КУ́БЕЛ,

у беларусаў бандарны выраб для захоўвання адзення, даматканага палатна, каштоўных рэчаў. К. рабілі з доўгіх (да 120—140 см) асінавых ці хваёвых клёпак, якія расстаўлялі вакол круглага, радзей эліпсоіднага днішча і сцягвалі 4—7 абручамі. Дзве больш доўгія процілеглыя клёпкі, што выступалі зверху, утваралі вушкі (былі К. і без іх). Неабходны элемент К. — накрыўка (простая ці з векам), якая заціскалася зверху засаўкай, прасунутай праз вушкі; на адным канцы цуркі часам была проразь для замка. К. быў неабходным атрыбутам вясельнай абраднасці і шырока ўжываўся да пач. 20 ст. У наш час трапляецца эпізадычна.

В.С.Цітоў.

т. 8, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)