КАПІЛЯ́РЫ (ад лац. capillaris валосны),

найдрабнейшыя крывяносныя і лімфатычныя сасуды (дыям. 2—30 мкм), якія пранізваюць органы і тканкі ў большасці жывёл і чалавека. Апісаны М.Мальпігі (1661). Крывяносныя К. злучаюць перыферычныя канцы артэрый і вен і замыкаюць круг кровазвароту. Праз іх сценкі адбываецца абмен рэчываў паміж крывёю і міжтканкавай вадкасцю. У чалавека сярэдні дыяметр К. каля 7 мкм. Шырокія К. наз. сінусоідамі. Лімфатычныя К. пачынаюцца ў міжклетачных прамежках органаў (акрамя галаўнога і спіннога мозга, парэнхімы, селязёнкі, лімфатычных вузлоў, храсткоў, склеры, хрусталіка вока), канчаюцца ў тканках сляпымі вырастамі. Выконваюць дрэнажную функцыю ў тканках, фільтруюць плазму крыві, забяспечваюць інтэнсіўнасць адтоку і састаў лімфы. Упадаюць у дробныя лімфатычныя сасуды, якія ўпадаюць у большыя, потым у грудную пратоку. Гл. таксама Крывяносная сістэма, Лімфатычная сістэма.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)