НАГРАВА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

цеплатэхнічныя прылады і прыстасаванні для нагрэву рэчываў (матэрыялаў), прадметаў, асяроддзя, ацяплення памяшканняў. Падзяляюцца на цеплагенерыруючыя і цеплаабменныя.

У цеплагенерыруючых Н.п. адбываецца згаранне вадкага, цвёрдага, газавага паліва (паяльныя лямпы, полымныя печы, газавыя прылады) або напал электраспіралі пры працяканні эл. току (электрычныя печы, паяльнікі, электраканвектары), у цеплаабменных — перадача цяпла, што падводзіцца рознымі цепланосьбітамі (гарачай вадой, парай), у навакольнае асяроддзе (ацяпляльныя прылады, бойлеры, каларыферы, паветрападагравальнікі, радыятары, ацяпляльныя панэлі).

т. 11, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДТАЧЭ́ЕЎ (Георгій Мяфодзьевіч) (ліст. 1916, в. Красніца Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 25.4.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Магілёўскі аэраклуб (1940). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Лётчык-штурмавік мал. лейт. Н. зрабіў каля 100 баявых вылетаў. 31.1.1944 у час налёту на варожы аэрадром падабраў экіпаж падбітага самалёта камандзіра і вярнуўся на свой аэрадром. Загінуў пры вызваленні Севастопаля. На радзіме пастаўлены абеліск.

Г.М.Надтачэеў.

т. 11, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́НАЎ (Іван Аляксеевіч) (19.9. 1923, с. Нікола-Сергіеўка Тамбоўскай вобл., Расія — 25.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Хабараўскае кулямётна-мінамётнае вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну з вер. 1943 на 1-м Прыбалт. фронце. Старшы лейт. М. вызначыўся 23—25 чэрв. ў баях пры фарсіраванні Зах. Дзвіны каля в. Дворышча Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. Загінуў у баі.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФІ́Н,

алкалоід опійнага маку, лекавы прэпарат з абязбольваючым дзеяннем. Выклікае санлівасць, аказвае прыгнечвальны ўплыў на дыханне, павышае тонус гладкай мускулатуры страўнікава-кішачнага тракту, мочавывадных шляхоў і бронхаў, павялічвае ўздзеянне сродкаў для наркозу і інш. Гідрахларыд М. выкарыстоўваюць як абязбольваючы сродак пры траўмах і захворваннях, якія суправаджаюцца моцнымі болямі (інфаркт міякарда, злаякасныя новаўтварэнні і інш.), у пасляаперацыйны перыяд. Працяглае ўжыванне вядзе да наркаманіі.

М.​І.​Федзюковіч.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦАПУ́РА (Сяргей Сцяпанавіч) (15.2.1919, в. Гдзень Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 17.3.1998),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Калінінскім, 1-м, 2-м Укр. і 1-м Бел. франтах. Механік-вадзіцель танка старшына М. вызначыўся ў студз. 1945 у баях пры вызваленні г. Сахачаў і Інавроцлаў (Польшча). Да 1965 у Сав. Арміі.

С.С.Мацапура.

т. 10, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЦЫКЕ́РТ, Маназкерт,

крэпасць у М. Азіі на ўсх. ускраіне Візантыі (каля воз. Ван, цяпер тэр. Турцыі), каля сцен якой 19.8.1071 адбылася бітва паміж войскамі візант. імператара Рамана IV Дыягена і сельджукскага султана Алп-Арслана. У выніку здрады варожай імператару клікі Дукаў візант. войска было разбіта, Раман IV трапіў у палон (адпушчаны за абавязацельства штогод выплачваць даніну). Бітва пры М. паскорыла заваяванне сельджукамі візант. уладанняў у М. Азіі.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЫЛХЛАРЫ́Д, хлорметан, хлорысты метыл,

хлорвытворнае метану, CH3Cl. Бясколерны газ з саладкаватым пахам, tкіп -23,76 °C, шчыльн. 912 кг/м³ (вадкага). Добра раствараецца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе. Сумесь з паветрам (7,6—19% М. па аб’ёме) выбухованебяспечная. Выкарыстоўваюць для метыліравання (увядзення метылу) у арган. сінтэзе (напр., у вытв-сці тэтраэтылсвінцу, метылцэлюлозы), як растваральнік пры сінтэзе бутылкаўчуку. ГДК 5 мг/м³. Гл. таксама Галагенавытворныя вуглевадародаў.

т. 10, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХМЕ́Д II, Мехмет II (Mehmet) Фатых (Заваёўнік)

[30.3.1432, г. Эдырне, Турцыя — 3.4 (альбо 3.5). 1481],

турэцкі султан [1444; 1451—81]. Ажыццяўляў шырокую заваёўніцкую палітыку. 28.5.1453 захапіў Канстанцінопаль (з гэтага часу наз. Стамбул), спыніўшы існаванне Візант. імперыі. Заваяваў Сербію (1459), Марэю (1460), Трапезундскую імперыю (1461), Боснію (1463), в-аў Эўбея (1471), Албанію (1479), падпарадкаваў Крымскае ханства (1475). Пры ім складзены першы збор законаў Асманскай імперыі. Падтрымліваў развіццё гарадоў, будаўніцтва і мастацтва.

т. 10, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НКУС (Саламон Шыманавіч) (28.8.1908, г. Адэса, Украіна — 1.7.1971),

бел. вучоны ў галіне ўнутранай медыцыны. Д-р мед. н. (1968), праф. (1969). Скончыў Адэскі мед. ін-т (1933). З 1961 у Гродзенскім мед. ін-це (з 1963 заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях згусальнай і процізгусальнай сістэм крыві пры сардэчна-сасудзістых хваробах.

Тв.:

Тромботест при гипертонической болезни и атеросклерозе // Врачебное дело. 1967. № 3;

Тромбоэластография в кардиологии. Мн., 1972.

т. 12, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛОСКАСТУПНЁВАСЦЬ,

дэфармацыя ступні з устойлівым памяншэннем вышыні яе зводаў амаль да іх поўнага знікнення. Бывае падоўжаная і папярочная (магчыма спалучэнне абедзвюх форм). Прыроджаная П. назіраецца вельмі рэдка, набытую П. падзяляюць на статычную (ад перагрузкі, асабліва ў час росту арганізма). рахітычную (пры рахіце), траўматычную (пасля пералому ладыжак шчыкалатак* або касцей ступні), паралітычную (пасля поліяміэліту). Прыкметы П.: хуткая стамляльнасць ног, ныючы боль у ступнях, бывае ацёк ступні. Лячэнне артапедычнае.

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)