Гарбу́з ’гарбуз’ (БРС, Шат., Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ). Укр. гарбу́з ’тс’, рус. арбу́з, гарбу́з ’кавун’, гарбу́з ’гарбуз’, польск. harbuz, arbuz ’кавун’, серб.-харв. ка́рпуза, балг. карпу́з ’кавун’. Запазычанне з усх. моў. У аснове ляжыць кыпч. χarbuz (параўн. тур., крым.-тат. karpuz), якое паходзіць з перс. χarbūza. Фасмер, 1, 83–84. Гл. яшчэ Слаўскі, 1, 403; Брукнер, 168. Аб двух храналагічна розных запазычаннях гэтага слова ў польск. мове гл. у Слаўскага, там жа. Адносна лексемы гарбу́з як назвы стравы гл. Сцяц. Нар., 41.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каштары́с ’фінансавы дакумент для вызначэння і плана валля выдаткаў і прыбыткаў’ (ТСБМ, БРС). Параўн. укр. коштори́с ’тс’. Слова адносна новага паходжання. Яно адзначаецца таксама ў польск. мове (kosztorys), але там зафіксавана даволі позна (слоўнік Ліндэ яго яшчэ не ведае). Паводле крыніц, якія прыводзіць Слаўскі, 2, 545, упершыню слова адзначаецца ў ням.-польск. слоўніку 1854 г. як пераклад ням. Kostenanschlag. Слаўскі, там жа, указвае, што польск. слова было запазычана бел. мовай (каштары́с) і таксама ўкр. (кошто́рис). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раскабызі́ць ’пацягнуць на капрызы’, раскабызі́цца ’пачаць капрызнічаць’ (Юрч. Вытв.). Безумоўна, да *кабы́зі́ць, кабы́зі́цца, параўн. ко́бза 2 (гл.) і тэрытарыяльна блізкія рус. смал. кобыза́ ’капрызны чалавек’, кобызи́ться ’паводзіць сябе фанабэрыста, ганарыста; упарціцца; ламацца’, што, магчыма, у выніку інтэрвакальнага азванчэння ‑п‑, гл. капы́за, капызіцца, капыжыцца. Адносна іншых этымалагічных магчымасцей гл. Брукнер, 240–241, Банькоўскі, 1, 737 (у сувязі з польск. skobuzieć ’насупіцца’), ЭССЯ, 10, 92 (пра суфіксы *‑uzъ/*‑ъzъ). Пры дапушчэнні прыстаўкі *ko‑ ўзнікае магчымасць гукапераймальнага паходжання, параўн. бы́зкаць (< быз‑з‑з), параўн. бзы́каць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спару́да ‘пабудова; гмах будынка’ (Беларусіка, 19, 225). З укр. спору́да ‘будыніна’, ад спору́дити ‘збудаваць, узнесці’, што да прасл. дыял. *vъz‑po‑rǫditi, якое чаргуецца з *vъz‑po‑ręditi, параўн. рус. соорудить ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 381). У сувязі з гэтым, застаюцца сумненні адносна балтыйскага паходжання ўсх.-слав. аруд (гл.), ст.-бел. орудъ ‘засек’, выказаныя Супруном (ЭСБМ, 1, 152), на фоне ст.-рус. орудница ‘кладоўка зброі’, укр. дыял. оруда ‘праца’ і пад., на якім настойвае Анікін, Опыт, 90. Параўн. таксама рад 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыры́зна ’садавіна, агародніна; зелень, што ўжываецца ў ежу’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ; ашм., Станк.; Гарэц., Др.-Падб.), ’няспелыя плады’ (Мядзв., Гарэц., Жд. 2, Мал., Сл. рэг. лекс.), сыраві́зна ’ўсялякая зелень, што ўжываецца ў ежу’, ’вільготнасць’, ’недагатаванае’ (Нас.), ’садавіна, агародніна’, ’суровае палатно’ (Сл. ПЗБ), сыры́зніна ’нябеленае палатно’ (Мат. Гом.). Суфіксальныя дэрываты ад сыры, сыравы (гл.), суф. ‑ызн‑а характэрны для называння прадметаў па пэўнай прыкмеце (Сцяцко, Афікс. наз., 103, 138). Малаверагодны ўплыў польск. surowizna ’садавіна, гародніна’, як мяркуюць аўтары Сл. ПЗБ адносна сыравізна ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ташчы́ма ’без паклажы’ (паст., Сл. ПЗБ), сюды ж ташчы́мны ’нішчымны, посны’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ташчы́мніца ’нішчымніца’ (Сцяшк. Сл.). Прыслоўе, утворанае з суф. ‑ма ад тошчы ’пусты’ (гл.) па тыпу куды́ма, туды́ма (адносна такіх утварэнняў гл. Карскі 2–3, 67), магчыма, пад уплывам тэрытарыяльна блізкіх і роднасных літ. tuščióm, tuščiomìs ’паражняком, з пустымі рукамі, ні з чым’, tuštỹmė ’пустое месца’. Параўн. нішчымны (гл.), для якога ў якасці этымона побач з прапанаваным спалучэннем ні з чым можна дапусціць ні́шчы ’бедны’ (гл. нішчаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЛЮ́ТНЫ КУРС,

цана грашовай адзінкі (валюты) адной краіны, выражаная ў грашовых адзінках інш. краін ці міжнар. валютных адзінках (СДР, ЭКЮ). Фактычна гэта прапорцыя абмену валют ці каэфіцыент пераліку адной валюты ў другую. Валютны курс неабходны для ўзаемнага абмену валютамі пры гандлі таварамі, паслугамі і руху капіталаў, параўнання цэн на сусв. і нац. рынках, вартасных паказчыкаў развіцця краін, пераацэнкі рахункаў у замежнай валюце. Адрозніваюць валютны курс: фіксаваны, плаваючы і зменлівы. Пры фіксаваным валютным курсе афіцыйна ўстанаўліваюцца суадносіны нац. валют на аснове валютнага парытэту; гэта характэрна для краін — членаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якія ўстанавілі залатую вартасць сваёй нац. валюты, яе парытэт адносна долара ЗША і не дапускалі ваганняў ад яго больш як на 1%. Аднак большасць краін — членаў МВФ вымушаны былі дэвальвіраваць свае валюты, і валютны курс фактычна вагаўся пад уплывам попыту і прапановы (зменлівы валютны курс). У 1973 уведзены плаваючы валютны курс, які прадугледжвае свабоду выбару рэжыму валютнага курсу пры ўвязцы яго змен з дынамікай курсу валют інш. краін ці валютнага кошыка. Напр., краіны — члены Еўрапейскай валютнай сістэмы ў рамках рэжыму плаваючага курсу практыкуюць узгадненне адносных ваганняў валютнага курса. Для афіц. ўстанаўлення курсу замежных валют нац. ці буйныя камерцыйныя банкі краіны праводзяць каціроўку: курс грашовай адзінкі замежнай валюты выражаюць у пэўнай колькасці нац. валюты (прамая каціроўка, прынятая ўсімі краінамі); толькі ў Вялікабрытаніі існуе адваротная валютная каціроўка: за адзінку прыняты фунт стэрлінгаў, які выражаецца ў пэўнай колькасці замежнай валюты. Механізм фарміравання і вагання валютнага курса істотна залежыць ад ступені эканам. развіцця, дзелавой актыўнасці і прынцыпаў валютнай сістэмы краіны. Для стабілізацыі курсу нац. валюты дзяржава прымае адпаведныя загады, у т. л. і валютную інтэрвенцыю.

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРНАЗДАБЫЎНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ, горная прамысловасць,

комплекс галін нар. гаспадаркі, якія займаюцца разведкай і здабычай карысных выкапняў, а таксама іх першаснай перапрацоўкай і абагачэннем. Вылучаюць асн. групы: паліваздабыўныя, рудаздабыўныя прадпрыемствы, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім., гідрамінеральная.

Горназдабыўная прамысловасць узнікла ў далёкім мінулым, калі чалавек пачаў карыстацца неабходнымі яму выкапнямі. Яе хуткае развіццё звязана з прамысл. пераваротам канца 18 — пач. 19 ст., калі шматразова павялічыліся патрэбы ў высокакаларыйным паліве, разнастайнай металургічнай сыравіне, буд. матэрыялах геал. паходжання, падземных водах, мінер. солях і інш. выкапнях. Сучасная структура прадукцыі сусветнай горназдабыўной прамысловасці характарызуецца значнай перавагай у ёй (вартасным выражэнні) паліўнаэнергет. сыравіны — нафты, прыроднага газу, кам. вугалю. У апошнія дзесяцігоддзі развіццё горназдабыўной прамысловасці звязана з пераважным пераходам да адкрытай распрацоўкі радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў. Пашыраецца працэс выкарыстання ўсё больш беднай сыравіны, павелічэння аб’ёму перапрацоўваемай горнай масы, глыбінь горных работ і інш., якія патрабуюць удасканалення спосабаў здабычы і тэхналогіі перапрацоўкі сыравіны. Прагрэс горназдабыўной прамысловасці ў асноўным звязаны з далейшым развіццём традыц. метадаў здабычы і перапрацоўкі сыравіны, а таксама з укараненнем прынцыпова новых тэхнал. схем і тэхн. рашэнняў (стварэнне комплексаў па распрацоўцы жалеза-марганцавых канкрэцый на дне акіянаў, распрацоўкі адносна танных метадаў атрымання металаў з марской вады і інш.).

На Беларусі існуюць наступныя асн. галіны горназдабыўной прамысловасці: паліваздабыўная, рудаздабыўная, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім. і гідрамінеральная. На пач. 1996 было 370 прадпрыемстваў горназдабыўной прамысловасці (2,11% ад агульнай колькасці прамысл. прадпрыемстваў рэспублікі), на якіх працавала 24 457 чал. (2,08% ад занятых у прам-сці). Аб’ём кошту прадукцыі горназдабыўной прамысловасці склаў 4,2% ад агульнага па прам-сці Беларусі. Найбольшыя аб’яднанні і прадпрыемствы: «Беларуськалій», «Беларусьнафта», «Ваўкавыскцэментнашыфер», «Граніт», «Крычаўцэментнашыфер» і інш.

А.​А.​Саламонаў.

Да арт. Горназдабыўная прамысловасць. Горназдабыўны камбайн у шахце ВА «Беларуськалій».

т. 5, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ (ад лац. constitutio устанаўленне, пабудова),

асноўны закон дзяржавы, які вызначае грамадскі і дзярж. лад, парадак і прынцыпы ўтварэння прадстаўнічых органаў улады, выбарчую сістэму, правы і абавязкі грамадзян; аснова заканадаўства дзяржавы. У матэрыяльным сэнсе К. — пісаны акт, сукупнасць актаў або канстытуцыйных звычаяў, якія перш за ўсё абвяшчаюць і гарантуюць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, а таксама вызначаюць асновы грамадскага ладу, форму праўлення і тэр. пабудовы, асновы арганізацыі цэнтр. і мясц. органаў улады, правасуддзя, іх кампетэнцыю і ўзаемаадносіны, дзярж. сімволіку, сталіцу; у фармальным сэнсе — закон, які валодае найвыш. юрыд. сілай адносна ўсіх астатніх законаў. Яна афіцыйна замацоўвае каштоўнасці, ін-ты і нормы канстытуцыйнага ладу, асновы дзярж.-прававога рэгулявання грамадскіх сувязей і адносін дзярж. улады. Паводле формы К. падзяляюцца на кадыфікаваныя (калі яна ўяўляе сабой адзіны пісаны акт, што рэгулюе ўсе асн. пытанні канстытуцыйнага характару), некадыфікаваныя (калі тыя ж пытанні рэгулююцца некалькімі пісанымі актамі) і змешаныя (калі апрача парламенцкіх законаў, суд. прэцэдэнтаў, уключае звычаі і дактрынальныя тлумачэнні — меркаванні вучоных). Паводле спосабу ўнясення ў іх змяненняў К. бываюць гібкія (змены ўносяць шляхам звычайнага закона) і цвёрдыя (папраўкі ўносяць толькі праз спец. ўскладненую працэдуру, якая патрабуе кваліфікаванай большасці галасоў членаў парламента, а часам правядзення рэферэндуму). Паводле тэрмінаў дзеяння К. падзяляюцца на пастаянныя і часовыя. Кантроль за выкананнем К. ў розных краінах ускладаецца на вярх. або канстытуцыйныя суды.

Тэрмін «К.» існуе з часоў Стараж. Рыма, дзе К. наз. кадыфікацыя публічна-нарматыўных актаў (т.зв. імператарскія К.). Першымі К. ў сучасным сэнсе лічацца паліт. акты перасяленцаў у Амерыку, а таксама канстытуцыйныя акты Вялікабрытаніі (13—16 ст.). На Беларусі ў 16 ст. своеасаблівымі феад. К. былі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 598

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ НАСТУПА́ЛЬНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

баявыя дзеянні сав. войск 1-га Укр. фронту (камандуючы ген. арміі М.Ф.Ватуцін) супраць асн. сіл ням.-фаш. групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.​Манштэйн) у Вял. Айч. вайну; частка бітвы за Дняпро 1943. Праведзена 3—13.11.1943 з мэтай разгрому кіеўскай групоўкі праціўніка і вызвалення сталіцы Украіны. Аперацыі папярэднічалі 2 няўдалыя наступленні войск 1-га Укр. фронту на Кіеў (12—15 і 21—23 кастр.) з Букрынскага (на Пд ад Кіева) і Люцежскага (на Пн ад Кіева) плацдармаў. У адпаведнасці з загадам Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання асн. ўдар фронту быў перанесены на Пн ад Кіева (38, 60 і 13-я арміі), а войскі перагрупаваны (3-я гв. танк. армія, 23-і стралк. корпус, 7-ы артыл. корпус прарыву і інш. перадыслацыраваны з Букрынскага плацдарма на Люцежскі, дзе створана перавага над праціўнікам па пяхоце ў 3 разы, па артылерыі ў 4,5 раза, па танках у 9 разоў). Каб увесці праціўніка ў зман адносна напрамку гал. ўдару, 1 ліст. наступленне пачалі войскі Букрынскага плацдарма. 3 ліст., у абыход Кіева з З, пачалі паспяхова наступаць сав. войскі з Люцежскага плацдарма. 6 ліст. яны вызвалілі Кіеў, 13 ліст. — г. Жытомір, стварыўшы на правым беразе Дняпра моцны стратэг. плацдарм. Працягам К.н.а. была Кіеўская абарончая аперацыя 13.11—22.12.1943, у ходзе якой сав. войскі 20 ліст. пакінулі Жытомір, а на правым флангу фронту працягвалі наступленне да канца ліст. і вызвалілі шмат населеных пунктаў, у т. л. г. Оўруч (18 ліст.), бел. райцэнтры Брагін, Хойнікі (абодва 23 ліст.) і Нароўля (30 ліст.), пасля чаго таксама перайшлі да абароны.

Літ.:

Кузнецов Б.И. На Киевском направлении: (К 40-летию освобождения Киева). М., 1983;

В битве за Киев: Воспоминания, очерки. Киев, 1983.

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)