агнястрэльная зброя 2-й пал. 19 ст.Інтэнсіўнасць стральбы (да 600 стрэлаў за мінуту) дасягалася за кошт павелічэння колькасці ствалоў (да 25) і паскарэння працэсу зараджання праз ужыванне унітарнага патрона. Прататып К. — арган выкарыстоўвалі ў 16—18 ст. у Еўропе, у т. л. на Беларусі. Розныя сістэмы К. ствараліся і меліся на ўзбраенні ў ЗША (у час грамадз. вайны 1861—65), у Францыі, Швецыі, Расіі і інш. Іх калібр ад 11—12 да 25,4 мм, маса 25-ствольнай К. дасягала 800 кг. Былі папярэдніцамі аўтаматычнай зброі, але іх механізмы зараджання і стральбы прыводзіліся ў дзеянне мускульнай сілай чалавека. Зняты з узбраення ў сувязі з вынаходніцтвам і распаўсюджаннем кулямёта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАКО́Йу раслін,
фізіялагічны стан, пры якім зніжаецца ці спыняецца рост і інтэнсіўнасць абмену рэчываў. Праяўляецца ў затрымцы прарастання насення, клубняў, цыбулін і распускання пупышак як прыстасаванне да неспрыяльных знешніх умоў у пэўныя перыяды жыццёвага цыкла або сезона года. У перыяд спакою павышаецца здольнасць расліны пераносіць без пашкоджання засуху, высокія ці нізкія т-ры і інш. Адрозніваюць глыбокі спакой, пры якім рост не аднаўляецца нават пры аптымальных знешніх умовах (выклікаецца ўнутр. фактарамі — інгібітарамі росту), і вымушаны (выклікаецца знешнімі фактарамі), спыняецца з надыходам спрыяльных умоў. Дрэвавыя расліны восенню пераходзяць у глыбокі спакой, які пад канец зімы змяняецца вымушаным задоўга да распускання пупышак. У трапічных і субтрапічных паясах з засушлівым перыядам вегетацыя раслін перарываецца летнім спакоем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРЗАРА́Д,
характарыстыка элементарных часціц, роўная падвоенаму сярэдняму эл. зараду часціцы ў ізатапічным мультыплеце (гл.Ізатапічная інварыянтнасць). Адрозніваюць моцны і слабы гіперзарад.
Моцны гіперзарад вызначаецца алг. сумай усіх унутраных квантавых лікаў часціцы і выкарыстоўваецца для апісання прыблізнай ізатапічнай інварыянтнасці адронаў. У розных рэакцыях элементарных часціц моцны гіперзарад амаль што захоўваецца, парушэнні яго захавання звязаны з уплывам электрамагнітнага ўзаемадзеяння. Слабы гіперзарад вызначае інтэнсіўнасцьэлектраслабага ўзаемадзеяння элементарных ферміёнаў з нейтральным прамежкавым базонам і з’яўляецца крыніцай поля гэтага базона. Значэнні слабага гіперзараду, атрыманыя эксперыментальна, пакуль што не паддаюцца тлумачэнню. Напр., левыя нейтрына і электрон маюць слабы гіперзарад, роўны -1/2, правы электрон -1, левыя u- і d-кваркі + 1/6, правыя u- і (d-кваркі -2/3 і -1/3 адпаведна (гл.Кваркі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАПАГЛЫБЛЕ́ННЕ,
павелічэнне глыбіні (да 30—40 см) ворнага пласта глебы і паляпшэнне яго аграфізічных уласцівасцей; агратэхн. прыём апрацоўкі глебы. Ажыццяўляецца паступовым далучэннем да ворнага пласта падворыўных слаёў звычайнымі або яруснымі плугамі і глыбокім падглебавым рыхленнем рыхліцелямі з безадвальнымі рабочымі органамі. У выніку паляпшаецца водна-паветраны, цеплавы і пажыўны рэжым глебы, памяншаецца або ліквідуецца ўплыў адмоўных фактараў на рост і развіццё раслін, павялічваецца рэпрадукцыйны працэс с.-г. культур, інтэнсіўнасць кругавароту пажыўных рэчываў. Глебапаглыбленне садзейнічае глебаахове і экалагічнай чысціні прадукцыі. Эфектыўнасць глебапаглыблення вызначаецца біял. ўласцівасцямі раслін (найб. адчувальныя коранеклубняплоды, кукуруза, шматгадовыя травы) і грануламетрычным саставам глеб. На Беларусі глебапаглыбленне праводзяць для дзярнова-падзолістых глеб, якія развіваюцца на марэнных, азёрна-ледавіковых, лёсападобных суглінках, або супясчаных глеб, што падсцілаюцца марэннымі суглінкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЎНАЎСКІ РУХ, браўнаўскі рух,
хаатычны рух дробных часцінак, завіслых у вадкасці ці газе. Адкрыты Р.Броўнам у 1827, тэарэтычна абгрунтаваны А.Эйнштэйнам і М.Смалухоўскім (1905—06) на падставе малекулярна-кінетычнай тэорыі. Броўнаўскі рух абумоўлены цеплавым рухам малекул і адсутнасцю кампенсацыі ўдараў, якія адчувае часцінка з боку малекул. Інтэнсіўнасць броўнаўскага руху не залежыць ад часу і хім. уласцівасцей асяроддзя, але павялічваецца з ростам т-ры асяроддзя, памяншэннем яго вязкасці і памераў часцінак (незалежна ад іх хім. прыроды). Броўнаўскі рух адыгрывае важную ролю ў некаторых фіз.-хім. працэсах (напр.каагуляцыя), абмяжоўвае дакладнасць высокаадчувальных прылад. Тэорыя броўнаўскага руху займае значнае месца пры абгрунтаванні прынцыпаў статыстычнай фізікі.
Броўнаўскі рух трох розных часцінак гумігуту ў вадзе (паводле Перэна). Кропкамі пазначана месцазнаходжанне часцінак праз кожныя 30 с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА-СПЕКТРО́МЕТР,
прылада для вымярэння энергіі квантаў гама-выпрамянення і яго інтэнсіўнасці. Найб. пашыраны сцынтыляцыйныя і паўправадніковыя. Энергія і інтэнсіўнасць патоку гама-квантаў вызначаюцца ўскосна (у крышталь-дыфракцыйных гама-спектрометрах непасрэдна) вымярэннем энергіі і інтэнсіўнасці патоку электронаў або электронна-пазітронных параў, якія выяўляюцца пры ўзаемадзеянні гама-выпрамянення з рэчывам. Асн. характарыстыкі: эфектыўнасць (характарызуецца імавернасцямі ўтварэння і рэгістрацыі другаснай часціцы) і раздзяляльная здольнасць.
У сцынтыляцыйных гама-спектрометрах выкарыстоўваюцца сцынтыляцыйныя лічыльнікі; у паўправадніковых — паўправадніковыя дэтэктары; у вобласці нізкіх энергій гама-квантаў (да 100 кэВ) — газавыя прапарцыянальныя лічыльнікі, крышталь-дыфракцыйныя гама-спектрометры; для вымярэння спектраў высокіх энергій — чаранкоўскія лічыльнікі, якія рэгіструюць выпрамяненне электронна-фатонных ліўняў (гл.Чаранкова—Вавілава выпрамяненне), пузырковыя камеры, у некаторых выпадках — фотарасшчапленне дэйтрона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНСІТО́МЕТР (ад лац. densitas шчыльнасць + ...метр),
прылада для вымярэння аптычнай шчыльнасці праяўленых фатаграфічных матэрыялаў. Д. адрозніваюць паводле прынцыпу вымярэнняў (прамы адлік і метад параўнання), характару фотапрыёмніка (вока, фотаэлемент ці фотапамнажальнік), характару выхадных даных (нерэгістравальныя і аўтаматызаваныя рэгістравальныя прылады) і па велічыні вымеранага поля (уласна Д. і мікрафатометры).
Прынцып работы Д. заснаваны на Бугера—Ламберта—Бэра законе. У прыладах прамога адліку выкарыстоўваецца 1 светлавы пучок, зыходная інтэнсіўнасць якога параўноўваецца з інтэнсіўнасцю пучка, што прайшоў праз фотаслой. Прылады, якія працуюць на прынцыпе параўнання, маюць 2 пучкі (вымяральны і параўнання) ад адной крыніцы святла, што паступаюць на 2 фотапрыёмнікі (ці па чарзе на 1). Рознасны сігнал даводзяць да нулявога ўзроўню з дапамогай пераменнага аслабляльніка святла, калібраванага па значэннях аптычнай шчыльнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІЛЯ́РЫ (ад лац. capillaris валосны),
найдрабнейшыя крывяносныя і лімфатычныя сасуды (дыям. 2—30 мкм), якія пранізваюць органы і тканкі ў большасці жывёл і чалавека. Апісаны М.Мальпігі (1661). Крывяносныя К. злучаюць перыферычныя канцы артэрый і вен і замыкаюць круг кровазвароту. Праз іх сценкі адбываецца абмен рэчываў паміж крывёю і міжтканкавай вадкасцю. У чалавека сярэдні дыяметр К. каля 7 мкм. Шырокія К. наз. сінусоідамі. Лімфатычныя К. пачынаюцца ў міжклетачных прамежках органаў (акрамя галаўнога і спіннога мозга, парэнхімы, селязёнкі, лімфатычных вузлоў, храсткоў, склеры, хрусталіка вока), канчаюцца ў тканках сляпымі вырастамі. Выконваюць дрэнажную функцыю ў тканках, фільтруюць плазму крыві, забяспечваюць інтэнсіўнасць адтоку і састаў лімфы. Упадаюць у дробныя лімфатычныя сасуды, якія ўпадаюць у большыя, потым у грудную пратоку. Гл. таксама Крывяносная сістэма, Лімфатычная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙСМАГРА́МА (ад грэч. seismos ваганне, землетрасенне + ...грама),
бесперапынны запіс сейсмічных ваганняў з дапамогай сейсмографа. Найб. пашырана тэхніка запісу на фотапаперы светлавым промнем, таксама выконваецца на закуранай паперы вастрыём пяра, на паперы пяром з чарнілам і інш. У сейсмалогіі па С. вызначаюць момант набліжэння сейсмічных хваль, вуглы іх выхаду на зямную паверхню, амплітуды і перыяды розных тыпаў хваль, што дазваляе вызначыць каардынаты і інтэнсіўнасць землетрасенняў, вывучаць унутр. будову Зямлі. У сейсмічнай разведцы па С. вызначаюць сумарны час распаўсюджвання сейсмічных ваганняў (ад месца іх узбуджэння да адбівальнай ці пераламляльнай мяжы і назад да месца іх рэгістрацыі), форму запісу ваганняў, іх амплітуды, паводле інтэрпрэтацыі якіх вызначаюць глыбіню залягання, характар геал. межаў і некат. параметры горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬТРАГУКАВЫ́ ГЕНЕРА́ТАР,
прыстасаванне для выпрамянення ультрагуку. Бываюць электрамех. (асн. выпрамяняльнікі) і механічныя.
Электрамеханічныя У.г. пераўтвараюць эл. ваганні ў Механічныя. Для генерыравання ультрагуку нізкіх частот выкарыстоўваюць электрадынамічныя і электрастатычныя выпрамяняльнікі. З іх найб. пашыраны магнітастрыкцыйныя пераўтваральнікі, заснаваныя на эфекце магнітастрыкцыі, інтэнсіўнасць ультрагуку павялічваецца з дапамогай стрыжнёвых канцэнтратараў. Для выпраменьвання ультрагуку сярэдніх і высокіх частот карыстаюцца пераважна п’езаэлектрычнымі пераўтваральнікамі. Павелічэнне інтэнсіўнасці ультрагуку робіцца з дапамогай факусіроўкі гуку. Механічныя У.г. — паветраныя і вадкасныя свісткі, сірэны і інш., газаструменныя выпрамяняльнікі, выкарыстоўваюцца пераважна ў прамысл. ультрагукавой тэхналогіі, а таксама як сродак сігналізацыі.
Ультрагукавыя генератары: а — магнітастрыкцыйны пераўтваральнік (1 — з асяродкам стрыжнёвай формы, 2 — з асяродкам кальцавой формы, стрэлкі — напрамкі токаў у абмотках); б — радыяльная сірэна (1 — рэфлектар, 2 — вярчальны дыск-ротар з адтулінамі, 3 — нерухомы дыск-статар).