КЕРАМЗІ́Т (ад грэч. keramos гліна),
штучны порысты (успучаны) матэрыял у выглядзе жвіру, часам друзу (зярняты 5—20 мм) або пяску (зярняты да 5 мм). Лёгкі (шчыльн. 250—800 кг/м³), трывалы, нізкацеплаправодны.
Зярняты з аплаўленай паверхняй і ячэістай структурай. Вырабляецца з легкаплаўкіх глін хуткім абпальваннем папярэдне сфармаваных гранул у вярчальных печах пры т-ры 1050—1220 °C. Для лепшага ўспучвання ўводзяць дабаўкі (пілавінне, торф, молаты вугаль, пірытныя агаркі і інш.). Выкарыстоўваецца як запаўняльнік для лёгкіх бетонаў, для цепла- і гукаізаляцыйных засыпак у будынках. На Беларусі К. выпускае Віцебскі камбінат буд. матэрыялаў.
І.І.Леановіч.
т. 8, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)