Бу́рбалка1 ’пузыр, баўдыр на вадзе’ (БРС, Бір. Дзярж., Некр., Сцяшк. МГ, Янк. II, Мядзв., Шат., Нас., Касп.), бурбо́лка (Бяльк.), бу́рбаліць ’дзьмуць у ваду, каб з яе выходзілі бурбалкі’ (Бір. Дзярж.), ’пускаць праз ваду бурбалкі’ (КЭС), бурбуле́ць ’моцна кіпець’ (Юрч.), бурбо́ліць ’булькаць’ (Касп., Нас.), бурба́ліць ’пузырыцца’ (Шат.). Рус. дыял. бу́рболка, бурбы́лка, польск. burbulka, burbułka. Лічыцца запазычаннем з літ. burbuliúoti, burbuolė̃, bur̃bulas (да этымалогіі балт. слоў гл. Фрэнкель, 1, 44–45 пад bir̃bti: усё гукапераймальнае). Варш. сл. 1, 235; Блесэ, SB, V, 11; Кіпарскі, Лекс. балтызмы, 13 (< лат. bur̂bulis); Лаучутэ, Лекс. балтызмы, 22. Але праблема больш складаная, чым думаюць, таму што ўся група слоў гукапераймальнага паходжання, і могуць існаваць незалежныя славянскія ўтварэнні (аб складанасці пытання гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 51; V (2), 1969, 160, 161).

Бу́рбалка2 ’жоўтая вадзяная лілія’ (Шат.). Таго ж паходжання, што і бу́рбалка1 (гл.). Назва гэтай кветкі часта ўтвараецца ад слоў са значэннем ’пузыр, баўдыр, глечык і да т. п.’ Параўн. глечыкі, кушынкі, гарлачыкі, булдоўка, жбанкі і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́лат ’гігант, асілак’ (БРС, Касп., Гарэц., КТС). Рус. волот, дыял. велет ’тс’, укр. ве́лет, велетень ’тс’, ст.-рус. волотъ, ц.-слав. влатъ ’гігант’, зах.-слав. Veletabi ’племя вільцы ў Макленбургу’ (= *veletove). Было некалькі спроб высветліць этымалогію гэтага слова, але галоўная цяжкасць — хістанне o/e — застаецца нявырашанай. Брукнер (AfslPh, 42, 138) велет звязвае са ст.-слав. велии ’вялікі’, а варыянт волот лічыць больш позняй аналагічнай формай. Сабалеўскі (РФВ, 64, 117) спрабаваў тлумачыць хістанне галосных як розныя асіміляцыі, але гэтага недастаткова. Міклашыч (394) супастаўляе з с.-лац. Veletabi, назвай заходнеславянскага племені. Дапускаецца роднасць з лац. valeo ’я ў сілах, здаровы’, тахар. A wäl‑ ’панаваць’, тахар. B walo, wlo ’пан, гасудар’ (Бенвеніст, Festschr. Н. Hirt, 2, 234). Версія Шахматава (AfslPh, 33, 87 і наст.), паводле якой слова запазычана з кельц. (параўн. ірл. flaith ’валадар’), памылковая па фанетычных прычынах (Фасмер, 1, 344). Аб сувязі тэрмінаў волот, велет з волос, велес гл. Іванаў, Тапароў, Иссл., 62 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лан ’старажытная мера зямлі (ад 10 да 30 дзесяцін)’ (Гарб., Гарэц.), кобр. ’вялікае поле’ (Выг.), ’панскае поле’ (Бес.), ’поле’ (Федар. 1, КТС), ’мера зямлі ў тры валокі’ (Бяльк.). Ст.-бел. ланъ (з XIV ст.) ’мера зямлі’, укр. лан ’мера раллі да 30 дзесяцін’, ’поле, ніва’, рус. лан ’ніва’, ’участак поля’. Запазычана з польск. łan ’тс’ — пераважна (каля 17 га) у малапольскіх гаворках; чэш., славац. lȧn, ст.-чэш. lán, н.-луж., в.-луж. łan ’мера поля, зямлі’ — усе з с.-в.-ням. lehen, lein ’тс’ (параўн. лен ’спадчыннае зямельнае ўладанне ў эпоху феадалізму’) (Міклашыч, 160; Голуб-Копечны, 129; Праабражэнскі, 1, 433; Брукнер, 306; Фасмер, 2, 456; Слаўскі, 4, 457). Нельга прыняць меркаванне Бернекера (1, 689) і Бугі (РФВ, 71, 56) аб запазычанні і роднасці з лат. lāns ’пушча’, lāma ’лагчына’. Таксама наўрад ці слав. lanъ (?) з’яўляецца роднасным да ланита, як мяркуе Ягіч (AfslPh, 3, 751). Недакладна ў Юрэвіч–Яновіч (Зб. Крапіве, 291). С.-лац. laneus (Праабражэнскі, 1, 433; Карскі, Труды, 378) утворана са слав. lán/lan.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́тва ’лёгка, без цяжкасцей’, ’зручна’ (Нас., Касп., Др.-Падб., Гарэц., Сл. паўн.-зах.), ’добра’ (Сл. паўн.-зах.), ла́твы ’лёгкі, зроблены без перашкод, без цяжкасцей’ (Нас.), латве́й, лацве́й, лацьве́й ’лягчэй, лепш, выгадней, прыемней, ямчэй’ (Нас., Грыг., Шат., Мядзв., Гарэц., Касп., Янк. БП, Янк. Мат.; КЭС, лаг.; шчуч., З нар. сл.; в.-дзв., Шатал., Мат. Гом., Яруш., ТС, Сл. паўн.-зах.). З формы лацьвей развіліся: міёр. лацьвя (Нар. сл.), лацві ’лёгка, добра’ (Бяльк., Юрч. Фраз. 2), лацьвікі ’добра’ (Яўс.), пін. лацва ’парадак’ (КЭС). Ст.-бел. латвый (1588 г.) запазычана са ст.-польск. łatwy (Булыка, Запазыч., 185; Жураўскі, SlOr, 10 (1), 1961, 40; Карскі, Труды, 205; Кюнэ (Poln., 73). Слаўскі (5, 47) мяркуе, аднак, што ў адрозненне ад укр. латвий, літ. lãtvas ’лёгкі, выгодны’, бел. латвы з’яўляецца самастойным бел. утварэннем, роднасным да латацца ’лёгка атрымліваць, карыстацца чужым’. Паводле Слаўскага (4, 413), лексема latwy (< latvъ) найбліжэй стаіць да паўд.-слав.: славен. látiti se ’ўзяцца’, серб.-харв. ла̏тити ’схапіць, узяць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лупцава́ць, лупцова́ць ’біць, хвастаць’, ’стукаць, удараць па чым-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Растарг., Шат., Касп., ТС), ’сцёбаць пугай, дубцом’ (КЭС, лаг.), лупцова́цца ’біцца, тузацца’ (ТС). Укр. лупцюва́ти, лупцева́ть ’тс’, уладз. ’знімаць скуру з жывёлы’, смал., тул. ’есці з вялікім апетытам’, варон. лупцеваться ’біцца’, разан. лупцевня́ ’бойка’. Паходзяць з ⁺лупсовать, пск., цвяр., тул., бран., валаг., перм., урал. лупсовать ’моцна біць, лупцаваць’, валаг. лупсоваться ’біцца’, а гэтыя — з ⁺лупсать, лупсить, пск., цвяр. лупси́ть ’моцна каго-небудзь біць, адлупіць’, алан. ’шмат есці’, наўг. лупса́нить ’біць, хвастаць’. Апошнія з’яўляюцца балтызмамі, параўн. літ. lupsė́ti, lapsė́ti ’біць, махаць крыламі’, ’жэстыкуляваць’, lupsénti, lapsénti ’лапчыва, прагна есці’, lùpsena ’біццё, пабоі’, а са значэннем ’здыхаць’ літ. lapsénti, відаць, звязана з зах.-укр. лупеса́ти ’лупіць, здзіраць скуру’. Зяленін (РФВ, 54, 115) намагаецца растлумачыць паходжанне рус. лупси́ть ’біць’ з эст. lopsima ’біць’. Фасмер (2, 535) тлумачыць гэтыя дзеясловы як пашырэнне асновы дзеяслова лупи́ть. Сюды ж лупца́нка, лупцоўка ’лупцаваны’, лупцану́ць (Мат. Гом., ТСБМ, Бяльк., Касп., Шат.; КЭС, лаг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́савы ’лісіны’ (ТС). Рэгіяналізм з адносна-якасным значэннем, утвораны з суфіксам, які мае прыналежнае значэнне.

Ліса́вы ’ліслівы, хітры’ (Шат., Ян., ТС; лід., лях., Сл. ПЗБ; хойн., нараўл., Мат. Гом.), ліса́вый ’тс’ (Бяльк.); ’ветлівы, свойскі, абыходлівы, ласкавы, рахманы’ (Сцяшк., Юрч.; барыс., Жд. 2; лун., Шатал.; Ян.; браг., Нар. словатв.; лід., смарг., шчуч., Сл. ПЗБ), в.-дзв. лісіва́ты ’ліслівы, хітры’, іўеў. ліса́вянькі ’ласкавы’ (Сл. ПЗБ). Укр. палес. лиса́вий, ст.-укр. лисавый (XVII ст.), рус. смал. лиса́вый ’ласкавы, пяшчотны’, арханг. лиса́ва ’ліса’; польск. lisawy (XVII ст.) ’рыжы, чырвоны’, ’бландзін’, чэш. lísavý ’ліслівы, пяшчотны’. Прасл. lisavъjь, якое аўтары «Эт. сл. слав. моў» (Трубачоў, Эт. сл., 15, 140) фармальна адносяць да lisa > ліс (гл.), утворанага пры дапамозе суфікса ‑avъ, і супастаўляюць, аднак, з дзеясловам lisati (), які Махэк₂ (335) выводзіць з lasiti (у выніку перастаноўкі галосных). Дапускаецца таксамі, што гэта экспрэсіўны варыянт дзеяслова lizati > лізаць (гл.). Польск. lisawy, магчыма, звязана са значэннем ’спаліць’, параўн. бел. лі́са злаві́ць ’падсмаліць світку ці іншую суконную адзежыну’, польск. кацеўск. liśić ’спаліць’, priliśić ’прыпаліць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́ка, выка ’гарошак пасяўны, Vicia sativa L.’ (гом., гродз., маг., мін., БРС, Кіс., Сцяшк. МГ), ві́ґа ’тс’ (Сцяшк. МГ), віка ’люцэрна пасяўная, Medicago sativa L.’ (Бейл.). Укр. вика ’віка, гарошак’, рус. вика ’мышыны гарошак, Vida crassa L.’; ’гарошак пасяўны, Vicia sativa L.’; ’боб, Vicia faba L.’, наўг. вика ’сачавіца’, польск. wyka ’гарошак, Vicia L.’, в.-луж. woka ’тс’, чэш. vika, vikev ’тс’, славац. vika, серб.-харв. вика, літ. vìkis, vikė ’гарошак’, лат. vīki, ст.-прус. wictis, ст.-в.-ням. wicchia, н.-в.-ням. Wicke, лац. vicia, грэч. βικία, βικίον. Да і.-е. асновы *u̯ei‑ (Шанскі, 1, В, 96; Голуб, 330), да якой адносіцца і віць (гл.) (КЭСРЯ, 81). Большасць этымолагаў схіляецца да думкі пра запазычанне славянамі гэтай лексемы са ст.-в.-ням. wicchia < лац. vicia (Міклашыч, 397; Мацэнаўэр, 368; Брукнер, 638; Голуб-Копечны, 416; Фасмер, 1, 313; Праабражэнскі, 1, 83; Трубачоў, ВЯ, 5, 1961, 132; Махэк₂, 680). Адсутнічае ў славен. і балг. мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гаплі́к ’кручок (у адзежы)’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк., Шатал.). Ст.-бел. гапликъ ’засцежка’ (гл. Булыка, Запазыч., 79). Зыходным для бел. (ст.-бел.) слова з’яўляецца, паводле Булыкі (там жа), Рудніцкага (563), ст.-польск. heftlik < ням. Heftel. Але пры такім тлумачэнні няяснай застаецца форма бел. слова (у прыватнасці, а замест е). Гэта а ёсць і ў іншых мовах: укр. гапли́к ’тс’ (з XVI ст., гл. Цімчанка, I, 508, які прыводзіць зыходнае ням. Haftel), рус. дыял. га́плик, гаплю́к ’кручок на вудачцы’ (якое Фасмер, 1, 392, правільна тлумачыць з зыходнага ням. Haftel, Heftel праз польск. heftlik). Вытворным ад гаплі́к з’яўляецца зафіксаванае ў Бяльк. гаплі́чка ’драцяная пяцелька’. Форма гаплю́к ’гаплік’ (Бяльк., Сцяц. Словаўтв., Сцяшк. МГ), якая сустракаецца (Бяльк.) і са значэннем ’малы чалавек’ (гэта — бясспрэчная метафара: ’кручок’ — ’малы чалавек’), узнікла адаптацыяй да вядомага ў слав. мовах суфікса ‑юк. Неверагодным было тлумачэнне Карскага (гл. Сцяц. Нар., 124): гаплю́к запазычана з цюрк. моў (відаць, на падставе, як мяркуе Сцяцко, там жа, ацэнкі элемента ‑юк у якасці цюркскага).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нары́п ’скрып саней пры вялікім снезе’ (в. Калядкі, Суччына, ЭШ), нарыпень ’скрыпучы мароз’ (ТС), укр. нарепень ’снег, які скрыпіць пад нагамі ад вялікага марозу’, рус. на́рыпень ’шум, скрып ад санных палазоў’, на́репь, на́репень ’абледзянелы снег, галалёдзіца’. Да рыпець ’скрыпець’, рыпнуць ’скрыпнуць’, параўн. на рыпуса скрыпам (пра абутак)’ (Растарг.), рыпоцень ’моцны, пякучы мароз’: Рыпоцень, як едзеш саньмі, то усё рыпіць (ТС); не выключана, што першапачаткова магло быць звязана з прасл. *ripnęti ’ступіць’, параўн. прастамоўе рвануцца ’зварухнуцца, сысці з месца’, рус. рип! ’выклічнік, які перадае гук крокаў’, балг. рипна ’скочыць, падскочыць’, макед. рипне ’скочыць’, польск. rypnąć ’ступаць, таптаць’ і асабліва дыял. narypnąt ’наступіць’: narypnol me na nogę (Варш. сл.), чэш. vyrypovat ’хутка крочыць’, што у сваю чаргу, відаць, гукапераймальнага характару, насуперак Трубачову (гл. Фасмер, 3, 530); дапушчэнне такога развіцця семантыкі магло б вытлумачыць спецыфічнае значэнне паўночнарускага слова, дакладным семантычным адпаведнікам якога з’яўляецца рус. сіб. наступ ’скарынка лёду на паверхні снегу, шарпак’ (= рус. наст).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́сцеж ’на ўсю шыр, поўнасцю’ (ТСБМ, ТС), на́сьцеж ’тс’ (Др., Бяльк.), на́сцяж ’тс’ (Сл. ПЗБ), на́сціж ’тс’ (Сл. ПЗБ), укр. на́стеж, на́стіж, насте́жи, насте́жір, рус. на́стежь, настежу́, польск. naścież, naoścież, naścieżaj, славен. na steżaj, балг. дыял. настьеш. Са спалучэння прыназоўніка на з назоўнікам сцеж(а), для якога ўзнаўляецца значэнне ’слуп, шула’, параўн. на всю стэжу ’насцеж’: На всю стэжу очыняны (драг., З нар. сл.), сцежэя́ ’задняе шула ў варотах’ (ТС), польск. ścieżaj ’завес’, славен. stežaj ’тс’, ц.-слав. стежеръ ’тс’, чэш. stežeje ’завес, стрыжань’ і пад. роднасныя да сце́жар (гл.) (Фасмер, 3, 48; Брукнер, 354); першапачатковае значэнне ’раскрыць так, каб быў бачны слуп, стрыжань ці завесы, на якіх трымаліся вароты, дзверы’, тыпалагічна падобнае развіццё семантыкі гл. у на́піта ’насцеж’. Формы з ‑я‑, магчыма, ад сцяж: у сця́ж ’у адзін рад’ (палес., Нар. сл.) (да прасл. *steg‑). Гл. таксама Шуба, Прысл., і 16 (параўноўвае з рус. за‑стег‑ну‑ть), Атанасаў, БЕ, 37, 1987, 1–2, 102–104.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)