ЦЫКО́РЫЯ (Cichorium),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і як заносныя ва ўмераных паясах. На Беларусі 1 від — Ц. звычайная (C. intybus). Трапляецца на сухіх лугах, пустках, каля дарог. Інтрадукавана Ц. салатная, або эндывій (C. endivia).

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы галінастыя. Лісце чаргаванае, ніжняе — ад перыстараздзельнага да зубчастага, верхняе — ланцэтнае. Кветкі блакітныя, радзей ружовыя ці белыя, сабраныя ў шматлікія кошыкі. Плод — сямянка. Ц. звычайная выкарыстоўваецца ў медыцыне, для атрымання сурагату кавы (патоўшчаныя карані), спірту, ужываецца ў ежу як салата. Харч., тэхн., лек., меданосныя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Цыкорыя: 1 — звычайная; 2 — яе культурная форма; 3 — разнавіднасці цыкорнай салаты (а — эндывій; б — эскарыёл).

т. 17, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНЫ МУЗЕЙ УЗБРО́ЕНЫХ СІЛ (ЦМУС). Засн. ў Маскве 23.12.1919 як выстаўка-музей «Жыццё Чырвонай Арміі і Флоту». З 1924 — Цэнтр. ваен. музей. Сучаснае памяшканне пабудавана ў 1965. Ваен.-гіст. калекцыі складаюць больш за 750 тыс. экспанатаў

(1999),

у т. л. каля 50 тыс. твораў выяўл. мастацтва, 10 тыс. адзінак зброі і тэхнікі, 30 тыс. баявых сцягоў. У б-цы больш за 100 тыс. тамоў. У 1990-я г. фонды папоўнены прадметамі і дакументамі па гісторыі рас. арміі, войск белага руху, Узбр. сіл Рас. Федэрацыі і інш. Пры музеі дзейнічае Міжрэгіянальная асацыяцыя ваен.-гіст. клубаў. Выдае метадычную літ. ў дапамогу вайск. (флоцкім) музеям. Гл. таксама Музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь.

т. 17, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРАНКЕ́ВІЧ Сяргей Мікалаевіч (н. 20.7.1942, в. Палянічыцы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фізік і біяфізік. Д-р біял. н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1964), дзе і працуе (з 1979 заг. кафедры). Навук. працы па біяфізіцы клетак, спектраскапіі біяпалімераў, біячыпах, клетачнай інфарматыцы, малекулярнай медыцыне. Распрацаваў тэорыю сігнальнай ролі актыўных форм кіслароду ў клетках, выявіў люмінесцэнтныя ўласцівасці нуклеінавых к-т і ліпідаў. Дзярж. прэмія Беларусі 2000.

Тв.:

Агрегация тромбоцитов: методы изучения и механизмы. Мн., 1990 (разам з А.​Б.​Самаль, Н.​Ф.​Хмарай);

Фотобиология и мембранная биофизика. Мн., 1999 (у сааўт.);

Chemiluminescence at the tum of the millenium — an indispensable tool in modem chemistry, biochemistry and medicine. Dresden, 2000 (у сааўт.).

П.​М.​Бараноўскі.

т. 17, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАХО́ЎСКІ Леанід Станіслававіч (н. 28.4.1937, Мінск),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1955). З 1957 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1977 выкладчык Бел. харэагр. вучылішча, у 1995—98 педагог-рэпетытар Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Для яго выканальніцкай манеры характэрны пластычная выразнасць, драм. асэнсаванасць, дакладнасць псіхал. характарыстык: Князь, Хуан, Іван («Выбранніца», «Мара», «Альпійская балада» Я.​Глебава), Спартак, Гармодзій («Спартак» А.​Хачатурана), Лені («Сцежкаю грому» К.​Караева), Эспада («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Пер Гюнт («Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Ротбарт («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Кален («Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля).

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 17, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́МБЕРГ Валянціна Ільінічна (23.1.1917, С.-Пецярбург — 21.11.1990),

бел. і расійская актрыса. Засл. арт. Беларусі (1944). Нар. арт. Расіі (1981). Скончыла Цэнтр. тэатр. вучылішча ў Ленінградзе (1939). У 1939—41 і з 1944 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. З 1947 у ленінградскіх т-ры драмы імя А.​Пушкіна, з 1950 у драм. т-ры імя В.​Камісаржэўскай. Акцёрскія работы вызначаліся псіхал. дакладнасцю, маст. выразнасцю, своеасаблівасцю сцэн. трактовак. Сярод лепшых роляў на бел. сцэне: Вольга («Тры сястры» А.​Чэхава), Марыя («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Олуэн («Небяспечны паварот» Дж.​Б.​Прыстлі), Дама з вязаннем («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна). Інш. ролі: Агудалава («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Фёкла Іванаўна («Жаніцьба» М.​Гогаля), Судакова («Гняздо глушца» В.​Розава).

т. 17, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РНЕЦІ (Aythya),

род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. Да Ч. часам адносяць і нырцоў. Пашыраны ва ўмераных шыротах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 4 віды Ч.: белавокая, ці белавокі нырэц, занесены ў Чырв. кнігу, чырвонагаловая, ці нырэц (A. ferina), марская (A. marila), чубатая (A. fuligula).

Даўж. да 50 см, маса да 1,4 кг. Самкі цёмна-шэрыя са стракацінамі. Апярэнне самцоў больш яркае, у розных відаў адрозніваецца. Дзюба доўгая, пляскатая. Нясуць 6—15 (часцей 8—12) яец. Кормяцца воднай расліннасцю, рыбай, малюскамі, ракападобнымі, лічынкамі насякомых і інш. Добра ныраюць. Аб’екты палявання. Іл. гл. таксама да арт. Белавокі нырэц, Нырцы.

Чэрнеці: 1 — марская; 2 — чырвонагаловая (а — самка, б — самец).

т. 17, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАТРО́ВА Алена Мітрафанаўна (31.5.1892, Масква — 15.7.1976),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1968). Скончыла прыватную тэатр. школу (1912). Працавала ў т-ры М.​Сінельнікава ў Харкаве. З 1918 (з перапынкамі) вядучая артыстка б. Т-ра Корша, з 1932 у Малым т-ры. Яе выканальніцкае мастацтва адметнае вытанчанасцю, светлай лірыкай, тонкім гумарам: Ліза («Дваранскае гняздо» паводле І.​Тургенева), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Марфінька («Абрыў» паводле І.​Ганчарова), Купавіна, Лідзія («Ваўкі і авечкі», «Шалёныя грошы» А.​Астроўскага), Матрона («Улада цемры» Л.​Талстога), Ліза, Маша («Горкі цвет», «Касатка» А.​М.​Талстога), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра). Дзярж. прэміі СССР 1948, 1949.

Літ.:

Дурылин С.Н., Клинчин А.П. Е.​М.​Шатрова. М., 1958.

т. 17, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАХЛА́Й Аляксандр Міхайлавіч (н. 9.6.1952, Мінск),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (2003). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1974). Настаўнічаў. З 1976 у Бел. акадэміі фіз. культуры (з 2003 дэкан ф-та). Навук. працы па праблемах інтэнсіфікацыі вучэбна-трэніровачнага працэсу і падрыхтоўкі высокакваліфікаваных барцоў.

Тв.:

Интенсификация учебно-тренировочного процесса в спортивной борьбе. Мн., 1989 (разам з Б.​М.​Рыбалка);

Планирование тренировочных нагрузок в микроциклах и макроциклах на предсоревновательных этапах подготовки высококвалифицированных борцов. Мн., 1990 (разам з В.​С.​Іўко);

Совершенствование специальной выносливости борцов высшей квалификации. Мн., 1998. Совершенствование продолжительных и активных действий борцов высшей квалификации в соревновательных поединках // На пути к Сиднею. Сб. науч. трудов. Вып. 2. Мн., 2000.

т. 17, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТО́КАЛАЎ Барыс Цімафеевіч (н. 19.3.1930, г. Кузнецк Пензенскай вобл., Расія),

расійскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Уральскую кансерваторыю ў Свярдлоўску (1954). З 1954 саліст т-раў Свярдлоўскага, у 1959—89 Ленінградскага оперы і балета. Яго мастацтва вылучаецца стрыманай, высакароднай манерай выканання, інтанацыйнай выразнасцю. Валодае прыгожым, мяккага гучання голасам. Сярод партый: Мельнік («Русалка» А.​Даргамыжскага), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Сусанін, Руслан («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Дасіфей, Барыс Гадуноў («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). У рэпертуары рус. нар. песні, рамансы. Дзярж. прэмія Расіі 1976. Дзярж. прэмія СССР 1981.

Літ.:

Коннов А. Б.​Штоколов. 2 изд. Л., 1987.

Б.Ц.Штокалаў.

т. 17, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧУП (ваен.),

прылада для выяўлення мін, бомбаў і інш. боепрыпасаў у грунце (да 15 см) і пад снегам (на ўсю таўшчыню покрыва, да зямлі). Ш. заводскай вытв-сці складаецца з завостранага стальнога стрыжня і рукаяткі (з 3 драўляных звёнаў). Бываюць даўж. 0,8 м (для дзеянняў сапёра ў ляжачым становішчы) і 1,5—2 м (для дзеянняў у стаячым становішчы). Ш. праколваюць грунт пад вуглом 25—45° на адпаведную глыбіню праз кожныя 20 см; месца, дзе стрыжань натыкаецца на цвёрды прадмет, уважліва аглядваюць. Выкарыстоўваюцца таксама глыбінныя Ш. даўж. да 6 м, якія ўводзяць у грунт пры дапамозе калаўроціка.

І.​А.​Шор.

Зборны шчуп: а — прамая ўстаноўка наканечніка; б — нахіленая ўстаноўка наканечніка.

т. 17, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)