ГЛЕБАПАГЛЫБЛЕ́ННЕ,
павелічэнне глыбіні (да 30—40 см) ворнага пласта глебы і паляпшэнне яго аграфізічных уласцівасцей; агратэхн. прыём апрацоўкі глебы. Ажыццяўляецца паступовым далучэннем да ворнага пласта падворыўных слаёў звычайнымі або яруснымі плугамі і глыбокім падглебавым рыхленнем рыхліцелямі з безадвальнымі рабочымі органамі. У выніку паляпшаецца водна-паветраны, цеплавы і пажыўны рэжым глебы, памяншаецца або ліквідуецца ўплыў адмоўных фактараў на рост і развіццё раслін, павялічваецца рэпрадукцыйны працэс с.-г. культур, інтэнсіўнасць кругавароту пажыўных рэчываў. Глебапаглыбленне садзейнічае глебаахове і экалагічнай чысціні прадукцыі. Эфектыўнасць глебапаглыблення вызначаецца біял. ўласцівасцямі раслін (найб. адчувальныя коранеклубняплоды, кукуруза, шматгадовыя травы) і грануламетрычным саставам глеб. На Беларусі глебапаглыбленне праводзяць для дзярнова-падзолістых глеб, якія развіваюцца на марэнных, азёрна-ледавіковых, лёсападобных суглінках, або супясчаных глеб, што падсцілаюцца марэннымі суглінкамі.
Л.В.Круглоў.
т. 5, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)