БЕ́КЕР ((Becker) Карл Генрых) (12.4.1876, Амстэрдам — 10.2.1933),
нямецкі гісторык ісламу, дзярж. дзеяч. Праф. Гейдэльбергскага, Гамбургскага, Бонскага і Берлінскага ун-таў, замежны чл.-кар.Рас.АН (1924). У 1910—33 выдаваў час. «Der Islam» («Іслам»). У 1921 і 1925—30 міністр па справах культаў у Прусіі. Заснаваў герм. Ісламскае т-ва, садзейнічаў рэформе вышэйшай школы, заснаваў першую Пед. акадэмію (1925), Германскую акадэмію паэзіі. Аўтар «Нарысаў па гісторыі Егіпта за ісламскім часам» (т. 1—2, 1902—03), «Даследаванняў ісламу» (т. 1—2, 1924—32) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЛА, кляпайла,
старажытны муз. інструмент класа ідыяфонаў. Мае выгляд прадаўгаватай драўлянай або метал. пласціны розных памераў. Вял. біла падвешваюць да слупа («білніцы»), малое трымаюць у руцэ. Пры ўдарах па біле палкай або малатком узнікае паслядоўнасць гукаў рознай тэмбравай афарбоўкі (рэзкай сухаватай у драўляных, працяглай гулкай у металічных) і рытмічнай арганізацыі, часам з прыкметным вышынным адхіленнем і фразіроўкай. Пашырана ў многіх народаў свету (славянскіх, фіна-угорскіх, азіяцкіх). З 1-га тыс. вядомы як сігнальны інструмент: выкарыстоўваецца і цяпер у хрысц.царк. практыцы, старажоўстве, вясковым і гар. побыце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДУШАЎЛЁНАСЦЬ – НЕАДУШАЎЛЁНАСЦЬ,
лексіка-граматычная катэгорыя, якая паказвае адносіны абазначаных назоўнікамі прадметаў да жывой і нежывой прыроды. Адушаўлёныя назоўнікі абазначаюць людзей і розных жывых істот («Рыгор», «настаўніца», «тыгр», «ластаўка», «карась», «камар»), неадушаўлёныя — расліны, прадметы, апрадмечаныя з’явы і паняцці («клён», «машына», «раса», «цемра», «свядомасць»).
Граматычна адушаўлёнасць-неадушаўлёнасць праяўляецца ў форме вінавальнага склону мн. л.: у адушаўлёных назоўніках супадае з формай роднага, а ў неадушаўлёных — назоўнага склону («бачыць людзей — бачыць дрэвы», «лавіць язёў — лавіць сняжынкі»). Пад катэгорыю адушаўлёных часам граматычна падводзяцца некаторыя неадушаўлёныя прадметы і наадварот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЭВІ́ЛЬ (франц. Abbeville),
абэвільская культура, археалагічная культура ранняга (ніжняга) палеаліту ў Еўропе. Назва ад г. Абвіль (Францыя, даліна р. Сома), дзе ў 19 ст. знойдзены найб. тыповыя для яе прылады — ручныя масіўныя (даўж. да 10—20 см) груба адбітыя рубілы міндалепадобнай, авальнай ці коп’епадобнай формы; выкарыстоўваліся і адшчэпы. Верагодна, датуецца часам гюнц-міндэльскага міжледавікоўя і міндэльскага зледзянення (каля 700 — 400 тыс.г. таму назад). Большасць сучасных даследчыкаў разглядаюць абэвіль як пачатковы этап эпохі ашэль. У л-ры трапляецца і ўстарэлая назва абэвіль — шэльская культура, ці шэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІТО́З (ад а... + мітоз),
прамое дзяленне ядра, адзін са спосабаў дзялення клеткі. Упершыню апісаў ням. біёлаг Р.Рэмак (1841); тэрмін прапанаваў ням. гістолаг В.Флемінг (1882). Адбываецца праз падзел ядзерца з наступнай перацяжкай усяго цела ядра без утварэння храмасом і ахрамацінавага верацяна. Пры амітозе, у адрозненне ад мітозу, не забяспечваецца раўнамернае размеркаванне генет. матэрыялу кожнай храмасомы паміж дзвюма даччынымі клеткамі. Часам пры дзяленні ядра ў ходзе амітозу ўтвараюцца мнагаядзерныя клеткі. Амітоз уласцівы некаторым прасцейшым, а таксама клеткам спец. тканак (напр., храстковай, злучальнай) і паталагічных разрастанняў, у прыватнасці пухлінных.
слабыя (ненаціскныя) склады перад першым метрычным націскам. У сілабатанічным вершаскладанні ў залежнасці ад метра анакруза бывае нулявая (харэй, дактыль), 1-складовая (ямб, амфібрахій) і 2-складовая (анапест). Унутраная структура роднасных памераў (1- і 2-складовых) аднолькавая, адрозніваюцца толькі анакрузы, што паказвае на яе рытмічнае значэнне. На гэтым заснаваны радковыя лагаэды — 2- і 3-складовыя памеры з раўнамерным чаргаваннем анакрузы (напр., у паэмах Я.Купалы «Яна і я», «Безназоўнае»). Анакруза часамназ. звышсхемныя ненаціскныя склады на пачатку вершаваных радкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРО́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку (каля сярэдзіны 2 — пач. 1-га тыс. да н.э.) на тэр.Зах. Сібіры і Казахстана. Назва ад могільніка каля в. Андронава (Краснаярскі край). Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй, жыло ў паўзямлянкавых і наземных жытлах на адкрытых паселішчах, карысталася бронзавай зброяй (кельты, наканечнікі коп’яў, нажы), крамянёвымі наканечнікамі стрэл. Пахаванні ў ямах пад курганамі (часам з каменнымі агароджамі) у скурчаным становішчы, вядомы выпадкі трупаспалення. Характэрны керамічны посуд слоікападобнай формы з геам. арнаментам. Андронаўская культура разглядаецца як умоўная назва т.зв. андронаўскай культурнай агульнасці — некалькіх археал. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗО́К,
лёгкія выязныя сані ў беларусаў і інш.слав. народаў. Вядомы са стараж. часоў. Знешні выгляд і форма вазка залежалі ад заможнасці і сац. прыналежнасці іх уладальнікаў. Утульны, дэкаратыўна аздоблены кузаў меў звычайна козлы для вазніцы, яго абшывалі лубам або тонкімі дошкамі, у заможнай шляхты абівалі знутры сукном, высцілалі футрам, часам вазок быў з закрытым ці паўзакрытым верхам. Сяляне нярэдка замест вазка выкарыстоўвалі развалкі, паверх якіх у задняй частцы мацавалі трохбаковую рашотчатую спінку («драбінку») або плецены паўкош. У сельскай мясцовасці карыстаюцца і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІБРАЦЫ́ЙНАЯ ХВАРО́БА,
прафесійная хвароба, якая развіваецца пры сістэматычным працяглым уздзеянні вібрацыі. Асн. клінічныя выявы — змены ў перыферычнай сасудзістай сістэме, касцёва-сустаўным і нервова-мышачным апараце. Пры мясц. уздзеянні вібрацыі (напр., на рукі) адзначаецца боль у кісцях (часцей ноччу), пабяленне пальцаў на холадзе, аняменне і зябкасць рук, болі ў паясніцы і ў вобласці сэрца, паніжэнне адчувальнасці ў руках (часам і ў нагах). Пры агульным уздзеянні вібрацыі выяўляюцца слабасць, хуткая стамляльнасць, галаўны боль, дрэнны сон, раздражняльнасць, парушэнні, звязаныя з дзейнасцю мозга і вестыбулярнага апарату. Лячэнне: вітаміны, фізіятэрапеўтычнае і курортнае, лячэбная гімнастыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫННЫ СУД,
суд феадала над залежнымі ад яго людзьмі — прыгоннымі сялянамі ў Расіі і ВКЛ у 15 — 1-й пал. 19 ст. Дзейнічаў на аснове стараж.звычаёвага права. Паводле вотчыннага права юрысдыкцыі феадала падлягалі не толькі залежныя сяляне, але і інш. асобы, што пражывалі на яго землях (гл.Вотчына). Судаводства ў вотчынным судзе ажыццяўляў сам феадал ці службовыя асобы яго дваровай адміністрацыі (соцкія, старосты і інш.). Меры пакарання (цялесныя ці інш.) феадал часам вызначаў адвольна. Фактычна існаваў да адмены прыгоннага права ў 1861.