаянны састаў пасля шматразовай пераплаўкі. Выкарыстоўваюць для адліўкі шрыфтоў ручнога і машыннага набору. Прыпоі на аснове С.с. маюць ад 1,3 да 51% легіруючых элементаў. Плавяцца пры 90—310 °C. Выкарыстоўваюць для нізкатэмпературнай пайкі жалеза, сталей, нікелю, медзі і яе сплаваў. Легкаплаўкія С.с. (tпл 48—96 °C) выкарыстоўваюць у электратэхніцы, сістэмах пажарнай сігналізацыі (плаўкія засцерагальнікі) і мед. тэхніцы. Пара С.с. атрутная.