1. Які выражае сапраўдныя пачуцці, праўдзівы, адкрыты.
Ш. чалавек.
Шчырае прызнанне.
Гаварыць шчыра (прысл.). Сказаць ад шчырага сэрца.
2. Задушэўны, інтымны.
Шчырая размова.
3. Сардэчны, душэўны.
Шчырая сяброўка.
4. Пазбаўлены прытворства.
Шчырае шкадаванне.
5. Старанны; верны, адданы, заўзяты.
Шчырая праца.
Ш. змагар за светлую будучыню.
Ш. следапыт.
6. Просты, даверлівы.
Ш. чалавек усяму верыць.
7. Які складаецца з аднолькавых парод дрэў (пра лес, бор); без дамешак, прымесей.
Ш. бор.
Шчырае золата.
◊
Шчырая праўда — сама праўда.
|| наз.шчы́расць, -і, ж.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ЛЕСАСПЛА́Ў,
сплаў лесу, транспартаванне лесаматэрыялаў воднымі шляхамі, заснаванае на плывучасці драўніны. Найб. танны (у некаторых раёнах адзіны) від транспартавання драўніны. Адрозніваюць Л. молевы (россыпам), плытавы і кашэльны.
Молевым сплавам транспартуецца не звязанае між сабою бярвенне. Пры плытавым сплаве лес злучаюць у пакеты-пукі (аб’ёмам да 70 м³), з якіх складваюць плыты і буксіруюць параходамі або сплаўляюць уніз па цячэнні. Самасплаўнымі плытамі кіруюць з дапамогай вёслаў, якараў, лотаў. Кашэльны сплаў — нязлучаныя лесаматэрыялы агароджваюць звязаным між сабою бярвеннем і транспартуюць суднамі (буксіроўшчыкамі). Для пропуску лесу праз плаціны, каналы, пад мастамі робяць лесапрапускныя збудаванні. Пры молевым і кашэльным Л. бярвенне тоне, засмечвае рэкі (такі Л. абмяжоўваецца). На Беларусі выкарыстоўвалі молевы Л. (да 1974) і плытавы (да 1998). Л. ажыццяўляўся па рэках: Зах. Дзвіна, Нёман, Прыпяць, Бярэзіна, Сож, Дняпро, Гарынь. У 1980-я г. аб’ёмы Л. складалі каля 700 тыс.м³ за год. У канцы 1990-х г. аб’ёмы Л. значна скараціліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́СТАВЫЯ ПЕ́СНІ,
від веснавых песень, якія выконваліся ў час веснавога земляробчага свята сёмухі. Спяваліся пераважна на Палессі. Суправаджалі абрад ваджэння «куста» (прыбранай у зялёныя галінкі і кветкі дзяўчыны), што ўвасабляў жыватворныя сілы прыроды і быў нібыта здольны перадаваць іх зямлі, полю, а таксама служыў сімвалам роду і сувязі са светам продкаў, ад якіх «залежаў» ураджай. Падзяляюцца на рытуальныя, заклінальныя і велічальныя. Рытуальныя адлюстроўваюць гал. моманты абраду — паход дзяўчат у лес, дзе самую прыгожую прыбіралі «кустом», шэсце «дзявоцкага войска» з кустом па вёсцы, віншаванне гаспадароў з заканчэннем веснавых работ з просьбай надарыць «куст». Заклінальныя песні былі прызначаны магічным шляхам забяспечыць добры ўраджай. Песні, прысвечаныя хлопцу і дзяўчыне, закліналі каханне, шчаслівы лёс. Велічальныя песні ўхваляюць «зеляненькі куст», узвышаюць удзельніц свята, «дзявоцкае войска», якое «ніхто не б’е, не ваюе», услаўляюць шчодрых гаспадароў. К.п. завяршаецца веснавы цыкл каляндарна-абрадавых песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМАНТА́ЙТЭ ((Kymantaite) Казімера) (н. 12.7.1909, г. Куршэнай Шаўляйскага р-на, Літва),
літоўская актрыса, рэжысёр. Нар.арт. Літвы (1954). Скончыла драм. студыю Дзярж.т-ра ў Каўнасе (1932), Вільнюскі ун-т (1962). На сцэне з 1933. У 1934—40 актрыса Дзярж.т-ра (Каўнас), з 1945 актрыса і рэжысёр Драм.т-ра Літвы (Вільнюс; да 1950 выкладала ў яго студыі). У творчасці спалучала рысы рэалізму і рамантызму, умоўнасць вобразаў і этнагр. элементы. Сярод роляў: Сарт («Пагібель «Надзеі» Г.Хеерманса), Рукене («Спяваюць пеўні» Ю.Балтушыса), Кайкарэне («Тапельніца» паводле апавяд. А.Венуоліса; і рэжысёр, Дзярж. прэмія Літвы 1957), Шарлота, Таццяна («Вішнёвы сад», «Юбілей» А.Чэхава), Аксіння, Варвара («Лес», «Навальніца» А.Астроўскага), Пастаноўкі: «Нявестка» паводле апавяд. Ю.Жэмайтэ (1945), «Праўда каваля Ігнотаса» А.Гудайціса-Гузявічуса (1950), «Кроў і попел» паводле Ю.Марцінкявічуса (1961), «Зямля-карміцелька» (1950) і «Майстар і сыны» (1965, 1978) паводле раманаў П.Цвіркі і інш. Здымалася ў кіна- і тэлефільмах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КЛЕ́ТКА МА́ЛПЫ»
(«Affenkäfid»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць 4-й Бел.партыз. брыгады і цывільнага насельніцтва ў Гарадоцкім і Мехаўскім р-нах Віцебскай вобл. і часткова Невельскім р-не Расіі ў Вял.Айч. вайну ў ліст. 1942. Праводзілася сіламі 12-й танк. дывізіі, батальёна з ахоўнай дывізіі і паліцэйскімі з мясц. гарнізонаў. Партызаны, манеўруючы ў лясіста-балоцістай мясцовасці, пазбягалі адкрытых сутыкненняў з ворагам і замацаваліся ў цяжкадаступным для праціўніка лясным масіве. Не дасягнуўшы намечанай мэты, гітлераўцы расстралялі больш за 1200 чал., пераважна старых, жанчын з малалетнімі дзецьмі, разрабавалі і знішчылі 58 вёсак, з якіх пасля вайны не аднавіліся Ахрамеева, Вусце, Гумнічына, Казлы, Падранда, Петрачыха, Рудзіха, Сямёнава, Янава Гарадоцкага р-на. У справаздачы ворага аб пазнейшай карнай аперацыі «Зімовы лес» адзначана, што знайсці жывёлу і прадукты харчавання 286-я ахоўная дывізія не змагла з-за амаль поўнасцю разбураных вёсак у Гарадоцкім р-не ў выніку праведзенай аперацыі «К.м.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНАЧЭ́ННЕ СЛО́ВА,
адлюстраванне ў слове той ці іншай з’явы рэчаіснасці (прадмета, якасці, дзеяння, стану, адносін). Адрозніваюць грамат. і лексічнае З.с. Граматычнае значэнне (гл.Граматыка) абумоўлівае прыналежнасць слова да пэўнай часціны мовы. У бел. мове граматычнымі з’яўляюцца значэнні роду, ліку, склону, асобы, ладу, часу, стану, трывання і інш., якія выражаюцца пераважна формамі слова, што ўтвараюцца афіксацыяй (гл.Афікс), чаргаваннем гукаў, націскам, суплетывізмам, спалучэннем паўназначнага слова са службовым. Слова можа мець адно або некалькі грамат. значэнняў. Грамат. З.с. выступаюць як абстрактныя, уласцівыя цэлым групам і класам слоў («дом» — назоўнік мужчынскага роду, адз. л., назоўнага склону; гэтыя значэнні агульныя для назоўнікаў «сад», «лес», «мост» і інш.). Лексічнае значэнне (гл.Лексіка) ствараецца суаднесенасцю слова з адпаведным паняццем (што складае ядро лексічнага З.с.). Носьбітам яго з’яўляецца аснова слова (гл.Аснова ў мовазнаўстве). Лексічнае З.с. — індывід., уласцівае толькі дадзенай лексічнай адзінцы. Словы могуць мець і некалькі лексічных значэнняў (полісемія), тады адрозніваюць прамыя і пераносныя З.с. Лексічныя значэнні слоў фіксуюцца ў тлумачальных слоўніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЬШЫКАЎ (Алег Яўгенавіч) (н. 8.11.1960, г. Серпухаў Маскоўскай вобл.),
расійскі акцёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя М.Шчэпкіна (1981). Працаваў у Маскоўскім Цэнтр. т-ры Сав. Арміі, Т-ры імя М.Ярмолавай. З 1990 у Т-ры імя Массавета. Творчасці М. ўласцівы імправізацыйнасць, псіхал. заглыбленасць, вастрыня пластычнага малюнка: Ганя («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Буланаў («Лес» А.Астроўскага, абодва 1984), Адуванчык («Радавыя» А.Дударава, 1985), Сярожа («Спартыўныя сцэны 1981 года» Э.Радзінскага, 1986), Рабесп’ер («Другі год свабоды» А.Бураўскага, 1988), Калігула (аднайм. п’еса А.Камю, 1990), Сяргей Ясенін («Калі яна танцавала» М.Шэрмана, паст. ў Лондане 1991; прэмія Брытанскай акадэміі тэатр. мастацтваў імя Л.Аліўе, 1992), Іхараў («Гульцы» М.Гогаля, паст. ў Лондане, 1992), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава, 1999) і інш. З 1982 здымаецца ў кіно: «Палёты ў сне і наяве» (1983), «Стомленыя сонцам» (1994), «Каўказскі палонны» (1996), «Сібірскі цырульнік», «Усход—Захад» (абодва 1999) і інш. Выступае і як рэжысёр. Дзярж. прэміі Расіі 1996, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РКІНЕ ((Purkyně) Карал) (11.3.1834, г. Вроцлаў, Польшча — 5.4.1868),
чэшскі жывапісец і маст. крытык, прадстаўнік рэалізму. Сын Я.Э.Пуркіне. Вучыўся ў Вроцлаве ў Г.Кёніга, Пражскай АМ (з 1851), Мюнхене (1854—55), майстэрні Т.Куцюра ў Парыжы (1856). Зазнаў уплывы Г.Курбэ і А.Мантычэлі. Працаваў у галіне партрэта, нацюрморта, быт. жанра. Творы адметныя псіхал. пераканаўчасцю вобразаў, імкненнем да ўвасаблення матэрыяльнасці прадметнага свету абагульненай, пастознай манерай пісьма: «Нацюрморт са збанам» (1851), «Аўтапартрэт з палітрай і пэндзлем» (1856), «Булонскі лес», «У даліне» (абодва 1857), партрэты сям’і Ворлічака (1859—60) і каваля Іеха («Каваль-палітык», 1860), «Фазаны» (1861), «Партрэт дзяцей мастака» (1867—68) і інш. Аўтар ілюстрацый да кніг «Дон-Кіхот» М.Сервантэса (1868, з К.Манэсам) і «Вільгельм Мейстэр» І.В.Гётэ (1868). У 1860-я г. пісаў крытычныя артыкулы, скіраваныя супраць акадэмізму.
Літ.:
Эренбург И. Карел Пуркине: [Альбом]. М., 1960;
Прокофьева Н.А. Творчество К.Пуркине и чешская живопись середины XIX в. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Бе́рка1 ’бярозавы лес, гай, зараснік’ (Яшкін). Няяснае слова. Магчыма, скарачэнне слоў тыпу беразня́к, беразу́га, беразу́ха, беразя́ка, беразня́. Ці ёсць сувязь з бе́рка2?
Бе́рка2 ’бярозавы сок’ (Касп.), берка, бірка ’бярозавы квас’ (Малчанава, Мат. культ.). Рус.дыял.бе́рька, бе́рика ’тс’. Цёмнае слова. Трубачоў (Эт. сл., 1, 201) думае пра сувязь з bьrati berǫ ’браць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ро́ссып, россыпам ’лес, які сплаўляецца асобнымі бярвёнамі, а не плытамі; неўпарадкаваны плыт’, ’што-небудзь рассыпанае ў вялікай колькасці’, ’каменныя глыбы з выветранымі горнымі пародамі’ (ТСБМ; віц., Нар. лекс.; светлаг., Мат. Гом.). Да раз‑/рос‑ (са значэннем ’перамяшчэнне ў розныя пункты з аднаго’) і сы́паць (гл.). Апошняе ’каменныя глыбы’ запазычана з рус.россыпь ’кучы камянёў’.