Мірт, мі́рта ’паўднёвая расліна, Myrtus communis’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ), ст.-слав. мирътъ ’тс’ (Пацлава, Paleoslovenica, 120). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 88), запазычана з рус. мовы. Аднак яшчэ ст.-бел. мирта ’тс’ (XVII ст.), якое было запазычана са ст.-польск. mirta < лац. mirta, myrta (Булыка, Лекс. запазыч., 148) < ст.-грэч. μύρτος ’дрэва мірта’ < μύῤῥα — гл. мі́рра. Сюды ж ст.-бел. мирсина (Булыка, БЛ, 9, 30).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Памёт 1 ’кал, экскрэменты жывёлы’ (ТСБМ, ТС). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 40), з рус. помёт ’тс’, таму што корань мет‑ неўласцівы бел. мове. Але параўн. памёт 2.

Памёт 2 ’поле, якое ніколі не апрацоўвалася’ (Інстр. I), ’абложная зямля’ (Касп., ДАБМ, 857; Хрэст. па бел. дыялекталогіі, 334), ’няўдобіца’ (Сл. ПЗБ). Рус. арханг., смал. помёт ’аблога, папар’. Відаць, да *мятаць (параўн. памёт 1), г. зн. ’кінутае, пакінутае (на адпачынак) поле’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пане́ль ’дарожка для пераходаў па баках вуліцы; драўляная абшыўка або афарбоўка ніжняй часткі сцяны ў памяшканні’ (ТСБМ). З рус. пане́ль (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 79). У рус. з н.-ням. Paneel або нідэрл. paneel ’панель, абшыўка’, сяр.-н.-ням. panele, pannele ’драўляная абшыўка сцен пакоя’, якія ўзыходзяць да рам. *pannellus ’сукно’, або panịs ’футэроўка, набіўка’ (Мацэнаўэр, 270; Фасмер, 3, 197, у якога гл. і інш. літ-ру).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́ктыка ’жыццё, рэчаіснасць як галіна прымянення і праверкі ведаў, палажэнняў; скарыстанне ведаў, навыкаў на справе; дзейнасць урача або юрыста’ (ТСБМ), ’нечаканы выпадак, абставіны’ (Нас.), пра́хтыка ’практыка’ (Шат.), пра́ктык, практыкава́ць, практы́чны. Ст.-бел. практика, практыка ’інтрыгі; прароцтва’ < ст.-польск. praktyka < лац. practica (Булыка, Запазыч., 257). Сучаснае пра́ктыка праз рус. пра́ктика (гл. Крукоўскі, Уплыў, 78) узыходзіць да той жа лацінскай крыніцы і, далей, да грэч. πρακτική (Фасмер, 3, 353).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Піра́т ’марскі разбойнік’, ст.-бел. пиратъ (з XVII ст.). Запазычана са ст.-польск. pirat ’тс’, якое з ням. (с.-в.-ням. perate) ці з франц. pirate, — апошнія з лац. pirāta ’тс’, якое з грэч. περατής < πειράξω (την θαλατταν) ’выпрабоўваю (мора)’. Крукоўскі (Уплыў, 78) мяркуе, што бел. слова прыйшло праз рус. мову, дзе стала ужывацца пасля Феафана Пракаповіча. Гл. таксама Голуб-Ліер, 373; Фасмер, 3, 265.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саве́т ’назва некаторых органаў дзяржаўнага кіравання, якія складаюцца з выбарных або прызначаных асоб’, ’распарадчы або дарадчы калегіяльны орган пры якой-небудзь установе, арганізацыі, таварыстве і пад.’ (ТСБМ), ’савет, нарада’ (Бяльк.), саве́ты ’савецкая ўлада; савецкія людзі’ (Сл. ПЗБ, Скарбы). З рус. сове́т, сове́товать (Крукоўскі, Уплыў, 43). Рус. з царкоўнаславянскай, параўн. ст.-рус. съвѣтъ, ст.-слав. съвѣтъ, якое калькуе грэч. συμβούλιον ’нарада’; гл. Фасмер, 3, 705.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саты́ра ’спецыфічная форма мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, якой уласціва высмейванне розных адмоўных з’яў’ (ТСБМ), Крукоўскі (Уплыў, 85) лічыць новым запазычаннем з рус. сати́ра ’тс’, якое праз франц. satire паходзіць з лац. satira, больш стараж. satura (lanx) ’блюда з рознымі пладамі, якое кожны год паднасілася багам; дэсерт, сумесь; вершаваная сумесь’ (Фасмер, 3, 565; Праабражанскі, 2, 254). Раўнаверагодна і пасрэдніцтва польск. satyra ’сатыра’. Аб польск. слове гл. Брукнер, 482.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саці́н ’баваўняная або шаўковая тканіна, якая мае гладкі бліскучы правы бок’ (ТСБМ), саці́на ’тс’ (Ян.), саці́навы ’які мае адносіны да саціну’ (ТСБМ, Бяльк.), саці́нкаву ’тс’ (ТС). Праз рус. сати́н ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 79) з ням. Satin або франц. satin ’атлас’, якія тлумачаць з араб. zaitūnî ’з кітайскага горада Цзяадун’, г. зн. тканіна названая па месцу паходжання. Гл. Локач, 171; Праабражэнскі, 2, 254; Фасмер, 3, 565.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стака́н — у вузкіх тэрміналагічных значэннях (ТСБМ) запазычана з рус. стака́н (Крукоўскі, Уплыў, 43); у народнай мове стака́н, стага́н ‘шклянка’ (Гарэц., Сл. ПЗБ, Жд., 1, 3, ЛА, 4), стака́н, штака́н ‘тс’ (ТС), стака́н ‘шкло на лямпу’ (Мат. Гом.), пранікненне з рускай, у тым ліку з экспрэсіўным азванчэннем к > г. Стага́н ‘чыгун (посуд)’ (Мат. Гом.; брасл., Сл. ПЗБ) у выніку кантамінацыі з сага́н ‘гаршчок, чыгун’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВІЛЕ́ЙСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў цэнтр. Беларусі (пераважна на ПнЗ Мінскай і ПнУ Гродзенскай абл.), які бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Зазнаў уплыў гар. касцюма, што выявілася ў прыёмах крою і пашыву, шырокім выкарыстанні крамных тканін. У жаночы гарнітур уваходзілі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт (у будні замест яго надзявалі безрукаўку-сканцэрку). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, з сярэдзіны 19 ст. — з гесткай, аздаблялі паскам расліннага ці геам. чырвона-чорнага арнаменту на грудзях, плячах і каўняры. Узоры клетак і паскаў на спадніцы (з 4 прамавугольных, пазней трапецападобных полак) утвараліся за кошт чорных, цёмна-сініх, шэрых, жоўтых прасновак і прокідак утку. Спадніцу-андарак ткалі ў буйнарапортныя зялёна-вішнёвыя клеткі ці аднаго сіняга, чорнага колеру (спадніца-рудляк). Фартух аднаполкавы, белы льняны ці паркалёвы або цёмны з крамных тканін; упрыгожвалі гафтам, нашыўкамі стужак, маршчэннем. Гарсэт (шнуроўка) з чорнай або цёмна-сіняй шарсцянкі ці аксаміту кроілі з баскай у 6—8 кліноў. Жаночыя галаўныя ўборы: намітка, белая палатняная або разнаколерная з фабрычнай шарсцянкі хустка і вялікая тканая або вязаная з воўны хустка-ахінанка, каптур. Традыцыйную жаночую вопратку — бурнос і паўбурнос, расшыраныя ўніз, аздаблялі нашыўкамі гладкіх і зубчыкавых паскаў чорнага аксаміту, тасьмы ў спалучэнні з машынным штапам. Святочнай вопраткай былі суконныя капоты. Мужчынскі гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, сіняй ці чорнай камізэлькі (доўгай са стаячым каўняром ці кароткай), аздобленай нашыўкамі, трохвугольнай шыйнай хустачкі (каляшыйнік), галаўнога ўбору. У віленскім строі шмат відаў мужчынскай вопраткі, што адрозніваліся якасцю тканін, кроем, маст. афармленнем. У халодную восень і вясну насілі армяк, сярмягу, чуйку, бурку, якія шылі з валенага сукна, узімку — непацягнутыя або пацягнутыя кажухі.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Вілейскі строй. Дзяўчына ў зімовай вопратцы (бурнос). Вёска Каралеўцы Вілейскага раёна.

т. 4, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)